Рэферэндум–1996: трыумф і трагедыя Віктара Ганчара

Дваццаць гадоў таму, 14 лістапада 1996 года, Лукашэнка падпісаў указ №469 «Аб старшыні Цэнтральнай камісіі па выбарах і правядзенні рэспубліканскіх рэферэндумаў». Ён стаў ракавым не толькі для Віктара Ганчара, але і для краіны.

У вялікую палітыку Віктар Ганчар прыйшоў дзякуючы канкрэтнай падзеі — выбарам у Вярхоўны Савет БССР 12-га склікання. Ён тады працаваў у Беларускім дзяржаўным інстытуце народнай гаспадаркі ім. Куйбышава на кафедры савецкага права.

Былы старшыня праўлення Нацбанка Станіслаў Багданкевіч сцвярджаў, што гэта менавіта ён параіў Віктару Ганчару вылучыцца кандыдатам. Як бы тое ні было, але калі ў студзені 1990-га ў «Наргасе» пачалі вырашаць, каго вылучыць кандыдатам у Вярхоўны Савет БССР, для Віктара Ганчара пытання, удзельнічаць ці не, папросту не існавала. Паводле тагачаснага заканадаўства, асноўную масу кандыдатаў вылучалі працоўныя калектывы. Безумоўным фаварытам у Наргасе быў яго рэктар — Фёдар Баравік.

Інстытуцкаму працоўнаму калектыву ў колькасці больш за 350 чалавек належала вылучыць толькі аднаго з 16 чалавек. Праўда, шэсць з іх узялі самаадвод. Скандал разгарэўся ўжо ў першы дзень галасавання. Фёдар Баравік і ягоная каманда настойвалі на адкрытым галасаванні. Праціўнікі рэктара, і сам Віктар Ганчар, даказвалі, што прысутнасць рэктара псіхалагічна шкодна ўплывае на вынікі галасавання.

Звычка павучаць узнікла ў Віктара Ганчара ўжо ў маладыя гады

Калі пры адкрытым галасаванні Фёдар Баравік атрымаў 158 галасоў, Віктар Ганчар і яго прыхільнікі, у тым ліку і студэнты, пакінулі пасяджэнне, у выніку не хапіла кворуму. На другі дзень пасяджэння пры пасрэдніцтве інстытуцкага парткама сход прыняў рашэнне аб таемным галасаванні. Ганчар атрымаў 101 голас, Баравік — 89 галасоў, астатнія прэтэндэнты — 10 і меней галасоў. Фёдар Баравік дамогся таго, каб правесці галасаванне ў наступны, трэці дзень. Аднак на трэці дзень Ганчар атрымаў 165 галасоў — на 18 болей, чым яго канкурэнт.

 Віктар Ганчар не хаваў радасці з нагоды вылучэння кандыдатам у дэпутаты

Галоўную прычыну, па якой Віктар Ганчар атрымаў перамогу пры вылучэнні, можна даведацца з «Экономиста». У верасні 1989 года інстытуцкае выданне надрукавала анкету з пытаннем пра тое, хто і па якіх якасцях павінен быць дэпутатам Вярхоўнага Савета БССР. Праз месяц газета ў якасці прыкладу надрукавала адказ студэнта 4-га курса Дзмітрыя Драгуна, які назваў імя Віктара Ганчара.


Студэнт адзначыў наступныя якасці выкладчыка: «Высокая идейность и нравственные качества, высочайший профессионализм и компетентность, глубокое юридичекое образование, скурпулезная ответственность за порученное дело, умение работать с людьми». Больш таго, Дзмітрый Драгун выказаў жаданне працаваць у перадвыбарнай групе Віктара Ганчара.

Малады дацэнт быў зарэгістраваны па сталічнай Васняцоўскай выбарчай акрузе №6. Акрамя яго балатаваліся яшчэ восем чалавек, у тым ліку першы сакратар праўлення Саюза пісьменнікаў БССР Васіль Зуёнак.

Перамога Віктара Ганчара сапраўды была пераканаўчай. З 17 093 выбаршчыкаў, якія ўзялі ўдзел у галасаванні, за маладога юрыста прагаласавалі 9 862 чалавекі.

