Што Мілінкевіч сказаў НАТО?

Старшыня Руху «За Свабоду» выступіў на семінары Rose-Roth Парламенцкай асамблеі NATO, які прайшоў у Варшаве.



«У час расійска-украінскай вайны роля NATO ў Еўропе рэзка ўзрасла. У аўтарытарных краінах постсавецкай прасторы да гэтай арганізацыі па-ранейшаму ставяцца насцярожана. Пуцін і ягоная прапаганда ўвогуле разглядаюць альянс як свайго галоўнага ворага», — падкрэсліў важнасць мерапрыемства напярэдадні яго правядязення сайту Pyx.by старшыня Руху «За Свабоду» Аляксандр Мілінкевіч.
 
 
«І Польшча, і Чэхія, і Эстонія, і іншыя краіны былога савецкага лагера пасля распаду СССР перш за ўсё паспяшаліся далучыцца да гэтай арганізацыі, бо адчувалі сталую пагрозу імперскай Масквы. Сёння, відавочна, што яны мелі рацыю. NATO для іх - гарант незалежнасці», - адзначыў Мілінкевіч.
 
 
Выступаючы на семінары, Мілінкевіч паразважаў пра тое, як расейска-украінская вайна адбілася на сітуацыі ў Беларусі.
 
 
“Грамадства стала менш дэмакратычным. Рэзка спалі праеўрапейскія настроі, але і прарасейскія таксама. Большасць беларусаў хочуць жыць па-швейцарску, у нейтральнай краіне, сябраваць з усімі, але быць гаспадарамі на сваёй зямлі. Гэта складана рэалізаваць, бо мы жывем не ў Альпах, а на мяжы цівілізацый, што супрацьстаяць адна адной”, — сказаў лідар Руху.
 
 
“Людзі хочуць стабільнасці і міру, зменшылася колькасць прыхільнікаў рэформ, сацыяльная мадэль Лукашэнкі зрабілася больш папулярнай. Велізарны ўплыў мела шавіністычная прапаганда расейскіх тэлеканалаў. Большасць нашых грамадзянаў паверылі ім, а не беларускім дзяржаўным і незалежным медыя”, - робіць выснову палітык.
 
 
Нягледзячы на антызаходнюю прапаганду ўладаў перад падзеямі ва Украіне палова беларусаў была за ўступленне краіны ў Еўрасаюз, адзначыў Мілінкевіч.
 
 
“Падпісанне Дамовы аб утварэні Еўразійскага саюза для ягоных сябраў ёсць кансервацыяй цывілізацыйнага адставання і аўтарытарызму. Гэта яднанне не на грунце каштоўнасцяў, а часовых інтэрэсаў. Наша краіна не зможа рэфармавацца і развівацца без заходніх тэхналогій і інвестыцый. Кітай і Расія не заменяць ЕС і ЗША”, — заявіў Аляксандр Мілінкевіч.
 
 
Мы мусім працаваць стратэгічна, сказаў ён: “Захаду перш за ўсё трэба сканцэнтравацца на ўмацаванні незалежнасці Беларусі і іншых краінаў - удзельніц Праграмы Усходняга Партнёрства, што таксама павінна спрыяць хутчэйшаму выздараўленню Расіі ад постімперскага сіндрому. Важным накірункам нашай супольнай дзейнасці павінна стаць еўрапеізацыя Беларусі - шырокае інфармаванне аб ЕС, плюсах і мінусах еўраінтэграцыі, еўрапейскія праграмы абменаў, стажыровак, маладзёвых сустрэчаў, падтрымкі малога і сярэдняга бізнэсу. Крытычны і абумоўлены дыялог ЕС з нашай краінай павінен ўключаць працу з рэгіянальнымі і лакальнымі ўладнымі элітамі. У Беларусі неабходна рэалізоўваць праекты умацавання самаідэнтыфікацыі і гістарычнай свядомасці, адраджэння беларускай мовы і культуры, трэба значна спрасціць візавыя працэдуры”.
 
 
“Важна захаваць смак Еўропы для беларусаў і працаваць на паступовае вяртанне краіны ў еўрапейскую сям'ю”, - падсумаваў Мілінкевіч.
 
 
Паводле інфармацыі Руха за Свабоду

Каментаваць