Рэвалюцыя, эвалюцыя, дэградацыя…

Верыць у ліміт рэвалюцый — выдаваць пажаданае за рэальнае. Але рэвалюцыйныя скачкі не абавязкова здзяйсняюцца ў будучыню. Прыгадайце 1994 год, які стаўся бунтам архаікі, нацэленым на аднаўленне звыклай цэнтралізаванай дзяржавы.


Чарговая парламенцкая кампанія, у поўнай адпаведнасці з пажаданнем адзінага палітыка (АП), «не парушыла мір і спакой у нашай краіне». Гэта галоўнае. А чаго яшчэ ад яе можна было чакаць? Дыскусій наконт сучаснай сітуацыі і будучыні краіны? Абмеркавання дзейнасці дэпутатаў пятага склікання? Вы гэта сур’ёзна? Вам тое трэба?

Паглядзіце, як дружна галасавалі беларусы! Яўка — 74,32%, і амаль кожны трэці аддаў свой голас датэрмінова! Расія са сваімі жалю вартымі 47,88% адпачывае. А яўка — упэўнены АП — «гэта паказчык сувязі паміж уладай і народам, паказчык ацэнкі людзьмі парламенцкіх выбараў, ролі дэпутатаў, парламента ў жыцці нашага грамадства і дзяржавы».

Такі вось парадокс. На думку высакалобых аналітыкаў, расійская Дума хоць і скача ўпрысядкі пад балалайку Крамля, аднак магчымасць думскіх дэпутатаў самастойна ініцыяваць распрацоўку і прыняцце законаў не ідзе ні ў якое параўнанне з магчымасцю нашых палатачнікаў. Такім чынам, на практыцы атрымліваецца адваротная залежнасць: чым вышэй роля парламента, тым ніжэй яўка.

Не выключана, што прычыну парадоксу варта шукаць у нізкім узроўні даверу расіян да вынікаў галасавання, якое ініцыюе тамтэйшы ЦВК. Напрыклад, вынікі вераснёўскіх выбараў паставіў пад сумнеў амаль кожны трэці. Такія дадзеныя «па гарачых слядах» апублікаваў «Лявада-цэнтр». Сумнявацца ў прафесіяналізме і адсутнасці ангажаванасці адной з найстарэйшых сацыялагічных службаў Расіі не даводзіцца. Гэта ў нас так званыя «незалежныя сацыёлагі» малююць свае вынікі «на каленках», спрабуючы такім чынам парушыць мір і спакой у краіне. Адно радуе: гэткім штукарствам яны займаюцца за грошы не сваіх, а заакіянскіх падаткаплацельшчыкаў.

У Беларусі за два дзесяцігоддзі выпрацаваны прынцыпова іншы метад ацэнкі дакладнасці афіцыйных вынікаў галасавання. Ён надзвычай просты. Ацэнка дзейнасці ЦВК і падпарадкаваных ёй акруговых і ўчастковых камісій ускладзена на... старшыню ЦВК Лідзію Ярмошыну. Гэтым правам яна карыстаецца так актыўна, што, паводле ўласнага прызнання, стала «брэндам выбараў».


«Чорная дзірка»

Выбары скончыліся, і эстафету спакою далей панясуць дэпутаты. АП упэўнены, што новы парламент прыступіць да працы «ціха» і будзе сядзець як... самі ведаеце, хто і дзе.

Жыццё, аднак, больш складанае за любыя ўяўленні пра яго. Цішыня зманлівая. «Выбары, — адзначае палітолаг Уладзімір Пастухоў, — гэта палітычная «чорная дзірка», якая вакол сябе здольная паскараць нармальнае цячэнне гістарычнага часу. Выбары, што адбыліся, хоць і не змянілі нічога па сутнасці ды не аказалі ніякага ўздзеяння на агульны кірунак руху, аднак прымусілі грамадства хутчэй крочыць да развязкі сучаснага гістарычнага сюжэту».

Пастухоў — расійскі палітолаг. Свае развагі ён ілюструе расійскімі прыкладамі. Самы яркі — кадравыя перастаноўкі ў вышэйшых эшалонах улады. Пад уздзеяннем «чорнай дзіркі» за апошнія некалькі тыдняў іх адбылося больш, чым за некалькі апошніх гадоў.

