Рэквіем па мадэрнізацыі

Моцная, але неправавая дзяржава не здольная забяспечваць доўгачасовы эканамічны рост. Тым, хто ў мітусні паўсядзённых спраў забыў, што азначае дзень 7 лістапада ў найноўшай гісторыі Беларусі, нагадаю цытату з Паслання–2013: «Программа модернизации деревообработки, когда она начнет работать с хорошей прибылью, закончится к 7 ноября этого года. Это тот рубеж, когда мы народу должны явить примеры достойной работы».



Я рэгулярна праглядаю навіны ў інтэрнэце, але дэманстрацыі народу прыкладаў годнай працы, звязаных з рэалізацыяй вышэйзгаданай праграмы, апошнім часам штосьці не прыгадваю. Аднак у мяне не паўстала праблем з пошукам прыкладаў нявартай працы. Абмяжуюся апошнім, пра які паведаміла БЕЛТА напярэдадні знамянальнай даты: «КДК Брэсцкай вобласці выявіў шматлікія парушэнні ў замежнаэканамічнай дзейнасці ЗАТ «Холдынгавая кампанія «Пінскдрэў». Падчас праверкі высветлена, што па 339 пастаўках пры экспарце тавараў на суму больш за 100 мільёнаў расійскіх рублёў на адрас 24 нерэзідэнтаў «Пінскдрэў» не забяспечыў своечасовае завяршэнне замежнагандлёвых аперацый».

Раніцай — грошы, увечары — крэслы

Слова «мадэрнізацыя» ў Пасланні–2013 згадваецца 49 разоў! І не дзіўна, што мадэрнізацыя эканомікі нароўні з інфарматызацыяй грамадства і маштабным прыцягненнем моладзі да дзяржаўнага будаўніцтва разглядалася адзіным палітыкам (АП) у красавіку бягучага года ў якасці трох магутных нацыянальных праектаў, «которые позволят обновить государство».

Пры гэтым АП рашуча адпрэчыў абвінавачванні апанентаў («пятай калоны») у тым, што «власти прибегли к новому предвыборному лозунгу. И, мол, все ограничится пустыми разговорами». Не магу ўтрымацца, каб не прывесці яшчэ адну цытату: «Они (апаненты — С. Н.) приходят к странному выводу: якобы потенциал роста конкурентоспособности белорусской продукции исчерпан и в абсолютном выражении идет деградация нашей экономики. Поэтому, мол, нужно не модернизировать ее, а просто выбросить и принять кардинально иную модель».

 Мяркуючы па заявах чальцоў урада, лагер прыхільнікаў «странных выводов» за апошнія месяцы істотна папоўніўся, прычым за кошт… чальцоў урада. Як тут ні прыгадаць заяву кіраўніка Нацыянальнага статыстычнага камітэта Уладзіміра Зіноўскага з нагоды нулявой вагі інавацыйнай прадукцыі, прынцыпова новай для сусвету, у выпуску Мінпрама. І гэта нягледзячы на маштабную мадэрнізацыю!

Міністр эканомікі Мікалай Снапкоў не менш рашуча ліў ваду на млын апанентаў. Прыгадаем яго словы: «Дададзены кошт у цэлым па Мінпраме на гэты момант у 5 разоў ніжэй, чым у нашых канкурэнтаў. Гэта звязана найперш з выдаткамі на навуковыя даследаванні і распрацоўкі, якія не перавышаюць 0,5% ад выручкі ($4 мільёны). У той жа час такі канкурэнт, як «Джон Дзір», выдаткоўвае штогод 4–5% ад валавога прыбытку, што адпавядае $0,5-1,2 мільярда. Адпаведна, ён з’яўляецца адным з лідараў у інавацыйных тэхналогіях».

Без грошай паставіць на паток вытворчасць інавацыйных тэхналогій, зразумела, немагчыма. Тут як у вядомай гісторыі, апісанай Іллёй Ільфам і Яўгенам Пятровым у знакамітым рамане: «раніцай — грошы, увечары — крэслы».

