Рэферэндум–1996: Дваццацігоддзе перавароту

Адразу пасля перадачы подпісаў да Валерыя Ціхіні завітаў стары сябра, кіраўнік канцэрну «Белнафтахім» Анатоль Мардашоў. Яны гадзіны дзве размаўлялі за зачыненымі дзвярыма, суддзі ўвесь гэты час не маглі патрапіць да старшыні. Калі дзверы адчыніліся...

Ці магчыма хаця б для гісторыі зноў разглядзець справу пра імпічмент Лукашэнку? Падзеі 1996 года згадваем з суддзёй Канстытуцыйнага суда, доктарам юрыдычных навук, прафесарам Міхаілам Пастуховым.

Міхаіл Пастухоў

Міхаіл Пастухоў


Галоўнае — ідэя

Думка пра пашырэнне сваіх паўнамоцтваў у Лукашэнкі аформілася летам 1996 года. Спачатку ён паспрабаваў праціснуць такое рашэнне праз парламент. У Вярхоўны Савет–13 на той час уваходзілі 196 чалавек, і ў асноўным гэта былі тры фракцыі: прыхільнікі Лукашэнкі, камуністы і аграрыі. Дэмакраты складалі там меншасць.

Гэта давала Лукашэнку спадзеў, што яго прапанова па пашырэнні паўнамоцтваў атрымае падтрымку. Але высветлілася, што ВС–13 не жадае задавальняць амбіцыі кіраўніка дзяржавы. Сабатавалі ініцыятыву Лукашэнкі нават камуністы Калякіна і аграрыі Шарэцкага.

Таму напачатку верасня Лукашэнка вырашыў правесці рэферэндум. ВС–13 прыняў гэтую прапанову. Пытанне плебісцыту было разгледжана на адкрыцці сесіі парламента, і дэпутаты прызначылі рэферэндум. З адной акалічнасцю. Лукашэнка прапанаваў правесці рэферэндум 7 лістапада. Аднак гэтая дата не падыходзіла па тэрмінах падрыхтоўкі галасавання. Таму плебісцыт перанеслі на 24 лістапада.

Рэферэндум як рэкамендацыя

Шэраг дэпутатаў, у тым ліку і кіраўніцтва ВС, разумелі, што пад выглядам паправак у Канстытуцыю прымаецца фактычна новы Асноўны закон, і прыняцце такой Канстытуцыі азначае ўсталяванне адзінаасобнай улады. Да таго ж, ужо той праект прадугледжваў двухпалатны парламент: было відавочна, што не ўсе дэпутаты з 196 абраных туды патрапяць. Спікер ВС Сямён Шарэцкі звярнуўся ў Канстытуцыйны суд з пытаннем пра магчымасць правядзення такога рэферэндуму ўвогуле.

4 лістапада адбылося пасяджэнне КС, дзе разглядалася пытанне пра адпаведнасць прызначэння рэферэндуму Асноўнаму закону. На той час у КС не было адзінства, там ужо з’явілася фракцыя пад кіраўніцтвам Рыгора Васілевіча. Да яго далучыліся Рыма Філіпчык, Ксенія Кенік і Валянціна Падгруша.

Суд вагаўся. Найперш, выклікала пытанне, да якой ступені «папраўкі» ў Асноўны закон ёсць папраўкамі, а не новай Канстытуцыяй? Амаль усім юрыстам было зразумела, што гэта фактычна новы дакумент. Але знайшлася толькі большасць, каб прыняць рашэнне, што ў тым выглядзе, у якім папраўкі ўнесеныя, яны не могуць выносіцца на галасаванне. І з-за гэтага плебісцыт можа мець толькі рэкамендацыйнае значэнне.

«Судовая апазіцыя» на чале з Васілевічам напісала «асаблівае меркаванне»: маўляў, пастанова парламента пра прызначэнне рэферэндуму — гэта не нарматыўны акт, і не падлягае разгляду ў КС.

