Што прынясе «ноч жаху» ў Кёльне?

Падзеі, якія адбыліся ў навагоднюю ноч у Кёльне, стануць выпрабаваннем нямецкай гасціннасці, могуць стаць бомбай для фраў Меркель, а могуць — паваротным момантам у праблеме мігрантаў у Еўропе. 



Сусветны міграцыйны крызіс

Згодна з апошнімі даступнымі дадзенымі Упраўлення Вярхоўнага камісара ААН па справах уцекачоў, колькасць вымушаных перасяленцаў у свеце дасягнула рэкорднага з часоў Другой сусветнай вайны ўзроўню. Агулам іх налічылі 60 мільёнаў. Толькі дзевяць з паловай мільёнаў адных сірыйцаў сталі або ўнутранымі перасяленцамі, або ўцекачамі. Больш за два мільёны сірыйскіх грамадзянаў прыняла Турцыя, больш за мільён прыняў Ліван, больш за паўмільёна — Іарданія. 

Да Еўропы дабраліся каля 150 тысяч сірыйцаў. І  спрычыніліся да таго, што прынята называць Еўрапейскім міграцыйным крызісам. Агулам папрасілі прытулку ў Еўропе цягам мінулага году каля мільёна ўцекачоў, сірыйцы ж сярод іх былі найбольшай нацыянальнай групай. 

Еўропа і ўцекачы

Агромністая колькасць уцекачоў стала яшчэ адным праблемным пытаннем, якое прадэманстравала адсутнасць адзінства ў Еўрапейскім саюзе. 

Венгерскі прэм'ер Віктар Орбан, крытыкуючы міграцыйную палітыку ЕС, называў яе «вар'яцтвам». Ён казаў, што «маральна і па-чалавечы трэба прасіць іх (уцекачоў), каб не прыязджалі», а заставаліся, напрыклад, у Турцыі. Міністр замежных справаў Брытаніі Філіп Хэманд страшыў чамусьці «мільёнамі афрыканскіх мігрантаў», якія разбураць сацыяльную інфраструктуру, жыццёвыя стандарты і бяспеку, а Еўропа не зможа сябе абараніць. Міністр унутраных спраў Брытаніі Тэрэза Мэй сказала, што дапамагаць уцекачам, вядома, важна, але не тым, хто «дастаткова дужы і моцны, каб дабрацца да Еўропы».  

Польскі прэзідэнт Анджэй Дуда адрынуў прапанову абавязковых міграцыйных квотаў, назваўшы яе спробай «дыктату моцнага». Супраць квотаў прагаласавалі Чэхія, Венгрыя, Румынія і Славакія. На што вельмі рэзка адрэагаваў прэзідэнт Францыі, сказаўшы: «Тыя, хто не падзяляе нашы каштоўнасці, хто нават не паважае гэтыя прынцыпы, павінны пачаць задаваць сабе пытанні аб сваім месцы ў Еўрапейскім саюзе». 

Willkommenskultur

Дзе-нідзе ўзводзілі платы, агароджваліся калючым дротам, сустракалі ўцекачоў не хлебам-соллю, а вадамётамі і слёзацечным газам. 

І тут раптам насустрач уцекачам раскрывае свае абдымкі Германія. Ангела Меркель кажа пра гатоўнасць прымаць іх без абмежаванняў. Канцлер  дадае, што «калі мы будзем шкадаваць пра сяброўскую дапамогу тым, хто мае ў ёй патрэбу ў надзвычайнай сітуацыі, тады гэта не мая краіна».   

Тысячы ўцекачоў, якіх сустрэлі не вельмі прыязна ў першых-лепшых еўрапейскіх краінах, радасна скандуючы «Германія! Германія! Германія!», адгукаюцца на запрашэнне і агромністай грамадой вырушаюць туды. 

Тут іх сустракаюць з рознакаляровымі плакатамі, дзе намаляваныя сэрцайкі і напісана «Ласкава запрашаем!». Усмешкі, апладысменты, сяброўскія поціскі рук, абдымкі, слёзы радасці. 