У Беларусі да кадравай чахарды справа не дайшла. Гэта не азначае, што АП задавальняе цяперашняе становішча спраў. Практычна штоквартальна ён палохае ўрад абяцаннем прыняць кадравыя рашэнні «пры адсутнасці станоўчай дынамікі і вынікаў». Але праходзіць квартал, паўгоддзе... Сёння можна смела сцвярджаць, што адсутнасць станоўчай дынамікі стала неад’емнай характарыстыкай беларускай стабільнасці.

І тым не менш, мінулыя выбары паказалі, што беларуская мадэль валодае значна большай жыццяздольнасцю, чым тое прынята лічыць у асяроддзі апанентаў. Няхай і са скрыпам, але шасцярні адаптацыйнага механізму рухаюцца. І вось ужо дэпутаты бундэстагу, якія пабывалі ў Мінску з трохдзённым візітам, распавядаюць у інтэрв’ю TUT.BY пра зняцце нефармальнай забароны на кантакты з беларускім парламентам.

Ва ўмовах падзення нафтавай рэнты і сціскання расійскага рынка Беларусь асуджаная на ўзмацненне заходняга знешнепалітычнага вектару, але без дадатковага імпульсу ад «чорнай дзіркі» дата зняцця нефармальнай забароны была б перанесеная на нявызначаны тэрмін.

Улада ў Беларусі, у адрозненне ад грамадства, з’яўляецца актыўным пачаткам, і таму, сутыкнуўшыся з чарговым выклікам, яна вымушана нешта рабіць — а значыць, не па сваёй волi правакаваць перамены. Гістарычны вопыт падказвае, што сярод родных бяроз і асін усе рэвалюцыі пачыналіся зверху, а іх лідарамі станавіліся перабежчыкі з кіруючага класа. Далёка не заўсёды яны потым утрымлівалі ўладу, але гэта ўжо іншае пытанне…


Ліміт рэвалюцый

У доме вісельніка не прынята прыгадваць пра вяроўку. У палітычных сістэмах, якія зацыкліліся на падтрыманні статус-кво, — пра перамены. Усялякі намёк на неабходнасць якасных змяненняў расцэньваецца як заклік да бунту і рэвалюцыі. Свайму бліжэйшаму атачэнню АП нагадвае пра гэта ўвесь час. Абмяжуюся адным прыкладам, запазычаным з дакладу на V Усебеларускім народным сходзе: «Адразу хачу падкрэсліць: ніякай ломкі палітычнай сістэмы, што склалася ў нас, не будзе! Як я ўжо неаднаразова казаў, ліміт рэвалюцый і катастроф народ вычарпаў у мінулым стагоддзі. А цяпер ён хоча жыць у міры і дастатку, ствараючы, а не руйнуючы свой дабрабыт і дабрабыт сваёй маладой і суверэннай дзяржавы».

Ліміт рэвалюцый — гэта што такое? Кім і на падставе якіх крытэраў ён усталёўваецца? На падставе жадання беларускага народа жыць у міры і дастатку? Няўжо ў гісторыі вядомыя выпадкі, калі народы хацелі супрацьлеглага?

Мы не будзем выходзіць межы азбукавых ісцін і з дапамогай Вікіпедыі паспрабуем разабрацца са значэннем слова «рэвалюцыя». Яно паходзіць ад познелацінскага «revolutio» (паварот, пераварот, ператварэнне) і азначае радыкальнае, карэннае, якаснае змяненне ў развіцці грамадства, прыроды або працэсу пазнання.

Але чаму грамадства, якое дзесяцігоддзямі, а то і стагоддзямі знаходзіцца ў стане палітычнай апатыі, раптам радыкалізуецца? І ці заўсёды якаснае змяненне вядзе да развіцця?

Абыдзенае мысленне праводзіць паралель паміж рэвалюцыяй і паравым катлом, у якога сапсаваўся засцерагальны клапан. Адрозненне аўтарытарных рэжымаў ад дэмакратычных, маўляў, у тым і палягае, што ў апошніх з дапамогай выбараў клапан пастаянна падтрымліваецца ў працоўным стане. Таму сучасныя дэмакратычныя краіны рэвалюцыі не напаткаюць.

