Рэінкарнацыя прыгоннага права

У цяперашняй палітычнай эліты няма вобраза будучыні. Стабільная праца ў цэхах — гэта ўсё, што яна сёння можа прапанаваць грамадству. Беларусу прапануецца радавацца жыццю ўжо хаця б таму, што яно стабільнае.



Чарговую "Азбуку паліталогіі" пачну з цытаты культуролага Ігара Якавенкі: «Мы знаходзімся на этапе вельмі сур'ёзных змяненняў, маштаб якіх да канца не ўсведамляем. Сацыяцэнтрызм на нашых вачах памірае, яго замяшчае персонацэнтрызм. Сістэма памірае, але супраціўляецца, аднак пазбегнуць смерці яна не здолее».

Адкрыем акадэмічны слоўнік. Сацыяцэнтрызм — канцэпцыя, паводле якой ва ўзаемаадносінах "грамадства — асоба" прыярытэт належыць грамадству. У канцэпцыі персонацэнтрызму прыярытэты расстаўленыя ў адваротным парадку.

Назіраць за супрацівам сацыяцэнтрызму, які памірае, мы маем магчымасць практычна штодня. Для гэтага дастаткова паглядзець любую навінавую праграму на любым расійскім тэлеканале. Але і айчынныя тэлеканалы дэфіцыту аналагічных сюжэтаў не адчуваюць.

Абмяжуюся адным прыкладам. Спадзяюся, чытачы НЧ не забыліся, што «Идеология для государства — то же самое, что иммунная система для живого организма». Гэта вызначэнне ідэалогіі я запазычыў з дакладу адзінага палітыка (АП) на ідэалагічным семінары (сакавік 2003 г.). Адным з краевугольных камянёў дзяржаўнай ідэалогіі з'яўляецца калектывізм. «Гэта наша, роднае, і мы гэта страціць не павінны».

Але чым калектывізм АП адрозніваецца ад сацыяцэнтрызму Якавенкі? Нічым. У іх і лёс агульны. Яны нарадзіліся ў адзін гістарычны час, і памерці ім трэба будзе разам. А ў тым, што смерць не за гарамі, сумнявацца не прыходзіцца. У траўні АП з гэтай нагоды зрабіў афіцыйную заяву: «После распада Советского Союза мы до сих пор пытаемся как-то выстроиться идеологически <…> Ничего путного практически не получается. Я это признаю».

Прычына няўдачы ляжыць на паверхні. Час ідэалогій, заснаваных на калектывізме, прайшоў. Максімум, што ўдалося зрабіць — гэта выбудаваць яшчэ адну «вертыкаль» (ідэалагічную). Але ўсе тэарэтычныя патугі штатных ідэолагаў сышлі ў пясок. У першую чаргу з-за немагчымасці сфармуляваць канчатковую мэту, здольную захапіць масы.

Я і мае аднагодкі выціралі мяжу паміж горадам і вёскай, паміж разумовай і фізічнай працай. Мы будавалі камунізм. А што будуе цяперашняе маладое пакаленне беларусаў? У пасланні–2015 маецца выдатны пасаж аб неабходнасці яснага праекта будучыні Беларусі, здольнага «воодушевить и объединить как старшее, так и молодое поколение нашей страны». Аднак адпаведны раздзел у дакуменце адсутнічае.

У цяперашняй палітычнай эліты няма вобраза будучыні. Усё, што яна змагла прапанаваць грамадству, — гэта рост зарплаты ў доларавым эквіваленце. Я невыпадкова ужыў мінулы час. Аб выкананні асноўнага абавязацельства, прынятага на IV Усебеларускім сходзе (1000 долараў) сёння не можа быць і гаворкі.

Этап развіцця беларускай мадэлі, заснаваны на падтрыманні стабільнасці за кошт росту зарплаты, завершаны. На новым этапе стабільнасць плануецца перавесці ў рэжым самаабслугоўвання. Г.зн. беларусу прапануецца радавацца жыццю ўжо хаця б таму, што яно стабільнае. АП спадзяецца, што падзеі ва Украіне дазволяць панізіць сацыяльны выдаткі пераходнага перыяду.

