Шчыт Айчыны ці ЛПП у форме

Ад зімовага вайсковага прызыву трох лідэраў грамадскага руху — Франака Вячоркі, Змітра Хведарука і Івана Шылы — прайшло паўгода. Хлопцы за гэты час не толькі паспелі падвысіць свае нефармальныя вайсковыя “статусы, але і мінімальна нешта змяніць на месцы службы. Адзін дамогся, каб адрамантавалі прыбіральню ды памянялі ўнітазы, па заяве другога ў частцы паставілі таксафон... Ці магчымая дынаміка ў статычнай ваеннай сістэме, высвятляла Вольга Хвоін.

(На здымку: Зміцер Хведарук)



Ад зімовага вайсковага прызыву трох лідэраў грамадскага руху — Франака Вячоркі, Змітра Хведарука і Івана Шылы — прайшло паўгода. Хлопцы за гэты час не толькі паспелі падвысіць свае нефармальныя вайсковыя “статусы, але і мінімальна нешта змяніць на месцы службы. Адзін дамогся, каб адрамантавалі прыбіральню ды памянялі ўнітазы, па заяве другога ў частцы паставілі таксафон... Ці магчымая дынаміка ў статычнай ваеннай сістэме, высвятляла Вольга Хвоін.

(На здымку: Зміцер Хведарук)


Паводле ацэнак экспертаў, штогадовы памер ваенных выдаткаў Беларусі не дасягае і 1,5 працэнта ад аб’ёму ВУП, сёлета гэта складзе 1,73 трыльёна рублёў. Цяпер больш за 20 працэнтаў пасадаў салдат і сяржантаў у беларускім войску ўкамплектаваныя кантрактнікамі. Пры гэтым кантрактнікі складаюць 10 працэнтаў ад усіх вайскоўцаў Узброеных сіл нашай краіны, салдаты тэрміновай службы — 40 працэнтаў. Усяго беларускае войска налічвае каля 65 тысяч чалавек, з якіх 50 тысяч — вайскоўцы, а 15 тысяч чалавек — цывільны персанал.

Міністэрства абароны Беларусі мае намер прытрымлівацца абранага раней змяшанага прынцыпу камплектавання Узброеных сілаў — за кошт прызыўнікоў на тэрміновую ваенную службу і вайскоўцаў, якія праходзяць службу па кантракце. У далейшым прадугледжваецца толькі падвышэнне якасці гэтага працэсу, сцвярджаюць чыноўнікі сілавога ведамства. Раней заяўлялася, што беларускае войска да 2010 года мусіць на 50 працэнтаў быць укамплектаванае салдатамі і сяржантамі кантрактнай службы. Аднак у Мінабароны падлічылі, што гэта выкліча “яшчэ большую празмернасць прызыўнога рэсурсу, які і так ужо назіраецца ў рэспубліцы на працягу некалькіх гадоў. Не апошнюю ролю ў бліжэйшым будучым войска адыграе і спад у эканоміцы.

Працэс мадэрнізацыі беларускага войска сучаснай зброяй і баявой тэхнікай (што, натуральна, не менш важна за прафесійны чалавечы рэсурс) можа паскорыцца дзякуючы Дамове аб сумеснай ахове знешняй мяжы Саюзнай дзяржавы ў паветранай прасторы і стварэнні Адзінай рэгіянальнай сістэмы супрацьпаветранай абароны Беларусі і Расіі.

Калі ў Беларусі бракуе ўласных грошай на новую тэхніку, то з чалавечым рэсурсам праблем няма. Пад прызыў патрапляюць каля 80 тысяч чалавек, армія гатовая прыняць толькі 10. Атрымаць адтэрміноўку юнаку ад службы не так складна. Але ёсць такія, каго ў кабінетах Мінабароны і нават вышэйшых хочуць бачыць у шэрагах жаўнераў па-за конкурсным адборам і не зважаючы на магчымыя фактары выбракоўкі.

Адзін з лідэраў “Маладога Фронту Зміцер Хведарук служыць у вайсковай частцы ў Жодзіна. Праўда, перыядычна патрапляе ў ваенны шпіталь на лячэнне. Франак Вячорка — кіраўнік моладзевай арганізацыі Партыі БНФ “Моладзь БНФ — знаходзіцца ў ваеннай частцы пад Мазыром, маючы супрацьпаказанні для службы. Актывіст “Маладога Фронту Іван Шыла служыць у ракетнай брыгадзе на Віцебшчыне.