Рэферэндум–1996. Фота з сайта 90s.by


Захоп улады. Пачатак

Тым не менш, рашэнне пра рэкамендацыйны характар рэферэндуму было прынятае. Суддзі КС, у тым ліку і я, вырашылі, што можна расслабіцца. Тым больш, што старшыня ЦВК Віктар Ганчар ужо рабіў бюлетэні для галасавання з надрукаванай на іх вытрымкай з рашэння КС, якая тлумачыла рэкамендацыйны характар плебісцыту.

Пасля гэтага рашэння Лукашэнка выдаў два ўказы. Першы — ад 5 лістапада №455 — «у мэтах забеспячэння канстытуцыйнага права грамадзян на ўдзел у рэферэндуме» прызнаваў неадпаведным Канстытуцыі і заканадаўству рашэнне Канстытуцыйнага суда і загадваў органам улады не выконваць судовы вердыкт. Гэта ўнікальны выпадак у сусветнай гісторыі, і менавіта яго ўжо можна на прававым узроўні расцэньваць як захоп улады. Рашэнне КС мае вышэйшую юрыдычную моц — пасля Канстытуцыі. Лукашэнка ж «адмяніў» яго простым падзаконным актам.

У другім указе — ад 7 лістапада — Лукашэнка вызначыў «рэалізацыю права грамадзян на ўдзел у рэферэндуме». У ім кіраўнік дзяржавы «дапоўніў» Канстытуцыю палажэннямі пра тое, як грамадзяне галасуюць на рэферэндуме. Напрыклад, калі на ўчасткі прыйдуць больш за 50% выбаршчыкаў, то рашэнне рэферэндуму з’яўляецца абавязковым.

Сыходзячы з гэтых дакументаў ужо стала зразумела, што ўлада ў краіне захопліваецца Лукашэнкам.

Захоп улады. Працяг

Ужо 12 лістапада пачалося датэрміновае галасаванне. Ва ўсіх рэгіёнах былі створаныя штабы па правядзенні рэферэндуму, якія гналі людзей галасаваць раней. 14 лістапада Віктар Ганчар на прэс-канферэнцыі заявіў пра жудасны маштаб прымянення «адміністратыўнага рэсурсу», і сказаў, што калі гэта не спыніцца, то ён не зацвердзіць вынікі рэферэндуму.

На наступны дзень ахова Лукашэнкі вынесла Ганчара з ЦВК. Спікер ВС Сямён Шарэцкі разам з дэпутатамі і генеральным пракурорам Васілём Капітанам прыехалі ў будынак Цэнтрвыбаркама, куды іх ахова Лукашэнкі нават не пусціла. Указам Лукашэнкі выконваць абавязкі старшыні ЦВК была прызначана Лідзія Ярмошына. Пасля гэтага прымус да датэрміновага галасавання набыў незвычайны маштаб.

Рэферэндум–1996. Фота з сайта 90s.by

Імпічмент. Пачатак

Дэпутаты заварушыліся, і пачаліся размовы пра імпічмент. У выніку 19 лістапада ў першай палове дня ў Канстытуцыйны суд паступілі 73 подпісы дэпутатаў ВС 13-га склікання з просьбай разглядзець апытанне пра імпічмент кіраўніку дзяржавы. Гэтая справа называлася «Аб парушэнні прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь».

Дзіўна, але адразу пасля перадачы подпісаў да старшыні суду Валерыя Ціхіні завітаў стары сябра, кіраўнік канцэрну «Белнафтахім» Анатоль Мардашоў. Яны гадзіны дзве размаўлялі за зачыненымі дзвярыма, суддзі ўвесь гэты час не маглі патрапіць да старшыні. Калі дзверы адчыніліся, Ціхіня стаяў у паліто, і сказаў, што павінен некуды адыйсці. Прыкладна праз гадзіну Ціхіня вярнуўся. Але вярнуўся зусім іншы чалавек. Ён адразу ж загадаў тэрмінова правесці пасяджэнне суда.

