Севярынца збіраюцца судзіць за «публічнае выказванне меркавання»

Сустаршыня БХД Павел Севярынец атрымаў праз пошту матэрыялы адміністрацыйнай справы, заведзенай на яго за актыўны ўдзел у акцыі 24 лістапада.


Акцыя, што адбылася ў Мінску на плошчы Свабоды, была прымеркаваная да 20-годдзя рэферэндуму 1996 года. На ёй выступалі Уладзімір Някляеў, Мікола Статкевіч і Павел Севярынец.

Паводле пратаколу, складзенага Цэнтральным РУУС сталіцы, Павел Севярынец "публічна выказваў сваё меркаванне адносна рэспубліканскага рэферэндуму, а таксама выкрыкваў "Жыве Беларусь!" і "Свабода!".



— Карныя органы рэжыму — язык не паварочваецца назваць іх праваахоўнымі — у сваіх паперах толькі пацвярджаюць усё тое, аб чым мы казалі ля Ратушы, — паведаміў у інтэрв'ю прэс-службе БХД Павел Севярынец. — Калі за мірнае публічнае выказванне свайго меркавання ды заклікі да свабоды судзяць — гэта відавочная дыктатура, хлопцы. Нават не хаваюць — дыктатура з гумовай дубінкай наперавес.

Практыка дзясяткаў апошніх адміністрацыйных судоў паказвае, што справы паводле артыкула 23.34 заканчваюцца вялізнымі штрафамі.

Паводле bchd.info


Каментаваць