Шатландыя — не Беларусь

Шатландыя не падтрымала незалежнасць ад Вялікабрытаніі. Паводле дадзеных рэферэндума, 55,3% шатландцаў выказаліся за тое, каб застацца ў складзе Аб’яднанага Каралеўства. Ці нешта гэта азначае для Беларусі?



Найперш вынікі шатландскага рэферэндуму, — гэта, канешне, вельмі моцны ўдар па нацыяналістычных і сепаратысцкіх рухах у самой Еўропе: па басках, каталонцах і іншых, якія змагаюцца за стварэнне сваіх незалежных дзяржаваў. А ці ёсць у гэтым нейкі знак для Беларусі? Для краіны, улады якой усяляк падтрымліваюць рознага кшталту інтэграцыйныя праекты з усходняй суседкай, — «Саюзную дзяржаву», Мытны саюз і Еўразійскую эканамічную супольнасць?

Канешне, мы «яднаемся» ці «падаем у братэрскія абдымкі», калі так можна сказаць, вельмі непрадказальнаму і, у апошні час, вельмі агрэсіўнаму суседу. Але ці ёсць інтэграцыя нейкім сусветным трэндам, і ці адаб’юцца вынікі шатландскага рэферэндуму на Беларусі? Пра гэта «НЧ» распытаў «найбуйнейшых незалежнікаў» у беларускай палітыцы.

Сустаршыня аргкамітэта па стварэнні партыі «Беларуская Хрысціянская дэмакратыя», былы кандыдат у прэзідэнты Беларусі Віталь Рымашэўскі:

— Я думаю, што трэба глядзець не на тыя 55,3%, якія прагаласавалі супраць незалежнасці Шатландыі, а на тыя 44,7%, хто галасаваў за яе. І я лічу гэтыя 44,7% насамрэч перамогай незалежніцкіх сілаў. Бо ў супрацьдзеянні незалежнасці Шатландыі, падаецца, кансалідаваліся ўсе: усе палітычныя партыі Вялікабрытаніі, гучалі пагрозы нейкіх непрыемнасцяў з боку чыноўнікаў Еўрасаюза, з боку NАТО… І тое, што прыхільнікі таго, каб Шатландыя засталася ў Вялікабрытаніі, атрымалі мінімальную перавагу — гэта ўсё ж перамога незалежніцкіх сілаў. Я думаю, гэтыя сілы нікуды не знікнуць, і гэтае пытанне будзе паўставаць яшчэ і яшчэ.

Як гэта адаб’ецца на Беларусі, і ці не будзе Аляксандр Рыгоравіч казаць, што «вось, нават шатландцы не адмовіліся ад інтэграцыі»? Не, я цяжка ўяўляю, як гэта можа скарыстаць улада. Бо шатландскі рэферэндум паказаў, што ў цывілізаваных дэмакратычных краінах можна вырашаць такія звышскладаныя пытанні мірным шляхам, «голасам народу». А не агрэсіяй, у супрацьвагу таму, што адбываецца ва Украіне. Ці ў нас, дзе выбараў няма, а вынікі галасаванняў і рэферэндумаў фальсіфікуюцца.

Намеснік старшыні Партыі БНФ, былы кандыдат у прэзідэнты Беларусі Рыгор Кастусёў

— Гледзячы на шатландскі рэферэндум, я ўзгадваў сустрэчу з шатландцамі, якая адбылася ў мяне гады чатыры таму. Я ім распавядаў пра нашыя праблемы, адсутнасць дэмакратыі і ўсё іншае. І адзін з шатландцаў мне сказаў кшталту таго: «Не трэба так моцна ўжо плакацца, бо ў вас ёсць самае галоўнае — незалежнасць дэ-факта і дэ-юрэ. У нас, шатландцаў, таго няма, хоць мы стагоддзямі гэтага дамагаемся». І зараз я вельмі спачуваю тым шатландцам, хто дамагаўся незалежнасці.

Што тычыцца Беларусі, то я баюся, што ў выніку гэтага рэферэндуму пазіцыя Вялікабрытаніі ў нейкіх кулуарных перамовах з Расіяй наконт Беларусі (а мы ведаем, што такія перамовы ў Еўропе раз-пораз і вядуцца) будзе не такая моцная і не такая паслядоўная, як бы хацелася. Нашы інтарэсы як незалежнай дзяржавы будуць улічвацца не так моцна, як бы мы гэтага жадалі.

