Шанс пакаяння

Алесь Міхалевіч, адзін з кандыдатаў у кандыдаты на прэзідэнцкія выбары, днямі зрабіў цікавую заяву. Па яго словах, у выпадку, калі яго абяруць прэзідэнтам, першым сваім дэкрэтам ён гарантуе свайму папярэдніку персанальную недатыкальнасць.



Алесь Міхалевіч, адзін з кандыдатаў у кандыдаты на прэзідэнцкія выбары, днямі зрабіў цікавую заяву. Па яго словах, у выпадку, калі яго абяруць прэзідэнтам, першым сваім дэкрэтам ён гарантуе свайму папярэдніку персанальную недатыкальнасць.

Сярод каментараў заявы ў інтэрнэце прагучаў наступны тэзіс: з аднаго пункту гледжання, гарантыя недатыкальнасці для сыходзячага прэзідэнта добрая. А менавіта, засцерагаючы яго ад хуткага неправавога ўздзеяння з боку, яна дазволіць плаўна перадаць «былога» ў справядлівыя рукі закону, паводле якога і будуць ацэнены ўсе яго заслугі.

А заслуг нямала. У №№162–163 «Народнай волі» за 15–18 кастрычніка 2010 годзе з’явіўся розгаласны матэрыял Марыі Эйсмант пра былога падпалкоўніка міліцыі Мікалая Казлова, які на парламенцкіх выбарах 2008 года на ўчастку №463 Старавіленскай акругі №105 у Мінску зафіксаваў укідванне ўчастковай камісіяй пачка фальшывых бюлетэняў у апошні дзень папярэдняга галасавання. Вынік: падпалкоўнік сышоў у адстаўку, парушальнікі закона не пакараны.

З нагоды гэтай публікацыі хацеў бы выказаць дзве рэчы. Па-першае, перакананы, для парушальнікаў выбарчага заканадаўства адбылася толькі адтэрміноўка пакарання ў часе. Яны павінны разумець, што сустрэча з законам іх чакае непазбежна.

Па-другое, распавесці пра падобны выпадак, зафіксаваны на практыцы майго ўласнага назірання за мясцовымі выбарамі 2010 года, з тым, каб заклікаць чытачоў дакументаваць вядомыя ім выпадкі парушэння правапарадку. Для будучыні. І каб не здавалася, што апісаная Мікалаем Казловым сітуацыя ўнікальная. Ёсць адчуванне, што колькасць крымінальнікаў па артыкулах пра парушэнні выбарчага заканадаўства з хуткім, будзем спадзявацца, усталяваннем у краіне законнасці, дасягне не адной тысячы.

Не варта шкадаваць: гэтыя людзі ведалі, на што ішлі, і быць прыцягнутымі да адказнасці заслужылі.

Справа адбывалася на ўчастку № 73 Мірашнічэнкаўскай акругі 43 Мінска 25 красавіка бягучага года на выбарах у мясцовыя саветы, і пра яе мы ўжо пісалі на сайце нашай газеты 27 красавіка («Чычыкавы ў выбарчых камісіях»). Для большасці, якая не заглядае на сайт, каротка выкладаю сутнасць справы. Падчас галасавання з дзвюма вынаснымі скрынямі на тэрыторыі ўчастку (гэта сельгаспасёлак, прыватная забудова), у адну, кантраляваную назіральнікам, пасля 4,5 гадзін абыходу дамоў, было апушчана 27 бюлетэняў. У іншай, якую суправаджалі толькі сябры камісіі, за 4 гадзіны аказалася 145 бюлетэняў. Што нават перавысіла колькасць заявак на галасаванне ў вынасныя скрыні, якія, паводле 54 артыкула Выбарчага кодэксу, падаюцца загадзя. Заявак было на дзве скрыні 140. Прычым чатыры чалавекі (як высветлілася ў кантраляванай групе), не маглі быць заяўнікамі, бо памерлі ад 2 да 5 год таму.

Выснова: у другую скрыню кідалі бюлетэні і за памерлых, якія непазбежна былі ў другой частцы спісу папярэдніх заявак (101 асоба), і за тых, да каго папросту фізічна не маглі паспець зайсці, і за дадатковыя 44 чалавекі, якія і заяўкі на галасаванне «на вынас» не падавалі, і, зразумела, і не галасавалі ў рэальнасці. Памер «закіду» — мінімум 120 бюлетэняў, а хутчэй — усе 145.

Зразумела, складзены мной і яшчэ адным назіральнікам Антонам Койпішам пратакол пра грубае парушэнне закону не зрабіў уражанне ні на пракуратуру, ні на Цэнтральную выбарчую камісію. Як не быў падпісаны і старшынёй участковай камісіі Мікалаем Чэрнікам, дырэктарам УП «Рэмаўтадор» Савецкага раёна, з супрацоўнікаў якога (і службоўцаў Савецкага «Зеленстроя») камісія і складалася.

Але персанальна для Мікалая Чэрніка і тысяч яму падобных па ўсёй краіне напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў 2010 года будзе карысны каментар, зроблены да гэтай сітуацыі па нашай просьбе юрыстам і праваабаронцам Алегам Волчакам.

— Махляры з выбарчых камісій хіба спадзяюцца, што яны парушаюць толькі 49 артыкул Выбарчага кодэксу РБ «Адказнасць за парушэнне патрабаванняў Кодэкса», дзе за падлог дакументаў па выбарах і скажэнне вынікаў галасавання прапісана як вельмі агульная «адказнасць паводле заканадаўства РБ». Але дарэмна спадзявацца на лёгкую «агульнасць», бо дзеля абмаляванага і падобных выпадкаў у Крымінальным кодэксе існуюць абсалютна канкрэтныя артыкулы. Такія, як арт. 191 — «Перашкода ў ажыццяўленні выбарчых правоў…», які прапісвае ў частцы 1 пакаранне пазбаўленнем волі да 3 гадоў, а ў частцы 2 (у выпадку дзеянняў групай асобаў і па папярэдняй змове, што і адбываецца ў камісіях) — да 5 гадоў. Але гэта не ўсё. Калі для мясцовых выбараў яшчэ адзін артыкул — 357 («Змова або іншыя дзеянні, здзейсненыя з мэтай захопу дзяржаўнай улады»), прымяняецца з пэўнай нацяжкай, то для прэзідэнцкіх выбараў становішча выглядае іначай. Частка 2 гэтага артыкула абяцае да 15 гадоў турмы за захоп і ўтрыманне ўлады неканстытуцыйным шляхам.

Менавіта частка 2 артыкула 357 і павінна разглядацца сябрамі выбарчых камісій як вельмі праўдападобнае прадказанне іх будучага лёсу. Тым больш што ў выпадку ўзнікнення апісанай у 357 артыкуле сітуацыі, як сцвярджае Алег Волчак, тэрмін даўніны натуральным чынам дзейнічаць не будзе. Для ўсіх «гераічных здзяйсненняў», пачынаючы ад рэферэндуму 1996 года. Ёсць толькі шанец на змякчэнне віны — абсалютна адпаведныя праву дзеянні на выбарах 19 снежня 2010-га.
 

Каментаваць