Тысячы простых немцаў падключыліся да дапамогі ўцекачам у якасці валанцёраў. Яны прывозілі ежу і адзенне ў лагеры, аддавалі канапы і ровары, падвозілі іх на сваіх машынах, дапамагалі ім з перакладам, вучылі іх нямецкай мове, аказвалі ім медыцынскую дапамогу, няньчылі іхных дзяцей, адкрывалі для іх дзіцячыя садочкі, школкі і футбольныя клубы. 

Калі раней Германія вучыла свет словам кшталту Blitzkrieg, цяпер яна вучыць яго слову  Willkommenskultur, што азначае «культура гасціннасці».   

Германія прыняла ў сябе 85% усіх сірыйскіх уцекачоў і яшчэ — без перабольшання — сотні тысяч іншых у дадатак. Іракцаў, афганцаў, пакістанцаў, нігерыйцаў і яшчэ богведама каго. 

Цудоўнае ператварэнне Германіі

Так, немцы вельмі змяніліся за апошнія семдзесят гадоў. Ды што там семдзесят гадоў, яшчэ ў васьмідзесятых Гельмут Коль па сакрэце дзяліўся з Маргарэт Тэтчар сваімі планамі выкінуць з краіны хаця б палову ўсіх прышлых туркаў. Дарэчы, добра нам усім цяпер вядомае слова Gastarbeiter, якое ўжывалася ў адносінах да іх, ужывалася невыпадкова. Германія разлічвала на тое, што яны пагасцююць, то бок папрацуюць, і хай сабе едуць дадому, дахаты. Нямецкае грамадзянства тады давалі толькі тым, у каго бацькі нарадзіліся ў Германіі. Нават дзеці тых гастарбайтэраў, якія аднаўлялі заходненямецкую народную гаспадарку пасля вайны, не маглі на яго разлічваць.  

«Мы не краіна мігрантаў», — сказаў быў катэгарычна Гельмут Коль.  

А на пачатку дзевяностых немцы прадэманстравалі на практыцы, што гэта азначае, зноў паказаўшы свету пагрозлівае аблічча. Па краіне пракацілася серыя жорсткіх нападаў на мігрантаў. 

У дзевяноста першым у горадзе Хойесверда праварадыкалы атакавалі в'етнамскіх латочнікаў, інтэрнат, дзе жылі рабочыя з Мазамбіку, якія працавалі па кантракту, закідалі камянямі і кактэйлямі Молатава шматкватэрны дом, дзе жылі ўцекачы. У сутычках пацярпела 32 чалавекі.  

У дзевяноста другім у горадзе Росток быў атакаваны інтэрнат для ўцекачоў, дзе на той час пражывала каля 11 тысячаў цыганоў з Румыніі, у нападзе бралі ўдзел некалькі сотняў праварадыкальных экстрэмістаў. Пасля таго, як прытулак для ўцекачоў быў эвакуяваны, экстрэмісты атакавалі суседні будынак, дзе жылі в'етнамскія мігранты. Яны падпалілі яго. Пакуль будынак гарэў, в'етнамцы забарыкадаваліся ўсярэдзіне, а нападнікі залазілі праз гаўбцы, узброеныя  бейсбольнымі бітамі і бутэлькамі з запальнай сумессю. Тым часам унізе сабраўся натоўп з 5 тысячаў гледачоў, якія прагна сачылі за падзеямі і пляскалі ў ладкі.   Падчас беспарадкаў былі параненыя 204 паліцыянты. 

У дзевяносты трэцім у горадзе Золінген чацвёра праварадыкалаў падпалілі будынак, дзе жыла вялікая турэцкая сям'я. Тры дзяўчыны і дзве жанчыны загінулі, Чатырнаццаць іншых членаў сям'і, у тым ліку некалькі дзяцей, атрымалі раненні, некаторыя з іх сур'ёзныя. 

