Рэцэпты лібералізацыі: драбок свабоды і коўш абяцанняў

Пры Адміністрацыі прэзідэнта ствараецца Грамадска-кансультатыўная рада. Упершыню за апошнія гады ў склад дзяржаўнага органа запрошаныя прадстаўнікі ад апазіцыі — старшыня Таварыства беларускай мовы Алег Трусаў, старшыня Беларускага Хельсінскага камітэта Алег Гулак, экс-кіраўнік Нацбанка Станіслаў Багданкевіч, эканаміст Леанід Заіка, палітык Уладзімір Нісцюк. Таксама прапанову вылучыць у склад рады сваіх прадстаўнікоў атрымаў рух «За свабоду».

Пры Адміністрацыі прэзідэнта ствараецца Грамадска-кансультатыўная рада. Упершыню за апошнія гады ў склад дзяржаўнага органа запрошаныя прадстаўнікі ад апазіцыі — старшыня Таварыства беларускай мовы Алег Трусаў, старшыня Беларускага Хельсінскага камітэта Алег Гулак, экс-кіраўнік Нацбанка Станіслаў Багданкевіч, эканаміст Леанід Заіка, палітык Уладзімір Нісцюк. Таксама прапанову вылучыць у склад рады сваіх прадстаўнікоў атрымаў рух «За свабоду». Узначальвае раду кіраўнік Адміністрацыі прэзідэнта Уладзімір Макей, персона якога адыгрывае значную ролю ў развіцці дыялогу з Захадам.

Мэта ствараемага органа — «абмеркаванне пытанняў развіцця дзяржавы і грамадства, выпрацоўка прапаноў па больш актыўным далучэнні да агульнасусветных працэсаў, удасканаленне напрамкаў сацыяльна-эканамічнага і палітычнага развіцця краіны», гаворыцца ў паведамленні на сайце прэзідэнта.

У інтэрв’ю БелаПАН першы намеснік кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта Наталля Пяткевіч паведаміла, што «рада ствараецца для абмеркавання актуальных пытанняў грамадска-палітычнага развіцця беларускага грамадства». «Гэта рада можа разглядаць пастаўленыя перад ёй пытанні, прымаць рашэнні і выносіць рэкамендацыі, якія потым могуць улічвацца пры прыняцці рашэнняў у той ці іншай сферы грамадскага жыцця», — сказала першая намесніца кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта. Паводле слоў Пяткевіч, у склад рады ўвайшлі прадстаўнікі як дзяржаўных структур, так і недзяржаўных арганізацый: «Пакуль персанальны склад савета да канца не сфарміраваны, ён будзе апублікаваны пазней. Аднак я магу сказаць, што ў яго павінны ўвайсці таксама прадстаўнікі палітычных партый, у тым ліку і апазіцыйных. Прынамсі, яны былі запрошаны для ўдзелу ў рабоце рады».

На момант падрыхтоўкі матэрыялу было вядома, што ні прадстаўнікоў ад партыі БНФ, ні ад ПКБ у раду не запрасілі. Намеснік старшыні партыі БНФ Віктар Івашкевіч такі падыход да адной з найбольш вядомых партый краіны відавочна не ўхваляе. Месца ў радзе руху «За свабоду» як інстытуцыі (астатнія запрашэнні былі персанальныя) спадар Івашкевіч патлумачыў так: «Думаю, такой увагі грамадскае аб’яднанне заслужыла за канструктыўнае і пазітыўнае прадстаўленне беларускага рэжыму на міжнароднай арэне. На апошнім сойме партыі БНФ была прынята рэзалюцыя, у якой ёсць патрабаванне даць інфармацыю, калі і ў якім аб’ёме ўлады збіраюцца зноў абкрасці людзей. Гэта не пазітыўна і не канструктыўна, таму нам няма месца ў гэтай радзе».

Як доказ палярных адносінаў палітычных сілаў да ўлады спадар Івашкевіч нагадаў выказванне Аляксандра Мілінкевіча пра тое, што пад абломкамі рэжыму можа загінуць Беларусь, і трэба прытрымлівацца паступовай эвалюцыі сістэмы дзяржаўнага кіравання. «Я думаю, што рада задумваецца хутчэй як дэкаратыўны орган. Ці паўплываюць яе рашэнні на сітуацыю ў краіне, у большай ступені залежыць ад развіцця эканамічнай сітуацыі, і ў меншай ступені — ад людзей, якія запрошаныя ў склад рады», — адзначае палітык.

Стварэнне ў Беларусі Грамадска-кансультатыўнай рады пры Адміністрацыі прэзідэнта АБСЕ ацаніла як станоўчую ініцыятыву. «Мы будзем падтрымліваць гэтую ініцыятыву», — адзначыў кіраўнік Офіса АБСЕ ў Мінску Ганс-Ёган Шміт.

Афіцыйны Мінск за апошні час стварыў цэлы шэраг нагодаў, каб Еўропа глянула на дзяржаву прыхільным позіркам. 27 студзеня па запрашэнні чэшскага прадстаўніцтва ў ЕС кіраўнік Міністэрства замежных спраў Беларусі Сяргей Мартынаў у Бруселі даў справаздачу пра выкананне Мінскам «хатняга задання» ў дванаццаці сферах. Еўракамісар па знешніх сувязях і палітыцы добрасуседства Беніта Ферэра-Вальднэр адзначыла падчас сустрэчы, што Мінск ідзе «дакладнай дарогай».

Кіраўнік знешнепалітычнага ведамства Беларусі Сяргей Мартынаў паведаміў, што значная ўвага падчас візіту было нададзена новай палітыцы Усходняга партнёрства Еўрасаюза. Яна прадугледжвае палітычнае і эканамічнае збліжэнне ЕС з шасцю постсавецкімі краінамі. Між іншым, нядаўна ў Чарнігаве на гэтую ж тэму гаварыў з прэзідэнтам Украіны Віктарам Юшчанкам кіраўнік Беларусі. Еўропа высока ацаніла дзеянні Беларусі ва ўмовах газавага канфлікту паміж Украінай і Расіяй, вялася размова пра супрацоўніцтва ў галіне энергетыкі, а таксама пра захады па пераадольванні наступстваў эканамічнага крызісу супольна з Еўрасаюзам.

Сярод крокаў афіцыйнага Мінска, што нібы бальзам на рану Еўрасаюза, можна назваць рэгістрацыю руху «За свабоду», вяртанне ў распаўсюд дзвюх недзяржаўных газет (а колькі яшчэ выданняў знаходзяцца ў становішчы нелюбімых папялушак!), стварэнне кансультацыйнай рады пры Адміністрацыі прэзідэнта і працоўнай групы па СМІ. Але ўсе гэтыя дзеянні, пры іх знешняй прывабнасці, пакуль не нясуць істотных зменаў палітычнай сітуацыі Беларусі. У любы момант можа быць дадзеная каманда вярнуць усё на свае месцы, і зрабіць гэта будзе проста, бо незваротных крокаў пакуль не было. Але калі тэндэнцыя касметычных прыўкрас працягнецца, то ў красавіку Еўропа можа і скасаваць уведзеныя раней санкцыі.

Каментаваць