Сімфаністы

Амаль праз 15 гадоў пасля свайго абрання прэзідэнт Беларусі «ўзяў» і Апостальскі палац у Ватыкане. Звычайна на сустрэчу ў Папскую бібліятэку запрашаюць такіх гасцей толькі адзін раз. Падаецца, у цяперашняга Папы Рымскага Аляксандр Лукашэнка стаў першым беларускім госцем. Вядома, калі не лічыць пасла, які ўручаў даверчыя граматы.



Амаль праз 15 гадоў пасля свайго абрання прэзідэнт Беларусі «ўзяў» і Апостальскі палац у Ватыкане. Звычайна на сустрэчу ў Папскую бібліятэку запрашаюць такіх гасцей толькі адзін раз. Падаецца, у цяперашняга Папы Рымскага Аляксандр Лукашэнка стаў першым беларускім госцем. Вядома, калі не лічыць пасла, які ўручаў даверчыя граматы.

Высокі госць быў арыгінальным і ў тым, што прадставіў Папе свайго малодшага сына, які падарыў 82-гадоваму пантыфіку чытанку. Думаецца, што больш натуральна выглядала, калі б 265-ты Папа Рымскі ўручыў хлопчыку падарунак. Напрыклад, Біблію для дзяцей.

Аднак гэта малаістотныя назіранні. Куды больш цікавымі — чым далей, тым больш — могуць стаць магчымыя наступствы той сімфоніі саюза царквы і свецкай дзяржавы, якая разыгрываецца сёння таемна і відавочна. І месца, якое ў ёй адводзіцца Беларускаму экзархату Рускай Праваслаўнай Царквы. У аснове такога аб’яднання палягае нацыянальна-рэгіянальны прынцып. Беларускі экзархат афіцыйна можна называць і «Беларуская Праваслаўная Царква».

Яшчэ ў VI стагоддзі імператар Юсцініян першае месца адводзіў царкве. У Візантыі царква падпарадкоўвалася дзяржаўнай уладзе. Статус Ватыкана ў міжнародным праве — дапаможная суверэнная тэрыторыя Святога прастолу, рэзідэнцыя вышэйшага духоўнага кіраўніцтва Рымска-каталіцкай царквы. Як і каму падпарадкоўвалася праваслаўная царква пасля візантыйскай эпохі, вядома. Гаворка ідзе пра пятроўскія і савецкія часы самай вялікай часткі праваслаўнага свету — РПЦ і Маскоўскага Патрыярхату.

Сёння няма адзінага меркавання наконт таго, хто на каго больш уплывае ў постсавецкай Расіі — Крэмль на РПЦ ці наадварот. Але літаральна ўсе прызнаюць узрастаючую ролю ў духоўнай і іншых сферах жыцця краіны патрыярха Маскоўскага і ўсёй Русі Кірылы. Важным для разумення стану царквы з’яўляецца і тое, што імя экзарха ўзносіцца ва ўсіх храмах Беларускага Экзархата пасля імя патрыярха Маскоўскага і ўсёй Русі.

Падавалася б, патрыяршы экзарх усёй Беларусі мітрапаліт Філарэт мусіў прысутнічаць на сустрэчах свайго патрыярха з кіраўніком беларускай дзяржавы. За апошні час іх было ажно дзве — у Сочы і ў маскоўскай рэзідэнцыі патрыярха. Але гэтага не адбылося. Што стала падставай для некаторых экспертаў канстатаваць: інструменталізацыя царквы дзяржавай — характэрная рыса сімфоніі па-беларуску. Гэта значыць, святарства на службе ў царства. Як было ў Візантыі. Гавораць, што патрыяршаму экзарху ў свой час нават ледзь «вяртушку» не паставілі, каб мець кантакты без пасярэднікаў. Лёс гэтай ідэі застаецца невядомым.

Адчуванні сімфоніі толькі ўзмацніліся, калі прайшлі сепаратныя сустрэчы кіраўніка Беларусі ў сінодзе Беларускага Экзархата і ў згаданай маскоўскай рэзідэнцыі, пасля якой патрыярх Кірыла прызнаўся, што даведаўся шмат новага і невядомага пра Беларусь. Праўда, што канкрэтна ён даведаўся, так і не патлумачыў, і гэта магло спарадзіць некаторыя хваляванні ў сінодзе Беларускага Экзархата. Там свае апаратныя гульні. А ў нетрах беларускага рэжыму цалкам магло нарадзіцца пытанне: чаму б для большай дасведчанасці аб справах беларускіх не паставіць «нашаму патрыярху» «вяртушку»?