Усё гэта адбывалася на фоне гарачых палітычных дэбатаў, датычных замежнікаў, якія шукаюць прытулку ў Германіі. Напады былі асуджаныя, па краіне пракацілася хваля дэманстрацыяў супраць іх, але ў 1993 годзе былі прынятыя законы, скіраваныя на істотнае абмежаванне колькасці тых, хто меў права прасіць прытулку. 

Адным словам, сённяшняя Германія зусім не такая, якой яна была яшчэ ўчора.  

Ноч жаху

Многім не падабаецца гэтая перамена. Шмат хто аддаў бы перавагу той Германіі, дзе замежнікам былі не вельмі радыя (гл. вышэй). Яны гавораць, што «Меркель звар'яцела», «Меркель зачытала Германіі смяротны вырак», «Меркель штурхае Еўропу да калектыўнага самагубства» і да т.п.

На іх вуліцы цяпер свята. Яны могуць паціраць рукі, прыгаворваючы: «Мы ж казалі, мы папярэджвалі!»

Маючы на ўвазе вакханалію, якую зладзіў адурманены натоўп з тысячы маладых мужчын «блізкаўсходняй і паўночнаафрыканскай знешнасці» ў навагоднюю ноч на саборнай плошчы ў Кёльне. Гэта Паўночны Рэйн-Вестфалія, зямля, якая прыняла найбольшую колькасць уцекачоў, пятую частку ад усіх уцекачоў, прынятых краінай. Суседняя Ніжняя Саксонія, напрыклад, большая па памерах, прыняла толькі дзясятую частку.   

Гэты натоўп увасобіў адзін з самых распаўсюджаных і даўніх страхаў адносна чужынцаў — «яны прыйдуць на нашы землі і будуць гвалціць нашых жанчынаў». На момант напісання артыкулу кёльнская паліцыя атрымала ўжо больш за 120 заяваў, пераважна датычных сексуальных нападаў, у тым ліку дзве заявы аб здзейсненых згвалтаваннях. Тых, каго не згвалтавалі, іх лапалі, мацалі і цапалі, акружаючы адну, дзвюх дзяўчат групамі, раздзіралі вопратку, ніжнюю бялізну. 

Тую ноч у СМІ цяпер называюць «ноч жаху» (Horror-Nacht) або «ноч хаосу» (Chaos-Nacht). 

Выпрабаванне для нямецкай гасціннасці

Здарэнне і без таго пачварнае, скандал у любым выпадку быў забяспечаны, але мясцовыя ўлады прымудрыліся зрабіць усё, каб яно стала сапраўднай палітычнай бомбай. 

Спачатку яго папросту спрабавалі цалкам замоўчаць. Наступным днём паліцыя афіцыйна адрапартавала: «Навагодняя ноч прайшла пераважна спакойна». 

Калі замоўчваць стала ўжо немагчыма, паліцыянты сталі нязграбна даводзіць, што не трэба звязваць здарэнне з уцекачамі. Не было там уцекачоў і мігрантаў, а была гэта, хутчэй за ўсё, арганізаваная банда кішэнных злодзеяў, якая даўно ўжо арудуе ў ваколіцах, бач ты, якую незвычайную тактыку абралі. І да дзяўчат яны чапляліся, верагодна, толькі з мэтай адцягнуць увагу, каб абчысціць кішэні. 

Потым яшчэ мэр Кёльна, Генрыета Рэкер, падліла масла ў агонь, сказаўшы, што дзяўчатам варта хадзіць групамі і трымацца ад незнаёмцаў на адлегласці выцягнутай рукі, тады ўсё будзе добра. Цяпер, дзякуючы шматлікім кпінам у сацсетках, якія былі падхопленыя буйнымі СМІ, гэтая «адлегласць выцягнутай рукі» вядомая на ўвесь свет. 

