Рэкордныя прысуды

Самыя вялікія прысуды па “справе 19 снежня атрымалі 26 мая экс-кандыдаты ў прэзідэнты Беларусі Мікалай Статкевіч і Дзмітрый Ус. Суддзя Ленінскага раёна Мінска Людміла Грачова прыгаварыла Статкевіча да шасці, а Уса - да пяці з паловай гадоў пазбаўлення волі з адбываннем пакарання ў калоніі ўзмоцненага рэжыму. Уса, які да вынясення прысуду знаходзіўся пад падпіскай аб нявыездзе, ўзялі пад варту наўпрост у залі суда.



Самыя вялікія прысуды па “справе 19 снежня атрымалі 26 мая экс-кандыдаты ў прэзідэнты Беларусі Мікалай Статкевіч і Дзмітрый Ус. Суддзя Ленінскага раёна Мінска Людміла Грачова прыгаварыла Статкевіча да шасці, а Уса - да пяці з паловай гадоў пазбаўлення волі з адбываннем пакарання ў калоніі ўзмоцненага рэжыму. Уса, які да вынясення прысуду знаходзіўся пад падпіскай аб нявыездзе, ўзялі пад варту наўпрост у залі суда.

Абвінаваўчыя прысуды вынесены таксама яшчэ пяці фігурантам крымінальнай справы аб так званых масавых беспарадках, якія нібыта мелі месца ў Мінску пасля завяршэння прэзідэнцкіх выбараў 19 снежня 2010 году. Суддзя Грачова прысудзіла Аляксандру Класкоўскаму-малодшаму пяць гадоў, Арцёму Грыбкову – чатыры, Аляксандру Квяткевічу – тры з паловай і Дзмітрыю Буланаву – тры гады пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму. Андрэй Пазняк прыгавораны да двух гадоў абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу і вызвалены з-пад варты ў залі суда. 

Вынесены прысуд ашаломіў усіх прысутных - як сваякоў асуджаных, так і замежных дыпламатаў (на агалошванні выраку прысутнічалі паслы Германіі Крыстаф Вайль і Швецыі Стэфан Эрыксан, Часовы павераны ў справах ЗША ў Беларусі Майкл Скэнлан, Часовы павераны ў справах Еўрасаюза Жан-Эрык Хольцапфэль), правабаронцаў, журналістаў, сяброў фігурантаў крымінальнае справы. Кепска зрабілася маці Аляксандра Квяткевіча, гучна плакала сямідзесяцігадовая маці Дзмітрыя Уса, не хавала слёз і маці шматдзетнага бацькі Аляксандра Класкоўскага. Варта адзначыць, што амаль ніхто не верыў, што нават пасля патрабавання пракурора Кірылы Чубкаўца даць экс-кандыдату сем год зняволення Дзмітрыя Уса асудзяць на рэальны тэрмін пазбаўлення волі і “акандачаць прама ў залі судовых паседжанняў на вачах у родных. 

Адвакаты асуджаных ужо паведамілі, што будуць абскарджваць прысуды ў суды вышэйшай інстанцыі.

Праваабаронца Алена Танкачова заяўляе пра неабгрунтаванасць і незаконнасць вынесеных прысудаў:

- Праваабарончая ацэнка ўсіх прысудаў па складу “арганізацыя і ўдзел у масавых беспарадках палягае ў наступным: факт арганізацыі і ўдзелу ў масавых беспарадках не знайшоў свайго пацвярджэння ні ў адным з крымінальных працэсаў па падзеях 19 снежня. Гэта сведчыць пра тое, што ўсе людзі, якія асуджаны па дадзеным артыкуле, з’яўляюцца вязнямі сумлення, прызнаюцца палітзняволенымі, прыгаворы павінны быць перагледжаны, суды ў касацыйным парадку альбо ў парадку нагляду абавязаны даць якасную прававую ацэнку, перагледзець прысуды і выпусціць людзей на волю.

Як адзначыла экс-дэпутат Вярхоўнага Савету 13-га склікання Людміла Гразнова, гэтыя страшныя прысуды наўрадці выклікаюць абурэнне ў астатняга беларускага грамадства:

- Пераважная большасць грамадства зараз занятая праблемамі спажывецкага і валютнага рынку. Але, я думаю, тут ёсць вельмі сур’ёзная падаплёка гэтага прысуду - зачыніць вакно магчымасцяў для дыялогу з апазіцыяй унутры краіны. Сённяшні прысуд мае сур’ёзны палітычны падмурак – не даць краіне знайсці ўласныя сілы для таго, каб захаваць гэтую краіну. Менавіта ў гэтым я бачу сур’ёзны лагічны аргумент.

Cястра Аляксандра Класкоўскага Вольга, яе не пусцілі ў залу суда

Танкачова патрабуе вызвалення ўсіх асуджаных

Ус менш як праз тры гадзіны будзе ў кайданках

Жонка Міколы Статкевіча Марына Адамовіч

Маці Дзмітрыя Уса назвала прысуд сыну палітычнай расправай

Што тычыцца міжнароднай рэакцыі на вынесеныя 26 мая прысуды, то яна не прымусіла сябе доўга чакаць.

За пераслед апазіцыі беларускія ўлады жорстка скрытыкаваў камісар Савета Еўропы па правах чалавека Томас Хамарберг, які заявіў, што Беларусь не адпавядае патрабаванням для ўступлення ў гэтую еўрапейскую арганізацыю. А старшыня Сацыл-дэмакратычнай партыі Германіі Зігмар Габрыэль 26 мая завіў, што “Беларусь зноў пацвердзіла сумную славу “апошняй дыктатуры Еўропы. Зігмар Габрыэль запатрабаваў тэрмінова вызваліць Мікалая Статкевіча і ўсіх палітычных вязняў.

Адрэагаваў на прыгаворы экс-кандыдатам у прэзідэнты і старшыня Еўрапейскага парламента Ежы Бузэк : “Прысуды Мікалаю Статкевічу і Дзмітрыю Усу - апазіцыйным кандыдатам у прэзідэнты Беларусі - дэманструюць несправядлівасць судовай сістэмы Беларусі. Гэтыя лідары апазіцыі мусяць быць падтрыманыя, а не асуджаныя, бо яны выступаюць за свабодную і дэмакратычную Беларусь, яны выступаюць супраць Беларусі, у якой улада знаходзіцца ў руках аднаго чалавека і яго рэжыма. Мы заклікаем да неадкладнага і безумоўнага вызвалення ўсіх палітычных зняволеных і вязняў сумлення. Еўрапейскі парламент заўсёды стаіць на баку беларускага народа. 

 

Каментаваць