Статкевіч: Трэба, каб на кожнай акрузе было толькі па адным кандыдаце ад апазіцыіі

«У Беларусі большасць ужо зразумела, што на нашых выбарах не лічаць галасы. Тым не меней, амаль усе апазіцыйныя партыі вырашылі браць удзел у вераснёўскай парламентскай кампаніі. Аргументаў на карысць такога падыходу шмат. Але я пра іншае», — піша ў сваім фэйсбуку Мікалай Статкевіч.

«Вынікі «выбараў» вядомыя ўладзе да іх пачатку. Але адна справа, калі ў дэмакратычных кандыдатаў украдуць іхнюю перамогу. І зусім іншая, калі дэмакраты ўкрадуць яе самі ў сябе.

Ад улады ў кожнай са 110 выбарчых акругаў будзе толькі па аднаму кандыдату. Калі б апазіцыя здолела дамовіцца і выставіць у кожнай з акругаў таксама па аднаму свайму кандыдату, то гэтыя дэмакратычныя кандыдаты, з улікам сацыяльна-эканамічнай сітуацыі ў краіне, мелі б добрыя шанцы атрымаць перамогу пры сумленным падліку галасоў. Таму аб'яднанне апазцыі прымусіла б рэжым пайсці на брутальныя фальсіфікацыі, відавочныя для выбаршчыкаў і міжнароднай супольнасці.

Але на сёння аб'яўлена ўжо пра 6 апазіцыйных спісаў кандыдатаў. І гэта яшчэ не канчатковая лічба. Калі у кожнай акрузе адзінаму кандыдату ад улады будзе супрацьстаяць да 6-7 апазіцыйных кандыдатаў, якія расцягнуць паміж сабой пратэстны электарат, то ўлада будзе здольна выйграць такія выбары нават пры рэальным падліку галасоў.

Адмовай ад вылучэння адзінага спіса кандыдатаў апазіцыя крадзе перамогу ў самой сябе. Дзеля гарантыі рэжым скарыстаецца і фальсіфікацыямі, але ў наступнага «парламента» будуць вялікія шанцы на міжнароднае прызнанне.

Відавочна, што рашэнне правацэнтрыстскай кааліцыі ў аднабаковым парадку вылучыць сваіх кандыдатаў у 90% акругаў — канчатковае. У такой сітуацыі адзінае, што можна яшчэ зрабіць, гэта паменьшыць шкоду для дэмакратыі ад шматлікіх апазіцыйных спісаў.

Я лічу, што Кангрэс дэмакратычных сілаў павінен прыняць механізм вызначэння па аднаму найбольш аўтарытэтнаму кандыдату ў кожнай з акругаў. Напрыклад, гэта могуць быць рэкамендацыі рэгіянальных кааліцый дэмакратычных сілаў. З гэтых кандыдатаў павінен быць сфармаваны аб'яднаны еўрапейскі спіс. Аўтарытэтныя ў беларускім грамадстве асобы павінны заклікаць выбаршчыкаў да галасавання толькі за кандыдатаў з аб'яднанага спіса і аказаць ім палітычную і інфармацыйную падтрымку. Рэалізацыя такога механізму павінна быць адной з бліжэйшых задачаў пастаяннага каардынуючага органа, створанага кангрэсам дэмакратычных сілаў.

Калі ў часткі апазіцыйных партый не хапае пачуцця адказнасці для аб'яднання, то грамадства павінна дапамагчы ім».

Паводле "Нашай Нівы"

Каментаваць