Гэта мадэль, на першы погляд, пераканаўчая. Аднак сярод родных бяроз і асін такая мадэль рэвалюцыі знізу ні разу не назіралася. Нашы рэвалюцыі заўсёды адбываліся не да падзення ўлады, а пасля, і з’яўляліся не прычынай падзення ўлады, а яе следствам.

«Рэвалюцыя, — тлумачыць аўтар кнігі «Вялікія рэвалюцыі ад Кромвеля да Пуціна», эканаміст Уладзімер Мау, — гэта ж не людзі з чырвонымі сцягамі. Рэвалюцыя — гэта сістэмная трансфармацыя пры слабай дзяржаве. Калі дзяржава знаходзіцца ў калапсе, калі дзяржавы па сутнасці няма, адбываецца трансфармацыя палітычных, эканамічных, сацыяльных інстытутаў. Гэта і ёсць рэвалюцыя».

«Улада літаральна валялася ў брудзе», — як тут ні прыгадаць геніяльнае вызначэнне рэвалюцыі, дадзенае ў свой час АП. Нам застаецца толькі паспрабаваць высветліць, чаму яна (улада) перыядычна аказваецца ў такім незайздросным становішчы.

Першыя ластаўкі

Знаходзіць адказы на знешнія і ўнутраныя выклікі — задача палітычнай эліты («творчай меншасці», паводле класіка цывілізацыйнага аналізу Арнольда Тойнбі). Метадам спроб і памылак яшчэ ў часы першых Рурыкавічаў такі адказ быў знойдзены — гэта максімальная цэнтралізацыя ўсіх відаў рэсурсаў (у першую чаргу ўладных) у руках адзінага палітыка.

На працягу стагоддзяў ва ўмовах бязмежных лясных абшараў з нізкай шчыльнасцю насельніцтва жорсткая цэнтралізацыя паспяхова даказвала сваю эфектыўнасць адносна гарызантальных («сеткавых», як сказалі б сёння) формаў арганізацыі грамадства. Імперыя працягласцю ў дзевяць гадзінных паясоў наглядна сведчыць, што нашы продкі ішлі «правільнай дарогай».

Аднак перад выклікам Новага часу, выклікам прамысловай рэвалюцыі цэнтралізаваная сістэма пачала пасаваць. Сталінская індустрыялізацыя — апошні паспяховы праект, што ажыццяўляецца пад кіраўніцтвам адзінага палітыка. І за гэты поспех давялося заплаціць мільёнамі жыццяў.

Зноў звернемся па дапамогу да Уладзіміра Пастухова: «Гістарычнае значэнне савецкага досведу палягае ў тым, што з яго дапамогай эксперыментальна было ўстаноўлена: эканоміка манапалістычнага дзяржаўнага капіталізму (вядомая пад эўфемізмам — «сацыялізм») асуджаная на паразу ў спаборніцтве з эканомікай, у аснове якой ляжыць капіталістычная канкурэнцыя».

Палітычная эліта ўрокаў з паразы не зрабіла. Пад мантру пра «найбуйнейшую геапалітычную катастрофу XX стагоддзя» яна падняла ўладу з бруду ды вярнула посткамуністычную Беларусь у манапалістычны дзяржаўны капіталізм — і зрабіла тым самым будучы сістэмны крызіс непазбежным.

Тое, што мы назіраем сёння, — гэта толькі першыя ластаўкі. Спробы пераадолець крызіс за кошт удасканалення «таго шляху, які выбралі і па якім досыць паспяхова прайшлі першыя два этапы аднаўлення і стабілізацыі», асуджаныя на правал. «Той шлях» — гэта шлях састарэлай культуры Рурыкавічаў. Ад яе нельга перайсці да чагосьці новага без рэвалюцыйнага скачка.

Аднак рэвалюцыйныя скачкі не абавязкова здзяйсняюцца ў будучыню. Для таго, каб у гэтым пераканацца, дастаткова прыгадаць 1994 год, які стаўся бунтам архаікі, нацэленым на аднаўленне звыклай цэнтралізаванай дзяржавы.

