Што замінае палітычным танцорам?

Учынкі чалавека вызначаюцца яго індывідуальнымі асаблівасцямі і знешнімі акалічнасцямі. На думку сацыяльных псіхолагаў, усе мы схільныя недаацэньваць фактар абставін.

Дрэннаму танцору ўвесь час штосьці замінае, але галоўная крыніца перашкод, здавалася б, усім добра вядомая, і таму няма сэнсу на ёй прыпыняцца. Аднак тое, што на побытавым узроўні здаецца відавочным, на ўзроўні «Азбукі сацыяльнай псіхалогіі» патрабуе сур’ёзнага асэнсавання.



Учынкі чалавека вызначаюцца яго індывідуальнымі асаблівасцямі і знешнімі акалічнасцямі. На думку сацыяльных псіхолагаў, усе мы схільныя недаацэньваць фактар абставін.

Дрэннаму танцору ўвесь час штосьці замінае, але галоўная крыніца перашкод, здавалася б, усім добра вядомая, і таму няма сэнсу на ёй прыпыняцца. Аднак тое, што на побытавым узроўні здаецца відавочным, на ўзроўні «Азбукі сацыяльнай псіхалогіі» патрабуе сур’ёзнага асэнсавання.

Мы знаходзім прычыны там, дзе іх шукаем. Калі мы спрабуем растлумачыць уласныя ўчынкі, то ў першую чаргу бачым знешнія абставіны. Калі ж мы назіраем за дзеяннямі іншага, то ў цэнтр нашай увагі патрапляе сам чалавек, а знешнія акалічнасці робяцца адносна нябачнымі. У выніку ўзнікае адчуванне, што наша асяроддзе амаль цалкам складаецца з дрэнных танцораў, якія да таго ж апраўдваюць свае нязграбныя танцавальныя па спасылкамі на знешнія абставіны. На мове сацыяльнай псіхалогіі такая дваістасць пры ацэнцы сябе і навакольных называецца «фундаментальнай памылкай атрыбуцыі» (ад лац. “attributio — “прыпісванне — механізм тлумачэння прычын паводзін іншага чалавека).

«Тэфлонавы» рэйтынг

Разгледзім праз прызму фундаментальнай памылкі атрыбуцыі гісторыю расійскіх прэзідэнтаў — Ельцына і Пуціна. За кропку адліку палітычнай кар’еры Ельцына возьмем яго абранне народным дэпутатам СССР у 1989 годзе. Супрацьстаяў яму тады генеральны дырэктар ЗІЛа, якога падтрымлівала ўлада. Аднак разжалаваны партыйны функцыянер Ельцын, які не меў ні каманды, ні грошай, атрымаў 90 працэнтаў галасоў масквічоў. У 1991 годзе ён упэўнена перамог на першых прэзідэнцкіх выбарах, пасля чаго даволі хутка пачаў губляць сваю папулярнасць.

Пераемнік Ельцына Пуцін увайшоў у вялікую палітыку неяк незаўважна. «Молчалин на должности национального лидера», — так ахарактарызаваў яго ў свой час сацыёлаг Леў Гудкоў. Узлёт папулярнасці Пуціна пачаўся ў верасні 1999 года пасля ўзрыву дамоў у Маскве, калі Уладзімір Уладзіміравіч прапанаваў мачыць тэрарыстаў у сарціры. З тых часоў прайшло больш за 10 гадоў. Калі б выбары прэзідэнта Расіі адбыліся ў чэрвені, то тройка лідэраў, паводле дадзеных Левада-Цэнтра, выглядала б наступным чынам: Пуцін — 37%, Мядзведзеў — 17% і Зюганаў — 6%.

Рэйтынг Пуціна сацыёлагі называюць «тэфлонавым». Да яго нічога «не прыліпае», г. зн. ад учынкаў Пуціна ён не залежыць. Адбываецца, да прыкладу, трагедыя з падводнай лодкай «Курск». Замест таго, каб выступіць са зваротам да нацыі, прэзідэнт знікае з экранаў тэлевізараў на некалькі дзён. У любой дэмакратычнай краіне такія паводзіны палітыка каштавалі б яму кар’еры, але рэйтынг Пуціна нават не завагаўся.



У агарод Ельцына камні сёння не кідае хіба што гультай. Ельцын — асноўная прычына ўсіх расійскіх бедаў. Мабыць, нават больш істотная, чым дрэнныя дарогі і дурні. Пуцін жа для рускіх ператварыўся ў «наша ўсё». І гэта прытым, што ўявіць былога кэдэбэшніка ў крытычную хвіліну на танку, на якім так натуральна падчас путчу глядзеўся Ельцын, немагчыма ў прынцыпе!

