Рэфарматары і піяршчыкі

Камуністы і хрысціянскія дэмакраты вызначыліся са сваімі планамі на бліжэйшую будучыню. Першыя, са згоды сябраў партыі, зоймуцца рэфармаваннем сваёй структуры, другія, відавочна, нацэленыя на раскрутку БХД і — у больш амбітным варыянце — змаганне за прэзідэнцкі фатэль.

(На здымку: З’езд БХД. Сустаршыні партыі)



Камуністы і хрысціянскія дэмакраты вызначыліся са сваімі планамі на бліжэйшую будучыню. Першыя, са згоды сябраў партыі, зоймуцца рэфармаваннем сваёй структуры, другія, відавочна, нацэленыя на раскрутку БХД і — у больш амбітным варыянце — змаганне за прэзідэнцкі фатэль.

(На здымку: З’езд БХД. Сустаршыні партыі)


Першага сакратара ЦК Партыі камуністаў Беларускай Сяргея Калякіна (цяпер яшчэ і рэфарматара левай ідэалогіі) на пазачарговым 14-м з’ездзе партыі падчас галасавання пра давер да кіраўніцтва падтрымалі прыблізна семдзесят працэнтаў удзельнікаў з’езда.

Перайменаванне палітычнай структуры — першы крок на шляху да стварэння новага іміджу ПКБ. Пачаць перамены ў партыі камуністы, памятаючы запавет капітана Врунгеля (як вы човен назавеце — гэтак ён і паплыве), вырашылі з назвы. За перайменаванне Партыі камуністаў Беларускай прагаласавала 108 дэлегатаў, 51 — супраць, 5 — устрымалася. З шасці прапанаваных кіраўніцтвам партыі назваў шляхам рэйтынгавага галасавання былі абраныя тры варыянты: Беларуская партыя левых, Партыя дэмакратыі і справядлівасці, партыя «Радзіма». З канчатковай назвай камуністы вызначацца на другім этапе з’езда, сёлетняй восенню. Лідэр партыі Сяргей Калякін падкрэслівае, што змена назвы — гэта толькі адзін з крокаў, якія трэба зрабіць у рэфармаванні партыі. «Трэба заняцца прапагандай партыі, каб уцягваць людзей, моладзь, трэба засвойваць кампутарныя тэхналогіі, бо друкаваную прадукцыю маладыя людзі цяпер чытаюць вельмі мала, — дзеліцца планамі палітык. — Мы хочам асвоіць інтэрнэт-прастору, стварыць добры і моцны сайт партыі і многае іншае. Нашая мэта — каб маладыя людзі ведалі пра ПКБ і пра тое, што яна прапануе». Такімі метадамі камуністы хочуць павялічыць свае шэрагі за паўтара-два гады з дзвюх тысяч да пяці-сямі тысяч сябраў.

З’езд ПКБ. Апошні пад старой назвай



Што тычыцца ідэалагічнага зместу, то замена шыльды на яго, па словах лідэра камуністаў, ніяк не паўплывае. «Наша палітычная платформа і праграма застаюцца без зменаў. А сама партыя застаецца ў складзе аб’яднаных дэмсілаў, і мы будзем дамагацца, каб у Беларусі ўсталявалася дэмакратыя», — падкрэслівае Калякін. Наконт вылучэння ў кандыдаты на прэзідэнцтва камуністы яшчэ нічога не вырашылі. Гэта пытанне будзе абмяркоўвацца восенню на другой частцы з’езда. Сяргей Калякін пра ўласныя амбіцыі гаварыць адмаўляецца, спасылаючыся, што за ім найперш мусяць стаяць людзі, і менавіта паплечнікі будуць вырашаць, удзельнічаць яму ў выбарчай кампаніі ці не.

Што тычыцца хрысціянскіх дэмакратаў, то яны, хаця і не прайшлі праз сіта рэгістрацыі ў Мінюсце, разгарнулі надзвычай актыўную дзейнасць з прыцэлам на будучыню. Акрамя рэгулярных кампаній і акцый у абарону сямейных каштоўнасцяў, БХД старанна акопваецца на палітычным полі краіны. Так, падчас канферэнцыі «Беларускай хрысціянскай дэмакратыі» быў абраны кандыдат для ўдзелу ў наступнай прэзідэнцкай кампаніі. Ім стаў сустаршыня БХД Віталь Рымашэўскі. Таксама на ролю кандыдата вылучаліся сустаршыня Георгій Дзмітрук і намеснік кіраўніка Мінскай гарадской арганізацыі БХД Леанід Скарабагаты.

Наконт палітычнага патэнцыялу Віталя Рымашэўскага ўжо прагучала шмат скептычных выказванняў, але, падаецца, перад БХД цяпер стаіць не змаганне да апошняга за месца ў Адміністрацыі, а задача зусім іншага характару. Калі дакладней, то раскрутка і папулярызацыя партыі. Пра гэта сведчаць і выказванні абранага кандыдата. «Я збіраюся неадкладна прыступіць да перамоваў з іншымі прэтэндэнтамі на ўдзел у прэзідэнцкіх выбарах ад дэмсіл. Перадусім, з блізкімі нам светапоглядна, напрыклад, з Аляксандрам Мілінкевічам, кіраўніцтвам Партыі БНФ і іншымі палітычнымі сіламі. Трэба вызначыцца з механізмам вылучэння адзінага кандыдата, а таксама супольнай падрыхтоўкі да правядзення Кангрэса праеўрапейскіх сіл», — заявіў Віталь Рымашэўскі. Сябе кандыдат разглядае менавіта як прадстаўніка БХД, незалежна ад далейшага развіцця падзей з вылучэннем іншых кандыдатаў ад апазіцыі для ўдзелу ў выбарчай кампаніі. «Я бачу свае функцыі ў прадстаўленні сябраў «Беларускай хрысціянскай дэмакратыі» ў гэтых перамовах, пашырэнні распаўсюду ідэй БХД у беларускім грамадстве», — так акрэсліў сваю місію новаабраны кандыдат у кандыдаты на пасаду прэзідэнта. Як бачым, размова пра перамогу ў палітычнай гонцы не вядзецца. Дарэчы, пра намер удзельнічаць у наступнай выбарчай кампаніі на прэзідэнцтва заявілі кіраўнік руху «За свабоду» Аляксандр Мілінкевіч, старшыня партыі БНФ Лявон Баршчэўскі, відавочна, пэўныя амбіцыі мае і палітык Мікола Статкевіч. Між іншым, заклапочанасць Сяргея Калякіна іміджам Партыі камуністаў Беларускай і паляпшэннем яе прывабнасці ў вачах грамадзян — адна з прыкметаў таго, што лідэр камуністаў стварае сабе платформу для наступнай прэзідэнцкай кампаніі.

Каментаваць