Расколатае грамадства

Галоўнай навіной навагодняй ночы для беларусаў стала афіцыйнае прызнанне падзелу грамадства на «большасць» і «меншасць».

Кожнаму аўтарытарнаму (таталітарнаму) лідару для поўнага шчасця неабходна адзінае грамадства. Такая канструкцыя не мае патрэбы ва ўзгадненні інтарэсаў розных сацыяльных груп, г. зн. у палітыцы. У адзінага грамадства — агульны інтарэс, права выяўляць які і бярэ на сябе лідар.



Галоўнай навіной навагодняй ночы для беларусаў стала афіцыйнае прызнанне падзелу грамадства на «большасць» і «меншасць».

Кожнаму аўтарытарнаму (таталітарнаму) лідару для поўнага шчасця неабходна адзінае грамадства. Такая канструкцыя не мае патрэбы ва ўзгадненні інтарэсаў розных сацыяльных груп, г. зн. у палітыцы. У адзінага грамадства — агульны інтарэс, права выяўляць які і бярэ на сябе лідар.

Гэта азбукавая ісціна. Прывяду яе ў разуменні амерыканскага гісторыка Фрыца Штэрна: «З класавай барацьбой будзе скончана; народ зноў стане адзіны; магутны фюрар зноў пачне кіраваць Трэцім Рэйхам; ворагі дзяржавы будуць выгнаныя з краіны, а габрэі, адказныя за ўсе пакуты Германіі, будуць выключаныя з народнай абшчыны, партый больш не будзе; фюрар як усёмагутны дыктатар будзе ўвасабляць волю народа».

На практыцы адзіных грамадстваў не існуе. Гэта не азначае, што ўсе яны расколатыя. Галоўная характарыстыка грамадстваў, якія завяршылі пераход з традыцыйнага стану ў сучаснасць, — наяўнасць агульнай сістэмы каштоўнасцяў (базавага кансенсусу). Што да дэталяў, у якіх так любіць хавацца д’ябал, дык іх колькасць наўпрост залежыць ад ступені развіцця грамадства. Чым больш тое ці іншае грамадства «ўгразла» ў сучаснасці, тым больш дэталяў.

Традыцыйныя грамадствы складаюцца з падданых, сучасныя — з грамадзян, якія ўсведамляюць свае (адрозныя ад дзяржавы) інтарэсы. Для іх рэалізацыі грамадзяне аб’ядноўваюцца ў «гурткі па інтарэсах». Найбольш прасунутыя гурткі з часам трансфармуюцца ў палітычныя партыі.

Як я стаў «бацькам»

Беларускае грамадства — класічны прыклад грамадства, якое не завяршыла пераход у сучаснасць, і ўжо хаця б таму яно расколатае. Як той, хто ідзе пешкі, не здольны зразумець вершніка, так і больш «прасунутыя» беларусы не разумеюць сваіх суайчыннікаў, гатовых з пенай у рота абараняць «бацьку». Дасягненне паміж імі згоды немагчымае.

Шмат гадоў я беспаспяхова спрабаваў угаварыць бацькоў жонкі не галасаваць за «адзінага палітыка» (АП). Сёння мая цешча — яго заўзяты апанент, аднак мае асабістыя агітацыйныя здольнасці тут не пры чым. Заўдавеўшы, цешча пераехала да мяне. Яна інвалід і цалкам сябе абслугоўваць ужо не ў стане. Няцяжка здагадацца, што я стаў для яе аўтарытэтам, гэтакім лакальным аналагам «бацькі».

Вось так і беларусы, названыя ў навагоднім звароце «большасцю». Далёка не ўсе яны інваліды, як мая цешча, але ўсе яны не здольныя выжыць у сучасных напаўрынкавых умовах без дапамогі дзяржавы, увасобленай у «адзіным палітыку».

Што да «меншасці» (якая, паводле сацыёлагаў, складае каля 30 працэнтаў беларускага грамадства), то яе ядро — маладыя адукаваныя людзі, якія пражываюць, як правіла, у вялікіх гарадах. Словам, тыя, хто здольныя не проста пасіўна адаптоўвацца да жыцця, але і актыўна яго змяняць.

