Шанец для пераменаў ці для кансервацыі

Цягам апошніх месяцаў грамадзянскую супольнасць Беларусі трасе з-за новых перспектыў развіцця краіны. Палітычная ізаляцыя раптоўна змянілася досыць рэальнымі магчымасцямі далучыцца да праграмы «Усходняе партнёрства», што з’яўляецца крокам на шляху да інтэграцыі з ЕС. Шэраг візітаў у Беларусь высокіх чыноўнікаў Еўрасаюза завяршыўся запрашэннем невыязнога раней Аляксандра Лукашэнкі на майскі саміт «Усходняга партнёрства» ў Празе.



Цягам апошніх месяцаў грамадзянскую супольнасць Беларусі трасе з-за новых перспектыў развіцця краіны. Палітычная ізаляцыя раптоўна змянілася досыць рэальнымі магчымасцямі далучыцца да праграмы «Усходняе партнёрства», што з’яўляецца крокам на шляху да інтэграцыі з ЕС. Шэраг візітаў у Беларусь высокіх чыноўнікаў Еўрасаюза завяршыўся запрашэннем невыязнога раней Аляксандра Лукашэнкі на майскі саміт «Усходняга партнёрства» ў Празе.

Хаця і з некаторым спазненнем у часе, але ўсё ж у Мінску адбылася канферэнцыя «Удзел грамадзянскай супольнасці Беларусі ў ініцыятыве «Усходняга партнёрства». Яе арганізатары — грамадскае аб’яднанне «Платформа падтрымкі супрацоўніцтва беларускіх арганізацый грамадзянскай супольнасці і мясцовых уладаў» (Мінск) і «Офіс за дэмакратычную Беларусь» (Брусель) — мелі на мэце прадставіць ідэі і падыходы да фармавання і ролі грамадзянскай супольнасці ў рамках «Усходняга партнёрства», а таксама паспрыяць яе далучэнню да гэтай праграмы Еўрасаюза. Заўважым, грамадзянская супольнасць займае істотнае месца сярод дзеючых інструментаў кантролю за рашэннямі і дзеяннямі палітычных эліт ЕС, чаго, на жаль, не скажаш пра Беларусь.

Адкрываючы канферэнцыю, часовы павераны ў справах Еўракамісіі ў Беларусі Жан-Эрык Гольцапфель адзначыў, што «Усходняе партнёрства» з’яўляецца «стратэгічнай ініцыятывай Еўрасаюза, якая мае шэраг важных мэтаў. Яна прадугледжвае практычную дапамогу краінам-партнёрам дзеля ўмацавання іх стабільнасці і незалежнасці і заснаваная на агульнадэмакратычных каштоўнасцях ЕС: вяршэнстве закона, павазе і выкананні асноўных правоў і свабод чалавека, каштоўнасцях рынкавай эканомікі». Пры гэтым узровень удзелу краін-партнёраў у праграме залежыць ад таго, наколькі яны будуць прытрымлівацца гэтых каштоўнасцяў. Пры гэтым падкрэсліваецца, што праграма «Усходняе партнёрства» — гэта не антырасійская ініцыятыва, а водгук на жаданне краінаў Усходняй Еўропы, якія хацелі б паглыбіць свае адносіны з Еўрасаюзам.

Сярод ініцыятыў, прапанаваных у межах «Усходняга партнёрства», вылучаецца пяць накірункаў. Гэта аб’яднаная праграма кіравання межамі, спрыяльныя ўмовы для малога і сярэдняга бізнесу, рэгіянальныя рынкі электрычнасці, энергаэфектыўнасць і рост выкарыстання альтэрнатыўных крыніц энергіі, паўднёвы энергетычны калідор (з’яўляецца ключавой інфраструктурнай ініцыятывай, якая садзейнічае дыверсіфікацыі транзітных маршрутаў і крыніц пастаўкі энергарэсурсаў у краіны ЕС і партнёрам ЕС), папярэджванне, гатоўнасць і пераадольванне прыродных і штучных катаклізмаў.