Стала зразумела, што Ціхіня сустракаўся з Лукашэнкам. Гэта было дзіўна, бо да гэтага Ціхіня патрапіў у апалу і месяцаў дзесяць не меў ніякіх стасункаў з кіраўніком дзяржавы. Падавалася, ён займае прынцыповую і непрымірымую пазіцыю па забеспячэнні канстытуцыйнай законнасці ў краіне. Але, паўтаруся, пасля вяртання з сустрэчы гэта быў ужо іншы Ціхіня.

На нарадзе суддзяў старшыня КС паведаміў, што Лукашэнка хоча сустрэцца з усім складам суда, каб абмеркаваць сітуацыю. Шэраг суддзяў, у тым ліку і я, ад гэтага адмовіліся: як мы можам сустракацца з Лукашэнкам, калі да нас звярнуліся дэпутаты па яго імпічмент? На што Ціхіня сказаў: прапанову ён перадаў, і вырашаць нам. Большасцю галасоў суддзяў сустрэча была адхіленая, а справа па імпічменту — узбуджаная.

У той жа час, пасля таго, як Ціхіня з’ездзіў да Лукашэнкі, з Адміністрацыі прэзідэнта ў суд з’явіўся чалавек за копіяй подпісаў дэпутатаў пад заявай пра імпічмент. Між тым, усе ведалі, што была дамова: не агучваць прозвішчы дэпутатаў да разгляду справы. Калі я запытаўся ў Ціхіні, як жа так, ён адказаў, што прэзідэнцкі бок павінен ведаць зыходныя дакументы па справе, гэта адкрыты працэс, і няма чаго тут хаваць. На наступны дзень мы даведаліся, што з дэпутатамі-падпісантамі імпічменту «пачалася праца» — моцны ціск з тым, каб яны свае подпісы адклікалі.

Разлік быў просты: для разгляду імпічменту трэба было не менш 70 подпісаў дэпутатаў. Усяго іх было 73. Калі б ад подпісаў адмовіліся хаця б 4 чалавекі, то ёсць фармальная нагода справу не разглядаць «за адсутнасцю пазоўніка».

Ціхіня ў той дзень зноў сустрэўся з Лукашэнкам. Вярнуўшыся, ён намагаўся справу аб імпічменце спыніць. Суддзі з гэтым катэгарычна не пагадзіліся. Тады Ціхіня сказаў, што Лукашэнка прасіў прызначыць разгляд не раней за 22 лістапада, і Ціхіня абяцаў выканаць гэтую просьбу. На гэтым ён настойваў — і суддзі пагадзіліся.

Мы пачалі тэрміновую падрыхтоўку. Былі вызначаныя асобы, якія прадстаўлялі б у судзе дэпутатаў Вярхоўнага Савета, вызначалі такіх жа асоб у Адміністрацыі прэзідэнта. Прапаноўвалася прыйсці ў КС самому Лукашэнку, выклікаліся эксперты, сведкі і гэтак далей. Суддзямі-судакладчыкамі былі прызначаны я, Станіслаў Цішкевіч і Міхаіл Чудакоў. Увечары 21 лістапада мы далажылі Ціхіню пра гатоўнасць пачаць разгляд справы ў 10 гадзін раніцы 22 лістапада.

Начная змова

У той жа вечар у краіну прыехаў гурт расійскіх «міратворцаў» у складзе Ягора Строева, Генадзя Селязнёва і Віктара Чарнамырдзіна. На сустрэчу быў запрошаны таксама Валер Ціхіня, які пра гэта нікога не інфармаваў. Уначы, па выніках перамоваў, было складзена знакамітае «канстытуцыйнае пагадненне» з трох пунктаў: рэферэндум мае рэкамендацыйны характар, дэпутаты адклікаюць імпічмент, а старшыня КС спыняе гэтую справу. Для канчатковага ўрэгулявання спрэчкі ствараецца Канстытуцыйная камісія з 50 дэпутатаў і 50 прадстаўнікоў Адміністрацыі прэзідэнта, якія думаюць над папраўкамі ў Канстытуцыю.

