Рэквіем па мадэрнізацыі

Да канца «переломного года» застаецца яшчэ дзесяць месяцаў, але ў асноўным яго выніку ўжо сумнявацца не даводзіцца. Дэмакратыі ў Беларусі не менш, чым на Захадзе. Здавалася б, за гэтай тэзай ужо даўно замацаваўся статус аксіёмы, г. зн. ісціны, якая не патрабуе доказаў.



Тым не менш адзіны палітык (АП), які па сумяшчальніцтву выконвае ролю гаранта Канстытуцыі, лічыць сваім абавязкам перыядычна пра гэта нагадваць. Лютаўская нарада Савета па развіцці прадпрымальніцтва дала яму такую магчымасць, і ён яе скарыстаў: «Хочу подчеркнуть: если кто-то из бизнесменов будет финансировать «пятую колонну» или каким-то иным способом оказывать негативное влияние на общество, то я буду считать, что они включились в политическую борьбу, в борьбу против государства. А там — свои законы. Потом пусть не обижаются подобные бизнесмены».

 

І суверэн і ўласнік

 

Кожны сказ прыведзенай цытаты варты каментара. Пачну з першага. «Дэмакратыя ў Рэспубліцы Беларусь ажыццяўляецца на аснове разнастайнасці палітычных інстытутаў, ідэалогій і поглядаў» (Канстытуцыя РБ, артыкул 4). «Адзінай крыніцай дзяржаўнай улады і носьбітам суверэнітэту ў Рэспубліцы Беларусь з’яўляецца народ. Народ ажыццяўляе сваю ўладу непасрэдна, праз прадстаўнічыя і іншыя органы ў формах і межах, вызначаных Канстытуцыяй» (артыкул 3).

 

З прыведзеных цытат вынікае банальная выснова: ніякіх уласных інтарэсаў у беларускай дзяржавы няма і быць не можа. Яна — толькі прылада для ўзгаднення разнастайных ідэалогій і меркаванняў. Няма адзінага інтарэсу і ў беларускага народа. Не трэба блытаць сучаснае грамадства з грамадствам эпохі неаліту.

 

Звернемся да слоўніка азбукавых паліталагічных ісцін. Сінкрэзіс (ад грэчаскага «злучэнне») — стан грамадства і культуры, калі ўсё пераплецена з усім і нішто не адасобілася. Прыклад: першабытныя грамадствы, у якіх не вылучаліся сацыяльныя ролі, прафесіі, не было сям’і, прыватнай уласнасці і г.д. Яшчэ адзін прыклад: СССР з яго партыйнай «вертыкаллю», якая падмяла пад сябе заканадаўчую, выканаўчую і судовую ўлады.

 

Тое, што мы называем «прагрэсам», ёсць працэс здрабнення першапачатковага сінкрэзісу. «На Усходзе ён ішоў павольней. Культура Усходу блакавала і запавольвала працэсы здрабнення сінкрэзісу. На Захадзе — выключна энергічна. Таму Захад і спарадзіў у выніку гістарычную дынаміку» (Ігар Якавенка).

 

У Беларусі з дынамікай узаемадачыненні складаныя. Сам факт наяўнасці АП блакуе разбурэнне палітычнага сінкрэзісу, і таму сучасная беларуская дзяржава (не дэ-юрэ, а дэ-факта) мала чым адрозніваецца ад вотчыны часоў Кіеўскай Русі. Звярнуся да самацытавання: «Князі Кіеўскай Русі кіравалі сваімі княствамі гэтак жа, як і сваімі княжымі дварамі. Палітычную ўладу яны разумелі і здзяйснялі як працяг права ўласнасці. Яны былі адначасова і суверэнамі сваіх княстваў (дзяржаў), і іх уласнікамі» (гл. Азбуку паліталогіі «Экскурс у гісторыю з Рычардам Пайпсам»).

 

Не даводзіцца сумнявацца, што полацкі князь Рагвалод расцэньваў любыя спробы фінансавання багатымі гараджанамі сваіх палітычных апанентаў («пятай калоны») як замах на асновы дзяржавы. У поўнай адпаведнасці з вотчыннай логікай, сябе ён не аддзяляў ад дзяржавы, і ўжо ў сілу гэтага быў вымушаны праводзіць выразную мяжу паміж барацьбой за ўладу і камерцыйнай дзейнасцю.

