Што засталося ад Будапешта?

Доўгі час у Кіеве, Мінску і Астане насіліся з тэкстам Будапештскага мемарандума як галоўнай гарантыяй свайго суверэнітэту. Аднак падзеі ў Крыме і Данбасе паказалі, што напісанае мала адпавядае рэальнасці.



Падпісанне Будапешцкага мемарандума


На мінулым тыдні палітыкі і эксперты краін СНД высвятлялі, што засталося ад Будапешцкага мемарандума, падпісанага роўна 20 гадоў таму.

Паводле падпісанага 5 снежня 1994 года Будапешцкага мемарандума, Расія, ЗША і Францыя абавязаліся гарантаваць суверэнітэт і тэрытарыяльную цэласнасць Украіны, Беларусі і Казахстана ў абмен на адмову згаданых дзяржаў ад ядзернай зброі. Сярод абавязкаў вялікіх дзяржаў таксама прысутнічаў пункт — адмова ад пагрозы сілай і яе ўжывання супраць тэрытарыяльнай цэласнасці і палітычнай незалежнасці новых незалежных дзяржаў.

Доўгі час у Кіеве, Мінску і Астане насіліся з тэкстам мемарандума як галоўнай гарантыяй свайго суверэнітэту. Аднак падзеі ў Крыме і Данбасе паказалі, што напісанае мала адпавядае рэальнасці. Захад абсалютна не спяшаецца аказаць Украіне дапамогу у тых маштабах, што гарантаваў мемарандум. Ну а статус Расіі як гаранта суверэнітэту краін СНД пасля захопу Крыма, а затым падтрымкі сепаратыстаў у Данбаскай і Луганскай абласцях выклікае горкую ўсмешку.

Праўда, ёсць арыгінальная версія, што якраз Кіеў першы парушыў мемарандум. На думку шэрагу крымскіх палітыкаў, на момант падпісання мемарандума 5 снежня 1994 года суверэнітэт Украіны, быццам, не распаўсюджваўся на Крым і Севастопаль. Паводле арт.1 Канстытуцыі Рэспублікі Крым ад 6 мая 1992 г. Рэспубліка Крым (…) ажыццяўляе суверэнныя правы і ўсю паўнату ўлады на сваёй тэрыторыі. Паколькі Кіеў, на думку крымчан, у 1995 годзе цалкам падпарадкаваў Крым, то бок парушыў існаваўшыя на снежань 1994-га межы, якія абяцаў паважаць, менавіта ён з’яўляецца агрэсарам. На такой штучна сканструяванай аснове Сімферопаль і патрабуе цяпер ад Парашэнкі кампенсацыі за анексію паўвострава і эксплуатацыю яго рэсурсаў за 20 гадоў.

Не менш арыгінальнай выглядае і пазіцыя ўкраінскіх правых. Яны лічаць, што падпісаны 20 гадоў таму пакт быў гістарычнай памылкай, і нават трагедыяй. Гэтая плынь моцна заявіла аб сабе, напрыклад, на шоў вядомага журналіста Савіка Шустэра. Шустэр прысвяціў ледзь не палову сваёй праграмы юбілею Будапешта, для чаго быў запрошаны экс-прэзідэнт Леанід Краўчук. (Хаця дамову падпісваў Леанід Кучма, лічыцца, што менавіта пры Краўчуку адбыліся фінальныя кансультацыі па яе канчатковай версіі).

Леаніда Макаравіча сустрэлі ў студыі не вельмі ветліва. Прысутныя радыкалы абвінавацілі яго ў тым, што экс-гарант фактычна падклаў міну запаволенага дзеяння пад украінскі суверэнітэт, пагадзіўшыся ў 1994 годзе на вывад атамнай зброі. Логіка простая — прысутнасць атамнай зброі магла ацвярэзіць гаспадароў Крамля ад іх планаў захопу Крыму.

У адказ Краўчук давёў, што ў яго папросту не было іншага выхаду. Па-першае, ядзерны арсенал, што застаўся ва Украіне, трэба было неяк тэхнічна ўтрымліваць. Сродкаў і кадраў на гэта ў маладой дзяржавы не было. Па-другое, у 1994 годзе адбыўся ці не выключны выпадак у гісторыі, калі інтарэсы Злучаных Штатаў і Расіі раптам супалі. Кіеў не мог супрацьстаяць дыктату вялікіх дзяржаў, якіх у дадатак падтрымалі Пекін і Парыж.

Большасць украінскіх палітолагаў лічаць, што мемарандум — гэта ўжо пустышка. Не выключана, па меркаванні некаторых, «разводка» ад самага пачатку. Адзін з удзельнікаў праграмы Шустэра — былы ўкраінскі дыпламат, узгадаў забаўную гісторыю. Быццам, у кулуарах будапешцкага саміту Леанід Кучма выпадкова сустрэў французскага прэзідэнта Франсуа Мітэрана, і той, адвёўшы ўкраінскага калегу ў бок, сказаў: «Нікому не верце. Яны (заходнія палітыкі і рускія) вас падмануць».