Па словах Віктара, галоўным супернікам ён лічыў слесара Мікалая Ерхава, стаўку на якога афіцыйна зрабіў БНФ.

Віктар Ганчар і Тамара Віннікава хаця былі па розныя бакі барыкад, але яўна імпанавалі адзін аднаму знешне 

Наступны этап дзейнасці Віктара Ганчара звязаны з дэпутацтвам у Вярхоўным Савеце Беларусі 12-га склікання.

Ганчар трымаў слова ўжо ў першы дзень працы Вярхоўнага Савета 12-га склікання — 15 мая 1990 года. Дэпутат раскрытыкаваў старшыню Цэнтральнай выбарчай камісіі (ЦВК) Міхаіла Лагіра за няздольнасць весці пасяджэнне сесіі, а таксама выказаўся па павестцы дня. Ганчар прапанаваў, напрыклад, абвяшчаць у другой палове дня павестку наступнага дня пасяджэння. Дэпутат Валянцін Голубеў прапанаваў прызначыць Віктара Ганчара памочнікам Міхаіла Лагіра па вядзенні пасяджэння сесіі, але такую ініцыятыву падтрымалі толькі 113 дэпутатаў з 286, што бралі ўдзел у галасаванні. Кандыдатура Віктара Ганчара была прапанавана ў склад Мандатнай камісіі, якая прызнавала паўнамоцтвы абраных дэпутатаў. Аднак парламентарый адмовіўся, матывуючы гэта тым, што жадае працаваць у іншай камісіі.

Калегі Віктара Ганчара былі ўпэўнены, што ён будзе працаваць у камісіі па заканадаўстве і, магчыма, узначаліць яе. Аднак ён зняў сваю кандыдатуру (дэпутат Дзмітрый Булахаў назваў гэта «позёрством»). Больш таго, некалькі месяцаў Ганчар не ўваходзіў у склад якой-небудзь пастаяннай камісіі Вярхоўнага Савета. І толькі 19 кастрычніка 1990 года стаў чальцом камісіі па навуцы і навукова-тэхнічным прагрэсе, якой кіраваў Генадзь Карпенка.

Віктар Ганчар настолькі актыўны выступаў ля мікрафона, што дэпутат Васіль Чэпік аднойчы прапанаваў назваць гэты самы мікрафон імем Ганчара. Віктар парыраваў, што дэпутату якраз і трэба выступаць як мага больш, каб «не превратиться в парламентского трутня».

У Вярхоўным Савеце Ганчар заўсёды на першае месца ставіў юрыдычную логіку, законнасць і дасканаласць, лічачы, што гэта дазволіць пазбавіцца шматлікіх праблемаў. Гэта дазваляла салідарызавацца яму з палітычнымі апанентамі, напрыклад, з апазіцыяй БНФ. Так, у ліпені 1990-га Ганчар выказаўся за тое, каб фронт атрымаў афіцыйную рэгістрацыю. У лютым 1991 года Віктар Ганчар разам з апазіцыяй падтрымаў заяву групы дэпутатаў, якая асуджала пастанову Прэзідыума Вярхоўнага Савета аб правядзенні рэферэндуму ў БССР па пытанні захавання СССР як абноўленай федэрацыі.

На першым этапе парламенцкай дзейнасці Ганчар быў апантаны ідэяй новай Канстытуцыі. 22 чэрвеня 1990-га пры абмеркаванні складу Канстытуцыйнай камісіі дэпутат Уладзімір Станкевіч прапанаваў Віктара Ганчара на пасаду старшыні камісіі, аднак большасць дэпутатаў і сам Віктар згадзіліся на тое, каб камісію ўзначаліў старшыня Вярхоўнага Савета Мікалай Дземянцей.

Тым не менш Ганчар узначаліў працоўную групу ў складзе Канстытуцыйнай камісіі. У дакументах гэта група фігуруе пад №2, альбо як альтэрнатыўная група. Асноўную групу №1 узначаліў намеснік старшыні Вярхоўнага Савета Васіль Шаладонаў.

