Санкцыі ў непаслядоўнай палітычнай сістэме

Еўрапейскі парламент пасля поствыбарчых падзей у Беларусі прыняў цвёрдую рэзалюцыю. Дэпутаты заклікаюць Раду ЕС на пасяджэнні 31 студзеня ўвесці забарону на выдачу віз для шэрагу беларускіх службоўцаў і замарозіць іх рахункі ў краінах Еўрасаюза.

...І нахіляць нас нікому не дазволена



Еўрапейскі парламент пасля поствыбарчых падзей у Беларусі прыняў цвёрдую рэзалюцыю. Дэпутаты заклікаюць Раду ЕС на пасяджэнні 31 студзеня ўвесці забарону на выдачу віз для шэрагу беларускіх службоўцаў і замарозіць іх рахункі ў краінах Еўрасаюза.

...І нахіляць нас нікому не дазволена

У дакуменце падкрэсліваецца, што санкцыі павінны дзейнічаць да таго часу, пакуль беларускія ўлады не вызваляць усіх палітычных зняволеных і затрыманых падчас акцый пратэсту, а таксама не здымуць з іх абвінавачванні. Прапануецца замарозіць любую фінансавую дапамогу, якая прадстаўляецца праз Міжнародны валютны фонд, Еўрапейскі інвестыцыйны банк і Еўрапейскі банк рэканструкцыі і развіцці. Адначасова ЕС мусіць спрасціць працэдуру атрымання віз для беларускіх грамадзян, павялічыць падтрымку незалежных СМІ і грамадзянскай супольнасці.

Таксама Рада Еўрасаюза, магчыма, разгледзіць варыянт прыпынення ўдзелу Беларусі ў праграме «Усходняе партнёрства» на саміце ў Будапешце, калі да гэтага «не будзе прымальнага тлумачэння і значнага паляпшэння сітуацыі ў Беларусі. Пры гэтым прыпыненне не распаўсюджваецца на няўрадавыя арганізацыі і грамадзянскую супольнасць».

Самае ідэалістычнае патрабаванне Еўрапарламенту — правесці новыя выбары прэзідэнта Беларусі ў адпаведнасці са свабоднымі і дэмакратычнымі нормамі і стандартамі АБСЕ.

Аляксандр Лукашэнка на нарадзе 20 студзеня даручыў ураду падрыхтаваць «наш адказ Чэмберлену». «Ні пад каго прагінацца мы не маем намеру, і нахіляць нас нікому не дазволена. І тычыцца гэта павінна абсалютна ўсіх, хто паспрабуе ціснуць і блакаваць краіну, хай гэьа будзе асобная група краін або нават Еўрасаюз у цэлым» заявіў нязменны кіраўнік Беларусі..

Расія санкцыі адыграла

Кіраўнік аналітычнага цэнтра «Стратэгія», эканаміст Леанід Заіка наконт наступстваў магчымых эканамічных санкцыяў Еўрасаюза супраць Беларусі выказваецца крытычна. «Усе жорсткія санкцыі адыграныя расіянамі. Напрыклад, не будзе садзейнічання ў атрыманні крэдытаў. Але крэдытаў мы набралі, і новыя нам не трэба. Дарэчы, кожная беларуская сям’я — двое дарослых, двое дзяцей — вінная замежным крэдыторам каля дзесяці тысяч долараў. Зайдзіце ў кватэру, і не заўжды там будзе маёмасці на такую суму. Крэдыты браў Сідорскі. Сідорскага цяпер няма, а пазыкі засталіся. Таму дзякуй еўрапарламенту, калі яны будуць супраць новых крэдытаў», — гаворыць эксперт.

Напрыканцы мінулага года Дзяржаўны дэпартамент і міністэрства фінансаў ЗША ў чарговы раз працягнулі дзеянне мараторыя на прымяненне санкцый у дачыненні да двух прадпрыемстваў беларускага канцэрну «Белнафтахім» — ААТ «Полацк-Шкловалакно» і ААТ «Лакафарба». Усе астатнія санкцыі ЗША, уведзеныя ў чэрвені 2006 года ў дачыненні да канцэрна «Белнафтахім», застаюцца ў сіле. Упершыню паўгадовы мараторый на прымяненне санкцый у дачыненні да беларускага нафтахімічнага канцэрну ўлады ЗША ўвялі ў верасні 2008 года, і цяпер працягваюць яго дзеянне ўжо ў пяты раз. Застаюцца ў сіле і санкцыі ў дачыненні да 16 беларускіх чыноўнікаў, якім улады ЗША забараняюць уязджаць у краіну.