Не варта забываць і пра тое, што ва ўмовах культурнай спадчыны Рурыкавічаў альтэрнатывай рэвалюцыі сёння з’яўляецца не эвалюцыя, а дэградацыя.



Абмеркаванне:

  • Пятро Касьнерык
  • 2016-10-25 14:50:25
НІКАЛЮК--Для таго, каб у гэтым пераканацца, дастаткова прыгадаць 1994 год, які стаўся бунтам архаікі, нацэленым на аднаўленне звыклай цэнтралізаванай дзяржавы.
=========
1 КАСТРЫЧНІКА 1994г.«Звязда»,Віталь ЦЫГАНКОЎ.
«У праекце пастановы, вылучаным Зянонам ПАЗЬНЯКОМ, прапаноўвалася не ўхваляць праграму прэзідэнта, а толькі прыняць яе «да ведама». Чаму МЫ павінны ДЗЯЛІЦ з ім АДКАЗНАСЦЬ? –пытаўся Пазняк. Характэрна, што з вельмі падобнай прапановай выступіў і дэпутат Уладзімір Піскароў(артадокс КАМУНІСТЫЧНЫ). ФАКТ што зараз у АПАЗІЦЫІ да Лукашэнкі не толькі ТРАДЫЦЫЙНА БНФ, але і КАМУНІСТЫ.


  • Пятро Касьнерык
  • 2016-10-25 14:51:40
1 КАСТРЫЧНІКА 1994г.«Звязда»,Віталь ЦЫГАНКОЎ.
..Аб’ектыўна цяперашнім дэпутатм выгадна ПАДТРЫМАЦЬ НЕ ПАПУЛЯРНЫЯ КРОКІ прэзідэнта, за якія рэальную адказнасць нясе толькі ён са сваёй камандай
Да таго ж лепей правесці гэтыя непрыемныя, але неабходныя пераўтварэнні рукамі Лукашэнкі, чымсьці ісці на іх потым самім.
Большасцьгарэла жаданнем адобрыць праграму Лукашэнкі (галасаванне было пайменным). Аднак за варыянт Лукашэнкі прагаласавалі 157 дэпутатаў – НЕ ХАПІЛА 9 ГАЛАСОЎ.
... Ухваліўшы праграму неадкладных захадаў, дэпутаты, тым не менш, свядома не далі Лукашэнку дадатковых паўнамоцтваў на яе ажыццяўленне”.
\\\\\\\\\\\

Змагарам за квітнеючую, дэмакратычную і незалежную Беларусь надта ж хацелася прасядзець яшчэ адзі тэрмін у крэслах парламентароў таму яны вякалі: “Ганьба! Здрада! Долоў! У Беларусі няма рэформ!” і адначасава нічога не рабілі дзеля правядзення гэтых рэформаў.
  • Пятро Касьнерык
  • 2016-10-25 14:54:17
«СБ», 1.10.1994г.
«Фракция БНФ «за», Станислав Шушкевич поддерживает
Депутаты правого крыла активно участвовали в обсуждении ..
Л Боршевский подчеркнул: «Вызначан шэраг канцэптуальных падыходаў, якія утрымліваюцца ў дакументах на- роднага фронту і утрымліваюцца ў праграме яго кандыдата на прэзідэнскія выбары».
Иными словами, НЫНЕШНИЙ ПРЕЗИДЕНТ кое-что делает так, как если бы это был НЕ Лукашенко, а ЗЕНОН Позняк. Подобную позицию одобрил и Шушкевич.
Не так уж трудно определить суть поворота. На ближайшее время до середины 1995 года, в документе заложены
ЖЁСТКА финансовая политика,
УГЛУБЛЕНИЕ рыночных реформ,
СВОРАЧИВАНИЕ до минимума социальных программ.
. В документе наличествуют прямые ссылки на рекомендации МВФ которые в значительной мере легли в основу «белорусского пути». Впрочем, не оригинальность его признал в докладе сессии и сам президент: «Мне было заявлено и доказано, что все государства, которые хотели выйти из такой ситуации, обходил

Каментаваць