Рэгіянальнае рэха Чарнобыльскага шляху

На ўгодкі Чарнобыльскай трагедыі лідэры палітычных партый з’едуць са сталіцы ў рэгіёны. Акцыі 26 сакавіка пройдуць у Магілёўскай, Гродзенскай і Гомельскай абласцях.



На ўгодкі Чарнобыльскай трагедыі лідэры палітычных партый з’едуць са сталіцы ў рэгіёны. Акцыі 26 сакавіка пройдуць у Магілёўскай, Гродзенскай і Гомельскай абласцях.

У Мінску арганізатары Чарнобыльскага шляху заклікаюць людзей прыйсці 26 красавіка ў 12.00 да Акадэміі навук, адкуль мусіць распачацца шэсце па праспекце Незалежнасці да плошчы Якуба Коласа, затым па вуліцах Веры Харужай, Багдановіча і Кульман да Чарнобыльскай капліцы. Завершыцца акцыя мітынгам. Аргкамітэт падрыхтаваў удзельнікам Шляху неспадзяванкі, але пра іх сэнс можна будзе даведацца на месцы.

Сёлета арганізатары Чарнобыльскага шляху робяць акцэнт на такія фактары, як эканамічны крызіс, наступствы аварыі на ЧАЭС і будаўніцтва атамнай станцыі ў Беларусі. У Гродзенскай вобласці мерапрыемствы пройдуць у асноўным у Астраўцы, недалёка ад якога можа быць пабудаваная АЭС. У мястэчка для сустрэчы з жыхарамі арганізатары кампаніі «Чарнобыль–2009» збіраюцца запрасіць навукоўцаў Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, спецыялістаў з Расіі і Літвы, прадстаўнікоў улады. Саматужныя спробы мясцовых актывістаў арганізаваць інфармацыйную кампанію дагэтуль заканчваліся паразамі. Так, нядаўна ў Міністэрстве інфармацыі прынялі рашэнне знішчыць наклад канфіскаванага бюлетэня «Астравецкі веснік», у якім падымаецца тэма будаўніцтва атамнай станцыі.

У Гомелі запланавана правесці мітынг, пададзена адпаведная заяўка ў гарвыканкам. Плануецца, што 24–25 красавіка разам з лідэрамі Аб’яднаных дэмакратычных сілаў (старшынёй Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатолем Лябедзькам, кіраўніком Партыі камуністаў Беларускай Сяргеем Калякіным і палітыкам Аляксандрам Казуліным) кіраўнікі і лідэры абласной кааліцыі наведаюць раёны Гомельскай вобласці, якія найбольш пацярпелі ад аварыі на ЧАЭС.

У Магілёве мяркуецца зладзіць невялікі мітынг, а ў мясцовых касцёле і царкве замовіць службы па ахвярах чарнобыльскай трагедыі.

Да кампаніі «Чарнобыль–2009» збіраюцца далучыцца індывідуальныя прадпрымальнікі. Намеснік старшыні грамадскай арганізацыі «За вольнае развіццё прадпрымальніцтва» (Кіеў, Украіна) Віктар Калей адзначыў, што эканамічны крызіс адбіўся на справах дробных прадпрымальнікаў. «Сённяшнія пытанні крызісу ўшчыльную звязаныя з палітычнымі рашэннямі ўрада. Таму мы цалкам падтрымліваем правядзенне Чарнобыльскага шляху. Калі летась гэта было некалькі разрознена, то цяпер крызіс прымушае нас аб’ядноўвацца», — цытуе словы прадпрымальніка БелаПАН.

Пры ўсёй маштабнасці агучаных планаў палітык і адзін з сузаснавальнікаў партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя» Павел Севярынец адзначае, што за апошнія гады ўзровень арганізацыі Чарнобыльскага шляху значна пагоршыўся: «На жаль, Чарнобыльскі шлях ператвараецца ў рытуальныя акцыі. Хацелася б эфектнасці, яркіх ідэй, нестандартнасці, крэатыву. Вельмі не хапае інфармацыйнай працы з мэтавымі групамі: чарнобыльцамі, жыхарамі забруджаных тэрыторый». Павел Севярынец гаворыць, што прэтэнзіі могуць быць да арганізатараў акцыі, БХД да ўдзелу ў акцыі не запрашалі, але прадстаўнікі гэтай палітычнай сілы будуць прысутнічаць, «хаця апошнім часам не зразумела, якім чынам адбываецца арганізацыя Шляху».

Моладзевы актывіст са Смалявічаў Яўген Пугач удзельнічае ў многіх акцыях апазіцыі. На пытанне пра тое, чаго не хапае ў арганізацыі акцыі, адказвае, што людзям не зразумела, навошта туды ісці. «Да ўсяго даверу да цяперашніх партыйных кіраўнікоў мала. «Людзі не дурні і разумеюць, што і па чым у краіне. І хадзіць на акцыі апазіцыі пачнуць тады, калі з’явіцца аўтарытэтны лідэр, які ўцямна патлумачыць, навошта ісці на вулічную акцыю і які вынік з гэтага будзе».

Зладзіць візіты палітыкаў у рэгіёны — надзвычай пазітыўнае рашэнне. Толькі зрабіць гэта было б варта загадзя, каб падрыхтаваць людзей да галоўнай акцыі — Чарнобыльскага шляху ў Мінску — і не размазваць яе па ўсё Беларусі. Але і такі падыход усё ж значна лепшы за бясконцыя паседжанні за «круглымі сталамі» і ў рознага кшалту «радах».

 

Каментаваць