Праўда, некаторыя палітыкі на берагах Дняпра не губляюць надзеі на тое, што дух Будапешцкай дамовы яшчэ можна адрадзіць. Першы прэзідэнт Украіны Леанід Краўчук нагадаў, што Будапешцкі мемарандум утрымлівае пункт, які дазваляе Кіеву склікаць міжнародную канферэнцыю адносна выканання абавязанняў краінамі-гарантамі. З іншага боку, наўрад ці на такую сустрэчу пагодзіцца Масква, без удзелу якой падобная канферэнцыя не будзе легітымнай.

Што тычыцца Расіі, дык яе МЗС, як не дзіўна, клянецца ў вернасці мемарандуму. Праўда, з маленькай папраўкай. Лаўроў кажа, што сутнасць дамовы на Захадзе разумеюць некарэктна. «Гэтыя гарантыі (прадстаўленыя Украіне ў 1994 годзе), па-першае, прадугледжваюць абавязкі ядзерных дзяржаў не ўжываць ядзерную зброю ў дачыненні да дзяржавы, якой такія гарантыі даюцца». Гэта значыць, што сітуацыя ў Данбасе не ўпісваецца ў рамкі дакумента. Акрамя таго, як сказаў Лаўраў, Будапешцкі мемарандум прадугледжвае абавязак «паважаць суверэнітэт, тэрытарыяльную цэласнасць, палітычную незалежнасць Украіны», але «там няма абавязкаў прызнаваць вынікі ўзброеных дзяржаўных пераваротаў».

Праўда, варыянт, прапанаваны Лаўровым, яшчэ не самы горшы. Большасць расійскіх праўладных каментатараў увогуле заклікаюць дэнансаваць той мемарандум, які тармозіць праект адраджэння імперыі.

Напрыклад, вядомы публіцыст Эдуард Лімонаў піша: «Пра Будапешцкі мемарандум. Яго падпісаў п'яны ў хлам Ельцын. Аднак, каб нас больш не тыкалі ў гэты мемарандум носам, варта вельмі хутка, чым хутчэй, тым лепш, зрабіць наступнае. Дэнансаваць спачатку асобу Ельцына. Тры-чатыры тэлестужкі на федэральных каналах з п'яным ЕБН, у прайм-тайм (і паўтараць, паўтараць...). Потым заява ў Дзярждуму, ва ўрад, дзейснаму прэзідэнту аб факце бесперапыннага п’янства Ельцына. Услед за дэнансацыяй асобы Ельцына варта дэнансаваць Белавежскую змову. А затым Будапешцкі мемарандум. Пасля гэтага і фраў Меркель, і іншым заходнім экстрэмістам можна адказваць прамым тэкстам: "Гэта Ельцын вам штосьці гарантаваў. Мы дэнансавалі падпісаныя ім у прыступах белай гарачкі дакументы. Мы вам нічога не гарантуем».

Прозвішча Меркель тут згадана не выпадкова. Літаральна напярэдадні юбілею Будапешту нямецкі канцлер у інтэрв’ю газеце "Die Welt" заявіла: "Расія парушыла гарантыі тэрытарыяльнай цэласнасці і суверэнітэту Украіны, юрыдычна замацаваныя Будапешцкім мемарандумам 1994 года, і гэта не можа заставацца без наступстваў". Гэты блок інтэрв’ю Меркель вельмі раз’юшыў расійскую эліту.

Што тычыцца Казахстана, то тут адзінай думкі няма. Шэраг палітолагаў кажуць, што парушэнне Будапешцкага мемарандума нясе значныя рызыкі для Казахстана, які зараз не можа быць упэўнены ў тым, што Масква будзе прытрымлівацца падпісаных ёю дамоў. Перш за ўсё, узнікае пагроза агрэсіі на поўначы краіны, дзе шмат рускамоўных.

Аднак ёсць і іншы падыход. «У выпадку з Казахстанам падобныя падзеі (анексія часткі тэрыторыі з боку Расіі) немагчымыя, у сілу больш цесных эканамічных, палітычных і гуманітарных адносін. Да таго ж Казахстан усе апошнія гады праводзіў адну ўзважаную лінію, без зігзагаў у розныя бакі, як гэта было ў выпадку з Кіевам. А непаслядоўнасць курсу ў нестабільнай краіне заўсёды прыводзіць да хаосу», — кажа палітолаг Даніяр Ашымбаеў.

Як бачым, адзінага падыходу да магчымых наступстваў парушэння дамовы ад 5 снежня 1994 года няма. Няма нават адзінай трактоўкі параграфаў дакументу, што дазваляе кожнаму падпісанту прапаноўваць свае версіі, апраўдваючы імі свае ўчынкі. Можна толькі спадзявацца: нейкі кансенсус бліжэйшым часам будзе знойдзены, што верне Будапешцкаму мемарандуму ключавы статус гаранта стабільнасці ў нашым рэгіёне.

Абмеркаванне:

  • Ісак Ньютон
  • 2014-12-11 00:46:52
Балбатня гэта ўсё. Толькі ядзерная зброя альбо сяброўства ў NATO здольныя стрымаць расейскую агрэсію.
  • Сяржук
  • 2014-12-11 12:32:44
Здаецца, што сёняшнюю Расею нават гэта не спыніць.

Каментаваць