У кожнай з вылучаных груп — сваё ўспрыманне Беларусі. Звернемся да кастрычніцкага апытання НІСЭПД. Калі сярод тых, хто давярае АП, паляпшэнне матэрыяльнага становішча адзначылі 38% рэспандэнтаў, то сярод тых, што не давяраюць, — толькі 8%. Такое прыкметнае адрозненне ва ўспрыманні сучаснай сітуацыі фармуе і непадобныя малюнкі будучыні. Па меркаванні 50% тых, хто давярае АП, сацыяльна-эканамічная сітуацыя ў Беларусі ў найбліжэйшыя гады палепшыцца. Сярод тых, хто не давярае, аптымістаў усяго 7%.

Табліца дазваляе нам ацаніць стаўленне грамадства да курсу, якім ідзе Беларусь пад мудрым кіраўніцтвам АП. І ў гэтым выпадку мы бачым «большасць» і «меншасць». На пяць прыхільнікаў курсу прыходзяцца тры яго апаненты, і гэтыя суадносіны заставаліся стабільнымі на працягу мінулага года. Дзве апошнія калонкі — яшчэ адно пацвярджэнне рознага ўспрымання Беларусі прыхільнікамі і апанентамі АП.



Час «думаць пра гэта»

Афіцыйная прэзентацыя факту расколу беларускага грамадства адбылася на наступны дзень пасля падзей на плошчы Незалежнасці падчас прэс-канферэнцыі: «Но давайте будем честны: 20% или высказались против, или проголосовали за альтернативных кандидатов. Согласитесь, что есть над чем подумать. И я буду думать прежде всего об этом, не забывая о своих сторонниках, о тех людях, которые меня поддержали».

16 гадоў Улада спрашчала грамадства, само ж грамадства, насуперак мэтанакіраваным высілкам Улады, ускладнялася. Адбывалася гэта не праз чыйсьці капрыз: грамадства ў сваім развіцці ішло «ад жыцця», а жыццё ўсе гэтыя гады не стаяла на месцы. Што да АП, то ён ускладнення жыцця не заўважыў. Нічога дзіўнага ў гэтым няма. Па-першае, з капітанскага мастка, які размешчаны на вяршыні ўладнай «вертыкалі», шмат што выглядае інакш. А вось для разумення «па-другое» нам трэба адкрыць падручнік сацыяльнай псіхалогіі.

 Усім нам уласціва рабіць абагульненні, зыходзячы з абмежаванай выбаркі, якая ў першую чаргу ўключае нас саміх (тэорыя «ілжывага кансенсусу»). Гэта спараджае ілюзію, што большасць думае і дзейнічае гэтак жа, як і мы. У апазіцыі і Улады свае абмежаваныя выбаркі. Таму так папулярная сярод апазіцыі перакананасць у падтрымцы большасці, а на вяршыні ўладнай «вертыкалі» — вера ў адсутнасць статыстычна значнай меншасці.

Патрэбна неардынарная падзея, каб запусціць працэс рэвізіі поглядаў на сацыяльную рэальнасць, якія ўжо ўстаяліся. Але дэклараваную АП гатоўнасць «прежде всего думать об этом» варта разглядаць у якасці першага кроку ў такім накірунку. З гэтага, аднак, яшчэ не вынікае, што ў хуткім часе за першым крокам будзе другі.

Кожнай пачвары па пары

Раскол беларускага грамадства паўстаў не ўчора. Як адзначалася вышэй, ён спароджаны самім фактам незавершанай мадэрнізацыі. У 1994 годзе ў беларусаў праз збег геапалітычных акалічнасцяў з’явілася магчымасць выбару. Рэальных варыянтаў было два: меншасць выступала за паскарэнне мадэрнізацыі, большасць імкнулася яе затармазіць. Вынік галасавання вызначыла структура грамадства. Выбары прайшлі дэмакратычна — перамога дасталася большасці.

Большасць спарадзіла свайго лідара. За 16 гадоў ён не расчараваў сваіх прыхільнікаў. Ад яго чакалі справядлівасці ў размеркаванні, і ён яе забяспечыў. Але любая справядлівасць заўсёды ажыццяўляецца за чыйсьці кошт. Беларускі варыянт справядлівасці прадугледжвае аплату большасці за кошт меншасці. Але такі вектар пераразмеркавання падтрымліваць не так проста, таму такім вялікім быў унёсак вонкавых датацый у беларускую стабільнасць.