 

«Будзем велікадушныя»

 

Прырода міждысцыплінарная, і таму мяжа паміж эканамічнымі і палітычнымі інтарэсамі вельмі ўмоўная. Першых не бывае без другіх, а другіх без першых. Каб распаўсюдзіць гэта правіла не толькі на абраных, але і на грамадства ў цэлым, Еўропе давялося прайсці праз мноства буржуазных рэвалюцый. Але Беларусь яны абышлі бокам. Адсюль наша ўнікальнасць, наша імкненне «жить своим умом», г. зн. у адпаведнасці з архаічнымі нормамі вотчыннага права.

 

Звернемся да «Маніфеста камуністычнай партыі» Карла Маркса і Фрыдрыха Энгельса: «Буржуазія адыграла ў гісторыі надзвычайную рэвалюцыйную ролю. Буржуазія паўсюдна, дзе яна дасягнула панавання, разбурыла ўсе феадальныя, патрыярхальныя, ідылічныя стасункі». Гэта напісана ў 1848 годзе, але актуальнасці сваёй дагэтуль не страціла, прынамсі, у геаграфічным цэнтры Еўропы!

 

Прашу прабачэння ў чытачоў, але я вымушаны прывесці яшчэ дзве цытаты: «Буржуазія не можа існаваць і пры гэтым увесь час не выклікаць пераваротаў у прыладах вытворчасці, адпаведна, не рэвалюцыянізаваць вытворчых адносін, а такім чынам, і ўсёй сукупнасці грамадскіх адносін».

 

«Буржуазія хуткім удасканаленнем усіх прылад вытворчасці і бясконцым спрашчэннем сродкаў камунікацыі далучае да цывілізацыі ўсе, нават самыя варварскія, нацыі. Танны кошт яе тавараў — вось тая цяжкая артылерыя, з дапамогай якой яна руйнуе ўсе кітайскія сцены і прымушае да капітуляцыі самую зацятую нянавісць варвараў да замежнікаў. Пад страхам пагібелі прымушае яна ўсе нацыі прыняць буржуазны спосаб вытворчасці, прымушае іх уводзіць у сябе так званую цывілізацыю, г. зн. станавіцца буржуа. Словам, яна стварае сабе свет на свой вобраз і паводле свайго падабенства».

 

Дзякуй класікам за дапамогу ў разуменні беларускай унікальнасці. Яна — у фенаменальнай здольнасці супраціўляцца ўвахо­джанню ў заходнюю (буржуазную) цывілізацыю. Таму айчынныя прадпрымальнікі (буржуа), гэтак жа, як трэцяе саслоўе ў Францыі пры каралях Людовіках, фактычна пазбаўленыя палітычных правоў. Палітыка ў Беларусі — гэта вотчына АП, у якой дзейнічаюць «свои законы». Хто гэтага не разумее, хай наракае на сябе.

 

Але вернемся да Маркса—Энгельса. Перш чым вырабляць танныя тавары, буржуа павінны рэвалюцыянізаваць усю сукупнасць грамадскіх адносін, у тым ліку і свае адносіны з дзяржавай, якая павінна стаць буржуазнай.

 

Беларуская дзяржава такой не стала і станавіцца не збіраецца. У асобе АП яна размаўляе з кіраўнікамі прадпрымальніцкіх саюзаў, як князі Кіеўскай Русі са сваімі халопамі: «Никто не говорит, что у вас надо забрать последнее. Поэтому давайте будем великодушны (!). <…> Вы меня не упрекнете, что я кого-то из бизнесменов в стране насильно заставлял помогать государству. Можете — помогите, не можете — Господь с вами. Соответствующее будет отношение со стороны государства и меня к вам».

