Русы спадзяецца, што з новай камандай у расійскім урадзе не будзе праблем

Намеснік прэм'ер-міністра Беларусі Міхаіл Русы спадзяецца, што з новай камандай у расійскім урадзе не будзе праблем і з ёй удасца выбудаваць "нармальныя адносіны", паведамляе «Еўрарадыё». 

Міхаіл Русы. Фота: Еўрарадыё

Пра гэта ён заявіў у эфіры праграмы "Контуры" на тэлеканале АНТ.

Русы меў на ўвазе найперш віцэ-прэм'ера Аляксея Гардзеева і міністра сельскай гаспадаркі Дзмітрыя Патрушава. Іх ён называе "вопытнымі людзьмі", якія добра ведаюць сваю працу.

"Я думаю, што з такой камандай будуць выбудаваныя нармальныя адносіны, якія дазволяць зняць бар'еры, шмат у чым штучныя, і даць магчымасць людзям зарабляць спакойна і ўпэўнена", — сказаў намеснік беларускага прэм'ера.

Як вядома, Рассельгаснагляд рэгулярна ўводзіць санкцыі ў адносінах беларускай прадукцыі. Апошняе рашэнне датычыла некаторых відаў малака і малочных прадуктаў.

Па словах Русага, у бліжэйшы час адбудзецца сустрэча з Гардзеевым, будзе абмеркаваная ўся сістэма аграрнай палітыкі.



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Каментаваць