Бомба ж разарвалася тады, калі нямецкія СМІ апублікавалі ў чацвер паліцэйскую справаздачу для ўнутранага выкарыстання, якая датычыць «ночы жаху», а таксама інтэрв'ю з шараговымі кёльнскімі паліцыянтамі. З іх не толькі вынікае тое, што паліцыя  аказалася бездапаможнай, але яна пацвярджае найгоршыя апасенні — вакханалію зладзілі мігранты з уцекачамі. Якія, да таго ж, паводзілі сябе страшэнна нахабна нават у адносінах да паліцыянтаў. 

«Такой непавагі да паліцыі я не сустракаў за ўсе 29 гадоў сваёй службы», — сведчыць паліцыянт, які знаходзіўся на месцы падзеяў. У паліцыю ляцелі бутэлькі і петарды. Дзяўчатаў, якія сталі ахвярамі нападаў, штурхалі ў натоўп, не даючы ім прайсці да паліцыянтаў. 

Наогул, убачанае падалося патрульным настолькі небяспечным, што яны баяліся, ці не здарылася тут забойстваў. 

Цягам прыкладна сарака пяці хвілін паліцыя выціскала з плошчы ачмурэлы натоўп. Многія пабеглі ў прылеглы будынак вакзалу, дзе ванітавалі, спаражняліся, некаторыя падалі без прытомнасці. Ужо на месцы паліцыя атрымала мноства скаргаў на збіццё, абрабаванне і сексуальныя напады. З некаторых дзяўчынаў была сарваная ўся ніжняя бялізна, яны былі шакаваныя і галасілі. 

Былі арыштаваныя 15 чалавек, адзін афганец і 14 сірыйцаў. Некаторыя знаходзіліся ў Германіі цягам некалькіх тыдняў, нават дзён.

  

Адзін патрабаваў, каб з ім абыходзіліся паважліва, бо ён сірыец і яго «запрасіла сюды фраў Меркель». Іншыя на вачах у паліцыянтаў разрывалі свае пасведчанні ўцекачоў і крычалі: «Нічога вы нам не зробіце, мы заўтра пойдзем і яшчэ адно атрымаем!» 

 Усё гэта вельмі паганыя навіны, якія могуць спарадзіць рост ультраправых настрояў да ўзроўню дзевяностых гадоў, падарваць пазіцыі Ангелы Меркель, а галоўнае — прымусіць тых немцаў, якія прадэманстравалі небывалую гасціннасць на фоне агульнаеўрапейскай непрыязнасці да мігрантаў, расчаравацца і пашкадаваць аб ёй.   

Што адкрые «ноч жахаў»

Зрэшты, гэта не адзіны магчымы зыход падзеяў. Тое, што адбылося, можа абярнуцца і да лепшага. 

Уцекачы — не толькі масоўка для фотасесій, якія адлюстроўваюць небывалую гасціннасць і міласэрнасць. Гэта насамрэч вялікая сацыяльная праблема. Асабліва ўцекачы са збяднелых, а часам і здзічэлых мусульманскіх краінаў. 

На працягу дзесяцігоддзяў праблему хутчэй замоўчвалі, чым спрабавалі вырашыць. Прыкрываючы яе фігавым лісточкам «мультыкультуралізму». Ідэалогіі, якая на практыцы азначала распіхванне мігрантаў па сваіх гета, дзе яны варыліся ва ўласным соку, культывуючы ўласныя каштоўнасці. І якімі б дзікунскімі тыя каштоўнасці не былі, гэтага ўголас не прызнавалі, нават не абмяркоўвалі, бо ўсе ж культуры, кожная з сваім наборам каштоўнасцяў, раўнапраўныя. Прынцыпова немагчыма, згодна з ідэалогіяй «мультыкультуралізму», сказаць, што адныя маюць прыярытэт над іншымі. 

Нямецкі тэрмін Leitkultur  («вядучая культура» або «паноўная культура») доўгі час непрыстойна было згадваць. Бо ад гэтага адзін крок да таго, што не павінна паўтарыцца.  