Натуральна, дэкларуючы высокія мэты, Еўрасаюз не забывае і пра свае інтарэсы. Палітолаг Валерый Карбалевіч звяртае ўвагу, што Еўрапейскі саюз дагэтуль граў ролі эканамічнага гіганта і знешнепалітычнага карліка. «ЕС не быў не толькі моцным гульцом на міжнароднай арэне, у яго не было нават волі ўплываць на сваіх суседзяў. Рэалізацыя стратэгіі «Усходняе партнёрства» можа змяніць гэту сітуацыю, — адзначае эксперт. — Еўрасаюз прапануе шасці постсавецкім краінам вялікі і салодкі пернік: выказвае гатоўнасць адкрыць свае рынкі, стварыць зону свабоднага гандлю, перайсці да бязвізавага рэжыму. Узамен гэтыя краіны мусяць уніфікаваць сваё заканадаўства з еўрапейскім».

Па меркаванню Карбалевіча, ініцыятыва Еўрасаюза мусіць стаць сур’ёзным інструментам уплыву ва Усходняй Еўропе і Закаўказзі. У супрацьвагу Расіі ЕС прапануе буферным дзяржавам прэферэнцыі за геапалітычную лаяльнасць. «Гэта заяўка на істотнае павышэнне міжнароднай вагі Еўрапейскага саюза, прэтэнзія на ролю моцнага гульца. Новы праект кідае выклік Маскве. Ён арыентаваны на перахоп гэтых дзяржаў з-пад расійскага ўплыву, стварэнне своеасаблівай падушкі бяспекі», — зазначыў палітолаг падчас свайго выступу на канферэнцыі.

Кіраўнік руху «За Свабоду» Аляксандр Мілінкевіч падчас свайго выступу на канферэнцыі адзначыў, што развіццё магчымага сяброўства Беларусі ў праграме «Усходняе партнёрства» ў многім залежыць ад прадстаўнікоў грамадзянскай супольнасці. Галоўнымі перашкодамі да ажыццяўлення стратэгіі Усходняга партнёрства ён назваў палітычныя, у прыватнасці, цяперашні рэжым Лукашэнкі.

Мілінкевіч лічыць, што час да змянення палітыкі ЕС у адносінах да Беларусі быў выкарыстаны неэфектыўна. «Ранейшая палітыка ЕС грунтавалася на дванаццаці ўмовах, якія трэба было выканаць для шчыльнага супрацоўніцтва. Маральныя ўмовы мусяць захоўвацца. Але вынікі ранейшай палітыкі ЕС у адносінах да Беларусі хутчэй адмоўныя: эканамічная сітуацыя пагаршалася, рэфармавання эканомікі не адбылося, Беларусь усё больш падсаджвалася на расійскую энергетычную іголку, дэмакратычная супольнасць свайго ўплыву на грамадства не павялічыла, рэпрэсій стала больш», — адзначыў палітык.

Паводле яго слоў, Расія павінна застацца стратэгічным партнёрам, але «жыць мы мусім у розных дзяржавах». «Усходняе партнёрства» экс-кандыдат у прэзідэнты разглядае як патэнцыйныя крокі да ўступлення ў ЕС: «Еўрасаюз прапануе пяці краінам шырокае супрацоўніцтва, у тым ліку і палітычнае. У перспектыве пасля ўдзелу ў праграме «Усходняе партнёрства», калі Беларусь выканае многія акрэсленыя ўмовы, то будзе мець добры шанец на ўступленне ў ЕС, можа нават лепшы за іншых».

Мілінкевіч падкрэсліў важнасць палітычнага дыялогу і заявіў, што асабіста ён з’яўляецца прыхільнікам эвалюцыйнага развіцця. «Форма, у якой праводзіцца дыялог, ацэньваецца рознымі групамі па-рознаму. Для многіх людзей галоўнае ў палітычным змаганні за дэмакратыю — барацьба з канкрэтным чалавекам, які з’яўляецца кіраўніком краіны, — сказаў ён. — Паколькі трэба гэтага чалавека адлучыць ад улады, важна выкарыстоўваць вядомыя меры: працяг ізаляцыі ці паўізаляцыі, магчыма, і эканамічныя санкцыі, ізаляцыя Лукашэнкі. Думаю, такая пазіцыя мае права на жыццё, тым больш ёсць вялікая незадаволенасць часткі апазіцыі. Яны называюць запрашэнне Лукашэнкі ў Прагу праз візіт Шварцэнберга і Саланы здрадай прынцыпам, непаслядоўнасцю. Але я не бачу альтэрнатыўнай пазітыўнай палітычнай стратэгіі, акрамя той, што рэалізуецца цяпер Еўрасаюзам».