Ранкам 22 лістапада мы прыйшлі ў суд, і Ціхіня нечакана паведаміў, што падпісаў пагадненне — і «пазбег кровапраліцця ў краіне». У нас узнікла шмат пытанняў. Хто ўпаўнаважыў Ціхіню падпісваць гэты дакумент? Якую ён мае юрыдычную моц? Як ён уплывае на ўжо пачаты працэс па імпічменце? Да таго часу ў судзе ўжо сабраліся прадстаўнікі бакоў, сведкі, эксперты… Мы гатовыя былі пачынаць разгляд, і таму прапанавалі выйсці да ўдзельнікаў працэсу і абмеркаваць гэта пытанне. Ціхіня катэгарычна сказаў: разгляду справы не будзе, пасяджэнне адкладаецца да выканання пагаднення. І загадаў абвясціць, што пасяджэнне адкладаецца да 14 гадзін як мінімум.

Гэта ж ён паведаміў і дэпутатам ВС–13, якія прыехалі на працэс.

Рэферэндум–1996. Фота з сайта 90s.by


Падстава

У гэты час у Авальнай залі старшыня Вярхоўнага Савета Сямён Шарэцкі вынес гэты дакумент на галасаванне. Нечакана для ўсіх, зацвярджаць пагадненне, падпісанае Лукашэнкам, адмовілася прапрэзідэнцкая фракцыя. Уладзімір Канаплёў проста ў залі стаяў з тэлефонам і казаў: «Лукашэнка загадвае не галасаваць!» Для прыняцця пагаднення не хапіла некалькіх галасоў — можа быць, і тых дэпутатаў, якія знаходзіліся на той момант у Канстытуцыйным судзе, спадзеючыся на разгляд справы па імпічменце. І Лукашэнка заявіў, што, калі дэпутаты не выканалі сваю частку пагаднення, ён не будзе выконваць сваю.

Вярхоўны Савет быў у разгубленасці. Большасць дэпутатаў, якія падпісаліся пад імпічментам, настойвалі на пачатку справы. Ад Шарэцкага ў Адміністрацыі прэзідэнта патрабавалі дакументаў, што ВС здымае пытанне імпічменту. Ціхіня патрабаваў ад суддзяў КС спыніць справу на падставе таго, што больш за 10 дэпутатаў адклікалі свае подпісы пад імпічментам. Але тая адмова фармальна адмовай не была, бо не была засведчаная старшынёй парламента. А некаторыя заявы нават не былі падпісаныя дэпутатамі. У гэтай сітуацыі мы нават паспелі правесці нараду з удзелам экспертаў у галіне канстытуцыйнага права па пытанні, ці можам мы спыняць справу, калі першапачаткова былі 73 подпісы, а потым па форс-мажорных абставінах некаторыя подпісы адклікаюць.

Да гонару прафесароў-юрыстаў, большасць схілілася да таго, што імпічмент — гэта справа публічная, грамадска значная, і вымушаная адмова ад подпісу не павінна несці за сабой спыненне ўжо распачатай справы.

Такім чынам, суддзі ў чарговы раз адхілілі прапанову Ціхіні спыніць справу, і ўвечары пятніцы разышліся. Аднак у суботу, 23 лістапада, усіх тэрмінова выклікалі на працу, і Ціхіня зноў паставіў пытанне пра спыненне справы. І зноў не знайшлося большасці, каб справу спыніць. Тады Ціхіня сказаў, што разгляд справы па імпічменце пройдзе пасля рэферэндуму.

