«Рэзалюцыямі і заявамі дыктатуру не пераможаш»

У Мінску патрабавалі вызвалення вязняў сумлення і спынення арыштаў за мірныя акцыі пратэсту.


На чарговым пасяджэнні форума “Свабоду палітвязням” размаўлялі пра ўмовы ўтрымання вязняў сумлення, абмеркавалі праблему адміністратыўных арыштаў і вялізных штрафаў за грамадзянскую актыўнасць, ды вызначыліся з асноўнымі кампаніямі салідарнасці на бліжэйшы час.

На сённяшні дзень форум прызнае палітзняволенымі 9 чалавек. Гэта Міхаіл Жамчужны, Зміцер Паліенка, Тарас Аватараў, Ілля Валавік, Вадзім Бойка, Філіп Іваноў, Зміцер Цехановіч, Алесь Юркойць і Ірына Моцная (ПЦ “Вясна” вызнае палітвязнямі першых двух).



Маці двух зняволеных Людміла Поспіх і Раіса Валавік распавялі апошнія навіны пра сваіх сыноў Тараса Аватарава і Іллю Валавіка, якія зараз адбываюць пакаранне за кратамі.

Праваабаронца Андрэй Бандарэнка паведаміў апошнюю інфармацыю пра ўмовы ўтрымання Міхаіла Жамчужнага, які зараз знаходзіцца ў ШІЗА. Ён перакананы, што ціск, які чыніць на вязня адміністрацыя калоніі, можна разглядаць як катаванні і намераны пісаць з гэтай нагоды зварот у Камітэт ААН супраць катаванняў.


Другім пытаннем, якому надалі вялікую ўвагу, абмяркоўвалі пашыраную апошнім часам практыку адміністратыўных арыштаў і вялізных штрафаў за ўдзел у несанкцыянаваных уладамі палітычных акцыях. Прысутныя пагадзіліся з неабходнасцю сталага ціску на ўлады, каб гэтая практыка была спынена. Яны выказваліся за поўную адмену практыкі арыштаў за адміністратыўныя правапарушэнні, спасылаючыся на прапановы, распрацаваныя Міхаілам Пастуховым і яго паплечнікамі.



Аным з вынікаў пасяджэння стала адпаведная рэзалюцыя “Спыніць рэпрэсіі! Свабоду беларускім палітвязням!”, якую падпісалі прысутныя. Дакумент будзе перакладзены на ангельскую мову і назаўтра перададзены дэпутатам Еўрапарламента, якія займаюцца маніторынгам сітуацыі ў Беларусі.

Разам з тым Максім Вінярскі заўважыў, што “рэзалюцыямі і заявамі дыктатуру не пераможаш”, што “дыктатары заўсёды будуць садзіць на суткі і даваць штрафы”, а таму заклікаў рыхтавацца да вулічных пратэстаў 25 сакавіка наступнага года.


Падчас пасяджэння выказваліся і абмяркоўваліся цікавыя ідэі наконт таго, як дамагчыся аслаблення і спынення рэпрэсій. Вынікі дыскусіі падсумаваў Павал Севярынец. Ён жа агучыў асноўныя кампаніі, якія могуць ажыццявіць актывісты форума ў бліжэйшы час.

Сярод іх стварэнне ў інтэрнэце “Дошкі ганьбы” з прозвішчамі міліцыянтаў і суддзяў, вышэйзгаданая рэзалюцыя, якая будзе накіраваная еўрадэпутатам, зварот да еўрапейскіх дыпламатаў пра ўмовы ўтрымання за кратамі, якія можна параўнаць з катаваннямі, сустрэчы з новым начальнікам ГУУС Сяргеем Дарошкам, кампанія ў падтрымку Уладзіміра Някляева, якога апошнім часам караюць адміністратыўнымі арыштамі, а таксама спробы ўплыву на грамадскую раду, якая створаная з ініцыятывы ўлады пры Міністэрстве ўнутраных спраў.

Фота аўтара

Каментаваць