Шульган прапануе зняцца

Прэтэндэнт на пасаду прэзідэнта ад лайдакоў, "дармаед у дэкрэце" Юрый Шульган заклікаў іншых патэнцыйных удзельнікаў выбарчай кампаніі зняцца на ягоную карысць па-добраму. Інакш ён абяцае не прапусціць ніводнай хібы канкурэнтаў.



Шульган думае пра Беларусь


У офісе Беларускай партыі «Зялёныя» 20 мая незалежны прэтэндэнт у прэзідэнты і ягоны штаб распавялі пра кнцэпт будучай прэзідэнцкай кампаніі Юрыя Шульгана. Нагадаем, што БПЗ падтрымала самавылучэнца, які з 2000-га года нідзе афіцыйна не працуе, і адзіны пункт перадвыбарчай праграмы якога — працаўладкаваца на пасаду прэзідэнта Рэспублікі Беларусь.

«Не фрык і не фейк»

Напачатку імпрэзы старшыня БПЗ Алег Новікаў патлумачыў, што прэзідэнцкая кампанія Шульгана — не фрыкавая і не фейкавая, як пра тое склалася ўражанне ў розных СМІ. А зусім нават сур’ёзная. Інакш, па ягоных словах, у яе б не ўвязвалася зарэгістраваная Мінюстам партыя.

Зразумела, адзначыў Новікаў, самавылучэнцу — Шульгана БПЗ падтрымала не проста так. Найперш, як партыя сацыяльнай скіраванасці, яна не магла пакінуць убаку дэкрэт кіраўніка дзяржавы аб дармаедах. Больш за тое, у гэтым дакуменце і ў самім Шульгане партыя пабачыла пэўную перспектыву. Новікаў звярнуў увагу, што нават па афіцыйных падліках, у краіне налічваеца 400 — 500 тысячаў так званых «лайдакоў». І гэтая група, дзякуючы прэзідэнцкаму дэкрэту, моцна палітызавалася.

Алег Новікаў выключна задаволены прэтэндэнтам у прэзідэнты

Апроч таго, гэтыя так званыя «дармаеды» — збольшага моладзь, якая не здолела працаўладкавацца пасля навучання. А значыць — актыўная частка насельніцтва.

Падтрымаць «дармаеда» БПЗ вырашылі і з-за агульнага палітычнага стану ў краіне. «Мы назіраем крызіс апазіцыйных структураў. Яшчэ ніколі ў гісторыі не было такой сітуацыі, каб у апазіцыі не было яркіх лідэраў. Прэтэндэнты ў прэзідэнты не прадстаўляюць актыў сваіх партыяў. І ў гэтай сітуацыі ў моладзі ёсць шанец «абнуліць» апазіцыю: то бок прадэманстраваць, што мы жадаем пераменаў не толькі ў краіне, але і ў апазіцыі. Гэтае «абнуленне», на наш погляд, у агульных інтарэсах дэмакратыі і дэмакратычных структураў», — адзначыў Новікаў.

На ягонае меркаванне, гэта адбудзецца, калі Шульган набярэ галасоў больш, чым статусныя апазіцыянеры.

Таксама БПЗ цікава паглядзець, як на кампанію і на самога Шульгана адрэагуюць улады. Бо да Шульгана ва ўлады няма і не можа быць асабістых крыўдаў і непрыняцця.

І, канешне ж, БПЗ мае намер прадэманстраваць, што Беларусь знаходзіца ў сусветнай плыні і заходнім трэндзе. «Як і ва ўсім свеце, ў Беларусі мы назіраем эрозію выбарчых кампаній. Людзям нецікавы патэрналісцкі падыход прэтэндэнтаў у прэзідэнты. Яны хочуць нечага больш яскравага. Гэта мы пабачылі пад час перамогі руху Бэпе Грыла «5 зорак» у Італіі, на выбарах у муніцыпальны савет Рэйк’явіка атрымала перамогу «Найлепшая партыя», заснаваная комікам Ёнам Гнарам», — зазначыў Новікаў. І менавіта комікі, а не палітыкі вывелі Ісландыю з фінансавага крызісу — дзіўна, але гэта факт.

Дарэчы, у гэтым сэнсе паказальны адказ самога Шульгана на практычна аналагічнае пытанне: як ён ставіцца да рэформаў, якія Беларусі прапануе Міжнародны валютны фонд. «Я буду раіцца з кабінетам міністраў», — адказаў Шульган. То бок, ён дэманструе, што ён не «усезнайка», як дзейсны кіраўнік дзяржавы.

Адзіны кандыдат

Пра бліжэйшыя планы каманды Шульгана распавёў кіраўнік ягонага штабу Паўлюк Канавальчык. Найпершай задачай, якую ставіць перад сабою штаб — гэта не сабраць сто тысячаў подпісаў за рэгістрацыю кандыдата, не распрацаваць праграму, нават не стварыць ініцыятыўную групу. «Нашая задача — перахіліць на свой бок патэнцыйных удзельнікаў прэзідэнцкай кампаніі», — заявіў Канавальчык.

Канавальчык абяцае жорсткую перадвыбарчую кампанію

Ён адразу прапанаваў усім, хто заявіў аб сваіх прэзідэнцкіх амбіцыях, — Таццяне Караткевіч, Анатолю Лябедзьку, Сяргею Калякіну, і іншым, на каго забыўся, — зняцца на карысць Юрыя Шульгана. «Мы па-добраму заклікаем зняцца. Нашая кампанія будзе досыць сур’ёзная. Кожны пралік, кожную хібу нашых канкурэнтаў мы скарыстаем і давядзем да грамадства», — паведаміў Канавальчык, што будзе, калі на карысць Шульгана не здымуцца.