 

Павінен, але не дае

 

Яшчэ адна цытата. Гэтым разам з тэксту афіцыйнага прэс-рэлізу: «Глава государства отметил, что предприниматели — не те люди, которым надо создавать льготные и тепличные условия». Нечаканая заява. Яшчэ 2007 годзе перад чыноўнікамі была пастаўлена задача заняць у рэйтынгу Сусветнага банка (Doіng Busіness) месца не ніжэй за 30-е. З тых часоў без разваг на тэму «предоставления самых выгодных условий инвесторам», мабыць, не абышлося ніводнага штогадовага паслання.

 

У адрозненні ад эканомікі Паўночнай Карэі і Кубы, узровень адкрытасці беларускай эканомікі — адзін з самых высокіх у свеце (суадносіны экспарту да ВУП у 2012 годзе склалі 82%!). «Сучасная эканоміка, — піша эканаміст Сяргей Аляксашанка, — вельмі канкурэнтная. Сучасны капітал — ён досыць лёгка мігруе з краіны ў краіну і наогул прымае да ўвагі мноства фактараў, дзе яму развіваць бізнэс. І вось краіны заклапочаныя тым, што ўсё жадаюць бачыць працоўныя месцы ў сябе. Усё хочуць, каб там іх эканоміка вырабляла валавы ўнутраны прадукт, каб там заставаліся падаткі, ну і каб там плаціліся зарплаты».

 

Сучасныя інвестары — капрызныя і лёгкія на ўздым. Пастаўце сябе на іх месца. Хіба вы будзіце рызыкаваць сваімі кроўнымі «тугрыкамі» ў краіне, у якой бізнэсу не ствараюцца «льготные и тепличные условия»? Перш, чым адзін раз адрэзаць, вы сем разоў мераеце, і пры гэтым будзеце арыентавацца не на рэкламныя заклікі, а на ўмовы, створаныя дзяржавай для мясцовых бізнэсмэнаў.

 

13 лютага міністр эканомікі Мікалай Снапкоў выступіў з дакладам на пасяджэнні ўрада. Даклад падрабязна каментаваўся ў прэсе, таму не буду паўтараць. Адзначу толькі тое, што ў дакла­дзе адсутнічае: на 21 старонцы дакладу ні разу не згадваецца прыватны бізнэс. Вось такая адна з фундаментальных асаблівасцяў «беларускай эканамічнай мадэлі развіцця», мэтай якой, на думку міністра, з’яўляецца «качественный экономический рост страны, то есть рост без проявления дисбалансов; и на этой основе — повышение доходов населения».

 

Адказнымі за выкананне такой высакароднай мэты ў нас, як вядома, з’яўляюцца чыноўнікі. Пра дасягнутыя імі поспехі на пасяджэнні ўраду паінфармаваў прэм’ер-міністр Міхаіл Мясніковіч: за сем гадоў у прамысловасць было накіравана 31,5 мільярда долараў, і гэтыя ўкладанні далі 19,2 мільярда прыросту дададзенага кошту. Планаваўся ж прынцыпова іншы вынік: «каждый вложенный рубль инвестиций должен давать два–три рубля добавленной стоимости».

 

Павінен, але не дае. Прычыны такой неабавязковасці ўкладзеных у эканоміку рублёў прэм’ер-міністр аналізаваць не стаў і адразу перайшоў да пераліку прыярытэтаў, з улікам якіх неабходна праводзіць мадэрнізацыю. Асноўную ўвагу пры гэтым ён надаў стымуляванню «директорского корпуса региональных и республиканских руководителей» шляхам збалансаванага выкарыстання пугі і перніка («жесточайшего спроса» і «поощрения, активно участвующих в вопросах модернизации»).

 

Ці дапаможа такая збалансаванасць дасягнуць пералічаных вышэй мэтаў — стане ясна ўжо да канца года. Хоць з верагоднасцю ў 99,9% вынік можна прадказаць ужо сёння. Як тут ні прыгадаць класіка эканамічнай навукі Адама Сміта: «Відавочна, што кожны чалавек, у залежнасці ад мясцовых умоваў, можа значна лепш вырашыць, да якога менавіта кшталту айчыннай прамысловасці прыкласці свой капітал і прадукт якой прамысловасці можа валодаць найбольшым коштам, чым тое зрабіў бы замест яго любы дзяржаўны дзеяч».

Каментаваць