Невядомымі пакуль застаюцца і тыя перададзеныя пытанні патрыярха да Папы, пра якія гаварыў беларускі прэзідэнт. Магчыма, дастаткова было, што на 25-хвіліннай сустрэчы з Папам Рымскім, як адзначыў Лукашэнка, яны «абмеркавалі многія праблемы, гаварылі пра ўзаемаадносіны рэлігій». І, як аказалася, яшчэ паспелі абмеркаваць «узаемаадносіны нашых Праваслаўнай і Каталіцкай цэркваў». Увогуле, трэба меркаваць, атрымалася сапраўдная сімфонія.

Калі пра такія ж узаемаадносіны дзвюх цэркваў «на належным узроўні» можна было чуць нясмелыя напаміны з царкоўных кругоў у Маскве, то пра некаторыя іх узаемаадносіны ў Мінску таксама будзе не лішнім узгадаць. Напрыклад, калі гаворым пра гісторыю стварэння першай на постсавецкай прасторы унікальнай адукацыйнай структуры, якой лічыцца Інстытут тэалогіі імя святых Мяфодзія і Кірылы Беларускага дзяржаўнага універсітэта. Ён паўстаў на аснове факультэта тэалогіі выгнанага Еўрапейскага гуманітарнага універсітэта. Рэктар інстытута — доктар багаслоўя, мітрапаліт Мінскі і Слуцкі Філарэт, патрыяршы экзарх усёй Беларусі.

Але хто сёння публічна гаворыць пра ролю Рымска-каталіцкай царквы і кардынала Вальтэра Каспера ў стварэнні, у тым ліку і фінансаванні гэтага інстытута? Зусім нядаўна, калі быў прэзідэнтам Папскай рады па садзейнічанні хрысціянскаму адзінству, кардынал Каспер з’яўляўся адной з асноўных фігур у праваслаўна-каталіцкім дыялогу. Цікава, ці згадвалася імя кардынала падчас гістарычнай сустрэчы Лукашэнкі з Папам? Але ў Беларускай Праваслаўнай Царквы ёсць яшчэ і багаты досвед супрацоўніцтва з нямецкай каталіцкай царквой. Пра гэта б мог шмат распавесці протаіерэй Фёдар Поўны, загадчык Дэпартамента знешніх сувязяў Беларускага Экзархата.

Спачатку гэта структура займалася ў асноўным знешнеэканамічнай дзейнасцю, якая была засяроджаная на фармаванні эканамічнага базісу царкоўнай структуры, даволі хісткага ў часы перабудовы, узрушэнняў, інфляцыі і дэфолтаў. Не абышлося тут і без скандалаў. З Дэпартаментам была звязаная дзейнасць прадпрыемства «Дыяконія», зарэгістраванага пры Беларускім Экзархаце. Гэта прадпрыемства займалася гандлем прадуктамі харчавання, у тым ліку і алкагольнымі вырабамі, карыстаючыся пры гэтым палёгкамі ў падаткаабкладанні, устаноўленымі для царкоўных арганізацый. Калі гэты факт усплыў, ён атрымаў даволі шырокі негатыўны рэзананс, асабліва ў незалежных сродках масавай інфармацыі. Па некаторых дадзеных, высокай рэзалюцыяй заведзеную справу па гэтым прадпрыемстве было загадана прыпыніць, а не закрыць. З тых часоў дамоклаў меч так і вісіць над Экзархатам, што робіць яго паводзіны прадказальнымі больш для Мінска, чым для Масквы. Адмысловую каштоўнасць такі стан БПЦ набывае ва ўмовах, калі азначылася стратэгія Мінска на актывізацыю Саюзнай дзяржавы з дапамогай РПЦ. Але ў выкананні сімфоніі, складзенай самім Аляксандрам Лукашэнкам.

Так атрымалася, што менавіта протаіерэй Фёдар фактычна замяніў сваёй «Нядзельнай пропаведдзю» на канале АНТ «Слова пастыра» — аўтарскую праграму мітрапаліта Смаленскага і Калінінградскага і цяперашняга патрыярха Кірылы. У аснове праграмы — гутаркі ўладыкі з тэлегледачамі пра праблемы духоўнага жыцця, гісторыі Царквы. Відавочна, не без удзелу ўладаў такая змена вядучага была ўспрынятая тэлегледачамі неадназначна. І мітрапаліт Філарэт адважыўся папрасіць Лукашэнку вярнуць уладыку Кірыла беларускім тэлегледачам. Праўда, ужо пасля яго абрання патрыярхам Маскоўскім і ўсёй Русі.