Без чарговага цытавання тут не абысціся: «Дай Бог, чтобы мы тихо, спокойно жили своей нормальной жизнью и чтобы мы никогда не выходили на улицы и площади с дубинами, коктейлями Молотова. Уже сегодня и с ружьями, и с пулеметами, и с «Иглами» выходят, самолеты сбивают, сами в своих стреляют <…>  Вот это самое главное. И не потому что, знаете, пугают: вот, Лукашенко на этом чуть ли не предвыборную кампанию проводит. До выборов еще почти два года, меня уже упрекают. Нет, я просто хочу, чтобы мы спокойно работали. Пусть мы будем 500–600 долларов получать, но мы будем стабильно работать в цехах».

Маніфест Пятра III

Украіна — тыповы прыклад дзяржавы, што не адбылася (failed state). У Беларусі, на першы погляд, з дзяржаўнасцю ўсё ў парадку. Нездарма ж АП рэгулярна і з задавальненнем разважае пра «моцную дзяржаву». Аднак мы памятаем, што расійскія датацыі складаюць 16% беларускага ВУП. Варта толькі падняць цэны на газ да ўзроўню нашай паўднёвай суседкі, а ўсю нафту пастаўляць па сусветных коштах — і ад «моцнай дзяржавы» мала што застанецца.

Палітычная будучыня АП залежала, залежыць і будзе залежаць не ад здольнасці апазіцыі выбіраць адзінага кандыдата, а ад жадання Расіі падтрымліваць на плыву свайго адзінага саюзніка. Пры гэтым сама Расія, нягледзячы на статус «энергетычнай звышдзяржавы», пастаянна балансуе на мяжы паміж нармальнай дзяржавай і failed state. Для дзяржавы са шматвяковай гісторыяй такое няўстойлівае становішча варта прызнаць незвычайным.

Згодна з Гегелем, усё рэальнае разумна, а ўсё разумнае рэальна. Сам факт існавання расійскай дзяржавы ў гісторыі пацвярджае разумнасць прынцыпаў, на якіх яна пабудаваная. Адну шостую частку сушы выпадкова не займаюць. Дык чаму ж сёння будучыня Расіі не выклікае аптымізму?

Адказ на гэтае пытанне і ўтрымліваецца ў цытаце Якавенкі. Прынцып сацыяцэнтрызму — адзін з базавых у расійскай культуры. Пакуль ён панаваў і ў культурах суседзяў, Расія паспяхова супрацьстаяла знешнім выклікам. Але з надыходам Новага часу, які якраз і быў звязаны з пераходам ад сацыяцэнтрызму да персонацэнтрызму, канкурэнтаздольнасць расійскай дзяржаўнасці (у першую чаргу на заходнім напрамку) пачала зніжацца. І калі да сённяшняга дня яна не знікла цалкам, то дзякаваць за гэта варта прыродную рэнту.

Дарэчы, феномен вялікай рускай культуры XIX стагоддзя — прамое следства персонацэнтрызму. У 1762 годзе Пётр III выдаў маніфест аб вольнасці дваранства, які вызваляў дваранства ад абавязковай дзяржаўнай службы. Маніфест азначаў разрыў са шматвяковай традыцыяй калектывізму, якая складвалася на Русі на працягу паслямангольскага перыяду.

Юрыдычна вольны чалавек, які мае пры гэтым незалежныя ад дзяржавы крыніцы даходаў, і стаў тым сацыяльным субстратам, на якім толькі і магчыма развіццё. Савецкая ўлада вольнасць дваранства ліквідавала шляхам фізічнай ліквідацыі саміх носьбітаў вольнасцяў. Але рабочаму класу і працоўнаму сялянству вольнасці ад гэтага не дадалося. Адсюль і вынік.

Што тычыцца сённяшняга дня, то ён характарызуецца сітуацыяй, з якой у рамане «Залатое цяля» сутыкнуўся кінасцэнарыст-пачатковец Астап Бэндэр: негукавыя фільмы ўжо не здымаем, гукавыя фільмы яшчэ не здымаем. На мове паліталогіі гэта азначае, што дзяржава з жорсткай вертыкаллю ўлады ўжо няздольная забяспечваць развіццё, а пабудаваць дэмакратычную дзяржаву не дазваляе архаічная прырода грамадства.

