Размова сляпога з глухім

Пакуль еўрапейскія эксперты развіваюць «дыялог з Беларуссю», афіцыйны Мінск можа рабіць усё, што заўгодна. Гэткая размова сляпога з глухім. Прычым глухі за тое, што выслухае сляпога, атрымлівае грошы і палітычныя бонусы.

 



Апошнім часам да Беларусі багата прыхаванай і непрыхаванай увагі. З зайздроснай рэгулярнасцю сюды наведваюцца розныя еўрапейскія эмісары. Захад зноў задумаўся, як ставіцца да «дыктатуры ў цэнтры Еўропы».

Днямі ў Мінск завітала прадстаўнічая група экспертаў — дэлегацыя працоўнай групы па Усходняй Еўропе і Цэнтральнай Азіі Рады Еўрасаюза. Яны сустрэліся з намесніцай міністра замежных спраў Беларусі Аленай Купчыной, а таксама традыцыйна — з прадстаўнікамі апазіцыі, праваабаронцамі і «трэцім сектарам».

Гэтая рабочая група ўяўляе сабой экспертны орган з прадстаўнікоў усіх 28 краін-чальцоў ЕС. У яе кампетэнцыі — разгляд усіх аспектаў двухбаковага і шматбаковага супрацоўніцтва ў рамках Еўрапейскай палітыкі добрасуседства. Вялікае значэнне візіту гэтай групы ў тым, што, як вядома, у органах ЕС не так шмат людзей, якія добра разбіраюцца ў беларускіх справах. Таму і ўяўленне пра Беларусь, і, адпаведна, рашэнні, якія прыме ЕС у дачыненні да «крыштальнага сасуда», шмат у чым залежаць ад гэтага экспертнага меркавання.

Пра тое, што цікавіла еўрапейцаў, распавёў «Радыё Свабода» лідар Партыі БНФ Аляксей Янукевіч. Па ягоных словах, эксперты спрабавалі высветліць «нашы падыходы і прагнозы на прэзідэнцкія выбары, нашы меркаванні адносна эфектыўнасці еўрапейскай палітыкі ў дачыненні да Беларусі, адносна дыялогу і візавых санкцый і іншыя пытанні, звязаныя з дынамікай стасункаў паміж ЕС і афіцыйным Мінскам». Замежнікі даволі сур’ёзна ставяцца да перспектываў дыялогу і настроены на тое, што гэты дыялог будзе развівацца, распавёў Янукевіч.

Безумоўна, дыялог — гэта заўсёды добра. Але ў тым выпадку, калі гэта сапраўды дыялог.

Вось ужо два гады, як кіраўнік беларускага МЗС Уладзімір Макей атрымаў статус «выязнога ў Еўропу». За гэты час адзінае ўмоўнае дасягненне — амаль скончаныя перамовы па спрашчэнні візавага рэжыму паміж сінявокай і ЕС. Удзел жа Беларусі ў розных еўрапейскіх праектах зводзіцца да аднаго: «Дайце грошай!» На тое, што можаце — памежную інфраструктуру, «зялёную» энергетыку ў прыватнасці і развіццё энергетычнага комплексу ў цэлым (неістотна, што мы з парушэннямі Орхускай канвенцыі будуем разам з Расіяй небяспечную АЭС), транспарт і камунікацыі.

Таму больш слушнае пытанне задала ў Швецыі каардынатарка аргкамітэта па стварэнні партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя» Вольга Кавалькова. На сустрэчы ў Стакгольме з прадстаўнікамі шведскага парламента, еўрадэпутатам ад Швецыі Енсам Нільсанам і кіраўніком аддзялення Усходняй Еўропы шведскага МЗС Петрай Ларке яна запыталася: «Колькі гадоў вядзецца дыялог ЕС з беларускай уладай? А дзе вынікі дыялогу?»

Паводле Кавальковай, вынік гэтага «дыялогу» — палітзняволеныя, немагчымасць рэгістрацыі палітычных і грамадскіх арганізацый, жорсткія законы ў дачыненні да свабоды слова, сходаў і простых людзей. «Вось, на жаль, вынік дыялогу. У ім плюсы мае толькі ўлада», — адзначыла яна.

Нельга з Кавальковай не пагадзіцца. Сапраўды, у прынцыповых для Еўропы пытаннях ніякага зруху да паразумення за два гады «выязнога Макея» не адбылося. Статкевіч, Аліневіч і Дзядок застаюцца за кратамі, больш за тое, да іх далучыўся Юрый Рубцоў. У Беларусі заканадаўча ўзмацніўся кантроль над СМІ і інтэрнэтам, ніякіх зрухаў у напрамку забеспячэння свабоды сходаў і асацыяцый не адбылося. І ў той жа час падпісаныя «дэкрэт аб дармаедстве» і «дэкрэт пра прыгоннае права ў мадэрнізацыі», якія фактычна ўзаконьваюць прымусовую працу.

Ці гэтага чакала Еўропа з «нармалізацыі адносінаў» і «дыялогу»? Відавочна, што не, але ўзнікае ўражанне, што яе гэта задавальняе.

Калі Макею дазвалялі ўезд у ЕС, літоўскі еўрапарламентар Юстас Палцкіс казаў, што гэта толькі на паўгода. «Калі за гэты перыяд у адносінах паміж Брусэлем і Мінскам адбудуцца станоўчыя зрухі, то візавую забарону могуць адмяніць цалкам. Калі ж усё застанецца па-ранейшаму, то Макею зноў вернуць статус неўязнога ў Еўрасаюз», — тлумачыў Палцкіс умовы зняцця візавых санкцый з Макея.

Таму Кавалькова мае права запытвацца: «Дзе гэтыя станоўчыя зрухі? Пакажыце іх!» Інакш як патлумачыць, што Макей дагэтуль гойсае па Еўропах?

Еўропа мяркуе, што вядзе з афіцыйным Мінскам «дыялог». Афіцыйны Мінск слухае, але ўсё роўна робіць, што рабіў, і адмаўляцца ад такой палітыкі не збіраецца.

Так што ніякага дыялогу з Еўропай няма. Ёсць маналог Захаду ў дачыненні да афіцыйнага Мінска, і маналог афіцыйнага Мінска да Захаду. Гэткая размова сляпога з глухім. Прычым глухі за тое, што выслухае сляпога, атрымлівае грошы і палітычныя бонусы. А сляпы не бачыць, што глухі робіць, і працягвае называць гэта «дыялогам».

Абмеркаванне:

  • ВР
  • 2015-06-15 14:21:19
"Ці гэтага чакала Еўропа з «нармалізацыі адносінаў» і «дыялогу»? Відавочна, што не." Мне гэта невідавочна :(

Каментаваць