Рэферэндум, які змяніў Беларусь

Рэферэндум 1995 года стаў кропкай адліку спаўзання Беларусі да аўтарытарызму, ці, як некалі трапна заўважыў журналіст Вадзім Казначэяў, «недадыктатуры».


Збіццё ў красавіку 1995-га людзьмі ў масках дэпутатаў у будынку парламента, якія абвясцілі галадоўку ў знак пратэсту супраць незаконнага рэферэндуму, паклала пачатак эпосе брутальных распраў з палітычнымі апанентамі.


Так зацвярджаўся прававы нігілізм выканаўчай улады, стыль грубага праціскання патрэбных ёй рашэнняў. Другі рэферэндум у лістападзе 1996 года канчаткова замацаваў няроўнасць галін улады на карысць выканаўчай.


Нагадаем, на народны разгляд выносілася чатыры пытанні: аб наданні рускай мове роўнага з беларускай статусу; аб змене нацыянальнай сімволікі; аб падтрымцы дзеянняў прэзідэнта, накіраваных на эканамічную інтэграцыю з Расійскай Федэрацыяй; аб неабходнасці ўнясення зменаў у Канстытуцыю, якія прадугледжваюць магчымасць датэрміновага спынення паўнамоцтваў Вярхоўнага Савета прэзідэнтам у выпадках сістэматычнага або грубага парушэння Канстытуцыі.


Але ці дасягнула ўлада тых вынікаў, на якія разлічвала?


Пра юрыдычны бок рэферэндуму шмат ужо напісана: неканстытуцыйнасць, шматлікія парушэнні, непрызнанасць міжнароднай супольнасцю. І пра тое, што пытанне мовы і дзяржаўных сімвалаў наогул не магло выносіцца на плебісцыт, бо супярэчыла Канстытуцыі. Але спынімся на наступствах.


Правам на роспуск Вярхоўнага Савета Лукашэнка так і не скарыстаўся. Аднак яно дало яму карт-бланш на далейшыя здзекі з заканадаўчай улады, якія былі працягнутыя рэферэндумам 1996 года.


Курс на эканамічную інтэграцыю з Расіяй фактычна затрымаў нашу краіну на дзясяцігоддзі ва ўчарашнім дні. Замест таго, каб інтэгравацца ў міжнародную эканамічную супольнасць, асобныя дзеячы зараблялі на гешэфтах ад перапрацоўкі нафты, што давала сродкі для забеспячэння палітычнай лаяльнасці чыноўнікаў і падкормкі электарату чарговымі абяцаннямі светлай будучыні.


Шмат хто сцвярджаў, што курс на эканамічную інтэграцыю быў толькі першым крокам Лукашэнкі да Крамля. Аднак пра палітычную інтэграцыю Лукашэнку давялося забыцца, калі ў 2000 годзе на змену Ельцыну прыйшоў Пуцін. "Братэрская інтэграцыя" ператварылася з мастка ў Крэмль у пастку.


Сёння ўлада, хоць і скрозь зубы, але прызнае хібнасць «аднавектарнасці» ў эканоміцы. Гэтае пытанне больш нашкодзіла Лукашэнку, чым прынесла карысці, бо зараз перабудаваць эканамічныя адносіны ў бок «шматвектарнасці» ў яго ну аніяк не атрымліваецца.


А вось адмова ад нацыянальных сімвалаў на карысць савецкіх фактычна памяняла афіцыйную ідэалогію. На змену беларускаму нацыянальнаму адраджэнню прыйшла ідэя "славянскай інтэграцыі", якая ў выніку прывяла да таго, што прадстаўнікі так званага «рускага свету» пачалі разглядаць Беларусь выключна сваёй тэрыторыяй.


У выніку мы дасюль чуем пра штрафы і збіццё за нашэнне ўсё яшчэ нацыянальных сімвалаў нашай краіны.


Што тычыцца беларускай мовы, то, з аднаго боку, рэферэндум прывёў да далейшай русіфікацыі і ганьбавання нацыянальнай гісторыі і культуры. А з другога — дзяржаўная палітыка спрычынілася да змянення статусу беларускай мовы ў грамадстве. Паколькі дзяржава забылася на сваіх грамадзян, яны самі вырашылі звярнуцца да сваіх каранёў.


Беларуская мова, паводле трапнага выразу старшыні ТБМ Алега Трусава, стала «элітарнай», мовай ужо не вясковай, а найбольш паспяховых людзей. Фестываль беларускамоўнай рэкламы ADNAK! (таксама ж грамадская ініцыятыва!) фіксуе ўсё большае выкарыстанне мовы ў рэкламе. Прычым буйнымі міжнароднымі брэндамі. Усё больш бізнесу пераходзіць на беларускую, і не толькі ў рэкламе, але і ў справаводстве, і ў стасунках з кліентамі. Зараз у краіне дзейнічаюць дзясяткі курсаў па вывучэнні беларускай мовы, на якія не саромеюцца прыходзіць людзі розных узростаў.


Грамадскасць прымусіла ўвесці ў закон аб зваротах грамадзян норму пра тое, каб чыноўнікі адказвалі на запыты на мове звароту. Грамадскасць прымусіла Міністэрства адукацыі зраўняць колькасць гадзін, вылучаных на навучанне беларускай і рускай моваў і літаратуры ў школах. І зараз розныя VIP, так званыя «лідары меркаванняў», ад спартоўцаў да банкіраў, выказваюцца на карысць мовы.


Здаецца, не ўсё так кепска. Толькі вось ці шмат у свеце ёсць краін, дзе родную мову сталыя жыхары вучаць на курсах, якія арганізаваны грамадскасцю? Дзе народныя паэты выдаюць свае творы за ўласны кошт? Дзе Таварыства беларускай мовы (заўважце, дзяржаўнай мовы Рэспублікі Беларусь) просіць у людзей грошы на аплату арэнды офісу?


Ці заглядаў Лукашэнка так далёка, калі апантана праціскаў правядзенне рэферэндуму ў 1995-м? Хутчэй за ўсё, не. Усе яго дзеянні былі прадыктаваныя савецкай парадыгмай, якая дамінавала як у яго галаве, так і ў галовах тых, хто яго атачаў. Лукашэнка быў выразнікам савецкасці і ажыццяўляў гэтую савецкасць у жыццё, узурпуючы ўладу і знішчаючы ўсе іншыя альтэрнатывы.


Каментаваць