 

На старт. Увага. Варушыся!

Прыгоннае права на Русі ўсталёўвалася зверху ўніз. Першымі, насуперак распаўсюджанаму меркаванню, былі пазбаўленыя свабоды вышэйшыя пласты грамадства. Спробу адрадзіць працэс занявольвання мы назіраем сёння ў Беларусі. Ініцыятар занявольвання нават тэрміналогіі не змяніў: «Я ставлю жестко вопрос потому, что на столе декрет, о котором я говорил ранее. Вчера мне его положили на стол по поводу, скажем прямо, "крепостного права". Мы замыкаем на губернаторов все. Ты не уволишься и не перейдешь. Так начинайте же вы шевелиться, чтобы народ не сказал: что вы нас зажимаете, а сами непонятно как работаете. Поэтому все полномочия в ближайшую неделю перейдут в руки органов власти и "шалтай-болтай" уже не будет».

Кіраваць свабоднымі людзьмі носьбіты калектыўнай культуры не здольныя ў прынцыпе. Свабодныя людзі — гэта чужы для калектывістаў сацыяльны тып чалавека. Хадзіць пашыхтаваўшыся яго прадстаўнікі не ўмеюць, а калі яны варушацца, дык не па камандзе, а кіруючыся ўласным інтарэсамі.

Сучасная дзяржава тым і адрозніваецца ад сваіх гістарычных папярэднікаў, што навучылася фарміраваць калектыўныя мэты з індывідуальных мэтаў свабодных людзей. Механізм фарміравання называецца «дэмакратыя». Але ён працуе толькі ва ўмовах базавага кансенсусу. Усе спробы ўсталяваць дэмакратыю ў каштоўнасна расколатых грамадствах да жаданага выніку не прыводзілі, бо каштоўнасці не могуць быць прадметам перамоваў (што сёння і назіраецца ва Украіне).

Чаму працэс татальнага занявольвання пачынаецца зверху? Таму што задачу па прыгону грамадства аднаму чалавеку не вырашыць, якімі б асабістымі якасцямі ён ні валодаў. Без магутнага кіраўнічага апарату тут не абысціся. І гэта павінен быць абсалютна паслухмяны апарат, здольны выконваць любую каманду.

Ці можна давяраць іншым людзям?

Якія шанцы ў АП адказаць на сучасныя выклікі несучаснымі метадамі? Я мяркую, што яны нулявыя. Шараговым беларусам з іх перспектывай у 500–600 долараў губляць няма чаго. І гэтым яны адрозніваюцца ад высокапастаўленых чыноўнікаў. Межы адкрытыя, і разлічваць на паўтор атракцыёну «прымацавання да зямлі» па ўзоры першай паловы XVII стагоддзя сёння не даводзіцца.

Жыццё складаней любога нашага ўяўлення пра яго. Сацыяцэнтрызм, як і персонацэнтрызм, у ідэальным відзе ў прыродзе не сустракаецца. Паспрабуйце ў Беларусі арганізаваць якое-небудзь сумеснае дзеянне, і вы адразу зразумееце сапраўдную цану беларускага калектывізму.

Для тлумачэння парадоксу звернемся па дапамогу да Аляксандра Аузана, спецыяліста ў галіне інстытуцыйнай эканомікі: «Калі мы маем высокі індывідуалізм, і маем пры гэтым нізкі сацыяльны капітал, то мы маем атамізаваную краіну, схільную калі не да грамадзянскай вайне, то да грамадзянскай звады. Такія краіны дрэнна здольныя да развіцця, як да грамадскага, так і да эканамічнага, і палітычнага».

Гэта якраз наш выпадак. На пытанне «Ці можна давяраць іншым людзям?» толькі 24% беларусаў адказваюць сцвярджальна (НІСЭПД). Гэта адзін з самых нізкіх паказчыкаў у Еўропе. Прычым асноўны ўклад у сцвярджальныя адказы ўносяць рэспандэнты старэйшыя за 65 гадоў. Іх круг зносін абмежаваны бліжэйшай сваякамі. Адсюль і павышаны ўзровень даверу да «другіх людзей».

Каментаваць