Што ж да магчымасці скарыстання шатландскага рэферэндуму беларускай прапагандай, інтэграцыі і гэтак далей, то я не думаю, што гэта неяк адбудзецца. Справа ў тым, што Аляксандр Рыгоравіч ужо даінтэграваўся ўшчэнт, як кажуць, «трапіў у нерат — і ні ўзад, ні ўперад». Апошнім часам ён гэтай інтэграцыі, можа, нават пабойваецца.

Сустаршыня аргкамітэту па стварэнні нацыянальна-дэмакратычнай партыі «Беларускі рух» Вінцук Вячорка:

— Тое, што мы бачым зараз у Еўропе — гэта працэс дафармавання нацыяў. У Шатландыі, Каталоніі, на Поўначы Італіі — гэта магутны нацыянальны ўздым, нацыянальныя ідэі адраджэння і суверэнітэту. Адзінае, што гэтымі рухамі кіруюць альбо занадта левыя, альбо занадта правыя — кансерватыўныя партыі, будучы дзяржаўнікамі, неяк убаку ад гэтага.

Найважнейшым я лічу тое, што рэферэндум адбыўся ў варунках сапраўднай дэмакратыі. Лондан прызнаў права шатландцаў на такі рэферэндум, а прэм’ер Кэмеран пераконваў шатландцаў, а не фальсіфікаваў вынікі галасавання. І, вы такое пытанне не задаяце, але я сам задам і сам адкажу: ні ў якім разе не трэба параўноўваць шатландскі рэферэндум і анексію Крыма. Крым — гэта помста імперыі Украіне, атака імперыі на незалежную дзяржаву. Кэмеран жа не ўводзіў у Шатландыю «ветлівых людзей», «зялёных чалавечкаў», праўда?

У цэлым я думаю, што рана ці позна суверэнітэт Шатландыі, Каталоніі, іншых народаў рэалізуецца. Гэта прырода, супраць гэтага не папрэш.

Што ж тычыцца Беларусі… Да Беларусі гэты рэферэндум ніякага дачынення не мае. Беларусь аднавіла сваю незалежнасць у 1991 годзе, і пакуль што застаецца суверэннай і незалежнай дзяржавай, нягледзячы на разбуральную працу Лукашэнкі і Крамля.

Намеснік старшыні Кансерватыўна-хрысціянскай партыі — БНФ Юрась Беленькі

— Трэба разумець, што такое Шатландыя і Брытанія, і што такое Беларусь і Расія. І трэба глядзець тэндэнцыі. У Шатландыі 44% насельніцтва выказалася за незалежнасць. А колькі было гэтых «незалежнікаў» 5 ці 10 гадоў назад? Куды ідзе гэтая тэндэнцыя?

Да таго ж не забывайце, што Шатландыя жыве ў дэмакратычным свеце, а не побач з такой пачварай, з якой жывем мы — агрэсіўнай, беспрынцыпнай, таталітарнай, амаральнай. Гэта розныя рэчы. Брытанская імперыя ўжо даўно скончыла сваё існаванне, Аб’яднанае Каралеўства — гэта не Расійская імперыя. Таму параўноўваць і праводзіць паралелі паміж Шатландыяй і Беларуссю абсалютна некарэктна, трэба ўсё гэта мераць іншымі лякаламі.

Што тычыцца скарыстання вынікаў шатландскага рэферэндуму прапагандай… Я не ведаю, што будзе скарыстоўваць ФСБ у прапагандзе, ці дакладней ў якасці інфармацыйнай зброі, якую яны выкарыстоўваюць. Гэта не зусім тое самае, што прапаганда, бо інфармацыйная зброя накіраваная на падаўленне волі да супраціву праціўніка. Таксама звязваць гэта нелагічна. Інфармацыйная зброя не заснаваная на тых крытэрах, на якіх заснаваная сапраўды прапаганда нейкіх ідэй.

Абмеркаванне:

  • awa
  • 2014-09-22 02:37:41
Каб там быў крызіс, хаця б эканамічны, то большасьць выступіла б за незалежнасьць. Трэба чакаць ...

Каментаваць