Канец КС

Мы думалі, што ў нас будзе час вынесці рашэнне па імпічменту за той час, пакуль ЦВК будзе лічыць і пералічваць «рэферэндумныя» галасы. Раней такі падлік займаў некалькі дзён. Аднак нечакана ўжо раніцай 25 лістапада вынікі галасавання былі агучаныя: па ўсіх пытаннях перамог Лукашэнка. А 26 лістапада перад будынкам Адміністрацыі прэзідэнта сабраліся 103 дэпутаты, якія падтрымалі Лукашэнку і выступілі за роспуск Вярхоўнага Савета. Зразумела было, што яны парушылі працэдуру, рэгламент, закон, і ў гэтых дэпутатаў банальна не хапала кворуму: для роспуску ВС трэба было дзве траціны дэпутатаў, альбо мінімум 133 чалавекі. Рашэнне пра роспуск ВС законным не было, але ён усё адно быў распушчаны.

Рэферэндум–1996. Фота з сайта 90s.by


Што тычыцца нас, то ў той жа дзень, 26 лістапада, ад імя Вярхоўнага Савета быў прыняты адзін закон. Закон аб спыненні ў Канстытуцыйным судзе Рэспублікі Беларусь вытворчасці па справе аб парушэнні прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь. Закон быў падпісаны Лукашэнкам, у ім было сказана, што ён «набывае моц з моманту яго падпісання».

Такіх законаў ніколі не было, і, напэўна, ужо не будзе. Гэта было простае ўмяшальніцтва ў справы Канстытуцыйнага суда, што па Крымінальным кодэксе, які на той час існаваў, разглядалася як злачынства. За гэта — умяшальніцтва ў справы КС і невыкананне яго рашэнняў — была прадугледжаная немаленькая крымінальная адказнасць.

Вынікі рэферэндуму мы ведалі, сакратар суда нам пад стол падсунуў і гэты закон. Старшыня КС Валер Ціхіня ў чарговы раз паставіў пытанне пра спыненне справы аб імпічменце. Я выступіў катэгарычна супраць. Але справа была спыненая. І ў гэты момант, я лічу, Канстытуцыйны суд у краіне сканаў.

Праз некалькі дзён усім суддзям было прапанавана напісаць заявы аб адстаўцы.

Імпічмент працягваецца?

Ці магчыма хаця б для гісторыі зноў разглядзець тую справу пра імпічмент Лукашэнку? Безумоўна, так. Калі матэрыялы гэтай справы захаваюцца, то яна можа быць адноўленая «па новых абставінах». Гэта магчыма таксама, як і ў любым судзе — узнаўленне справы па наноў адкрытых абставінах. Зараз такіх абставін, на мой погляд, больш чым дастаткова. Магчыма, гэта будзе такі «маленькі Нюрнберг».

Дарэчы, першае рашэнне, які вынес новы Канстытуцыйны суд, які складаўся ўжо з прызначаных Лукашэнкам суддзяў, было прысвечанае знакамітаму рашэнню нашага КС ад 4 лістапада пра рэкамендацыйны характар рэферэндуму 1996 года. Зразумела, новы склад КС вызнаў, што стары склад КС не павінен быў прымаць такое рашэнне і дапусціў шэраг дзіўных «парушэнняў», які «разглядзелі» новыя суддзі. Новы склад КС адразу «прагнуўся» перад кіраўніком, які іх прызначыў. Але ж і гэта дае падставы казаць, што і справа пра імпічмент таксама можа быць разгледжана наноў. Гэта, я думаю, адбудзецца, пытанне толькі — калі.



