Шок і абурэнне

Пра тое, што ў Маскве забілі Барыса Нямцова, сёння ранкам мне паведаміла маці. Мае бацькі глядзелі ранішні выпуск навінаў і атрымалі шок ад гэтай інфармацыі, хоць не асабліва цікавяцца палітыкай. У мяне таксама субота пачалася з гэтага шоку.

 



Барыс Нямцоў у офісе АГП падчас падпісання дамовы аб супрацы паміж АГП і РПР-ПАРНАС 24 красавіка 2013 года


Адразу кажу, што не збіраюся займацца канспіралогіяй і шукаць вінаватых у здзяйсненні гэтага паскуднага злачынства. Барыса Яфімавіча застрэлілі подла, у спіну, калі ён не мог абараніцца і бачыць забойцу ці забойцаў. Відаць, ён нават не паспеў зразумець, што яго забіваюць. Забіваюць вылюдкі, вырадкі, іншых словаў тут няма. 

Мне асабіста некалькі разоў даводзілася сустракацца з Барысам Нямцовым падчас ягоных прыездаў у Мінск. Гэта былі ў асноўным прэс-канферэнцыі. Апошняя — у сядзібе Аб’яднанай грамадзянскай партыі ў 2013 годзе, 24 красавіка, калі Барыс Нямцоў і старшыня АГП Анатоль Лябедзька перад журналістамі падпісалі заяву аб супрацоўніцтве.

Барыс Нямцоў у офісе АГП падчас падпісання дамовы аб супрацы паміж АГП і РПР-ПАРНАС 24 красавіка 2013 года

Высокі, падцягнуты, прыгожы, лагодны і вясёлы. Вельмі разумны. Вось такім запомніцца мне Нямцоў. Харызматычная і таленавітая асоба. Сапраўдны палітык, які пакінуў след у расійскай найшоўшай гісторыі. “Гэта я адкрыў свету закрыты горад Горкій, вярнуў яму гістарычную назву — Ніжні Ноўгарад”, — без ілжывай сціпласці казаў нядаўна ў інтэрв’ю тэлеканалу РБК (там, дарэчы, працуе дачка палітыка Жанна Нямцова — вельмі прывабная і разумная журналістка) чалавек, які ў вельмі маладым узросце стаў губернатарам Ніжагародскай вобласці, а потым і віцэ-прэм’ерам расійскага ўраду.

Што б мы маглі зрабіць, калі б нафта каштавала ў тыя гады, у сярэдзіне 90-х, не 8–10 долараў за барэль, а як зараз — 100 з гакам! — скрушаўся Барыс Яфімавіч у размове са мной колькі гадоў таму. — А карумпаваная пуцінская ўлада ўмудраецца транжырыць грошы нават пры такіх спрыяльных умовах, у той час як мільёны расійцаў жывуць па-за мяжой збяднення”.

Барыс Нямцоў у офісе АГП падчас падпісання дамовы аб супрацы паміж АГП і РПР-ПАРНАС 24 красавіка 2013 года

У 2013 годзе Барыс Нямцоў прыехаў у Мінск, каб падпісаць заяву аб супрацоўніцтве са сваімі беларускімі аднадумцамі — АГП, з якімі сяброўства звязвала Нямцова яшчэ ад часоў расійскага Саюза правых сілаў, калі нават не раней. Хто б мог ведаць, што гэта будзе апошні прыезд у Беларусь чалавека, які вельмі прыязна, без усялякіх імперскіх амбіцыяў ставіўся да нашай краіны, цалкам прызнаючы, што яна — паўнавартасны суб’ект міжнароднага права, суверэнная і незалежная дзяржава.  

Спіс забітых выбітных расійскіх дзеячаў павялічыўся. Ці знойдуць забойцаў і замоўнікаў цяперашняга злачынства? Асабіста я сумняваюся. Няма адказу, хто замовіў забойства Галіны Старавойтавай, хто пазбавіў жыцця журналіста Улада Лісцева.

Барыс Нямцоў у офісе АГП падчас падпісання дамовы аб супрацы паміж АГП і РПР-ПАРНАС 24 красавіка 2013 года

 

Але вельмі хацелася, каб трагедыя з Барысам Нямцовым была раскрытая. Калі забіваюць вядомага чалавека, тым больш аднаго з лідараў апазіцыі акурат ля сцен Крамля, гэта ўжо не жарты. Раскрыццё гэтага злачынства мусіць быць пытаннем гонару, годнасці ды сумлення крамлёўскіх небажыхароў. Калі, канешне, хоць кропля гонару, годнасці і сумлення ў іх яшчэ засталіся.    

Фота Генадзя Кеснера

Каментаваць