Рух Салідарнасці «Разам» падтрымаў беларускамоўных бацькоў

Сойм Руха Салідарнасці «Разам» распаўсюдзіў заяву аб падтрымцы патрабаванняў бацькоў да Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь.
Ніжэй прыводзім тэкст заявы:

— Зважаючы на сітуацыю, якая склалася ў дашкольнай адукацыі Беларусі, калі яе фактычна немагчыма атрымаць на беларускай мове, якая і цяпер з’яўляецца дзяржаўнай;

— Салідарызуючыся з сотнямі бацькоў, якія з’яўляюцца законнымі прадстаўнікамі зусім яшчэ маладых грамадзян Беларусі, якіх дзяржава дыскрымінуе па моўнай прыкмеце;

— Усведамляючы надзвычайную важнасць пытання атрымання адукацыі па-беларуску, як для ўмацавання дзяржаўнасці, так і для развіцця нацыі наогул, Рух Салідарнасці «Разам» падтрымлівае патрабаванні бацькоў да Міністэрства адукацыі:

1. Змяніць сістэму запісу дзяцей у садкі. Дадаць графу «Пажаданая мова навучання (беларуская ці руская)» у бланк, які запаўняецца пры пастаноўцы на ўлік у службе «Адно акно» (Часова зроблена, бо невядома, калі заканчваецца дзеянне пісьма МА ад 23.02.2018). Стварыць бланк на беларускай мове. Весці адкрытую статыстыку пажаданняў бацькоў.

2. Сфармаваць асобную чаргу для бацькоў, якія хочуць аддаць сваіх дзяцей у групы з беларускай мовай навучання. Размяркоўваць дзяцей з адной чаргі ў групы разам.

3. Увесці ў службовыя патрабаванні да педагагічных работнікаў (кваліфікацыйны даведнік) пункт пра абавязковае валоданне беларускай мовай на ўзроўні свабоднага выканання працоўных абавязкаў.

4. Нарматызаваць паняцце «група з беларускай мовай навучання» і ясна прапісаць у заканадаўстве механізм стварэння і патрабаванні да такіх груп.

5. Укамплектаваць дзіцячыя садкі настаўнікамі музыкі, фізкультуры і іншымі, якія валодаюць беларускай мовай.

6. Спыніць штогадовую ратацыю груп з беларускай мовай навучання па выпадковых садках.

7. Стварыць у кожным раёне Мінска цалкам беларускамоўны садок. У некаторых раёнах, дзе большая колькасць жыхароў, зрабіць некалькі такіх садкоў.

8. Стварыць рознаўзроставыя групы з беларускай мовай навучання.

Мы патрабуем спыніць дыскрымінацыю беларускіх дзяцей па моўнай прыкмеце і вярнуцца ў прававое поле, азначанае Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь, а таксама тэрмінова стварыць умовы, каб з наступнага навучальнага году рэальна забясьпечыць права кожнага грамадзяніна на атрыманьне адукацыі па-беларуску.

Адначасна, з падтрымкай вышэйзгаданых патрабаванняў, Сойм Руха Салідарнасці «Разам» заяўляе, што сістэмнае вырашэнне крызіса ў адукацыі Беларусі магчыма толькі пры вяртанні беларускай мове статуса адзінай дзяржаўнай.

Жыве Беларусь!
28.04.2018 г.
г. Менск

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Каментаваць