Віктар Ганчар імкнуўся фарсіраваць канстытуцыйны працэс і надаць яму першасную вагу. У архіве Канстытуцыйнай камісіі захаваліся пісьмовыя запыты Віктара Ганчара на адрас Мікалая Дземянцея з патрабаваннямі належным чынам забяспечыць працу Канстытуцыйнай камісіі, надаць ёй больш паўнамоцтваў і падвысіць юрыдычны статус.

Праз Канстытуцыю погляды Віктара Ганчара пэўным чынам эвалюцыянавалі. Калі спачатку ён быў прыхільнікам парламенцкай рэспублікі (у загалоўку праекта Асноўнага Закона, падрыхтаванага групай №2 у кастрычніку 1991-га, адсутнічаў інстытут прэзідэнцтва), то паступова ім авалодала ідэя «моцнага» прэзідэнта.

Менавіта дзякуючы палымянай прамове Віктара Ганчара на пасяджэнні сесіі Вярхоўнага Савета 5 лютага 1993-га пры абмеркаванні праекта пастановы аб новай Канстытуцыі дэпутаты зацвердзілі пункт, паводле якога прэзідэнт з’яўляўся кіраўніком выканаўчай улады.

Але да гэтага часу Віктар Ганчар ужо адышоў ад актыўнай дзейнасці ў Канстытуцыйнай камісіі. Яшчэ з вясны 1991-га ён пачаў працаваць намеснікам старшыні выканкома Маладзечанскага гарадскога Савета народных дэпутатаў. Старшынёй тады быў абраны Генадзь Карпенка, які ў інтэрв’ю «Народнай газеце» ў маі 1991-га даў наступную характарыстыку Ганчару: «Его четкость, пунктуальность, реакция — качества, вплоне сопрягаемые с практической работой. Он усидчив, целеустремленен, умеет выделить в текучке главное. Менеджер, умеющий генерировать идеи и реализовывать их».

Дзякуючы намаганням Карпенкі і Ганчара Маладзечна зрабіў магутны рывок наперад. Шырокае будаўніцтва, развіццё прадпрымальніцтва і прыватызацыя, музычны конкурс маладых выканаўцаў, — гэтыя, далёка не поўныя дасягненні Маладзечна далі падставу тагачаснаму карэспандэнту «Народнай газеты» Паўлу Якубовічу назваць яго «горадам Сонца».

18 верасня 1991 года Ганчар аддзячыць Карпенку тым, што прапануе яго кандыдатуру на пасаду старшыні Вярхоўнага Савета.

Ганчар адным з першых пачаў патрабаваць адстаўкі старшыні Вярхоўнага Савета Станіслава Шушкевіча. Дзякуючы ў тым ліку і Ганчару 1 ліпеня 1993-га ў Вярхоўным Савеце была арганізавана працэдура даверу Станіславу Шушкевічу, супраць якога выказалася ажно 166 дэпутатаў.

Калі 26 студзеня 1994 года большасцю дэпутацкіх галасоў Станіслаў Шушкевіч быў адкліканы са сваёй пасады, Віктар Ганчар сам выказаў жаданне ўзначаліць Вярхоўны Савет. Фармальна ягоную кандыдатуру вылучыў Лукашэнка: «Поддерживая серьёзность того, что происходит в этом зале, по-государственному подходя к этому вопросу, я предлагаю выдвинуть в качества кандидата на пост председателя Верховного Совета молодого, толкового человека — Гончара».

Вылучэнне Ганчара было першай публічнай спробай генерацыі маладых палітыкаў захапіць уладу. У кароткім уступным слове Віктар прапанаваў у красавіку 1994 года правесці прэзідэнцкія выбары, а ў верасні — парламенцкія. Магчыма, ён не разлічваў на перамогу, але яго параза была аглушальнай. За Ганчара прагаласавалі ўсяго 24 дэпутаты, супраць — 233. Параза Ганчара азначала, што ў «маладых» дэпутатаў няма ніякай перспектывы ў парламенце.

 Працяг ТУТ 

 

Абмеркаванне:

  • в!ктар
  • 2017-01-07 21:50:58
вельм! сумленны чалавек у час шарыкавых ! швондарау

Каментаваць