Што беларускае войска атрымала ад палітычна актыўных жаўнераў і што дало ім за гэты час? Іван Шыла падчас свайго адпачынку падзяліўся назіраннямі пра прыстасаванства сярод афіцэраў і салдат тэрміновай службы, выгоды вайсковай прафесіі ды тое, на што трацяцца грошы падаткаплацельшчыкаў.

Іван Шыла


— Сёння ў войску служаць няўдачнікі, — лічыць Іван, — і я адзін сярод іх. Ніхто служыць не хоча. Тут найперш важнае пытанне катэгорыяў мыслення. Калі чалавек жыве ў вялікім горадзе, мае адукацыю, у яго іншыя жыццёвыя мэты, мы — пакаленне прагматыкаў. А войска — абсалютна ірацыянальная з’ява, на выхадзе ты атрымліваеш толькі характарыстыку. Раней яно каціравалася, цяпер прываблівае ў асноўным толькі вясковых хлопцаў з сярэдняй ці сярэдняй спецыяльнай адукацыяй. Сёння быць добрым салдатам — гэта быць прыстасаванцам, умець знайсці падыход да афіцэраў, тонка падманваць. І гэтым многія жаўнеры займаюцца ў войску, каб атрымаць не пяць, а дваццаць пяць дзён адпачынку. Канешне, сярод салдатаў ёсць тыя, хто вырашыў паступіць у ваенную акадэмію. Калі ты абіраеш кар’еру вайскоўца, то ў цэлым не прагадаеш. Ты не працуеш фізічна, але і інтэлектуальна не надта напружваешся, маеш пастаянны заробак, жыллё. Я б назваў гэта прымальным варыянтам для тых, хто мае “нізкі старт.

Грамадска актыўныя прызыўнікі паспелі паактыўнічаць і ў сваіх вайсковых частках. Вынік — невялікі, затое ўвагі начальства цяпер праз меру. Выдзяляцца ў страі нельга.

— Войска — адна з найбольш інертных, закрытых дзяржаўных інстытуцыяў. — працягвае Іван Шыла. — Змяніць яго намаганнямі адзінак салдат немагчыма. Патрэбна, каб гэтыя пытанні ставіліся на высокім узроўні, а таксама самімі грамадзянамі Беларусі. Яны павінны ведаць і мець магчымасць уплываць на тое, куды і як трацяцца іх падаткі. А гэта — змена сістэмы светаўспрымання. Сённяшнія сяржанты аднойчы стануць генераламі, але ці будуць мець матывацыю для рэформаў? Такі генерал будзе жыць у Мінску, мець жыллё, будзе ездзіць з нейкімі рэвізіямі па вайсковых частках і рабіць выгляд, што ўсё нармальна, бо ён памятае, як дваццаць гадоў таму служыў сам і гэтак жа імітаваў сваю дзейнасць. І вось яму трэба пісаць канцэпцыю развіцця войска, прабівацца праз бюракратычныя працэдуры, нешта некаму даказваць. А да пенсіі пару гадоў, дык навошта тады нервавацца? Гэта вялікая праблема, што ўсе ў гэтай сістэме ваенныя: дактары, журналісты і гэтак далей. Прыходзіць дзесяць тысяч салдат, сыходзіць... Нехта ў гэты час рухаецца па службовай лесвіцы, атрымлівае кватэры, даслужваецца да пенсіі.

Армія — школа маладых мужчынаў. Падаткаплацельшчыкі плацяць грошы, каб мы вынеслі нешта станоўчае выключна для сябе, сталі больш арганізаванымі, стрыманымі, разважлівымі. Я вось кніжкі чытаю, фізічнай падрыхтоўкай займаюся. Баявых вучэнняў у нас амаль няма. Таму і баяздольнасць маёй вайсковай часткі аб’ектыўна нізкая. Армія цяпер — ЛПП у вайсковай форме.

Што тычыцца адстойвання правоў, дык нехта ж мусіць пра гэта гаварыць. Даводзіцца пісаць міністру абароны, бо не прынята, каб жаўнер задаваў пытанні ці публічна іх агучваў. З пазітыўных вынікаў такой перапіскі — паставілі таксафон у частцы, перасталі прымяняць падвойнае спагнанне за адну правіннасць.

Кіраўніка “Моладзі БНФ Франака Вячорку ў войска забіралі як у сапраўдным блокбастэры — з міліцыяй, з захопам у шпіталі, дзе праходзіў абследаванне, ды іншым эпатажным антуражам. У войску Франак разгарнуў уласную кампанію за рамонт прыбіральняў ды беларусізацыю камандаў. У выніку — унітазы памянялі, інтэрнэт-карыстальнікі палюбаваліся на ўзорную дабітасць ваенных санвузлоў, а камандзіры вывучылі новую каманду “Зважай!.