ЗША выглядаюць найбольш паслядоўнымі ў сваёй палітыцы «ігнору» Беларусі. Спрыяе гэтаму і тое, што наша краіна не з’яўляецца стратэгічным партнёрам Штатаў.

Цяпер аб спыненні супрацоўніцтва ў нафтавай сферы загаварылі і ў Еўропе. «Еўропа ніколі не спыняла набываць нафтапрадукты ў Беларусі. Яны гэта тлумачаць тым, што такія крокі будуць ударам па беларускаму народу, і з задавальненнем набываюць тут нафтапрадукты. У лепшыя гады мы сапраўды прадавалі ў ЕС каля 40 працэнтаў ад нашага экспарту, што складае звыш 12 мільярдаў долараў. Можна было зарабляць на продажы нафтапрадуктаў праз Галандыю, Брытанію. У 2009-м мы Германіі прадалі чыстай нафты на паўмільярда долараў. Ад такіх здзелак здольныя адмовіцца толькі ЗША, што і рабілі. Тыя, хто займаецца нафтай і бензінам, не кіруюцца рашэннямі еўрапарламента. Гэта міжнародная алігархія, якая не адмовіцца ад такога спосабу зарабляць грошы. Што тычыцца іншых пазіцый па экспарту — хімічнай прадукцыі, калійных угнаенняў, сыравіны — гэта не надта істотна. Расія цяпер пастаўляе нам нафту ў вялікіх аб’ёмах, Еўропа набывае нафтапрадукты па прывабных коштах. Гэта і ёсць палітыка двайных стандартаў», — прагназуе Леанід Заіка.

«Усе размовы аб санкцыях цяпер — гэта плач Яраслаўны. Не варта было Вестэрвеле і Сікорскаму сюды ездзіць, піць каву з Лукашэнкам. Еўрапейскія палітыкі прайгралі. Беларусь адышла ад Еўропы. Я б параіў санкцыі ў выглядзе ўвядзення абсалютна бязвізавага рэжыму для ўсіх жыхароў Беларусі апроч чыноўнікаў, дзяржаўных служачых. Я агучваў гэтую думку ў розных краінах ЕС, гаварыў, што нашы людзі знаходзяцца ў гаротным стане, не ведаюць, што ёсць іншы свет. Калі будуць магчымасці пабачыць іншы свет, павучыцца, папрацаваць, то Лукашэнка стане папросту не цікавы», — дзеліцца рэцэптамі дэмакратызацыі Беларусі эканаміст.

Палітолаг Андрэй Ляховіч таксама згодны, што праграма санкцый ЕС не стане прычынай абвалу дзейснай палітычнай сістэмы Беларусі, бо «ўсё ж ніхто не ставіць такой мэты». «Трэба прымусіць выпусціць палітычных зняволеных і зрабіць крокі на шляху палітычнай лібералізацыі. Праграма санкцый — гэта не радыкальны спосаб ціску, а хутчэй папярэджанне Лукашэнку. І важна, каб была паслядоўная праграма з замарожваннем экспарту нафтапрадуктаў з Беларусі, выдачай крэдытаў, прыпыненнем палітычных кантактаў, удзелу ў праграме «Усходняе партнёрства», бо ненармальна супрацоўнічаць з краінай, у якой больш за тры дзясяткі палітычных зняволены, — зазначае палітолаг. — Пакуль у Беларусі Лукашэнка, нічога не будзе з таго, што мусіць быць у нармальнай, цывілізаванай краіне. У цяперашнім выглядзе санкцыі не разлічаныя на змену ўлады ў Беларусі, гэта прымус дзейснага рэжыму».