Але колькі б мы ні ўглядаліся ў палітычных танцораў, растлумачыць, зыходзячы з іх асабістых якасцяў, чаму першы апынуўся дрэнным, а другі ўсё яшчэ працягвае радаваць публіку, у нас не атрымаецца. Таму ад аналізу асоб пяройдзем да аналізу сітуацый, на фоне якіх танчылі свае сольныя партыі Ельцын і Пуцін.

Ельцын быў абраны прэзідэнтам у 1991 годзе, калі негатыўныя працэсы ў эканоміцы, звязаныя з развалам СССР, толькі набіралі абарот. Старая эканамічная сістэма ўжо не працавала, а новая яшчэ не сфармавалася. Каб атрымаць поўную карціну, варта дадаць нізкі кошт нафты, і тады непазбежнасць падзення ўзроўню жыцця насельніцтва стане асабліва відавочнай. Да канца 90-х гадоў этап пераходу ад савецкай планавай эканомікі да рынкавай быў завершаны. У Расіі пачаўся эканамічны рост. Але папулярнасці Ельцына ён дапамагчы ўжо не мог. Занадта вялікай была незадаволенасць насельніцтва, якое падманулася ў сваіх чаканнях. Крыніцай гэтых чаканняў быў Ельцын, яму ж давялося ўзяць на сябе і ролю «казла адпушчэння».

У адрозненне ад Ельцына, яго палітычны пратэжэ апынуўся ў патрэбны час у патрэбным месцы. У галовах абывацеляў імя другога прэзідэнта было звязана з ростам прыбыткаў і ўставаннем Расіі з кален. Пра тое, які ўнёсак у гэта ўставанне зрабілі высокія кошты на нафту, абывацелі не думалі. У круг іх паўсядзённых абавязкаў аналіз макраэканамічных паказчыкаў не ўваходзіць.

Унікальная асоба

Аднак перанясемся на родную зямлю, якая вось ужо семнаццаты год прыгажэе пад кіраўніцтвам «адзінага беларускага палітыка». З рэйтынгам у яго праблем няма — у чэрвені нават падрос (глядзі табліцу).

У чым сакрэт палітычнага даўгалецця Лукашэнкі? На думку акадэміка Рубінава, яго варта шукаць ва ўнікальнай асобе кіраўніка дзяржавы. Цытую: «…наш прэзідэнт, які выйшаў з гушчы народа і арганічна ўвабраў у сябе яго патрэбы і надзеі, будуе сваю палітыку, адштурхваючыся ад зямлі, ад жыцця, а не ад якіх-небудзь тэарэтычных схем і абстрактных лагічных пабудоў. Менавіта гэта зберагае нас ад крайнасцяў, ад спакусы хуткіх і радыкальных рашэнняў, ад хуткаспелых рэформаў, забяспечваючы тым самым эвалюцыйнае, паступальнае развіццё грамадства без шоку і ўзрушэнняў».

Хай і не ў такіх вобразных выразах, але большасць незалежных аналітыкаў з тэорыяй унікальнай асобы згодныя. Яны любяць разважаць пра харызму, пра звышнатуральныя здольнасці, набыць якія праз навучанне нельга. Адсутнасцю харызматычнага лідэра тлумачыцца, дарэчы, асноўная прычына шматгадовых няўдач апазіцыі.

Я не адмаўляю, што ў Лукашэнкі ёсць пэўныя здольнасці, але на адной харызме далёка не паедзеш. Няўжо Ельцын не валодаў харызмай? А Гарбачоў? Спадзяюся, людзі старэйшага пакалення яшчэ памятаюць, як уся краіна замірала перад тэлевізарамі падчас выступу генсека. Толькі — у поўнай адпаведнасці са здагадкай Макса Вебера, аўтара паняцця «харызма», — такое захопленае заміранне доўжылася нядоўга. Любая харызма патрабуе пацвярджэння практычнымі вынікамі.

Лукашэнка быў абраны прэзідэнтам на тры гады пазней за Ельцына. У кампактнай Беларусі, у адрозненне ад неабсяжнай Расіі, трансфармацыйныя працэсы да моманту яго абрання былі блізкія да завяршэння. Гэта не ён «запусціў заводы», а тысячы безыменных кіраўнікоў на месцах. Кінутыя не па сваёй волі ў бездань рынку, яны апынуліся перад дылемай: навучыцца плаваць або патануць. Большасць з іх плаваць навучылася, хай і не класічным рынкавым спосабам, а «па-сабачы». Безумоўна, такім стылем на міжнародныя рынкі не заплывеш, але дырэктарам дзяржпрадпрыемстваў гэтага і не патрэбна. Ім цалкам хапіла расійскага рынку, дзе мясцовыя плаўцы аддаюць перавагу аналагічнаму стылю.

