Што будзе пасля выбараў?

Хоць прэзідэнцкая кампанія і прыцягвае ўвагу грамадскасці і экспертаў, але запраграмаваны вынік робіць яе не вельмі цікавай. Больш важная і змястоўная тэма — што будзе пасля выбараў? Чаго варта чакаць? Якія змены і павароты будуць адбывацца на нашых вачах?



Прагнозы — справа вельмі няўдзячная. Тым не менш, некаторыя рэчы можна прадказаць.

Расейскі палітолаг Андрэй Піянткоўскі, які на мінулым тыдні выступіў у Менску з лекцыяй, заўважыў, што ўкраінскі крызіс стаў моцным каталізатарам перамен ва ўсім рэгіёне. Ён ужо не будзе такім, якім быў раней, усё прыйшло ў рух.

Некаторыя змены нават анансаваныя. Вось першы намесьнік старшыні праўленьня Нацыянальнага банку Беларусі Тарас Надольны заявіў, што ў сярэдзіне кастрычніка беларускія ўлады абнародуюць праграму структурных рэформаў на 2016–2020 гады. Праўда, з ягоных словаў цяжка зразумець, што ўлады збіраюцца рэфармаваць. Адзіная канкрэтная рэч, пра якую ўзгадаў Тарас Надольны, гэта змяненьне механізму рэгулявання дзейнасці прадпрыемстваў. «Гаворка, у прыватнасьці, ідзе аб падзеле функцыяў органаў дзяржкіравання, якія рэгулююць дзейнасць прадпрыемстваў і адначасова выконваюць функцыі ўласніка», — адзначыў намеснік кіраўніка Нацбанку. Цяжка ўявіць, як у беларускіх умовах гэта магчыма. Бо ручное кіраванне эканомікай — гэта фундамэнтальны прынцып беларускай сацыяльнай мадэлі.

Відавочна, што анонс гэтай праграмы трэба разглядаць у кантэксце канкрэтных перамоваў з МВФ, якія пачнуцца пасля выбараў. Беларусі патрэбныя крэдыты, а Міжнародны валютны фонд патрабуе рэформаў. Ну вось вам, глядзіце, «структурныя рэформы». Беларускія чыноўнікі ўжо навучыліся вымаўляць гэтыя забароненыя словы. Не выключаю, што такая праграма нават будзе падпісаная. Але вось наконт выканання ў мяне ёсць вялікія сумневы.

Дарэчы, адновяцца і сур’ёзныя перамовы аб крэдыце з Эўразійскім фондам стабілізацыі і развіцьця (ЭФСР). Дакладней, перамовы будуць з кіраўніцтвам Расеі, якая кантралюе фонд. А яно выставіць ў якасці ўмовы стварэнне на тэрыторыі Беларусі расейскай вайсковай авіябазы. Думаю, менавіта пытанне пра базу стане галоўным на парадку дня адносін паміж Мінскам і Масквою. А вось прагназаваць вынік гэтага торгу не бяруся. Бо вельмі сур’ёзныя стаўкі ў гэтым палітычным казіно.

Даволі лёгка прагназаваць падвышэнне камунальных тарыфаў, рост коштаў на грамадскі транспарт. Бо гэтага патрабуюць і МВФ, і ЭФСР. Увогуле адбудзецца рост цэнаў, бо на час выбарчай кампаніі ўрад штучна іх стрымліваў. Асабліва вырастуць кошты на імпартныя тавары — у сувязі з аслабленнем беларускага рубля ў жніўні.

Наконт адносін з Захадам. Назіральнікі АБСЕ зробяць выснову, што, з аднаго боку, выбары ў Беларусі не адпавядалі еўрапейскім стандартам, а з іншага боку, ёсць прагрэс. Гэты апошні тэзіс будзе грунтавацца на тым, што пасля галасавання не арыштавалі кандыдатаў у прэзыдэнты, апазыцыйных актывістаў, і ў краіне — нябачаная рэч — упершыню за шмат гадоў няма палітзняволеных. Менавіта за гэтую выснову пра прагрэс учэпіцца ЕС, каб працягваць працэс нармалізацыі дачыненняў з беларускім рэжымам. Адменяць санкцыі. Ці ўвядуць мараторый на іх прымяненне. У любым выпадку пад канец году Лукашэнка атрымае права ездзіць па еўрапейскіх сталіцах. Праўда, як і ці хутка ён скарыстаецца гэтай магчымасьцю, — гэта пытаньне.

Апазіцыя пасля выбараў застанецца расколатай, у стане канцэптуальнага крызісу. Адбудзецца ўзмацненне пазіцый кампаніі «Гавары праўду». Тацяна Караткевіч атрымае самы высокі рэйтынг сярод апазіцыйных палітыкаў. Шмат хто выказвае версіі, што яе Лукашэнка прапусціць у Палату прадстаўнікоў. Асабіста я ў гэтым сумняваюся.

Увогуле, магчыма, пасля прэзідэнцкай кампаніі палітычнае жыццё стане нават цікавейшым.

Паводле: Радыё Свабода

Каментаваць