Айцец Фёдар вядомы таксама як плябан Мінскага Храма ўсіх святых і кіраўнік Дома міласэрнасці, да будаўніцтва якога мелі дачыненне нямецкія каталікі. Меней вядома для вернікаў і няверуючых васьмігадовае паслушэнства Фёдара Поўнага ў храме — помніку рускай славы горада Лейпцыга ў Германіі. З некаторых часоў гэты горад сталі згадваць і ў сувязі з тым, што там працаваў Уладзімір Пуцін. Амаль у адзін час абодва вярнуліся з Германіі дадому. Адзін — у Піцер, другі — у Мінск. Можа, і знаёмыя яны ўжо тады былі. Хто ведае?

Сёння многія адзначаюць відавочную ролю ўплывовага протаіерэя ў адносінах Праваслаўнай царквы і беларускай дзяржавы. Пра гэта сведчыць гісторыя з яго адмовай ад месца ў верхняй палаце беларускага парламента, на якое яго вылучаў Мінскі гарсавет. Такое рашэнне протаіерэй Фёдар прыняў пасля сустрэчы з патрыярхам Алексіем ІІ, які ў цэлым «станоўча ўспрыняў інфармацыю пра вылучэнне ў сябры Савета Рэспублікі», але ўсё ж «адзначыў праблему, якая стаіць перад Праваслаўнай царквой, — захаванне адзінства Царквы, пазбяганне расколу, які магчымы з-за таго, што некаторыя святары занадта актыўна ўключаюцца ў палітычную дзейнасць». У беларускай сімфоніі ўлады і Царквы вядома, хто вызначае градус палітычнай актыўнасці. Разам з тым, у некаторым сэнсе адзін з вядучых работнікаў Беларускага Экзархата Маскоўскага патрыярхату застаецца публічнай асобай Царквы для наменклатуры, якая моцна здзівілася, калі не ўбачыла гэтым разам, як гэта звычайна было раней, свайго кіраўніка з мітрапалітам Філарэтам на набажэнстве ў праваслаўны Вялікдзень напярэдадні першага візіту ў Ватыкан.

А наступствы сустрэчы Лукашэнкі з Папам у бібліятэцы, дзе яны абмяркоўвалі ўзаемаадносіны з Рымска-каталіцкай царквой, бачацца такімі — удасканаленне міждзяржаўных і іншых сувязяў з Ватыканам праз Германію, а не праз гістарычна блізкую Польшчу. Гэта ўкладваецца ў рэчышча цяперашніх адносінаў Масквы да польскага Касцёла і наогул да Варшавы.

----------------------------------------------------------------------------------------------------------------------------------------------------------

Даведка:

Тэрмін «сімфонія» ў яго палітычным кантэксце — гістарычнае азначэнне спраў у Візантыі. Азначэнне «хрысціянскай манархіі», якая мела месца ў Рымскай імперыі часоў імператара Канстанціна. Менавіта тады нарадзіўся комплекс прававых поглядаў, які гісторыкі ўмоўна характарызуюць тэрмінам «візантызм». Асноўныя контуры такой сістэмы сучаснікам Канстанціна біскупам Яўсеем Кесарыйскім тады былі названыя «сімфоніяй уладаў», сутнасць якой заключаецца ў наступным:

1. Рэалізацыю хрысціянскіх пачаткаў абавязаная забяспечыць у зямным жыцці дзяржаўная ўлада — імператар (у нашым выпадку — прэзідэнт) — сумесна з царквой.

2. Царква робіць легітымнай дзяржаўную ўладу, дае санкцыю на дзяржаўны прымус, а дзяржава дае царкве сваю моц для аховы і ўвасаблення ў жыццё нормаў царкоўнага вучэння.

Асаблівасцю дадзенай сістэмы можа лічыцца яе прынцыпова «не юрыдычны» характар, адсутнасць як выразнага фармальнага замацавання, так і якіх-небудзь санкцый за парушэнне гэтай «няпісанай канстытуцыі» з боку манарха (прэзідэнта). «Сімфонія», у адрозненне ад заходняга прынцыпу падзелу ўладаў, прадугледжвае не ўзаемнае ўраўнаважванне фактараў дзяржаўнага жыцця, але іх зліццё ў адзінай волі самадзержца. І таму гэтая воля як бы аўтаматычна становіцца не самаўпраўствам абсалютнага манарха, але ўяўляе сабою юрыдычнае афармленне гіпатэтычнага народнага волевыяўлення, які робіць правам усё, што з’яўляецца такім з пункта погляду народнай прававой свядомасці, выхаванага на хрысціянскіх каштоўнасцях.

У тыя даўнія часы імператар Канстанцін упершыню ў гісторыі і паўстае як «біскуп знешніх спраў царквы», не з’яўляючыся пры гэтым царкоўным іерархам.

Каментаваць