Рэвалюцыя пакуль не прагназуецца

Чарговае сацыялагічнае апытанне Незалежнага інстытута сацыяльна-эканамічных і палітычных даследаванняў (НІСЭПД), зарэгістраванага ў Літоўскай Рэспубліцы, паказала падзел грамадства па шэрагу пытанняў. На першы погляд можа падацца, што беларусы на мяжы расколу. Але, па меркаванню экспертаў, нічога страшнага ў такой тэндэнцыі няма. Для грамадскай думкі характарная неаднароднасць. Пра чыннікі, якія найбольш уплываюць на змены ў калектыўнай свядомасці, і гендэр як фільтр на шляху да кардынальных пераменаў з сацыёлагам Аляксандрам Сасновым размаўляе Вольга Хвоін.



Чарговае сацыялагічнае апытанне Незалежнага інстытута сацыяльна-эканамічных і палітычных даследаванняў (НІСЭПД), зарэгістраванага ў Літоўскай Рэспубліцы, паказала падзел грамадства па шэрагу пытанняў. На першы погляд можа падацца, што беларусы на мяжы расколу. Але, па меркаванню экспертаў, нічога страшнага ў такой тэндэнцыі няма. Для грамадскай думкі характарная неаднароднасць. Пра чыннікі, якія найбольш уплываюць на змены ў калектыўнай свядомасці, і гендэр як фільтр на шляху да кардынальных пераменаў з сацыёлагам Аляксандрам Сасновым размаўляе Вольга Хвоін.

— Грамадства — структура зменлівая і непастаянная. На гэта ўплываюць розныя фактары, найперш — матэрыяльны стан. Што можна сказаць пра наша грамадства цяпер? Па-першае, насельніцтва добра адчувае эканамічны крызіс. Яшчэ перадапошняе сакавіцкае апытанне гэта паказала. Калі ў снежні эканамічны крызіс увайшоў у жыццё беларусаў толькі першымі крокамі, то ў сакавіку грамадская думка цалкам знаходзілася пад яго ўплывам. У нас ёсць крытэрыі, маркеры, якія паказваюць, як грамадства сябе асэнсоўвае ў дадзены момант. Паводле сакавіцкіх дадзеных, з сацыяльна-эканамічнага пункту гледжання людзі былі напалоханы пачаткам крызісу, дэвальвацыяй беларускага рубля. Таму ўсе гэтыя маркеры паказвалі негатыў. Напрыклад, калі раней больш людзей казалі, што іх дабрабыт палепшыўся, а меншая колькасць, што іх дабрабыт пагоршыўся, то ў сакавіку адказы змяніліся ў адваротным напрамку. Таксама людзі ацэньвалі сацыяльна-эканамічныя перспектывы: тых, хто лічыў іх негатыўнымі, было больш за «аптымістаў». У сакавіку крыху спаўзлі ўніз рэйтынгі ўладных структураў. Але беларуская асаблівасць у тым, што да ўладаў ставяцца роўна, і ваганні гэтыя не значныя.

Чэрвеньскае апытанне паказвае, што людзі прыстасаваліся. Зноў шэраг крытэрыяў пайшоў у пазітыўны бок, павялічылася колькасць тых, хто лічыць, што яго матэрыяльнае становішча не пагоршылася. У сакавіку менш за два працэнты апытаных лічылі, што іх матэрыяльнае становішча не пагоршылася, цяпер такіх пяць з паловаю працэнтаў. Гэта мала, бо раней гэты паказчык даходзіў да 30 працэнтаў, але назіраецца тэндэнцыя. Асобаў, якія лічаць, што іх дабрабыт пайшоў на спад, цяпер 36 працэнтаў. А было — 50. І нават адкрыты рэйтынг Лукашэнкі крыху стаў большы.

— Эканоміка не адчувае сябе лепш, чым у сакавіку, а грамадская думка скіраваная ў пазітыўны бок. У чым справа?

— На беларусаў вялікі ўплыў аказвае тэлебачанне. У сакавіку амаль 60 працэнтаў апытаных сказалі, што атрымліваюць інфармацыю з тэлевізара. Значыць, як тэлевізіёншчыкі будуць штодзень казаць, так людзі і будуць думаць. Калі раней Лукашэнка, а за ім і ТБ распавядалі пра кепскі Захад, то большасць выступала за інтэграцыю з Расіяй. Цяпер усё змянілася. Захад — гэта добра. Адразу ж уверх пайшлі крытэрыі, якія звязаныя з інтэграцыйнымі працэсамі з Еўропай. На пытанне «Калі б быў рэферэндум пра аб’яднанне Беларусі і Расіі, як бы вы прагаласавалі?» «за» выказаліся 39 працэнтаў, «супраць» — 44 працэнты апытаных. На такое ж пытанне, але пра аб’яднанне з Еўрасаюзам — «за» 41, «супраць» — 40 працэнтаў. А калі паставіць пытанне рубам: ці Расія, ці Еўрасаюз? 42 працэнты апытаных выказаліся за аб’яднанне з Расіяй, 41 — з Еўрасаюзам. Амаль роўная колькасць прыхільнікаў, хаця раней перавага была на баку інтэграцыі з Расіяй.