Першым і другім не патануць дапамагла прыродная рэнта. Рускім — свая, беларусам — расійская. Нагадаем, што з моманту здабыцця незалежнасці аб’ем расійскіх прэферэнцый для Беларусі ў выглядзе льготных коштаў на сыравінныя рэсурсы перавысіў 50 мільярдаў долараў. Без гэтай «зеляніны» ад харызмы Лукашэнкі мала б што засталося.

У заганным крузе

І на заканчэнне звернем свой погляд на апазіцыйных танцораў. Іх няздольнасць уплываць на працэсы, што адбываюцца ў рэспубліцы, відавочная. Але што ім замінае? У рамках выкладзенай вышэй тэорыі прапаную звярнуць увагу не на саміх танцораў, а на грамадства. І тут нас чакае сюрпрыз, таму што грамадства ў сучасным разуменні ў нас няма. У нас — насельніцтва.

Грамадства, калі звярнуцца да падручніка сацыялогіі, — гэта сістэмы «ўстойлівых сувязяў, заснаваных на салідарнасці, узаемных каштоўнасцях, пачуцці далучанасці і ўзаемных інтарэсах». Пры жаданні ўсе пералічаныя кампаненты ў нас можна адшукаць, аднак у колькасцях, недастатковых для стварэння якасці, што адпавядае заходнім стандартам.

Возьмем, напрыклад, інтарэсы. Яны ў беларусаў ёсць, вось толькі не ўзаемныя. Адсюль папулярнасць асабістых сувязяў (блату). Калі ў беларуса ўзнікаюць праблемы, то ён не шукае таварышаў па няшчасці, каб з імі аб’яднацца. Ён шукае выхад на патрэбнага чыноўніка. Калі з пошукам такога ўзнікаюць праблемы, то беларус піша скаргу.

Такая тэхналогія рэалізацыі асабістых інтарэсаў дапамагае прыстасавацца да сітуацыі, якая задаецца, як правіла, дзяржавай, але не змяніць яе. Для змянення сітуацыі неабходныя салідарнасць і пэўны ўзровень даверу адно да аднаго. Аднак давер можа паўстаць толькі падчас адстойвання ўзаемных інтарэсаў. Так узнікае заганны круг.

Са свайго боку Улада прымае мэтанакіраваныя высілкі, каб гэты заганны круг не разарваўся. Самы эфектыўны сродак — стварэнне перашкод для функцыянавання структур грамадзянскай супольнасці. Бо апошнія для таго і ствараюцца грамадзянамі, каб фармаваць і абараняць узаемныя інтарэсы.

Усяляк ухваляецца і падача скарг, але толькі індывідуальных. Магчыма, чытачы «НЧ» не чулі, але з чэрвеня сіламі Адміністрацыі прэзідэнта праводзіцца маштабная праверка працы мясцовых уладаў з насельніцтвам. У рамках праверкі чыноўнікі адміністрацыі выязджаюць на месцы, дзе праводзяць прыём грамадзян па асабістых пытаннях.

Праца са скаргамі — важны элемент нацыянальнага варыянту дэмакратыі. Праілюструю цытатай з «СБ»: «Можна колькі заўгодна размаўляць пра «дэмакратыю», але галоўнай прыкметай дэмакратыі з’яўляецца ўсё ж здольнасць улады адэкватна і сумленна рэагаваць на патрэбы і запыты грамадзян. У канчатковым рахунку ў тых, хто каментуе сацыяльную палітыку ў Беларусі, здзіўленне выклікае зусім не «чысціня вуліц», а тое, што калі сярэднестатыстычны беларус звярнуўся з матываванай просьбай у дзяржаўны орган, мясцовую ўладу, рэдакцыю СМІ, то да яго звароту абавязаныя паставіцца з усёй адказнасцю і грунтоўнасцю».

Выдатнае прызнанне. У дзяцінстве мяне вучылі, што слова «дэмакратыя» азначае «ўлада народа». Беларускі ж варыянт дэмакратыі прадугледжвае аддзяленне народа ад улады — гэтак жа, як мух аддзяляюць ад катлет. Максімум, што дазволена народу, гэта звяртацца ў дзяржаўныя органы з матываванымі просьбамі, чым народ актыўна і займаецца.

Вось на фоне такіх знешніх акалічнасцяў і спрабуюць апазіцыйныя танцоры выканаць свой пераможны танец. Справа за шаноўнай публікай, за яе жаданнем сабрацца на плошчы і паапладзіраваць.
 

Каментаваць