Абмеркаванне:

  • Пятро Касьнерык
  • 2016-11-24 13:15:18
Пульша-- ... ў асноўным гэта былі тры фракцыі: ПРЫХІЛЬНІКІ Лукашэнкі, камуністы і аграрыі...
==
30 декабря1994 года создан социалистический блок
«Уважаемые соотечественники!
Дорогие братья и сестры!
Предстоящие 14 мая 1995 года выборы депутатов ВС РБ дают ПОСЛЕДНИЙ ШАНС конституционным путем изменить соотношение сил в высших эшелонах власти, приоритет государственной политики.
Мы призываем трудящихся поддержать на выборах представителей СОЦИАЛИСТИЧЕСКИХ сил!
Проявите высокую социальную активность на выборах, чтобы
ИЗБЕЖАТЬ ПРАВАЙ ОПАСТНОСТИ,
ПРЕКРАТИТЬ КАПИТАЛИЗАЦИЮ и разрушение страны».
Обращение принято на собрании представителей политических партии и общественных организаций СОЦИАЛИСТИЧЕСКОЙ ориентации.
От Аграрной партии – сопредседатель С. Г. Шарецкий.
От Партии коммунистов Белорусская – первый секретарь С. И. Калякин.
От Ленинского коммунистического союза молодежи (белорусского) – первый секретарь С. В. Возняк.

\\\\\\\\\
  • Пятро Касьнерык
  • 2016-11-24 13:28:20
суддзя КС Міхаіл Пастухоў-- Мы думалі, што ў нас будзе час ВЫНЕСЦІ РАШЭННЕ па імпічменту за той час, пакуль ЦВК будзе лічыць і пералічваць «рэферэндумныя» галасы. Раней такі падлік займаў НЕКАЛЬКІ ДЗЁН.
===
да чаго ж скоры КАМУНЯКА!!
За скрадзены мяшок бульбы даўжэй выносяць рашэнне!
  • Пятро Касьнерык
  • 2016-11-24 15:40:20
цытата--У Вярхоўны Савет–13 на той час уваходзілі 196 чалавек,...
+++
ВС 13-га склікньня пачаў працу ў студзені 1996 года.
чаму ДЭМАКРАТЫЧНА абраны ВС не прызначыў давыбары яшчэ 54(!!!) дэпутатаў, напрыклад, на сакавік 1996?
гэта раз
два
ИЮНЬ 1994г .За кандидатов в президенты от коммунистической и аграрной партии(Новиков +Дубко) проголосовало 10,18 %, то есть меньше, чем за одного Позняка(12,82%).
МАЙ 1995г . На выборах в ВС- 13 созыва аграрники были первыми, на втором месте их союзники коммунисты и НОЛЬ депутатов от Б Н Ф.
мабыць надта ж празрыстыя і свабодныя выбары былі?!
камунякі капітальна падрыхтаваліся да захопу ўлады
  • Пятро Касьнерык
  • 2016-11-24 20:29:20
Рэзалюцыя Еўрапарламента.
У рэзалюцыі падкрэсліваецца, што з 1994 года ў краіне не было свабодных і сумленных выбараў
  • Пятро Касьнерык
  • 2016-11-24 16:04:20
самым БУЙНЫМ змагаром з "рэжымам" у ВС 13-га скліканьня быў Валерый Шчукін!
Октябрь 1995 г. «МЫ и ВРЕМЯ». №28(190)
Член ЦК ПКБ Валерий ЩУКИН: «Социализм, а не либеральный капитализм
Так социализм в СССР начали разрушать, говоря о рынке и рыночных отношениях. Теперь, когда Советский народ разобрался, что рынок, это ---капитализм, а рыночные отношения---капиталистические, Президент Лукашенко вводит новый термин: «РЫНОЧНЫЙ СОЦИАЛИЗМ» Очередной обман : рыночный социализм, это---ЛИБЕРАЛЬНЫЙ КАПИТАЛиЗМ. Такой «социализм» трудящимся Белоруссии не нужен!
Поскольку же катализатором единения является коммунистическая партия, правители «семерки» через свои «СВОБОДЫ» и «СВАБОДЫ» прилагают колоссальные усилия для разъединения коммунистических партий. . Ведь чем больше коммунистических партий, тем меньше вероятность ЕДИНЕНИЕ СОВЕТСКОГО НАРОДА».

Каментаваць