Раскол грамадства існуе заўжды. Адзінае, што ён вагаецца ў колькасным сэнсе. Калі раней было прыкладна 30 працэнтаў за Захад і 60 — за Расію, то цяпер палова на палову.

— Незалежным СМІ давяраюць 45 працэнтаў беларусаў. Цікава было б даведацца, якія рэзервы гэтага даверу, ці ёсць куды расці недзяржаўным газетам, радыёстанцыям?

— На працягу апошніх год ідзе павелічэнне даверу да недзяржаўных СМІ. І цяпер яны прыкладна на аднолькавым узроўні з дзяржаўнымі. Калі ўзяць усіх, хто выказвае свае адносіны да СМІ, і падзяліць паводле крытэрыю стаўлення да прэзідэнта, то мы ўбачым наступнае. З тых, хто давярае прэзідэнту, прыкладна 80 працэнтаў давяраюць дзяржаўным СМІ. А сярод тых, хто не давярае кіраўніку краіны, давер да дзяржаўных СМІ выказваюць менш за 15 працэнтаў. Гэта гаворыць пра тое, што дзяржаўныя СМІ свой рэйтынг амаль выкарысталі. І павышаць яго больш няма за кошт чаго. Сярод тых, хто выказвае недавер прэзідэнту, недзяржаўным СМІ давяраюць недзе 53 працэнты апытаных. Як бачым, рэзервы для павышэння рэйтынгу даверу ў недзяржаўных сродкаў масавай інфармацыі ёсць.

— Якім чынам насельніцтва спраўляецца з наступствамі эканамічнага спаду?


— Беларусы прызвычайваюцца, як і іншыя людзі. Найперш скарачаюць свае патрэбы. Да якой мяжы гэта магчыма — я не ведаю. Але мяжа дакладна існуе, калі людзі да яе дойдуць і патрэбы скараціць больш не змогуць, вырашыць крызіс можна будзе толькі палітычным шляхам. Таму ўлады робяць усё магчымае, каб не давесці грамадства да такога стану.

— Наколькі вышэй за часы першай паловы дзевяностых мінулага стагоддзя цяперашняя мяжа трываласці?


— У дзевяностыя ў крамах амаль нічога не было, агромістыя чэргі, беспрацоўе, прадпрыемствы прастойвалі... У выніку мы мелі сацыяльны выбух. І Лукашэнка — вынік таго выбуху. Натуральна, што ўзровень патрэбаў цяпер вышэйшы. У крамах хапае тавараў, але нестае грошай. На прадпрыемствах уводзіцца няпоўны працоўны дзень, людзей адпраўляюць у вымушаныя адпачынкі, зніжаюцца персанальныя выплаты і надбаўкі... Сёння мы можам дайсці да такой самай сацыяльнай напружанасці, як і дваццаць гадоў таму. У нас было пытанне: «Колькі разоў за апошнія дванаццаць месяцаў у вас былі затрымкі ў выплатах заробкаў і пенсій?». Пакуль 70 працэнтаў апытаных кажуць, што ні разу. Магчыма, яно і так. Але калі параўноўваць з тым, што было раней, то павялічылася колькасць тых, хто адказаў, што былі. Вы ж бачыце, што робіць урад: з Захаду на Усход — «дайце грошай!».

— Ці вераць нашы грамадзяне кіраўніцтву краіны?


— У нас было пытанне: «Беларусі патрэбныя перамены ці стабільнасць?». Самае цікавае, што адказы зноў падзяліліся прыкладна папалам: 48 працэнтаў — патрэбныя,   46 працэнтаў — не. Лукашэнку падтрымліваюць 40 працэнтаў, астатнія не кажуць, што за яго. Зноў раскол. Наступныя пытанні адлюстроўваюць палітычныя настроі ў грамадстве. Напрыклад, «На кім ляжыць адказнасць за пагаршэнне эканамічнай сітуацыі ў краіне?». Хто на першым месцы? Урад і прэзідэнт — па 41 працэнту, на трэцім месцы — Захад, бо СМІ штодня гавораць, што крызіс прыйшоў да нас з Захаду, хаця вядома, што гэта не адпавядае рэчаіснасці. На чацвёртым месцы — мясцовыя ўлады. Яшчэ адно пытанне: «З кім ці чым звязваеце надзеі на эканамічнае развіццё?». Раней заўжды на першым месцы быў прэзідэнт. Цяпер — замежны капітал (53 працэнты), прэзідэнт — толькі 38 працэнтаў, урад — 34 працэнты.

