Рыхтуюцца візавыя палёгкі

Еўрапейскі саюз пачаў працу ў накірунку спрашчэння візавых працэдур для грамадзян Беларусі. Аднак вынік гэтай працы будзе залежаць ад сустрэчных дзеянняў афіцыйнага Мінска.

(На здымку: Жазэ Мануэль Пінту Тэйшэйра)



Еўрапейскі саюз пачаў працу ў накірунку спрашчэння візавых працэдур для грамадзян Беларусі. Аднак вынік гэтай працы будзе залежаць ад сустрэчных дзеянняў афіцыйнага Мінска.

(На здымку: Жазэ Мануэль Пінту Тэйшэйра)


Супрацоўнік аддзела па адносінах з Беларуссю Канстанцін Вардакіс падчас сустрэчы з журналістамі ў Бруселі паведаміў, што ўжо па запрашэнню Савета Еўропы адпаведная камісія пачала працу ў візавым накірунку. «Я вельмі рады бачыць гэта, мы чакалі вырашэння пытання спрашчэння візавага рэжыму, бо мэтай еўрапейскай палітыкі добрасуседства і «Усходняга партнёрства» з’яўляецца пашырэнне міжасабовых кантактаў, — зазначыў чыноўнік. — Мы хацелі б, каб больш людзей прыязджалі ў Еўрапейскі саюз, таксама хацелі б, каб больш грамадзян ЕС ездзілі ў вашу краіну».

Вардакіс нагадаў, што Еўрапейская камісія атрымлівае інструкцыі для дзеянняў ад рады міністраў МЗС і менавіта імі кіруецца ў сваёй працы. «Цяпер мы рыхтуем мандат па паскарэнні працэдураў атрымання візаў. Пасля яго будзе разглядаць рада міністраў МЗС. Мандат уключае ў сябе змяншэнне коштаў на візы для асобных катэгорый, будуць вызначаныя ўмовы, на якіх можна атрымаць візу на працягу 24-х гадзін. Але мандат прымуць толькі пасля выканання пяці ўмоў, а як яны выконваюцца, будуць вызначаць палітыкі», — падкрэсліў чыноўнік.

Нагадаем, пяць патрабаванняў Еўрапейскага саюза да Беларусі заключаюцца ў вызваленні палітвязняў і адсутнасці палітычна матываванага пераследу, рэфармаванні выбарчага заканадаўства згодна з рэкамендацыямі АБСЕ, прадастаўленні свабоды СМІ, паляпшэнні сітуацыі з НДА, свабодай слова і сходаў.

Канстанцін Вардакіс нагадаў, што Еўрапейскі саюз чакае ад Беларусі руху ў бок адмены смяротнага пакарання. Паводле яго слоў, увядзенне мараторыя было б пазітыўным знакам. Таксама чыноўнік зазначыў, што высновы лістападаўскай сустрэчы кіраўнікоў знешнепалітычных ведамстваў краінаў ЕС ёсць «рамкамі замежнай палітыкі ў адносінах да Беларусі». «Еўракамісія дала нам наступныя інструкцыі: пачаць працаваць над сумесным планам дэмакратычных рэформ у Беларусі. Калі ён будзе ўзгоднены з афіцыйным Мінскам, то будзе падтрыманы і дадатковым тэхнічным супрацоўніцтвам», — патлумачыў супрацоўнік аддзела па адносінах з Беларуссю. У гэтай працы плануецца задзейнічаць НДА, асацыяцыі прамысловасці, прафсаюзы, праваабаронцаў і журналістаў. Вардакіс нагадаў, што сёлета плённымі былі кантакты з прадстаўнікамі Міністэрства энергетыкі, міністэрстваў транспарту і сувязі.

Што тычыцца ацэнкі прэзідэнцкіх выбараў 2011 года, то спадар Вардакіс зазначыў: іх празрыстасць і транспарэнтнасць будзе вызначаць БДІПЧ АБСЕ. Разважаючы пра закіды Еўропе ў здрадзе дэмакратычным каштоўнасцям дзеля эканамічных выгодаў, Канстанцін Вардакіс звярнуў увагу на факт таго, што рашэнні ў ЕС прымаюцца супольна 27-мю краінамі, і грунтуюцца яны на кансенсусе: «Ёсць краіны, якія на першае месца ставяць гандаль, эканоміку, ёсць тыя, хто на першае месца ставіць правы чалавека. Нам трэба 27 меркаванняў прывесці да паразумення. Менавіта таму ў апошнім рашэнні па Беларусі ёсць і пернікі, і пуга».

Зацікаўленасць ЕС у пашырэнні супрацоўніцтва з Беларуссю пацвердзіў падчас апошняга візіту і кіраўнік прадстаўніцтва Еўракамісіі ў Беларусі і Украіне Жазэ Мануэль Пінту Тэйшэйра. «З канца 2008 года Еўрасаюз настроены на пашырэнне супрацоўніцтва з Беларуссю. Гэта звязана з тымі пазітыўнымі зменамі, якія адбываюцца ў вашай краіне», — патлумачыў Тейшэйра. Паводле слоў дыпламата, «у межах ЕС існуюць розныя ўпаўнаважаныя арганізацыі, што рэгулярна ацэньваюць сітуацыю ў краінах, з якімі супрацоўнічае Еўрасаюз. Мы настроеныя на пашырэнне супрацоўніцтва пры ўмове, што ў Беларусі будзе надавацца дастаткова ўвагі важным для нас каштоўнасцям».

Каментаваць