Шлях скончыўся — праблемы засталіся

Па заканчэнні ўсіх судовых працэсаў над удзельнікамі і журналістамі арганізатары акцыі падвялі ягоныя вынікі. Хаця, як адзначыў на прэс-канферэнцыі сустаршыня аргкамітэту па стварэнні партыі "Беларуская хрысціянская дэмакратыя" Віталь Рымашэўскі, выніковую прэс канферэнцыю можна было і не праводзіць — каб не брутальныя дзеянні міліцыі да "Шляха", падчас яго правядзення і пасля яго.



Чарнобыльскі шлях 2013. Фота Сяргея Пульшы


Паводле падлікаў арганізатараў, напярэдадні "Чарнобыльскага шляха" і пасля яго было затрымана каля 20 чалавек: арганізатараў, удзельнікаў мітынга і журналістаў. Некаторых, як эколагаў Ірыну Сухій, Вольгу Канавалаву, Васіля Сінюхіна і Канстанціна Кірыленку затрымалі прэвентыўна, сказаўшы, што яны падобныя да квартэрных рабаўнікоў. Яны правялі ў РУУСе весь "Шлях", пасля чаго былі адпушчаныя.

Менш пашчасціла тым, хто быў затрыманы пасля "Шляху", — усе яны прыгааворваліся да адміністрацыйнага арышту. "Але і дагэтуль, асабліва ў рэгіёнах, У Магілёве і Віцебску актывістаў, якія мелі намер адзначыць ці неяк правялі жалобныя акцыі 26 красавіка, выклікаюць у міліцыю", — паведаміў Рымашэўскі.

Паводле ягоных словаў, гэтыя дзеянні супрацоўнікаў сілавых структур з'яўляюцца не толькі недапушчальнымі, але і супрацьзаконнымі, якія парушаюць правы грамадзянаў на свабоду мірных сходаў, права на выказванне і права на атрыманне інфармацыі.

"Мы лічым, што факты масавых рэпрэсій супраць удзельнікаў і арганізатараў "Чарнобыльскага шляха" спланаванымі дзеяннямі, скіраванымі супраць грамадзянскай супольнасці Беларусі, якія груба парушаюць канстытуцыйныя правы грамадзянаў Беларусі на свабоду сходаў і аб'яднанняў, на атрыманне і распаўсюджванне інфармацыі", — гаворыцца ў заяве, прынятай аргкамітэтам "Чарнобыльскага шляха".

Увогуле, па словах Рымашэўскага, улады ўсяляк парушылі ўласныя абяцанні і дамоўленасці. "Ірына Сухій адказвала за дастаўку на "Шлях" друкаванай прадукцыі, цалкам дазволенай для распаўсюду, і іншых агітацыйных матэр'ялаў. Мы дамаўляліся, што мы можам несці расцяжкі і банеры, прысвечаныя мерапрыемству. Аднак міліцыя нават не дазволіла дастаць іх з багажніку машыны. Мы дамаўляліся, што нам дазволеная гукаўзмацняльная апаратура. Аднак супрацоўнікі міліцыі аўтобус з гэтай апаратурай зноў затрымалі", — адзначыў Рымашэўскі і нагадаў. Што нават мегафоны спрабавалі забараніць для праносу на мітынг.

Што ж тычыцца арыштаў і затрыманняў, то Рымашэўскі лічыць, што "някіх затрыманняў пасля "Чарнобыльскага шляху" не было". "Былі гвалтоўныя дзеянні па выкраданні людзей, з прымяненнем гвалту і фізічнай сілы невядомымі ў штацкім. Яны не прадстаўляліся, не паказвалі пасведчанне супрацоўнікаў міліцыі, закідвалі людзей у аўтамабілі без нумароў і адпаведных адзнакаў. У РАУСах адмаўляліся падцвердзіць, што такім чынам выкрадзеныя грамадзяне знаходзяцца ў іх. А затрыманне — гэта нешта, прадстаўляючае хаця б бачнасць законнасці. А тое, што мы бачылі — гэта проста выкраданне людзей", — заявіў Рымашэўскі.

