Рэквіем па мадэрнізацыі

Культурная спецыфіка ЕАЭС, на думку яго ініцыятара, у тым, што «большасць нашых грамадзян схільныя абапірацца на традыцыйныя каштоўнасці». А гэта азначае фактычны пераход да палітыкі ізаляцыі ад Захаду.



Сяброў беларускай дзяржавы можна пералічыць па пальцах адной рукі. «Наша Расія», натуральна, па-за канкурэнцыяй. Што да беларускага грамадства, то яшчэ год таму колькасць жадаючых уступіць у Еўрасаюз перавышала колькасць прыхільнікаў аб’яднання з Расіяй: 42% vs. 37% (НІСЭПД). Аднак пасля таго, як «в Россию, к себе на Родину, возвратились Крым и Севастополь», і расіян ахапіў «особый душевный подъем» (Пуцін), геапалітычныя прыхільнасці беларусаў ссунуліся на Усход: 33% vs. 52%.
 
 
Такое істотнае змяненне лішні раз падкрэслівае, што грамадскай думкі (у заходнім разуменні) у Беларусі як не было, так і няма. А тое, што сацыёлагі фіксуюць у ходзе нацыянальных апытанняў, ёсць толькі рэха медыйных падзей. 
 
 
«Особый душевный подъем» расіян утрымліваецца ўжо на працягу трох месяцаў. Пакуль ён не пайшоў на спад, прапаную прыгледзецца да дзяржавы, з якой нам жыць у ЕАЭС. 
 
 

«Асаблівы шлях» і «свая каляіна» 

 
«Ледзь куксы пасля белавежскіх ампутацый зажылі, пратэзы прыцерліся, і трэба ж — зноў барацьба за глобус!» Гэта я цытую былога крамлёўскага паліттэхнолага Глеба Паўлоўскага. 
 
 
Барацьбу за глобус Расія вяла з часоў Васіля III (пачатак XVI стагоддзя). Нездарма ж ён ажаніўся з пляменніцай (і як бы спадчынніцай) апошняга візантыйскага імператара Соф’яй Палеолаг і запазычыў у Візантыі двухгаловага арла. Без такіх фармальнасцяў разлічваць на паспяховае прасоўванне месіянскай ідэі «Масква — Трэці Рым» было б складана. 
 
 
Ці мала хто ў гісторыі назваў і працягвае называць сябе імператарам. Як тут ні прыгадаць аднаго з самых эксцэнтрычных дыктатараў XX стагоддзя, афрыканскага імператара-людажэра Бакаса I. Аднак сапраўдная імперыя — гэта заўсёды спроба рэалізаваць на зямлі тэакратычны праект. Вялікія князі Масковіі і расійскія імператары бачылі сваю місію ў прасоўванні праваслаўя. Іх савецкія спадкаемцы, перакадаваўшы абраны народ у абраны сацыяльны клас, спрабавалі зацвердзіць камунізм у сусветным маштабе. 
 
 
Чым ганарацца расіяне? Па дадзеных «Лявада-цэнтра», у першую чаргу вялікай тэрыторыяй і гераічным (мілітарысцкім) мінулым. У такіх крыніц гонару існуе свая фундаментальная прычына.
 
Прывяду яе ў выкладанні сацыёлага Эміля Паіна: «Трыста гадоў Расія жыве гандлем сваімі прыроднымі рэсурсамі. Толькі раней прадавалі лес і пяньку, а цяпер — нафту і газ. Калі краіна гандлюе рэсурсамі, то трымаецца каштоўнасць імперыі, таму што пры рэсурснай дзяржаве імперская тэрыторыя — галоўны рэсурс». 
 
 
Цяжка спрачацца з мэтрамі, тым не менш я вазьму на сябе смеласць заявіць, што час барацьбы за глобус для Расіі застаўся ў мінулым. Максімум, на што яна можа сёння разлічваць, гэта на фармаванне «Рускага свету». 
 
 
Усе мінулыя тэакратычная праекты былі ўніверсальнымі. Інакш яны не маглі прэтэндаваць на заваяванне глобуса (любая тэакратычная імперыя заўсёды імкнецца стаць сусветнай). Але тое, што сёння заяўляе Крэмль, на ўніверсальнасць не прэтэндуе. Расія ўстае з каленяў дзеля рэалізацыі лакальнага праекта, цэнтральным элементаў якога з’яўляюцца ідэі «асаблівага шляху» і «сваёй каляіны». На прасоўванне такіх ідэй за межы віртуальнага «Рускага свету» сёння сур’ёзна не разлічваюць нават іх аўтары. 
 