Кіраўнік працоўнай групы Асамблеі недзяржаўных дэмакратычных арганізацый Сяргей Мацкевіч лічыць, што ўдзел Беларусі ў праграме «Усходняе партнёрства» мусіць залежаць ад развіцця сітуацыі ўнутры краіны. Найперш гэта тычыцца выпадкаў парушэння правоў чалавека, якія мусяць не толькі фіксавацца, але і несці за сабой наступствы для дзеючага рэжыму. «Калі сяброўства ў праграме не будзе залежаць ад унутранай сітуацыі ў краіне, то «Усходняе партнёрства» будзе ўсяго толькі інструментам кансервацыі цяперашняй сітуацыі з магчымымі нязначнымі зменамі», — адзначае грамадскі дзеяч.

Варта звярнуць увагу на меркаванне палітолага Уладзіміра Мацкевіча, які зазначыў, што абставіны прадставілі Беларусі шанец на еўраінтэграцыю, і яго неабходна выкарыстаць. У адваротным выпадку падобных магчымасцяў можна чакаць яшчэ не адзін дзесятак гадоў.

Арганізатары разлічвалі, што на канферэнцыі выкажацца прадстаўнік Міністэрства замежных спраў Беларусі, аднак ніхто з супрацоўнікаў знешнепалітычнага ведамства не прыйшоў на сустрэчу.



Кошт «Усходняга партнёрства»

Часовы павераны ў справах прадстаўніцтва Еўракамісіі ў Беларусі Жан-Эрык Гольцапфель агучыў лічбы фінансавання праектаў праграмы «Усходняе партнёрства» ў розных краінах да 2010 года.

Найбольш атрымае Украіна — 494 мільёна еўра, Малдова — 209,6 мільёна еўра, Грузія — 120,4, Арменія — 98,4, Азербайджан — 92, Беларусь — каля 40 мільёнаў еўра. Плануецца, што ў 2010–2013 гадах фінансаванне падвысіцца на 75 працэнтаў.

Фінансаванне партнёраў у межах Еўрапейскага інструмента суседства і партнёрства (ЕІСП) летась склала 450 мільёнаў еўра. Еўрапейская камісія мае намер працягнуць прагрэсіўнае павелічэнне гэтай сумы такім чынам, каб да 2013 года яна склала 785 мільёнаў еўра. Для гэтага бягучы бюджэт, прадугледжаны ў межах ЕІСП, мусіць быць папоўнены новымі сродкамі на 350 мільёнаў еўра звыш рэсурсаў, якія плануецца вылучыць на 2010–2013 гады.

Сродкі, прадугледжаныя бюджэтам бягучага года, могуць быць выкарыстаны для пачатку рэалізацыі першачарговых ініцыятыў, прыблізна 250 мільёнаў еўра з сёлетняга бюджэту Еўрапейскага інструмента суседства і партнёрства могуць быць пераарыентаваныя на 2010–2013 гады.

Грошы Еўрасаюза будуць выкарыстоўвацца для рэалізацыі плана рэфармавання праграмы «Усходняе партнёрства» праз выкананне праграм Комплекснага развіцця інстытуцыянальнага патэнцыялу, а таксама забеспячэнне абсталяваннем і стварэннем спецыялізаванай інфраструктуры. Таксама за кошт павелічэння рэсурсаў будзе падтрымлівацца праца платформ, атрымаюць падтрымку ключавыя ініцыятывы. У выніку гэтыя сродкі будуць выкарыстаныя для падтрымкі партнёраў у працэсе фармавання іх рэгіянальнай палітыкі, накіраванай на забеспячэнне стабільнасці шляхам садзейнічання ўнутранай аб’яднанасці і скарачэння сацыяльна-эканамічнай няроўнасці.

Каментаваць