На ягоную думку, нельга і працэсы, якія прайшлі над такім чынам "затрыманымі", лічыць судом. "Гэта нават не судзілішча, калі суддзі адмаўляюцца выслухоўваць сведак абароны, сведкі-міліцыянты знаходзяцца разам пад час дачы паказанняў у судовай залі… Гэта "беспредел", — лічыць Рымашэўскі.

Чаму ж міліцыя дзейнічала так брутальна?

На думку лідэра Аб'яднанай грамадзянскай партыі Анатоля Лябедзькі, ўлады жудасна баяцца камунікацыі апазіцыі з людзьмі. "Людзі гатовыя ўспрымаць праблемы, якія існуюць, і могуць рэагаваць на пасылы, якія ідуць ад палітычнай апазіцыі і грамадзянскай супольнасці, на экалагічныя праблемы ў тым ліку. Улады катэгарычна хочуць гэтага не дапусціць. Як інструмент — гэта рэпрэсіі, у тым ліку і ў дачыненні да журналістаў", — кажа Лябедзька.

Па ягоных словах, "зараз ідзе змаганне за вуліцу". Улада дастаткова камфортна сябе пачувала пасля 2010 года, калі практычна ніякіх дзеянняў на выліцы не было. Зрухі пачаліся ў гэтым годзе, і ўлада не хоча, каб гэтыя зрухі псіхалагічна замацавліся: што можна выходзіць на вуліцы, што гэта бяспечна. І таму, з аднаго боку, не даць дазволу на "Чарнобыльскі шлях" яна не можа, але імкнецца даць такі вузенькі калідорчык, па якім нельга прайсці ні апазіцыі, ні грамадзянскай супольнасці, ні гэтым пасланням", — лічыць Лябедзька.

Наступствы такой палітыкі ўлада будзе мець на міжнародным узроўні. Усе факты ціску на ўдзельнікаў дазволенага шэсця, арыштаў журналістаў і актывістаў будуць перададзеныя ў Еўропу. Гэтым разам ужо па двух каналах: па традыцыйных апазіцыйных і па экалагічных. "Бо зараз у Еўропе ў некаторых міжнародных арганізацыях такое пачуванне, што ў нас тут вясна яшчэ не пачалася, а лібералізацыя ўжо расквітнела і пахне. Дык вось ім трэба паказаць "на пальцах", што ніякай лібералізацыі ў нас няма: з прозвішчамі, фактамі, лічбамі", — заявіў Лябедзька.

Што ж тычыцца самога "Шляху", то ён, як акцыя скончыўся, а як ідэя — не. Супрацоўніцтва палітычных партый і эколагаў працягнецца ў межах створанага перад "Шляхам" Нацыянальнага экалагічнага камітэта імя Нікітчанкі. І, паколькі ўжо ўлады брутальна рэагуюць на размовы пра постчарнобыльскія праблемы і будаўніцтва АЭС, то Нацэкакам і зоймецца менавіта гэтым, паведаміла эколаг Таццяна Новікава.

Па-першае, эколагі сумесна з палітычнымі актывістамі больш дэтальна азнаёмяцца з сітуацыяй на постчарнобыльскіх тэрыторыях. Прынамсі, улетку плануюцца некалькі экспедыцыяў у Чарнобыльскую зону, а таксама буйная канферэнцыя па чарнобыльскіх праблемах з удзелам спецыялістаў. Па-другое, падчас "Шляху" было сабрана каля 300 подпісаў грамадзянаў супраць будаўніцтва АЭС у Астраўцы, і гэты збор подпісаў працягнецца праз незалежныя сайты, і спецыяльны сайт для подпісаў петыцый Change.org. Ну і па-трэцяе, эколагі плануюць дэтальна высветліць, што ж адбываецца з беларускай АЭС. У прыватнасці, чаму яна пачала будавацца без дакументаў, на якой стадыі будоўля зараз, і што плануе бліжэйшым часам паставіць сюды Расія з абсталявання.

Карацей, працы будзе шмат. "Шлях" скончыўся, а праблемы засталіся…

Каментаваць