Зараз усё часцей грамадская думка дзеліцца ў адносінах 50 на 50, раней гэты паказчык быў 30 на 60. У цэлым людзі схільныя думаць, што ў краіне ўсё больш-менш нармальна. На пытанне: «Як вы ацэньваеце палітычную абстаноўку ў Беларусі» 7 працэнтаў рэспандэнтаў адказалі, што яна добрая, 55 — спакойная, 31 працэнт беларусаў лічыць, што абстаноўка напружаная. Прыхільнікаў дзеючай улады — 39 працэнтаў, праціўнікаў — 22 працэнты. Амаль траціна апытаных сышлі ад адказу на гэтае пытанне. Амаль палова — 48 працэнтаў апытаных — лічаць, што ў цэлым справы ў краіне развіваюцца ў правільным накірунку, 34 працэнты з імі ня згодныя. У прынцыпе разбежка ў ацэнках невялікая, таму рэвалюцыі пакуль не прагназуецца.

— Было б да месца пагаварыць і пра палітычныя партыі, давер да іх.

— Мы наконт партый апытанняў не праводзілі. У гэтым няма сэнсу, улічваючы, што іх рэйтынг у межах статыстычнай памылкі. Калі б была ўладная партыя ці прапарцыйная электаральная сістэма, усё б змянілася.

— Апазіцыйныя партыі маюць паказчык даверу ў 19 працэнтаў...


— Гэта яшчэ добра. Бывала, што апытанні паказвалі па сем-восем працэнтаў. Да самога паняцця «партыя» адносіны ва ўладаў кепскія, ідзе пасыл, што партыі нам не патрэбныя. Самае смешнае, што і да прафсаюзаў стаўленне дрэннае. Улады ведаюць, што прафсаюзы патрэбныя, каб мець адносіны з Еўропай, Міжнароднай арганізацыяй працы. Але для чаго яны — Лукашэнка прыдумаць не можа. У савецкія часы прафсаюзы былі ўбудаваныя ў сістэму. Зараз па ступені даверу нават міліцыя абышла прафсаюзы, гэта адлюстраванне таго, што для ўладаў насамрэч мае значэнне.

— У дзяржаўных СМІ перыядычна з’яўляюцца матэрыялы, у якіх дыскрэдытуецца дзейнасць незалежных праваабаронцаў і праваабарончых аб’яднанняў. Што на гэты конт гаворыць сацыялогія?

— Пра праваабаронцаў гаворыцца мала. І працэнт даверу да іх у грамадстве невялікі. Паводле апытання, адказы рэспандэнтаў «давяраю», «не давяраю», «не магу адказаць» падзяліліся прыкладна ў роўных суадносінах. Звычайна такое назіраецца, калі людзі не ведаюць прадмета апытання.

— Адно з апошніх патрабаванняў Еўрасаюза для вяртання Беларусі статуса адмыслова запрошанага ў ПАСЕ — адмена ў краіне смяротнага пакарання. На рэферэндуме 1996 года грамадскасць большасцю галасоў выказалася за яго захаванне. Што думаюць беларусы на гэты конт цяпер?

— Вельмі цікавае пытанне. Супраць адмены смяротнай кары выказаліся 48 працэнтаў, за адмену — 42 працэнты рэспандэнтаў. Перакрыжоўваючае, праверачнае пытанне гэту думку пацвердзіла. Хто гэтыя людзі, якія выступаюць за адмену смяротнай кары? Калі думаць лагічна, то гэта мусяць быць асобы з еўрапейскім мысленнем, прасунутыя, з высокім узроўнем даходаў, мужчыны. Але аказваецца, што за адмену выступаюць ніжэйшыя слаі насельніцтва, за захаванне — больш высокія. Абсурдна? У мяне ёсць гіпотэза, што ва ўмовах, калі наша краіна знаходзіцца на трэцім месцы ў свеце па пасадцы ў турмы, нізкія слаі прызвычаіліся да пакаранняў і думаюць: «А раптам гэта закране мяне, то лепш адмяніць». А сярод больш багатых лунае такая думка: «Гэта ж яны, злачынцы з нізоў, то лепш захаваць».

— Паводле вашых слоў, мужчыны больш прасунутыя і лепш успрымаюць перамены. Няўжо жанчыны такія закасцянелыя ў сваіх поглядах?

— Жанчыны больш гуманныя, таму яны больш выступаюць за адмену смяротнай кары. Але ў цэлым жанчыны кансерватыўныя. І гэта біялагічна апраўдана. Толькі ярыя феміністкі не захоўваюць традыцыйнасць, на якой грунтуецца захаванне біялагічнага віду. Задача мужчыны — прыўнесці генетычную разнастайнасць, задача жанчыны — яе захаваць. Адсюль і светапогляд, адчувальнасць да новаўвядзенняў.

Каментаваць