Што было б, калі…

Рэферэндум 1996-га года, 19-ю гадавіну якога мы адзначаем сёння, у пэўных колах даўно атрымаў назву «мяккага дзяржаўнага перавароту». Ён прадвызначыў тую рэчаіснасць, у якой мы жывём зараз.



Фота 90s.by


З гэтага моманту ніводныя выбары і іншыя галасаванні ў Беларусі не прызнаваліся міжнароднай супольнасцю як справядлівыя і дэмакратычныя.

Ад рэферэндуму 1996-га растуць усе элегантныя перамогі дзейснага кіраўніка ўлады. Бо менавіта тады гвалтоўна і незаконна змяніўшы на пасадзе кіраўніка ЦВК Віктара Ганчара на Лідзію Ярмошыну (дагэтуль памятаю разгублены твар тагачаснага кіраўніка Вярхоўнага Савета Сямёна Шарэцкага, калі «спартовыя хлопчыкі ў цывільным» не пускалі яго ў пакоі ЦВК), Аляксандр Лукашэнка па сваіх пытаннях атрымаў 80% падтрымкі.

Парушэнні, якія былі выяўленыя ў ходзе рэферэндуму–1996, зараз называюць «асаблівасцю беларускай выбарчай мадэлі». Бо з імі праходзяць кожныя выбары ў РБ.

Нагадаем, асноўныя з іх. Напрыклад, камісіі па рэферэндуму павінны былі стварацца Саветамі дэпутатаў не пазней чым за месяц да рэферэндуму. У рэальнасці яны былі створаны за 5–7 дзён да рэферэндуму органамі выканаўчай улады. Зараз выканаўчая ўлада фармуе і выбарчыя камісіі.

Выбаршчыкі заклікаліся (а ў шмат якіх выпадках прымушаліся) прагаласаваць датэрмінова. Выключэнне для адзінак было зроблена правілам для ўсіх: у многіх населеных пунктах датэрмінова прагаласавала 30 і больш працэнтаў выбаршчыкаў, што Віктар Ганчар пракаментаваў проста як здзек са здаровага сэнсу. Датэрміновае галасаванне доўжылася два тыдні, яно пачалося 9-га лістапада.

Бюлетэні для галасавання друкаваліся Упраўленнем справамі прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. Яны былі дастаўлены на выбарчыя ўчасткі абыходзячы Цэнтрвыбаркам і абласныя камісіі па рэферэндумах. Улік колькасці бюлетэняў нікім не ажыццяўляўся.

На думку міжнародных назіральнікаў ад Еўрапейскага інстытута па СМІ, практычна ўвесь эфірны час, прысвечаны рэферэндуму (90%) быў на карысць кіраўніка дзяржавы.

У дзень рэферэндуму чыніліся перашкоды назіральнікам, прадстаўнікам палітычных партый і грамадскіх арганізацый пры ажыццяўленні кантролю за хадой галасавання; іх не дапускалі на ўчасткі, адмаўлялі ў атрыманні інфармацыі. Выбаршчыкі дапускаліся да галасавання без дакументаў, якія сведчаць асобу; меліся пашкоджанні пломбаў на скрынях для галасавання; выяўлены факты падробкі подпісаў выбаршчыкаў.

Падаецца, што ўсе гэтыя парушэнні можна прышпільваць да любых выбараў у Беларусі. А вызначаная гэтая сістэма менавіта рэферэндумам–1996.

Палата прадстаўнікоў, створаная ў выніку рэферэндуму, не была прызнаная за легітымны парламент, і краіна пазбавілася статуса «спецыяльна запрошанай» у Парламенцкай асамблеі Савета Еўропы. Гэта можна назваць першай санкцыяй у дачыненні да беларускай улады. Потым гэтых санкцыяў будзе болей.

Між іншым, і «плошча» таксама была ў 1996 годзе. Грамадзяне ўдзень і ўначы стаялі пад будынкам Вярхоўнага савета, дэманструючы яму падтрымку. І тады ж прайшоў першы Усебеларускі народны сход: 19 лістапада 1996 года. Потым ён стаў традыцыйным перад прэзідэнцкімі выбарамі, традыцыя скончылася толькі ў гэтым годзе.

Як на Захадзе, так і на Усходзе зараз папулярны жанр «гістарычнай фантастыкі»: «А што было б, калі…». Што было б, калі Лукашэнка альбо прайграў рэферэндум, альбо адмовіўся ад ягонага правядзення?

Менавіта такую магчымасць прадугледжваў «нулявы варыянт», падпісаны ў выніку пасярэдніцкіх дзеянняў кіраўніцтва Расіі. У ноч на 22 лістапада ў Мінску прайшлі перамовы старшыні Дзярждумы РФ Генадзя Селязнёва, прэм’ер-міністра Віктара Чарнамырдзіна, старшыні Савета Федэрацыі Ягора Строева, Аляксандра Лукашэнкі і Сямёна Шарэцкага. Падпісанае «Пагадненне аб грамадска-палітычнай сітуацыі і аб канстытуцыйнай рэформе ў Рэспубліцы Беларусь» прадугледжвала, што Лукашэнка адмяняе свае ўказы пра рэферэндум, а сам плебісцыт будзе насіць рэкамендацыйны характар. У сваю чаргу Вярхоўны Савет адклікае з Канстытуцыйнага Суда справу пра імпічмент. Прадугледжвалася фарміраванне на парытэтных пачатках Канстытуцыйнага Сходу для выпрацоўкі новай рэдакцыі Асноўнага Закона.

Лукашэнка б не адступіўся ад сваёй ідэі змяніць парламенцка-прэзідэнцкую на цалкам прэзідэнцкую рэспубліку. Канстытуцыйны сход наўрад ці знайшоў бы кампраміс паміж ВС і кіраўніком дзяржавы. І ў той жа час захопам ЦВК было прадэманстравана, што Лукашэнка не пасаромеецца і парламент разагнаць, па прыкладзе Ельцына ўзору 1993-га года.

Што-небудзь магло б змяніцца, калі б парламент настойліва прасоўваў справу імпічменту і не пагадзіўся б разыходзіцца пасля абвяшчэння вынікаў рэферэндуму, нават нягледзячы на пагрозы разгону. Але чакаць такога ад таго парламента — гэта ўжо зусім фантастыка.

Каментаваць