Зараз ад шкоднага ўяўлення аб роўнасці культураў ёсць шанец адмовіцца. Бо культура — гэта таксама культура паводзінаў і культура ўзаемаадносінаў. У тым ліку паміж жанчынай і мужчынам. Не тое каб адурманены натоўп еўрапейскіх мужчынаў быў цалкам бяспечным асяродкам для дзяўчат, але не да такой ступені, як адурманены натоўп мужчынаў, выхаваных на ўяўленні аб жанчынах як ніжэйшых і падпарадкаваных істотах. Ужо не кажучы пра тое, што яны думаюць пра самотных дзяўчат, якія маюць нахабства гуляць без суправаджэння мужчыны познім вечарам з адкрытымі тварамі.  

Ну і яшчэ знайсці адказ на пытанне, з якой прычыны значная, калі не большая, частка мігрантаў упарта папаўняе шэрагі сацыяльных  нізоў. Асяродку, які сам па сабе з'яўляецца пажыўным булёнам для ўсякага роду бескультур'я. 

Каб «ноч жахаў» не адкрыла скрыню Пандоры, трэба, каб яна зняла табу з усяго, што тычыцца мігрантаў, і адкрыла такім чынам магчымасць вырашэння праблемы. 

 

Абмеркаванне:

  • Сазонаў П.
  • 2016-01-08 15:14:30
Дзякуй, Будзімір, за вельмі дакладные разважанні па гэтай праблеме праблем! Становіцца зразумелай гісторыя з'яўлення мігранцкай праблемы у Эўропе і асабліва - у Германіі, складаны працэс яе
вырашэння. Добра аргуметаваны артыкул. Дзякуй.
  • taratun
  • 2016-01-09 12:54:20
На самом деле, всё описано очень обстоятельно. И, главное, подход совершенно взвешенный. Никакого крена ни в одну сторону, бережное отношение к фактам, разумность выводов. Такие публикации помогают
многим точнее определить свою позицию по наиболее злободневным вопросам политической жизни в мире.
  • Мікола
  • 2016-01-08 15:32:14
Аўтару - павага за вывучэнне балючай для Еўропы тэмы і выдатнае журналісцкае вырашэнне. Зразумела, не канчатковае, бо тэма глыбокая, небяспечная, патрабуе пастаяннай, у тым ліку, і журналіскай увагі.
  • Ваяка
  • 2016-01-08 15:38:23
Далучаюся. На самой справе - ўсё па паліцах раскладзена. І
  • Елена Андреевна
  • 2016-01-08 15:58:24
Снимки - второй материал. Очень хорошо дополняют текст. А последний снимок - просто квинтэссенция: после этого организовывать на этом же месте подобную акцию?! Кошмар...
  • Антон
  • 2016-01-08 21:34:25
У настыпным раз было добра бачыць спасылкі на інфармацыя, а то здаецца дзіўнаватым, што Вам вядома больш, чым нямецкім СМІ.
  • Зміцер Галко
  • 2016-01-09 00:23:32
Нічога большага за тое, што паведамлялася ў нямецкіх СМІ адносна затрыманых, напрыклад, я не казаў. Інфармацыя давалася згодна з дадзенымі на вечар чацвярга.



"Ein Polizeisprecher hat heute mitgeteilt, dass anhand von Bild- und Videoaufnahmen 16 Verdächtige ausgemacht werden konnten und schon in der Silvesternacht sollen laut diesem Bericht eines
Beamten vor Ort 15 Personen festgenommen worden sein—14 davon aus Syrien, eine Person aus Afghanistan". (с) адсюль - http://www.vice.com/de/read/fragen-zu-den-uebergriffen-in-koeln-042
  • Anton
  • 2016-01-09 19:43:58
Вайс таксама не прафесійна спрацаваў, спасылцы на "Ein Polizeisprecher" яўна недастаткова. Да таго ж было бы добра калі б вы пазначылі розніцу паміж Asylbewerber і людзьмі якія ўжо
прайшлі ўсе праверкі і атрымалі статус.