Разам з тым не трэба забываць пра фактар Расіі, якая аказвае падтрымку Лукашэнку, хаця ўжо і не ў ранейшым выглядзе — без умоў, абавязку, ціску. І трэба прызнаць, што пасля беларускіх выбараў расклад на карысць Расіі — Беларусь адрэзаная ад ЕС і вымушаная ў той ці іншай форме прымаць прапановы, умовы суседкі-спонсара. Гэта дазволіць дзейснаму рэжыму Лукашэнкі праіснаваць пэўны час, праўда, на небязвыплатнай аснове.

Байкот знутры

Пасля выбараў з’явіліся заклікі да санкцыяў унутры самой краіны. Маўляў, не набывайце айчынную прадукцыю, забірайце грошы з дэпазітаў — і рэжым ляснецца. Сацыёлаг, былы міністр працы Аляксандр Сасноў гаворыць, што грунту для такой кампаніі проста няма. «Калі галасаваць супраць дзеючай улады, а гэта больш проста, чым увесці для сябе такія санкцыі, ідзе прыкладна 30–35 працэнтаў грамадзян, то на радыкальныя крокі гатовыя яшчэ менш», — падкрэслівае эксперт. Ён пагаджаецца, што ў беларускім грамадстве ёсць раскол паводле грамадска-палітычных перакананняў, з часам ён проста павялічваецца, і «нават Лукашэнка гэта прызнаў», але пакуль працэс не крытычны.

Цікава, што ў студзені кіраўнік Нацыянальнага банка Пётр Пракопавіч падчас справаздачы кіраўніку Беларусі прызнаў, што за 2010 год міжнародныя рэзервовыя актывы Беларусі, разлічаныя па методыцы МВФ, скараціліся на 11% да 5 030,7 мільёна долараў ЗША. Прычыну Пракаповіч бачыць у ажыятажным попыце насельніцтва на валюту. «Летась мы прадалі на чыстай аснове насельніцтву 1,5 мільярда долараў. Гэтыя грошы сышлі з золатавалютных рэзерваў, і яны фактычна ляжаць у насельніцтва дома, замест таго, каб працаваць на рэспубліку, на эканоміку, — сказаў Пракопавіч. — Я хацеў бы параіць грамадзянам, якія захоўваюць грошы дома — усё роўна ў беларускіх рублях або ў іншай валюце, — прынесці іх у банк».

Эканаміст Леанід Заіка прапанаваны метад назваў «самаспальваннем». «Калі пачнуць аўральна здымаць грошы з рахункаў беларускіх банкаў, гэта прывядзе да банкаўскага, фінансавага крызісу ў краіне. І прайграюць ад гэтага простыя беларусы. Можна не хадзіць у рэстараны, што знаходзяцца ва ўласнасці беларускіх чыноўнікаў, напрыклад, сталічны рэстаран «Лідо», які ў падпарадкаванні Упраўлення справамі прэзідэнта. А заклікаць да дзеянняў на фінансавым полі — дэструктыўная з’ява», — упэўнены Заіка. Ён прапаноўвае альтэрнатыву — галоснасць аб прыбытках, накапленнях чыноўнікаў, што прымусіць задумацца людзей.

«Невыяздных чыноўнікаў можна прыраўняць да невыяздных габрэяў у часы Андропава. Можа, сапраўды адчуюць, што гэта такое. Але гэтыя санкцыі закрануць не так многа людзей. Значна больш цікавы варыянт з замарожваннем рахункаў беларускіх чыноўнікаў. Калі б былі яшчэ агучаныя дадзеныя, чые гэта рахункі і якія там сумы, гэта было б цікава для грамадскасці. Што за чыноўнікі ў нас, і куды глядзіць Аляксандр Рыгоравіч, і як яны паспелі столькі зарабіць? Для беларускай апазіцыі атрымаць такія звесткі, апублікаваць іх, напрыклад, у газеце «Новы час», было б карысна ў межах праграмы «Беларусь — гэта мы», вось і паглядзелі б хто такія «мы», — заклікае Леанід Заіка еўракамісараў паспрыяць асвеце беларусаў на тэму прыбытковасці дзяржаўнага апарату.
 

Каментаваць