Франак Вячорка


Франак адпачынку пакуль не меў, таму пра акалічнасці яго службы падзяліўся бацька Вінцук Вячорка:

— Тры гады таму, калі заходнія эксперты пыталіся ў мяне, ці варта супрацоўнічаць з беларускім войскам, у якой ступені яно заангажаванае ў беларускую палітыку, я з чыстым сумленнем адказваў, што яно абсалютна не заангажаванае і займаецца выключна сваімі вайсковымі справамі. Аднак, пачынаючы з інцыдэнту са Змітром Жалезнічэнкам, па невядомых мне прычынах, міністр абароны Мальцаў здаўся і пагадзіўся выкарыстоўваць армію як заменнік турмы для палітычна актыўных людзей. Войска як спосаб ізаляцыі грамадскага актывіста — вельмі эфектыўны інструмент. Яно спыняе адукацыю, выкідвае з кантэксту падзей. Трэба катэгарычна выступаць за спыненне выкарыстання войска як рэпрэсіўнага органа ў першую чаргу самім вайскоўцам, міністэрству. Армія заўжды мела свой гонар, і трэба гнаць адтуль тых спецслужбістаў, якія чужымі рукамі робяць сваю брыдкую справу. Калі нешта здарыцца з жаўнерам, хворым на артэрыяльную гіпертанію, то не спецслужбы будуць адказваць, а камандзір, у якога служыць хлопец.

Кантактуючы са многімі афіцэрамі, я пабачыў, што абсалютная большасць з іх — этнічныя беларусы. Гэты фактар мог быць добрым грунтам для патрыятычнага выхавання ў войску, калі б не цалкам пазасталая савецкая сістэма прапаганды і мозгапрамыўкі. Калі этнічныя беларусы з беларускімі прозвішчамі пачынаюць цкаваць салдата-беларуса за яго беларускую мову, гэта мала назваць абсурдам, гэта дыскрэдытуе армію. Калі ў вайсковай адзінцы беларускай арміі забараняюць жаўнерам чытаць Васіля Быкава, і пасля доўгай бюракратычнай цяганіны такі дазвол атрымлівае толькі адзін салдат, прычым кніга захоўваецца ў недаступным для астатніх месцы. Для мяне гэта выглядае абсалютным абсурдам, бо Быкаў у свой час панюхай рэальнага пораху і мае поўнае права быць маральным аўтарытэтам для беларускіх салдат. Гэты абсурдны адрыў зместу, якім напаўняюць галовы салдат і афіцэраў, ад задачаў войска як галоўнага патрыятычнага інстытуту крайне небяспечны ва ўмовах маральнага выбару.

Калі гаварыць пра побытавыя варункі, то думаю, што яны ў цэлым адпавядаюць таму стану, у якім знаходзіцца эканоміка. Недзе могуць паказаць еўрарамонты, а недзе не могуць зрабіць і звычайнага. Мой сын здолеў апублікаваць свой дзённік у інтэрнэце з фотаздымкамі, на якіх ушчэнт разламаныя душавыя кабіны і дзіркі ў падлозе з вайсковага шпіталя ў Баранавічах. У мазырскай частцы, дзе ён цяпер служыць, адрамантавалі прыбіральню. Але не ў кожнай частцы ёсць свой Франак, які нешта напіша, каб падштурхнуць кіраўніцтва да пераменаў. Я з павагай стаўлюся да нашых афіцэраў-прафесіяналаў, думаю, што яны знаходзяцца далёка не ў ідэальных матэрыяльных варунках. І выйсце з гэтага — змены ў самой эканоміцы ды пераход да прафесійнага войска. Няма чаго штучна зацягваць у войска вялізную колькасць жаўнераў, калі большасць з іх займаецца гаспадарчай дзейнасцю, мала звязанай з падтрымкай абароназдольнасці дзяржавы.

Войска сёння — гэта своеасаблівы “сацыяльны ліфт для цэлага пласта насельніцтва. Бальшыня саслужыўцаў Франака шчыра марыць у працяг сваёй кар’еры застацца на кантрактную службу ці патрапіць, напрыклад, у АМАП. Гарантаваная вопратка, жытло, заробак — вяршыня жаданняў, як пяецца ў песні: “Ну і што, што я вучыўся плоха, затое я цяпер круцей любога.
 

Каментаваць