Сучасны эканамічны рост заснаваны на мадэлі навукова-тэхнічнага прагрэсу (НТП). Першымі яе асвоілі еўрапейцы, але для гэтага ім трэба было прайсці праз стагоддзе рэлігійных войнаў паміж каталікамі і пратэстантамі. Нягледзячы на шматлікія ахвяры выявіць пераможцаў у тых войнах так і не атрымалася. Але менавіта гэты факт і прызнаецца сёння ў якасці галоўнага выніку рэлігійных войнаў. Ён ліквідаваў манапалізм царквы на праўду, што дазволіла, у прыватнасці, адмяніць забарону на збіранне банкаўскага працэнта. Такім чынам, была знятая галоўная перашкода на шляху фармавання сучаснай фінансавай сістэмы.

Нішто сабе карэктыровачка!

Перафразую класікаў: раніцай — грошы, увечары — інавацыі. Аднак сам факт наяўнасці грошай аўтаматычна не вядзе да стварэння інавацыі. Справядлівасць гэтай высновы прэм’ер-міністр Міхаіл Мясніковіч праілюстраваў на лютаўскім пасяджэнні Саўміна.

Паводле агучанай другой асобай дзяржавы інфармацыі, за сем гадоў у прамысловасць Беларусі ўкладзена $31,5 мільярда інвестыцый, а атрымана дададзенага кошту толькі на $19,2 мільярда.

Але ж планы будаваліся напалеонаўскія. Іх ініцыятары зыходзілі з разліку, што «каждый вложенный рубль инвестиций должен давать 2–3 рубля добавленной стоимости». Але рубель не апраўдаў ускладзеных на яго надзей. Адказваць жа за яго няздольнасць укладвацца ў «беларускую мадэль эканамічнага развіцця» сёння даводзіцца чыноўнікам, у тым ліку і тым, што займаюць вышэйшыя дзяржаўныя пасты.

Мне ўжо неаднаразова даводзілася адзначаць, што асноўнае пытанне любой мадэрнізацыі — гэта пытанне яе суб’екта. У рамках айчыннай мадэлі такім з’яўляецца чыноўнік ужо ў сілу таго факту, што функцыянаванне айчыннай мадэлі не прадугледжвае існавання іншых суб’ектаў. Яна монасуб’ектна па сваёй прыродзе.

Тут самы час звярнуцца па дапамогу да сацыёлага Георгія Сатарава: «Рухацца наперад можна толькі на дзвюх нагах. А ў нас нага пад назвай «улада» лічыць нагу пад назвай «грамадства» чымсьці лішнім і цяжкім. А ў выніку мы з-за гэтага адчуваем сябе нейкімі адсталымі. Ёсць краіны перадавога фронту, яны ідуць у будучыню, а мы дзесьці ў другім і трэцім эшалоне. Але знаходжанне ў перадавой хвалі забяспечваецца толькі рухам на дзвюх нагах. Прычым першы крок у будучыню робіць менавіта грамадства».

Да чаго можна даскакацца на адной назе? Мой варыянт адказу — да рэвалюцыйнай сітуацыі. Нагадаю яе вызначэнне ў ленінскай трактоўцы: «Для рэвалюцыі недастаткова таго, каб нізы не хацелі жыць, як раней. Для яе неабходна яшчэ, каб вярхі не маглі гаспадарыць і кіраваць, як раней».

Што такое эфектыўная ўлада (эфектыўныя вярхі)? Гэта ўлада, якая ставіць перад сабой задачы і выконвае іх, ці, кажучы словамі АП, гэта ўлада, здольная народу «явить примеры достойной работы».

Пасля трэціх прэзідэнцкіх выбараў папаўняць спіс такіх прыкладаў «достойной работы» ва ўлады атрымоўвалася з кожным годам усё горш, а пасля чацвёртых — справа зусім застопарылася. Для таго, каб у гэтым пераканацца, дастаткова адкрыць Праграму сацыяльна-эканамічнага развіцця Рэспублікі Беларусь на 2011–2015 гады, ухваленую чацвёртым Усебеларускім народным сходам.