За ўсё ў жыцці даводзіцца плаціць. Платай за беларускую стабільнасць з’явілася паглыбленне першапачатковага расколу. Для таго, каб у гэтым пераканаецца, дастаткова пералічыць знешнія атрыбуты расколу: у рэспубліцы-партызанцы — два саюзы пісьменнікаў, два саюзы журналістаў. Сацыёлагі падзяляюцца на дзяржаўных і незалежных, палітычныя партыі — на канструктыўныя і «так званыя». Любы чытач «НЧ» без цяжкасці можа працягнуць гэты спіс.

У краіне дзве інфармацыйныя прасторы. Яны адлюстроўваюць дзве Беларусі. Паспрабуйце паспрачацца з прыхільнікамі «бацькі». Вашы забойныя аргументы не спрацуюць, бо інфармацыю, размешчаную вышэй побытавага плінтусу, прадстаўнікі большасці чэрпаюць выключна з дзяржаўных СМІ. А там ні табе Вані Ціцянкова з «Торгэкспо», ні тым больш Алкаева з «расстрэльным пісталетам». Там увесну — сяўба, улетку — бітва за ўраджай, увосень — «Дажынкі».

У сваім навагоднім звароце АП прызнаў за меншасцю права мець «свою точку зрения», права на «особое понимание мироустройства и развития нашей страны», якое забраць у меншасці «никто не может». Пляскаць у ладкі я б не спяшаўся. У прынцыпе і ў часы «дарагога Леаніда Ілліча» на права мець свой пункт гледжання ніхто ўжо не замахваўся. Іншая справа — публічна яго выказваць. Тых, хто спрабаваў гэта зрабіць, абвяшчалі дысідэнтамі. Найбольш яркіх, абароненых міжнароднай вядомасцю (Салжаніцын), пазбаўлялі грамадзянства і высылалі. Для астатніх гасцінна расчыняліся дзверы турмаў і псіхушак.

Уздым па лесвіцы прагрэсу не спыніць. Выказваць сваё (адрознае ад афіцыйнага) меркаванне ў нас не забаронена. Але такая шчырасць не сумяшчальная са знаходжаннем у лагеры большасці. А менавіта ў гэтым лагеры робяцца кар’еры і размяркоўваюцца асноўныя грошы.

Без бутэлькі не разабрацца

IV Усебеларускі народны сход (IV УНС) адбыўся да прызнання АП расколу ў грамадстве. Як жа зараз ацэньваць узровень яго ўсебеларускасці? Вось, да прыкладу, такая цытата: «Главное — это право народа самостоятельно выбирать стратегию социально-экономического, политического и культурного развития, отстаивать собственные национальные интересы...»

Калі я спрабую накласці права меншасці на «свою точку зрения» на права «народа самостоятельно выбирать», у мяне ўзнікае стан, які ў псіхалогіі прынята называць «кагнітыўным дысанансам» (дыскамфорт, які выклікаецца супярэчнасцю паміж наяўным уяўленнем і свежай інфармацыяй).

Хто фармуе нацыянальныя інтарэсы? У Трэцім Рэйху — фюрар, які ўвасабляе волю народа. У сучасных дэмакратычных краінах — палітыкі праз складаны механізм узгадненняў. А ў Беларусі?

У звароце ўдзельнікаў IV УНС снежаньскае мерапрыемства вызначана як «реальный механизм прямого участия белорусского народа в управлении государством». Тут ужо без бутэлькі не разабрацца. Дэмакратыя бывае прадстаўнічай і наўпроставай. У першым выпадку народ ажыццяўляе ўладу праз выбарных паўнамоцных прадстаўнікоў, у другім асноўныя рашэнні ініцыююцца, прымаюцца і выконваюцца непасрэдна грамадзянамі. А гэта азначае, што ў выпадку прамой дэмакратыі грамадзяне прадстаўляюць сябе асабіста і нікога больш!


У грамадстваў, якія не завяршылі мадэрнізацыю, няма шанцаў знайсці сваю нішу ў сучасным глабалізаваным свеце. Абвешчаны IV УНС курс на тэхнічную мадэрнізацыю без мадэрнізацыі сацыяльна-палітычнай мае столькі ж шанцаў на поспех, як спроба Гарбачова ўвасобіць у жыццё лозунг: «Больш дэмакратыі, больш сацыялізму!»
 

Каментаваць