 

Сумленны, бескарыслівы, цнатлівы 

 
16 мая 2014 года на сайце kremlin.ru быў апублікаваны праект Асноў дзяржаўнай культурнай палітыкі, падрыхтаваны рабочай групай на чале з кіраўніком Адміністрацыі прэзідэнта Сяргеем Івановым. Мэта дакумента — абгрунтаванне культурнай унікальнасці Расіі. 
 
Пачну з першага сказа першага абзаца: «Расія — дзяржава, якая стварыла вялікую культуру». Вялікую еўрапейскую культуру стварылі еўрапейскія народы. Вялікую рускую культуру — дзяржава. Адчуваеце розніцу? «Гэта ўласцівасць расійскай культуры (г.зн. яе вытворнасць выключна ад дзяржавы — С.Н.) становіцца вызначальнай для будучыні краіны». 
 
Як тут ні прыгадаць Мусаліні: «Усё ў дзяржаве, нічога па-за дзяржавай і супраць дзяржавы». У гэты ўсёахопны пералік крамлёўскія ідэолагі ўнеслі і культуру, тым самым правёўшы мяжу паміж традыцыйным рускім і сучаснымі нярускімі светамі. 
 
Яшчэ адзін абзац, запазычаны з уступнай часткі дакумента: «Па-за культурай немагчыма забяспечыць больш высокую якасць грамадства, яго здольнасць да грамадзянскага адзінства, да вызначэння і дасягнення агульных мэтаў развіцця. У роўнай ступені немагчыма зацвярджэнне агульнанацыянальнай ідэалогіі развіцця без фарміравання маральнай, адказнай, самастойна думаючай, творчай асобы». 
 
Здавалася б, якія тут могуць быць пярэчанні? Але мы яшчэ не паспелі забыцца, што пад культурай аўтары дакумента разумеюць выключна «прадукт» дзяржаўнай чаканкі. Такім чынам, і на ілбах самастойна думаючых, творчых асоб павінна стаяць адпаведнае кляймо. 
 
Дзяржаўную культурную палітыку прапануецца выбудоўваць «на аснове традыцыйных для Расіі маральных каштоўнасцяў». Іх пералік уваскрашае ў памяці памятку для кіраўніка акцябрацкай зорачкі: «Гэта, перш за ўсё, сумленнасць, праўдзівасць, законапаслухмянасць, любоў да Радзімы, бескарыслівасць, непрыманне гвалту, крадзяжу, паклёпу і зайздрасці, цнатлівасць, добрае сэрца і міласэрнасць, вернасць слову, шанаванне старэйшых, павага сумленнай працы». 
 
Але не ўсё так безнадзейна. Расійскія базавыя каштоўнасці з’яўляюцца аб’ектам параўнальнага міжкраінавага аналізу цэлага шэрагу навуковых калектываў. Для газетнага артыкула цалкам хопіць высноў сацыёлага Уладзіміра Магуна. 
 
Сярэдні расіянін, у параўнанні з жыхарамі большасці іншых еўрапейскіх краін, высока цэніць бяспеку і абарону з боку моцнай дзяржавы. Ён слабейшы прыхільнік каштоўнасцяў навізны, творчасці, свабоды і самастойнасці і менш цэніць рызыку, весялосць і задавальненні. У той жа час сярэдні расіянін у большай ступені адданы каштоўнасцям багацця і поспеху, што, аднак, не спалучаецца з гатоўнасцю дзейнічаць па-новаму, ісці на рызыку і прымаць самастойныя рашэнні. 
Сярэдняга расіяніна характарызуе нізкі ўзровень альтруізму і гатоўнасці супрацоўнічаць пры адначасова гіпертрафавана высокай арыентацыі на індывідуалізм. І ў заключэнне прамая цытата: «Трывожным фактам з’яўляецца таксама параўнальна нізкая прыхільнасць расіян каштоўнасцям Адкрытасці зменам і, наадварот, моцная арыентацыя на Захаванне. Гэта сур’ёзны культурны бар’ер на шляху развіцця інавацыйнай эканомікі, дый на шляху грамадскага развіцця ў цэлым». 
 
