Разнастайны «Чарнобыльскі шлях»

Гэты «Чарнобыльскі шлях», пэўна, быў самым складаным, — і для арганізатараў, і для яго ўдзельнікаў. Такога неспрыяльнага надвор’я на «Шлях» заўзятары хадзіць на масавыя акцыі не памятаюць даўно. І тым не менш, людзей сабралася даволі шмат. Не менш, чым на Дзень Волі.

Не так шмат, канешне, як на акцыях у 1990-я, але для сённяшніх акцый — даволі багата.

 

Радуе не толькі тое, што, нягледзячы на надвор’е, «Чарнобыльскі Шлях» сабраў людзей. Радуе той крэатыў, з якім усё больш і больш да акцый падыходзяць ягоныя ўдзельнікі і арганізатары. І ўсё больш і больш знаходзіцца новых «фішак» для аздаблення акцыі. Удзельнікі ўжо не абмяжоўваюцца толькі «чарнобыльскім звонам» і бел-чырвона-белымі сцягамі.

 

Традыцыйная для апазіцыі акцыя ўсё больш нагадвае тэатралізаванае шэсце. Зараз у шэрагах дэманстрантаў былі нейкія пераапранутыя «чарнобыльскія калдуны», радыяцыйная смерць з касой, нехта прыйшоў у поўным касцюме хімічнай абароны — нават у супрацьгазе (напэўна, гэты чалавек быў самым «па надвор’і апранутым). У натоўпе былі людзі з разнастайнымі тэматычнымі шапкамі і каронамі. Пад час шэсця некалькі разоў яго ўдзельнікі арганізоўвалі над калонай «чарнобыльскі дым».

 


Толькі для таго, каб пабачыць гэтую разнастайнасць, варта было наведаць акцыю.

 


І яшчэ нарэшце вельмі прыемна здзівіла тое, што прадэманстравала гэтым разам наша «тытульная апазіцыя». На гэтай акцыі даволі мірна суіснавалі і «радыкалы», і «памяркоўныя». Актывісты Аб’яднанай грамадзянскай партыі на чале з Анатолем Лябедзькам ішлі разам з сябрамі  «Гавары праўду», Андрэем Дзмітрыевым і Таццянай Караткевіч. Сябры Партыі БНФ не ганьбілі анархістаў, якія з’явіліся на акцыю з чорна-чырвона-чорнымі сцягамі. Левыя «зялёныя» і правыя хрысціянскія дэмакраты не кідаліся ў ідэалагічныя бойкі і спрэчкі.

 


Карацей, гэты «Шлях» сапраўды стаў аб’яднаўчай акцыяй для апазіцыянераў. Калі нехта разлічваў на бойку паміж ідэалагічнымі праціўнікамі, то ён моцна пралічыўся.

 

Значыць, апазіцыянеры могуць аб’ядноўвацца, калі хочуць. І калі для гэтага ёсць грунтоўная падстава.

 


Хіба не ўпершыню за некалькі апошніх год «Шлях» ператварыўся ў тое, чым ён і павінен быць — у акцыю, якая яднае людзей, нават самых супрацьлеглых поглядаў.

 

Варта адзначыць і арганізатараў акцыі, якія выбралі разумную стратэгію яе правядзення. Гэтым разам ад пачатку нават не заяўляўся мітынг на плошчы Бангалор. Відавочна, што там, як заўсёды, былі б пастаўленыя металашукальнікі, праз якія большасць народу прахадзіць адмаўляецца. Таму шэсце адразу скіроўвалі да Чарнобыльскай капліцы на вуліцы Карастаянавай. Гэта давала шанец на тое, што мітынг, калі б ён адбыўся, быў бы больш людным.

 


Але напрыканцы ўсё, як заўсёды, сапсавала міліцыя. Ці то яны вырашылі адпомсціць арганізатарам за тое, што апошнія не пагадзіліся аплаціць іх паслугі «за падтрымку грамадскага парадку», ці проста ад вялікага розуму, але гэтым разам металашукальнікамі была абкружаная ўжо пляцоўка ля капліцы. Што выклікала зразумелую і стандартную рэакцыю: людзі не пагадзіліся праходзіць праз дагляд, палічыўшы гэта ніжэй за сваю годнасць. І пачалі разыходзіцца.

 



Увогуле, гэта дзіўная міліцэйская традыцыя. Калі б яны шукалі выбухоўку альбо атрутныя рэчы — трэба было б гэта рабіць адразу на месцы збору, перад пачаткам акцыі. Патэнцыйны тэрарыст мог сто разоў зрабіць сваю справу пад час шэсця. Абшукваць людзей ужо па заканчэнні акцыі проста бессэнсоўна. Калі, канешне, не задаешся мэтай дробнай помсты за сапсаваны вечар. А менавіта на тое і выглядаюць дзеянні АМАПу.

 

Акцыя традыцыйна скончылася хвілінай маўчання. Па папярэдняй інфармацыі, ніхто затрыманы не быў.




Фота Аляксея Сталярова


Каментаваць