Шурпатасці і нязручнасці мясцовых выбараў

Выбары ў мясцовыя саветы дэпутатаў 26-га склікання адбыліся. Па афіцыйных звестках, яўка выбарцаў склала амаль 80 працэнтаў. Толькі на 15 працэнтах участкаў выбіраць было з каго, на астатніх электаральны працэс прайшоў без альтэрнатывы.



Выбары ў мясцовыя саветы дэпутатаў 26-га склікання адбыліся. Па афіцыйных звестках, яўка выбарцаў склала амаль 80 працэнтаў. Толькі на 15 працэнтах участкаў выбіраць было з каго, на астатніх электаральны працэс прайшоў без альтэрнатывы.

Ад апазіцыі ў мясцовыя саветы здолелі патрапіць толькі восем чалавек. Дэпутатамі сталі тры прадстаўнікі аргкамітэта партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя» і пяць — левай партыі «Справядлівы свет». З партыі БНФ і руху «За свабоду» ніхто ў мясцовыя саветы не патрапіў. Пры тым, што ад палітычных апазіцыйных структур балатаваліся больш за 400 чалавек.

Прадстаўнікі апазіцыі не лічаць выбарчую кампанію абсалютна марнай. Так, лідэр руху «За свабоду» Аляксандр Мілінкевіч пазітыўным вынікам удзелу ў выбарах назваў«пэўнае павелічэнне пратэстных настрояў у грамадстве і дэманстрацыю альтэрнатывы». «Цяпер галоўнае, каб цывілізаваны свет усвядоміў, што гэтыя выбары сфальшаваныя, іх нельга прызнаваць. Выбарчая кампанія ў мясцовыя саветы, якая фактычна з’яўляецца рэпетыцыяй прэзідэнцкай кампаніі, сведчыць, што на прэзідэнцкіх выбарах будзе адбывацца закручванне гаек», — гаворыць палітык.

У Цэнтрвыбаркаме лічаць, што сур’ёзных парушэнняў гэтая кампанія не мела, і насамрэч абгрунтаваных скаргаў у ЦВК было пададзена няшмат. «Многія палітыкі робяць гэта (пішуць скаргі ў ЦВК) зусім не таму, што хочуць абгрунтаваць свой пройгрыш. Гэта жаданне ў чарговы раз нагадзіць роднай дзяржаве, каб яшчэ раз пакрычалі і сказалі, што дэмакратычныя ператварэнні ў Беларусі носяць дэкаратыўны характар», — заявіла на выніковай прэс-канферэнцыі Лідзія Ярмошына.

Таксама кіраўніца ЦВК паведаміла, што шэраг кандыдатаў праігнаравалі прадстаўленыя магчымасці для правядзення перадвыбарнай агітацыі, толькі 23 працэнты кандыдатаў выкарысталі грошы, вылучаныя з дзяржбюджэту на выданне ўлётак.

Ці не ёсць гэта самы чаканы для ўладаў вынік? Плён работы адладжанай імітацыйнай выбарчай сістэмы, пры якой немагчымы кантроль за падлікам галасоў. На гэты конт цікавы эксперымент паставіла партыя «Справядлівы свет». На адным участку іх кандыдат праводзіў самую актыўную працу, дайшоў ці не да кожнага выбаршчыка, на другім — абмежаваўся адной улёткай за казённы кошт, на трэцім — нават улётку не друкаваў. На выхадзе кожны з іх атрымаў каля 10 працэнтаў.

Лідзія Ярмошына мяркуе, што «ўсе камісіі спрацавалі добра», а, напрыклад, факты неўключэння ў спісы выбарцаў, — гэта «шурпатасці і нязручнасці, звычайныя для любых выбараў», і ставіцца да іх трэба з разуменнем.

Назіральнікі ў супрацьвагу старшыні ЦВК прыводзяць безліч прыкладаў, якія сведчаць пра праблемы ў арганізацыі выбарчага працэсу. Як зазначыў кіраўнік праваабарончага цэнтру «Вясна» Алесь Бяляцкі, прэтэнзіі пачаліся яшчэ на стадыі фармавання камісій. Паводле зменаў у выбарчым заканадаўстве, камісіі мусяць не менш як на траціну складацца з прадстаўнікоў палітычных партый і грамадскіх аб’яднанняў. Патрабаванне было выкананае, але прадстаўніцтва апазіцыі ў выбаркамах было зведзена да мінімуму.

Назіральнікі маюць найбольш прэтэнзій да актыўнай кампаніі па арганізацыі датэрміновага галасавання і працэсу падліку галасоў. 75,5 працэнта назіральнікаў з кампаніі «Праваабаронцы за справядлівыя выбары» заявілі, што не мелі магчымасці назіраць за падлікам галасоў. Апроч таго, прыкладна на палове ўчасткаў, дзе знаходзіліся назіральнікі, не было раздзельнага падліку галасоў выбарцаў з датэрміновага галасавання і асноўнага дня. І гэтая розніца на ўчастках з моцнымі апазіцыйнымі кандыдатамі была істотнай.

Напрыклад, у Барысаве кандыдат ад руху «За Свабоду» Дзмітрый Бабіцкі ў асноўны дзень галасавання перамог свайго галоўнага канкурэнта — дырэктара палітэхнікума Шмакава, але саступіў па выніках выбараў з датэрміновым галасаваннем. Слонімскі кандыдат у дэпутаты Іван Шэга — вядомы ў рэгіёне доктар — упэўнена перамагаў у дзень выбараў і ў галасаванні на даму, але канчатковы вынік выбараў у акрузе вырашылі бюлетэні са скрыні датэрміновага галасавання.

Праваабаронцы называюць папярэдняе галасаванне «чорнай дзіркай» выбарчага заканадаўства, што дае магчымасці для маніпуляцый. З пачатку года абавязковы парог яўкі ў 50 працэнтаў быў скасаваны. Тым не менш, па звестках ЦВК, амаль траціна выбарцаў прагаласавалі датэрмінова на выбарах у мясцовыя саветы. Па сведчанні назіральнікаў ад дэмакратычных сілаў, рэальная яўка на выбары ў Мінску была не болей за 25–30 працэнтаў. Па рэгіёнах — не болей за 40–45.

Мясцовыя выбары многія эксперты называлі рэпетыцыяй прэзідэнцкіх, якія могуць адбыцца ўжо напрыканцы гэтага года.

Кіраўнік праваабарончага цэнтру «Вясна» Алесь Бяляцкі лічыць, што дзеючае заканадаўства пакідае магчымасці для маніпуляцый. «Асноўныя праблемы, якія былі і на папярэдніх выбарах, засталіся. Гэта суб’ектыўнасць фармавання ўчастковых камісій, абмежаванне агітацыйнай кампаніі, папярэдняе галасаванне. Таму мы настойліва раім дэпутатам Палаты прадстаўнікоў задумацца і ўсё ж унесці ў выбарчае заканадаўства змены, якія сур’ёзна наблізілі б яго да міжнародных стандартаў. Мясцовыя выбары паказалі, што застаюцца прагалы, магчымасці для маніпуляцый, якія могуць стаць прычынай для крытыкі выбарчага працэсу», — падкрэслівае праваабаронца.

 

Каментаваць