 

Знаёмая схема 

 
Папярэдняя «Азбука паліталогіі» («НЧ» № 22 ад 16 чэрвеня) была прысвечана смерці канцэпцыі сацыяцэнтрызму, згодна з якой ва ўзаемаадносінах грамадства — асоба прыярытэт належыць грамадству. 
 
 
Крамлёўскі дакумент спрабуе сацыяцэнтрызм ажывіць, уключыўшы «прыярытэт права грамадства на захаванне матэрыяльнай і нематэрыяльнай культурнай спадчыны Расіі перад маёмаснымі інтарэсамі фізічных і юрыдычных асоб» у лік базавых прынцыпаў дзяржаўнай культурнай палітыкі. 
 
 
Але падтрымліваючы культуру, дзяржаве неабходна памятаць і пра падтрымку аўтараў Асноў дзяржаўнай культурнай палітыкі. З гэтай мэтай прапануецца сфармаваць суб’ект, які выпрацоўвае, каардынуе, карэктуе дзяржаўную культурную палітыку. Суб’ект варта надзяліць «дастатковымі правамі для пераадолення бар’ераў міжведамаснага і міжрэгіянальнага ўзроўню, неабходнымі (як жа без гэтага!) кадравымі і фінансавымі рэсурсамі». 
 
 
Знаёмая схема. Хочаш атрымаць права на распілоўванне бюджэту, — пераканай кіраўнікоў дзяржавы ў з’яўленні новай пагрозы іх асабістай бяспекцы і прапануй стварыць структуру для яе ліквідацыі. 
 
 

Арыентацыя на самазахаванне 

 
Словы «традыцыя» і «традыцыйны» шчыльна і раўнамерна размеркаваныя па ўсім дакуменце. Без апоры на мінулае (слаўнае імперскае мінулае) неабходнасць руху ў звыклай каляіне не абгрунтаваць. «Краіны, якія былі цэнтрамі імперый, — адзначае эканаміст Аляксандр Аузан, — знаходзяцца ў пакутлівым становішчы — мара пра будучыню скаваная поспехамі мінулага». 
 
 
Бальшавікі малявалі карціну светлай будучыні ўпэўненымі мазкамі. Яны марылі «дагнаць і перагнаць Амерыку» за кошт ператварэння Расіі сялянскай у Расію індустрыяльную. Задача па перасяленні сялян у гарады на будаўніцтва індустрыяльных гігантаў была бліскуча вырашана (сёння каля 74% насельніцтва Расіі пражывае ў гарадах), але дагнаць і перагнаць Амерыку бальшавікі так і не змаглі. 
 
 
Іх пераемнікі, не здолеўшы сфармуляваць чарговы тэакратычны праект, вымушаныя былі паставіць крыж і на спаборніцтве «дзвюх сістэм» у эканамічнай сферы. Зноў звярнуся па дапамогу да Эміля Паіна: «Расія, мабыць, упершыню за тры стагоддзі свайго развіцця, адмовілася ад стратэгіі мадэрнізацыі, што даганяе, якую яна праводзіла, пачынаючы з часоў Пятра I. Яна перастала спаборнічаць з Захадам. Расійскі істэблішмэнт, арыентаваны толькі на самазахаванне, прызнаў сваё адсталае становішча ў свеце. І гэта значна спрасціла яе фактычны пераход да палітыкі ізаляцыі ад Захаду». 
 
Але вырашаць задачу па самазахаванні лепш у калектыве, а не ў адзіночку. З гэтай мэтай і перахапіў расійскі прэзідэнт у свайго беларускага калегі інтэграцыйную ініцыятыву.
 
 
З 1 студзеня 2015 года ўсім нам трэба будзе жыць у Еўразійскім эканамічным саюзе. Яго культурная спецыфіка, на думку ініцыятара, заключаецца ў тым, што «пераважная большасць нашых грамадзян схільныя абапірацца на свае гістарычныя традыцыі, на сваю гісторыю і, калі можна так сказаць, на традыцыйныя каштоўнасці». 
 
 
Асабіста мне з пераліку традыцыйных каштоўнасцяў бліжэй за ўсё цнатлівасць (маральная цнота, якая азначае кантроль сэксуальных жаданняў). Мая рэлігійнасць тут не пры чым. На сёмым дзясятку для эфектыўнага кантролю сэксуальных жадання асаблівых намаганняў і не патрэбна.
 

Каментаваць