Сяброўства з Захадам абыдзецца танней

Беларускі рэжым мае ўсе шанцы наладзіць стасункі з ЕС. Для гэтага нават не давядзецца радыкальна змяняць дзейсную палітычную сістэму, дастаткова толькі кантраляваць эмоцыі ў публічных выступах ды весці дыялогі. 



Еўрасаюз гатовы рабіць палітычныя зніжкі Беларусі, калі яна не прадэманструе абуральных крокаў у галіне правоў чалавека.

З кім сябраваць і якія варыянты развіцця знешняй палітыкі Беларусі пасля выбараў — гэта абмяркоўвалі падчас V Міжнароднага Кангрэса даследчыкаў Беларусі. Эксперты адзначаюць, што сёлета назіраецца нармалізацыя адносін Беларусі з Еўрасаюзам: бакі аднавілі дыялог па правах чалавека, а Брусель зняў санкцыі з шэрагу беларускіх чыноўнікаў і прадпрыемстваў. У канцы жніўня былі памілаваныя амаль усе палітычныя зняволеныя — гэта рашэнне беларускіх уладаў здымае адну з галоўных перашкодаў для далейшага развіцця адносінаў з ЕС. У дзяржаўных СМІ рыторыка ў дачыненні да Захаду змякчылася, што заўсёды адлюстроўвае пазіцыю афіцыйнага Мінска. На фоне тэндэнцыі да паляпшэння адносінаў з краінамі Захаду назіраецца некаторае нарастанне супярэчнасцяў у адносінах з Расіяй.

Разам з тым варта адзначыць, што нават афіцыйныя праграмы ЕС для Беларусі дзяржава не рэалізавала ў поўнай меры і пакуль не мае магчымасцяў для гэтага.

«Беларусь разлічвала, што праграма «Усходняе партнёрства» дапаможа знайсці фінансавыя сродкі рознага кшталту — інвестыцыі, разнастайныя праекты, якія ЕС мог бы фінансаваць. Былі спадзевы, што праз гэтую праграму атрымаецца ладзіць дыялог з Брусэлем. Але ў выніку двухбаковы шлях гэтай праграмы для Беларусі закрыты, бо наша дзяржава не з’яўляецца паўнавартасна сябрам еўрапейскай палітыкі суседства і ўдзельнічае толькі ў шматбаковым вымярэнні праграмы, таксама не ўдзельнічае паўнавартасна ў Еўранэсце. Замест беларускіх дэпутатаў там час ад часу прысутнічаюць прадстаўнікі апазіцыі. Беларусь ніколі не дэкларавала, што збіраецца ўступаць у ЕС. Адпаведна, не выконвае ніякіх «хатніх заданняў», каб атрымаць нешта ўзамен. Сітуацыю пагаршае палітыка санкцыяў. Таму многае ў перыяд 2011 па 2015 год афіцыйны Мінск спрабаваў рабіць насуперак ЕС. Атрымалася такое «нішто за нішто», — гаворыць старэйшы аналітык Беларускага інстытута стратэгічных даследаванняў Дзяніс Мельянцоў.

Дзяніс Мельянцоў

Праграма «Усходняе партнёрства» па факце застаецца камунікацыйнай пляцоўкай з ЕС. І пры ўсёй сваёй абкарнанай форме для Беларусі спрыяе пашырэнню камунікацый, інстытуцыяналізацыі стасункаў з Еўрапейскім саюзам. А на фоне падзей, якія адбываюцца цяпер ва Украіне, напружаных адносінаў Еўрасаюза з Расіяй, еўрапейскі бок схільны не драматызаваць адносіны, а факусавацца на іх эканамічным вымярэнні.

«У адносінах ЕС і Беларусі вызначальным фактарам ёсць не толькі каштоўнасці. Бо той жа Азербайджан — яшчэ больш дыктатарская краіна. Разам з тым Аліева цудоўна прымаюць у Брусэлі. Іх парламент, абраны гэтак жа, як і беларускі, з’яўляецца часткай Еўранэста. З аднаго боку, стаўленне да Беларусі такое, бо краіна не адпавядае стандартам дэмакратыі. Але ёсць і розніца інтарэсаў ЕС. То бок Еўрасаюз у Беларусі мае куды менш асабістых інтарэсаў і можна быць больш прынцыповым», — гаворыць Мельянцоў.

Дырэктар інстытута палітычных даследаванняў «Палітычная сфера» Андрэй Казакевіч мяркуе, што цяпер планка для наладжвання добрых стасункаў з Еўрасаюзам знізілася. Прычыны таму палягаюць у крызісных з’явах рэгіёна.

