Самакіраванне ў віртуале і рэале

Беларусь з сістэмай самакіравання знаёмая аж з XIV стагоддзя, калі Магдэбургскае права было распаўсюджана на гарады Вялікага княства Літоўскага. Аднак цяпер палітыка ці ўдзел у справах дзяржавы не ў павазе. Асобныя «гарачыя галовы» спрабуюць разварушыць гэты закамянелы пласт дзейнасці, і хутка прыходзіць асэнсаванне, што пачынаць трэба з простага: давесці, што чалавек — гаспадар на сваёй зямлі, у сваім горадзе.

(На здымку: Яўген Пугач)



Беларусь з сістэмай самакіравання знаёмая аж з XIV стагоддзя, калі Магдэбургскае права было распаўсюджана на гарады Вялікага княства Літоўскага. Аднак цяпер палітыка ці ўдзел у справах дзяржавы не ў павазе. Асобныя «гарачыя галовы» спрабуюць разварушыць гэты закамянелы пласт дзейнасці, і хутка прыходзіць асэнсаванне, што пачынаць трэба з простага: давесці, што чалавек — гаспадар на сваёй зямлі, у сваім горадзе.

(На здымку: Яўген Пугач)


Грамадская ініцыятыва «За новыя Смалявічы» — спроба арганізаваць мясцовае самакіраванне ў беларускіх рэаліях, то бок не прывязваючы яго да палітыкі ні лакальнага, ні агульнанацыянальнага ўзроўню. Каардынатар ініцыятывы Яўген Пугач атрымаў някепскую адукацыю, у тым ліку і за мяжой, але вярнуўся ў родны горад і вырашыў паспрабаваць змяніць тое, што яго не задавальняе. Але не чакаючы, пакуль на гэта будзе дадзеная «адмашка» мясцовай вертыкалі.

— На мінулых прэзідэнцкіх выбарах я быў кіраўніком мясцовага штаба Мілінкевіча. Калі збіралі подпісы, то зразумеў маштабы агульнай абыякавасці да ўсяго, што адбываецца, — і да палітыкі ў цэлым, і да спраў свайго горада. Людзі прызвычаіліся, што ўсё можна атрымаць ад дзяржавы, а каб самім паварушыцца, то не. Тады была надта папулярная тэза свабоды, і мы правялі апытанне, што ж такое свабода для смалявічан. Выявілася, што пра дэмакратыю размова не вядзецца. Усё больш празаічна. Нехта гаварыў, што свабода — гэта магчымасць не ісці ў войска, нехта, што гэта — выбар розных тэлевізійных каналаў. Мы бачылі, што да ўсяго патрэбная нейкая асветніцкая дзейнасць. Спачатку стварылі інтэрнэт-партал «За новыя Смалявічы», пасля — бюлетэнь «Горад наш». Сябры грамадскай ініцыятывы перыядычна пішуць запыты ў розныя інстанцыі па нейкіх праблемах, затым публікуюць адказы чыноўнікаў на сайце і ў бюлетэні. Гэтыя крыніцы інфармацыі на 80 працэнтаў запоўненыя мясцовымі навінамі. Ёсць матэрыялы і з афіцыйных крыніц — напрыклад, аб карупцыянерах.

Цяпер на інтэрнэт-партале можна знайсці звесткі пра сам горад, мясцовыя падзеі, даведацца, якія праблемы ёсць у жыхароў Смалявічаў, і пры жаданні далучыцца да іх вырашэння. Напрыклад, у горадзе няма аўтаномнага пераезду праз чыгунку, што падзяляе Смалявічы надвое. Калі ідзе цягнік ці здараюцца нейкія транспартныя збоі, то ў чарзе перад пераездам стаяць і машыны жыхароў, і хуткая дапамога, і МНС.