Абмяжуюся адным прыкладам: у 2015 годзе запланавана пабудаваць 9,5–10 мільёнаў квадратных метраў жылля. План на бягучы год — 6,5 мільёна квадратных метраў. Выкананы ён будзе працэнтаў на 70. Гэта не мая здагадка. Гэта ўдакладнены ў кастрычніку прагноз урада. Але ў 2014 годзе наша выканаўчая ўлада плануе пабудаваць 2,5 мільёна квадратных метраў. Нішто сабе карэктыровачка!

Моцная, але неправавая

10 кастрычніка ўрад і Нацбанк зацвердзілі план сумесных дзеянняў па структурным рэфармаванні і падвышэнні канкурэнтаздольнасці нацыянальнай эканомікі. Запаветнае слова згадваецца ў плане толькі адзін раз, але не ў сувязі з мадэрнізацыяй прадпрыемстваў. Структурныя рэфарматары вырашылі капнуць глыбей і з дапамогай праграмы мадэрнізацыі сацыяльна-эканамічных адносін сфармаваць сучасныя інстытуты доўгатэрміновага эканамічнага росту. На распрацоўку праграмы яны адвялі амаль год.

Беларуская дзяржава валодае ўнікальным досведам будаўніцтва не толькі свінафермаў, малочных комплексаў і эфектыўных дрэваапрацоўчых прадпрыемстваў, але і інстытутаў. У першую чаргу сілавых, чыёй асноўнай задачай з’яўляецца прыгнечанне працэсаў самаарганізацыі грамадства. У выніку слабую неправавую дзяржаву пачатку 90-х, калі ўлада «буквально валялась в грязи», атрымалася пераўтварыць у моцную неправавую дзяржаву.

Але прыметнік «моцны» не з’яўляецца сінонімам прыметніка «эфектыўны», што і прадэманстраваў АП 8 лістапада падчас наведвання ААТ «Барысаўдрэў».

Асноўныя ўмовы эканамічнага росту былі сфармуляваныя яшчэ Адамам Смітам: мір, нізкія падаткі і разумныя законы. Дынамічнаму эканамічнаму росту, які пачаўся на мяжы ХVІІІ–ХIХ стагоддзяў, папярэднічалі тысячагоддзі эканамічнай стагнацыі. Карціна пачала змяняцца толькі пасля таго, як у Еўропе склалася сітуацыя, якую нобелеўскі лаўрэат Дуглас Норт назваў «звязаныя рукі ўлады», — г. зн. адбыўся падзел уласнасці і ўлады.

Пры гэтым кожны атрымаў сваё: бізнэсмэн — разам з правам аднаасобна распараджацца сваёй уласнасцю адказнасць за яе эфектыўнае выкарыстанне, а дзяржава — адказнасць за знешнюю бяспеку краіны, за правапарадак, за ажыццяўленне правасуддзя, за сацыяльную абарону.

Менавіта з гэтага часу і адбываецца паскарэнне тэмпаў росту душавога валавога ўнутранага прадукту ў дзясяткі разоў у параўнанні з усім, што адбывалася на працягу папярэдніх тысячагоддзяў.

Для замацавання сказанага вышэй працытую нямецкага палітолага Ральфа Дарэнторфа: «Перадумова сучаснага эканамічнага росту — наяўнасць элементарных грамадзянскіх правоў. Сіла грамадзянскага статусу павінна пачаць дзейнічаць, каб мог заквітнець капіталізм, хоць бы таму, што сучасная працоўная дамова прадугледжвае роўнасць перад законам».

***

8 лістапада на недагледжанай тэрыторыі ААТ «Барысаўдрэў» прагучалі магутныя акорды «Рэквіема па мадэрнізацыі» («рэквіем» ад лацінскага «requiem», літаральна «(на) спачын» — памінальная служба ў каталіцкай і лютэранскай цэрквах, адпавядае памінальнай літургіі ў праваслаўнай царкве). Але «Рэквіем па мадэрнізацыі» не варта разглядаць у якасці самастойнага музычнага твора. Ён — усяго толькі ўверцюра «Рэквіему па сацыяльных абавязках дзяржавы, прынятых на чацвёртым Усебеларускім народным сходзе».

Беларускаму грамадству на ўсведамленне наступстваў «музычнай» прэм’еры спатрэбіцца час. Спадзяюся, што не больш за 3–4 месяцы.

Каментаваць