Саміт у Рызе: без прарыву

Сёлятні саміт «Усходняга партнёрства» для Беларусі можна назваць «тэхнічным», як і ўсе папярэднія. А ўсё таму, што афіцыйны Мінск ставіцца да іх як да магчымасці атрымаць хоць якія грошы на «еўрапейскія праекты» ў Беларусі.



Аляксандра Лукашэнку персанальна на гэты саміт не запрасілі. Па вялікім рахунку, гэта значыць, што ўсе ягоныя «міратворчыя дзеянні» па ўрэгуляванні канфлікту ва Украіне асаблівага прарыву на Захад не далі. Беларусь на саміце прадстаўляў міністр замежных спраў Беларусі Уладзімір Макей.

Зрэшты, ён прадстаўляў Беларусь і на мінулым, Віленскім саміце. І тое толькі таму, што ЕС вырашыў зрабіць з яго «паштовага голуба» паміж еўрапейцамі і «апошнім дыктатарам Еўропы». Тады, за некалькі месяцаў да лёсавызначальнага віленскага саміту УП, з Макея былі «часова знятыя» санкцыі ЕС, і ён быў выкраслены са спісу неўязных у Еўропу. На ранейшых самітах сінявокую прадстаўлялі ўвогуле паслы ў краінах, якія прымалі гэты форум.

Але нават «тэхнічныя саміты» ўсё роўна адбіваюцца на Беларусі. Напрыклад, на мінулым Віленскім саміце УП Макей задэклараваў, што нашая краіна мае намер спрасціць візавы рэжым з Еўропай. З таго часу было шмат перамоваў па візавых пытаннях, і, па звестках з некаторых крыніцаў, да Рыжскага саміту збольшага ўсе дакументы па гэтым пытанні былі ўзгодненыя.

Прынамсі, пра гэта паведаміў са спасылкай на «свае дыпламатычныя крыніцы» старэйшы аналітык Беларускага інстытута стратэгічных даследаванняў (BISS) Дзяніс Мельянцоў. Па ягонай інфармацыі, «перамовы па дамове аб візавай фасілітацыі і рэадмісіі знаходзяцца цяпер у завяршальнай стадыі». Бакі здолелі ўзгадніць самыя праблемныя пытанні, якія тычацца паездак па дыппашпартах без візаў. «Гэта кажа пра тое, што тэкст практычна гатовы, застаецца пытанне, ці будзе ён парафіраваны падчас Рыжскага саміту», — сказаў Мельянцоў.

Крыніцы Мельянцова падманулі. Напярэдадні пачатку саміта дзяржаўны сакратар МЗС Латвіі Андрэйс Пілдзеговічс распавёў, што пагадненне аб спрашчэнні візавага рэжыму паміж Беларуссю і ЕС у Рызе парафіравана не будзе. На ўзгадненне тэксту дакумента і яго падпісанне плануецца выйсці ў сярэдзіне чэрвеня — да канца латвійскага старшынства ў ЕС.

Таксама, па інфармацыі дзяржсакратара МЗС Латвіі, на саміце не будзе падпісана Партнёрства па мабільнасці (гэта пагадненне прадугледжвае паглыбленае супрацоўніцтва па пытаннях працоўнай міграцыі, мабільнасці і барацьбы з незаконнай міграцыяй).

Карацей, Макей мог бы на саміт і не ехаць. Канешне, Усходняе партнёрства дае Беларусі нейкія дробныя грошы, напрыклад, на трансгранічнае супрацоўніцтва, але для гэтага дастаткова было б усюдыіснай намесніцы Макея Алены Купчыной.

Але ж Макей паехаў. Паехаў ён таму, што, па меркаванні палітолага Валера Карбалевіча, саміт УП дае магчымасць маленькага кроку для паляпшэння стасункаў з Захадам. «Усё ж такі саміт — гэта поле для манеўраў, для магчымасці размарозкі адносінаў з Еўропай», — адзначае ён.

Варта адзначыць, што нічога асаблівага не чакалі і ад мінулага, Віленскага саміта УП 2013 года. Аднак ягоныя рашэнні (а дакладней, адсутнасць аднаго рашэння) змянілі малюнак свету. Адмова былога кіраўніка Украіны Віктара Януковіча, насуперак сваім абяцанням, падпісаць асацыяцыю з ЕС, вылілася ў Еўрамайдан, а потым «Рэвалюцыю годнасці», захоп Расіяй Крыму і вайну на Данбасе.

Гэткія вынікі сходу ў Вільні шакавалі саму Еўропу. Магчыма, таму, па сведчанні еўрапейскіх журналістаў, папярэдні праект рэзалюцыі саміту Усходняга партнёрства «нават слабейшы, чым прыняты ў Празе ў 2009 годзе, калі ў дэкларацыі значылася магчымасць спрошчанага збліжэння з ЕС для краін «Усходняга партнёрства». «Цяпер ЕС толькі прызнае суверэннае права кожнага партнёра свабодна выбіраць узровень амбіцый і мэтаў, да якога ён імкнецца ў дачыненні з ЕС», — адзначае, напрыклад, афіцыйны часопіс Еўрасаюза

Карбалевіч таксама зазначае, што ў праектах дакумента гэтага саміта не дэкларуецца нейкага больш шчыльнага ўцягвання краінаў-партнёраў у еўрапейскую інтэграцыю. І гэта, на ягонае меркаванне, паказвае крызіс самой праграмы Усходняга партнёрства. «У ЕС — новае кіраўніцтва, і, гледзячы з першых выказванняў, праграма УП зазнае пэўную трансфармацыю. Можа быць зменены сам прынцып гэтай праграмы «большае за большае» — то бок, больш прэферэнцый атрымлівае тая краіна, якая найбольш прасунулася ў інтэграцыі з ЕС. Ходзяць размовы аб большым упоры на двухбаковыя пагадненні паміж краінамі, тады незразумела, навошта дзеля гэтага асобная праграма. Карацей, УП сутыкнулася з выклікамі, якія трэба асэнсаваць», — лічыць эксперт.

На саміце УП і краіны-заснавальнікі, і краіны-партнёры могуць абмеркаваць новыя выклікі і фарматы далейшай дзейнасці. Але наўрад ці Рыжскі саміт УП нешта глабальна зменіць у Беларусі.

Каментаваць