— У нас, як едзеш да каго ў госці ў іншую частку горада, прынята гаварыць: «Буду праз 10 хвілін, калі пераезд не закрыюць». Будаўніцтва моста праз чыгунку было запланавана яшчэ ў 1993 годзе, але ўлады дагэтуль не знаходзяць на яго сродкаў. З дапамогай інтэрактыўнай гульні «Пабудуй мост» на партале мы збіраем прапановы, як вырашыць праблему адсутнасці аўтаномнага пераезду праз чыгунку ў горадзе. У 2008 годзе мы правялі апытанне гараджан наконт праблем горада. Атрымалі прыкладна дзвесце анкет, апрацавалі іх, і атрымалася, што людзей турбуюць праблемы з асвятленнем на вуліцах, кепскія дарогі, пераезд праз чыгунку, пра які ўжо гаварыў, адсутнасць дзіцячага садка ў адным з раёнаў. Калі ў Смалявічы прызначылі новага старшыню выканкаму, дык той сам выказваўся, што не чакаў такой безгаспадарлівасці. Некаторыя праблемы з часам вырашылі — паклалі асфальт, зрабілі асвятленне. Магчыма, прычыны ў тым, што ладзілася свята горада, ці што прыйшоў новы кіраўнік, а магчыма, і мы ў нечым гэтаму паспрыялі. Прынамсі пасля гэтага нас нават крыху пачалі паважаць.

Сярод актывістаў грамадскай ініцыятывы ёсць прыхільнікі пэўных партый, палітычных рухаў, прафсаюзаў, але гэта асабліва не афішуецца. Хаця гарадок невялікі. і, як гаворыць Яўген, народ і так памятае, што ты «нейкі апазіцыянер», бо збіраў, напрыклад, подпісы.

— Мы зрабілі календары з выявамі роднага горада, і калі раздавалі іх, то некаторыя нават баяліся браць. Гаварылі: «Гэта ўсё Амерыка ваша робіць». Каб мець давер людзей, трэба весці максімальна празрыстую дзейнасць, паказваць нейкі вынік. І быць такім жа, як людзі, а не дыстанцыявацца ад іх, — тлумачыць Яўген (між іншым, псіхолаг і палітолаг па адукацыі) спецыфіку грамадскай працы. — Агулам насельніцтва хоча жыць, выжываць. Моладзь усё больш цікавіцца, як можна з’ехаць, часам нават у мяне пытаюцца парады на гэты конт. Хто мае ідэі, нейкія грошы — спрабуе адчыніць сваю справу, нехта ўдаецца ў творчасць. Мне падаецца, што людзей проста дастала існая сістэма ўлады, бо не бачна перспектыў, не бачна тых, хто прыйдзе і дапаможа ім, а самі вырашаць праблемы не навучыліся. Дарэчы, заўважыў, што апошнім часам што ні дай, усё чытаюць — улёткі, бюлетэні, газеты. Сапраўды, нас ратуе інтэрнэт — з ім крыху весялей жыць.

На жаль, сябры грамадскай ініцыятывы кантактаў з кіраўніцтвам горада амаль не маюць. «Як сказаў адзін чыноўнік, не любяць і не давяраюць нам, — гаворыць Яўген Пугач. — Мы перашкаджаем сваёй актыўнасцю, ім патрэбныя цішыня і спакой. Спрабавалі зрабіць круглы стол наконт пабудовы мосту. Паведамілі мясцоваму ідэолагу пра месца сустрэчы, запрасілі і яго, а пасля ўладальнікі памяшкання паведамілі, што мы не зможам там сустрэцца. А можа і сапраўды баяцца нас, бо любы мог нажыцца не адзін раз на рамонтах садкоў-школаў, а тут мы, і «капаем», і патрабуем нейкай справаздачнасці. Пройдзе час, і цяперашнія чыноўнікі будуць прызнаваць, што мы мелі добрыя ідэі. А пакуль так, як ёсць. Калі зрабілі афіцыйны выканкамаўскі сайт, і была яго прэзентацыя, адзін з намеснікаў пачаў крытыкаваць, што зрабілі халтуру. І ў якасці ўзору добрай працы прыводзіўся наш сайт».

Аднак Яўген, якому, здаецца, сам Бог раіў бы быць дэпутатам мясцовага савета, красавіцкія выбары ігнаруе. «Мне няма часу займацца гэтым, хапае працы ў межах ініцыятывы, да таго ж трэба зарабляць грошы на жыццё. Але галоўнае — я не маю ўпэўненасці, што можна прайсці ў Савет, не веру ў празрыстасць працэдуры і не думаю, што варта марнаваць дзеля гэтага час. Справай можна займацца і без дэпутацкага мандата», — упэўнены каардынатар смалявіцкай ініцыятывы.
 

Каментаваць