Андрэй Казакевіч 

«Калі Беларусь захоча мець добрыя стасункі з ЕС, нават пры цяперашняй палітычнай сістэме, яна будзе іх мець. Натуральна, трэба будзе пайсці на нейкія саступкі, але гэта можа быць прадметам перамоў. Я б патлумачыў доўгія халодныя адносіны з ЕС не наяўнасцю аўтарытарнага рэжыму ў нашай дзяржаве, а менавіта яго тыпам. У выступах Лукашэнкі можна знайсці многа выпадаў у бок ЕС, Захаду. Таксама прынамсі палову часу незалежнасці Беларусі ў афіцыйнага Мінска проста не даходзілі рукі займацца навя­дзеннем мастоў у адносінах. І некаторы час нават з супрацьстаяння з Захадам спрабавалі выцягнуць нейкія бонусы, так званы «продаж дыктатарства Расіі» — калі за кепскія стасункі з Захадам атрымлівалі эканамічныя рэсурсы ад Расіі», — адзначае Андрэй Казакевіч.

Аляксандр Лукашэнка, прымаючы 5 кастрычніка даверчыя граматы паслоў шэрагу замежных дзяржаў, таксама гаварыў пра эканамічнае супрацоўніцтва з ЕС.

«Мы павінны падняць іх (адносіны Беларусі і ЕС. — аўт.) на якасна новы ўзровень, які адпавядае інтарэсам абодвух бакоў», — сказаў Лукашэнка. Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што Беларусь зацікаўлена ў пашырэнні гандлёва-эканамічнага і інвестыцыйнага супрацоўніцтва з Еўрасаюзам. На яго думку, перспектыўнымі могуць стаць сумесныя інфраструктурныя праекты ў сферы транспарту, энергетыкі, іншых сферах эканомікі, а таксама ў развіцці дагаворна-прававой базы.

Не варта забывацца, што ў выбудоўванні адносінаў з Захадам ёсць такі моцны фактар, як сяброўства Беларусі ў ЕАЭС. Таму, калі на што і можна разлічваць Беларусі, дык на супрацоўніцтва ў эканамічных кірунках, без закранання пытанняў інтэграцыі, сферы бяспекі і палітыкі. На знешнюю палітыку ЕС цяпер уплывае такі фактар, як трансфармацыя ўсёй палітыкі суседства Еўрасаюза. Як паведамляе «Reuters», палітыка суседства ЕС грунтоўна пераглядаецца з пераходам на больш сціплы, гнуткі і дыферэнцыраваны падыход, які будзе прадстаўлены 17 лістапада.

Беларускія эксперты бачаць у еўразійскай інтэграцыі для Беларусі больш праблем, чым выгодаў. Хаця гэты інтэграцыйны праект суправаджае многа інфармацыйнага шуму, але не столькі ж эканамічнага і палітычнага зместу.

Андрэй Казакевіч апелюе найперш да моманту асіметрыі, нераўназначнасці краін-сябраў ЕАЭС. «Першая і асноўная асіметрыя палягае ў тым, што балансу няма паводле тэрыторый, дэмаграфічнага складніку, эканомікі, палітычных амбіцый. Думаю, гэта асноўны фактар, які вызначае бесперспектыўнасць постсавецкай інтэграцыі», — падкрэслівае палітолаг.

На яго думку, канкрэтна цяпер Беларусі рэзкіх крокаў у інтэграцыйных кірунках рабіць нельга, бо гэта можа прывесці да сур’ёзных наступстваў.

«Натуральна, стасункі з Расіяй з’яўляюцца важнымі, і па многіх параметрах ад іх адмовіцца, прынамсі ў сярэднетэрміновай перспектыве, нельга. Але вялікай будучыні ў праекце расійскай інтэграцыі няма. Частка беларускай эліты ўспрымае еўразійскія праекты больш сур’ёзна, чым яны ёсць насамрэч. Я б параіў у пэўных галінах эканомікі, дзе гэта асабліва невыгодна, папросту нічога не рабіць. То бок не інвеставаць», — раіць Андрэй Казакевіч.

З гэтым згодны і Мельянцоў, які бачыць інтарэсы Беларусі не ў Еўразійскім саюзе. «Але гэта пацягне за сабой вялікія трансфармацыйныя змены ўнутры Беларусі, бо наша эканоміка моцна завязаная на Расію».

Паводле ацэнак экспертнай супольнасці, у першым паўгоддзі 2015-га Беларусь нарэшце стала рухацца ў бок рэальнай, а не дэклараванай знешнепалітычнай шматвектарнасці. Назіраецца і пэўны антысаюзніцкі трэнд унутры грамадства. Вераснёўскае апытанне НІСЭПД паказала, што прыкладна палова рэспандэнтаў выказаліся адмоўна і ў адносінах да далучэння Беларусі да ЕС, і ў адносінах да аб’яднання з Расіяй. За першае выступае прыкладна чвэрць апытаных, за другое — прыкладна траціна. На працягу апошніх пяці гадоў расце адсотак людзей, якія хацелі б жыць па-за нейкімі саюзамі.

Каментаваць