З павагай, Антон
  • Зміцер Галко
  • 2016-01-11 01:32:25
Тут справа не столькі ў (не)прафесійнасці журналістаў, сколькі ў імкненні паліцыі прыхаваць інфармацыю аб злачынствах з удзелам мігрантаў / бежанцаў. Прычыны такога прыхоўвання інфармацыі зусім не
абавязкова кепскія, гэта могуць быць апасенні выклікаць усплёск праварадыкальнага гвалту. Хаця, з іншага боку, замоўчванне таксама можа прывесці да таго ж гвалту...
  • Зміцер Галко
  • 2016-01-09 00:29:07
Інфармацыя пра затрыманых сёння змянілася. Цяпер гаворка ідзе пра 31 затрыманага, кампанія нашмат больш стракатая. Дзевяць алжырцаў, восем мараканцаў, пяць іранцаў, чатыры сірыйца, адзін іракец,
адзін серб, адзін грамадзянін ЗША і двое грамадзян Германіі. 18 з 29 замежных грамадзян - уцекачы.



"Bei den bekannten Tatverdächtigen handelt es sich den Angaben zufolge um neun Algerier, acht Marokkaner, fünf Iraner, vier Syrer, einen Iraker, einen Serben und einen US-Bürger, außerdem
zwei Deutsche. 18 der 29 Ausländer seien Asylbewerber". (с) адсюль - http://www.merkur.de/welt/zwei-festnahmen-koeln-nach-uebergriffen-silvester-zr-6016899.html
  • Борн
  • 2016-01-09 09:25:28
Нацыянальнасці іншыя, але ўсё роўна "на манеже всё те же". Бежанцы з мусульманскіх краінаў. Хаця ўвогуле дзіўнавата, што прапорцыя сірыйцаў так рэзка змянілася з чацвярга на пятніцу.
  • Агей
  • 2016-01-11 00:49:28
Цікава, а ці прапануе нехта з еўрапейскіх палітыкаў прынцыпова іншы варыянт дапамогі: фінансамі, выдзяленнем сродкаў на будаўніцтва вытворчасцей у больш-менш спакойных месцах бядотных краін і г.д.,
  • Зміцер Галко
  • 2016-01-11 01:22:11
Не ведаю, ёсць у яе план ці не, але такую прапанову калісці выказвала Марын Ле Пэн. Маўляў, трэба развіваць недаразвітыя краіны, каб іх насельніцтва не мела такой вострай неабходнасці шукаць шчасця ў
Еўропе. Можа і някепская ў цэлым прапанова, але чаго вартыя прапановы палітыка, які існуе за пуцінскія грошы? Так ці іначай, гэта нейкі праект планетарнага маштабу, натуральна, вельмі доўгатэрміновы.
А вайна ў Сірыі і мільёны бежанцаў - праблема надзённая, якую трэба вырашаць тут і зараз.
  • Т.Г.
  • 2016-01-11 13:51:26
Один из наиболее известных в Украине блогеров Олег Пономарь назвал участников событий в Кёльне "кремлёвскими титушками". Как тебе, Дима, это определение?
  • Зміцер Галко
  • 2016-01-13 10:36:07

Я б можа і хацеў, каб было так. І каб гэты факт выкрылі, пасля чаго еўрапейцы нарэшце зразумелі б выключна подлую і злачынную натуру Пуціна. Але як бы мне не хацелася, усё-ткі здаецца
малаверагоднай падобная "спецаперацыя". Калі падумаць, дык арганізаваць тэракт, выкарыстоўваючы глыбока заканспіраваную тэрарыстычную сетку, прасцей, чым нешта такое. З цяжкасцю
ўяўляю, якім чынам тое можна было зрабіць. Не, усё можа быць, але вось цяжка ўявіць.

Каментаваць