Калі каманда Шульгана ўсё ж змусіць усіх дэмакратаў зняцца на ягоную карысць, то, па версіі Канавальчыка, «Шульган будзе дэ-факта адзіным кандыдатам ад апазіцыі — тым самым адзіным, якога нашая тытульная апазіцыя не здолела абраць цэлы год».

Несур’ёзныя сур’ёзныя рэчы

Што тычыцца «працэдурных пытанняў», кшталту ініцыятыўнай групы, збору ста тысячаў подпісаў і праграмы кандыдата, то пакуль што над такімі пытаннямі ідзе праца. Найперш, па словах Канавальчыка, збіраецца ініцыятыўная група — ў яе ўваходзяць усе, хто падпісаў на сайце Шульгана петыцыю за ягонае працаўладкаванне. «Мы ставім на мэце сабраць максімальную колькасць ініцыятыўнай групы», — сказаў Канавальчык, зазначыўшы, што заканадаўства не абмяжоўвае яе колькасць. То бок, у яе могуць увайсці ўсе жадаючыя.

Праца штабу кандыдата будзе максімальна адкрытай. Штаб будзе збірацца штотыдзень, пра месца збору будзе паведамляцца праз сацыяльныя сеткі. Прыняць у ім удзел зможа кожны жадаючы. Тое ж тычыцца і праграмы кандыдата. «Пакуль што ў нас адзіны пункт гэтай праграмы — працаўладкаваць Шульгана. Усе астатнія пункты будуцьзбірацца шляхам стасавання з выбаршчыкамі. Гэта таксама адметнасць кампаніі: мы хочам стварыць праграму «ад народа», а не ўзяць нешта тэарэтычнае, спушчанае «зверху», — зазначыў Канавальчык.

Планаў у арганізатараў кампаніі -- бязмежжа

Па ягоных словах, недзе праз месяц плануецца сабраць «З’езд неабыякавых дармаедаў», якія і «дадуць наказ» Шульгану наконт праграмаў, мэтаў і задачаў. Дэлегатам з’езда можа стаць любы, хто «лайкне» старонку Шульгана у сацыяльнай сетцы «Фэйсбук».

«Увогуле, мы плануем актыўна і шырока скарыстоўваць сацыяльныя сеткі, усе магчымасці мультымедыя, відэаролікі, і гэтак далей. Мы таксама плануем творча пераасэнсоўваць ролікі канкурэнтаў, бо нам, як дармаедам, складана выдумляць нешта сваё. Увогуле, мы хочам зрабіць з гэтай кампаніі агульны творчы праект, шырокі творчы эксперымент, і маем намер цалкам давясці кампанію да канца, якім бы той канец не быў», — зазначыў Канавальчык.

Ці атрымаецца?

Шульган на прэс-канферэнцыі збольшага адмоўчваўся. Ён толькі адказваў на пытанні. Прычым, бачна, што не жадаў выглядаць больш разумным, чым ён ёсць. Яго пыталіся наконт «Еўрабачання» — ён падтрымаў ідэю, каб гурты на гэты конкурс абіраліся народным галасаваннем без усялякага журы. Яго пыталіся наконт шырокага паказу «артхаўсных» фільмаў для асветы насельніцтва — ён адказаў, што насельніцтва само абярэ, што яму глядзець, і няма праблемаў зараз паглядзець «артхаўс». І канешне ж, яго запыталіся, чаму ён не працуе ўжо 15 год?

«Я па спецыяльнасці — выкладчык гісторыі. Я не працую выкладчыкам гісторыі, таму што зараз тое, што я павінен выкладаць — гэта значыць, хлусіць дзецям. Тая гісторыя, якую выкладаюць зараз у школах — хлусня. Хлусіць дзецям я не магу. Дзеці — нашая будучыня», — заявіў Шульган.

Шульган не хоча хлусіць

Падаецца, хоць адзін цікавы кандыдат на гэтых выбарах у нас будзе.

Абмеркаванне:

  • ВР
  • 2015-05-20 20:10:37
"Шульган думае пра Беларусь", "нам, як дармаедам, складана выдумляць нешта сваё" :))))



"дэкрэт кіраўшніка дзярджавы аб дармаедах." - гэта сцёб ці проста памылкі друку?
  • тунеядец
  • 2015-05-20 20:33:28
Только Шульган!
  • Yury
  • 2015-05-20 23:28:40
Толькі адзін чалавек са сьпісу кандыдатаў выклікае даверу. Спадзяюсь на яго перамогу !!! Так трымаць, Юрась !!!
  • ВР
  • 2015-05-21 00:24:13
Ахвярую Лёлікам і Паўлюкам новатвор "шульгануць". Ну што, шульганём? (У сэнсе - за Шульгана падпішамся/прагаласуем?)



Дарэчы, шаноўны аўтар, як у Ю. Ш. з беларускай (мовай)? Галасаваць за прышпільнага кандыдата, які не валодае мовай, - гэта занадта нават для мяне.
  • Аўтар
  • 2015-05-21 10:16:23
Нармальна ў яго з мовай. Канешне ж, калі кіраўнік штаба ў яго Канавальчык, то ён ён з каманды "Навінак", калі памятаеце аткую газету. А яна была цалкам беларускамоўнай.
  • ВР
  • 2015-05-21 14:13:36
Каб я не памятаў такой газеты? :) Наконт поўнай яе беларускамоўнасці можна спрачацца, там і трасянкі хапала (праўда, ёсць меркаванне, што трасянка - падвід бел. мовы).



Каманда - гэта адно, кандыдат - крыху іншае, таму я і запытаўся. Дзякуй за нармальны такі адказ.

Каментаваць