Сяргей Нікалюк: «Мадэрнізацыя скончыцца перабудовай»

Мадэрнізацыя па-лукашэнкаўску правальваецца — не выключана, што рэжым будзе вымушаны прызнаць гэты сумны факт на працягу года. Аднак пакуль існуе расійскі фактар, мадэрнізацыя па-еўрапейску Беларусі не пагражае: Еўрасаюз не ў стане прапанаваць Мінску больш, чым улівае сюды Масква.



Палітолаг Сяргей Нікалюк разважае пра перспектывы мадэрнізацыі.

— Мадэрнізацыя — натуральны працэс сістэмы, у якой мы «квітнеем».

У 2006 годзе гэта палітычная сістэма дасягнула свайго піку. 1 студзеня 2007 года Расія ў два разы павялічыла цэны на газ. Улада на працягу амаль года спрабавала ўсвядоміць новую рэальнасць; за гэты час знешні абавязак Беларусі павялічыўся ўдвая — з 6 мільярдаў долараў да 12-ці. З гэтага моманту краіна пачала набіраць пазыкі.

Улада зразумела, што расійскіх рэсурсаў для далейшага падвышэння дабрабыту насельніцтва, для стабілізацыі сістэмы не дастаткова.

У 2008 годзе пачынаецца палітыка лібералізацыі. Фармуецца прынцыпова новая сітуацыя: да ўлады прыходзіць усведамленне, што трэба нешта мяняць. У сістэму ўносіцца дынаміка, якую ўлада спрабуе звесці да мінімуму.

Паволі лібералізацыя закранае і палітычную сферу, што мы ўбачылі падчас прэзідэнцкай кампаніі. У 2010-м у цэнтры Мінска ўздымаліся ненавісныя рэжыму бела-чырвона-белыя сцягі, выбарчая кампанія праходзіла без асаблівых абмежаванняў. Але гэта былі змены па форме, але не па зместу.

На мой погляд, увечары 19 снежня сілавікі нанеслі лібералізацыі прадуманы ўдар.

Эканамічныя праблемы, якія паўсталі перад Беларуссю, пакідалі сілавы блок на другіх ролях. Чым далей пойдзе лібералізацыя, тым больш яго адсунуць. Сілавікі бліскуча вырашылі карпаратыўную задачу: за сем з паловай хвілін згарнулі палітыку, якую пачалі рэалізоўваць у 2008 годзе.

Аднак новыя эканамічныя і палітычныя праблемы нікуды не падзеліся. Таму…

— …Мадэрнізацыя?

— Так, новая кампанія — мадэрнізацыя. «Советская Белоруссия» фіксуе двухразовы рост ужывання гэтага слова — сто шэсцьдзесят артыкулаў за год з яго згадваннем. Працэс пайшоў.

Лукашэнка ў навагоднім віншаванні назваў цяперашні год пераломным. Прама сказаў: інакш нам не выжыць. Але пры гэтым навамодная мадэрнізацыя разумеецца чыноўнікамі выключна як тэхнічнае пераўзбраенне дзяржаўных прадпрыемстваў. І ўжо хаця б таму яна асуджаная.

У студзені, калі было абвешчана пра скарачэнне дзяржапарату, прэзідэнт сказаў выдатную фразу: сёння чыноўнік важнейшы за чалавека ў пагонах. Паколькі галоўным суб’ектам з’яўляецца менавіта першы, але са сваёй задачай ён не спраўляецца, чыноўніка трэба ўзяць пад жорсткі кантроль. Кантраляваць, зразумела, будуць сілавікі.

Міністры, губернатары — уся вертыкаль пастаўленая перад неабходнасцю прыцягваць інвестара. Што з гэтага атрымліваецца — мы бачым.

Нядаўна літоўская кампанія без удзелу дзяржавы запусціла буйное дрэваапрацоўчае прадпрыемства — на яго стварэнне сышоў год. Зараз прыгадаем дзяржаўную праграму па дрэваапрацоўцы на 2007–2009 гады; летась Лукашэнка зладзіў разгон з гэтай нагоды і зацвердзіў новы арыенцір — 7 лістапада 2013 года.

На канец 2013-га ці да наступнага паслання (звычайна яно адбываецца ў красавіку) улада павінна ўсвядоміць, што мадэрнізацыя ў яе разуменні заканамерна скончылася правалам.

Існуе нейкая логіка развіцця. Першы этап — усведамленне адставання, другі — «трэба штосьці рабіць», прычым пажадана гэта «штосьці» абмежаваць выключна тэхнічным узроўнем. Гэты этап і разгортваецца на нашых вачах. Ну а трэці павінен азначаць, што зробленых лакальных мер недастаткова, трэба выходзіць у сферу сацыяльную, палітычную — тое, што збольшага спрабавала рабіць лібералізацыя.

Гэта логіка павінна скончыцца перабудовай, што ў гісторыі сістэмы адбывалася неаднаразова.

— Значыць, і цяперашняй мадэрнізацыі наканавана завяршыцца перабудовай?

— З’явіўся магутны знешні фактар, які можа зламаць гэты сцэнар — Расія. Раскручванне і рэалізацыя згаданай вышэй логікі прывядзе да краху беларускай сістэмы. Расія, пакуль яна існуе ў цяперашнім выглядзе, пакуль яна валодае пэўнымі рэсурсамі, гэтага краху не дапусціць. Мы ўжо назіралі гэта ў 2011 годзе — усё ішло да краху. Але прыехаў Уладзімір Уладзіміравіч, дастаў з кішэні расійскіх падаткаплатнікаў некалькі мільярдаў долараў — і вырашыў праблему.

Каб падтрымліваць у Беларусі стабільнасць, патрэбны не проста высокі ўзровень расійскіх датацый — неабходна ўвесь час нарошчваць іх узровень, які кансервуе сітуацыю. Як сказаў міністр эканомікі, сама сістэма не генеруе такога ўзроўню прыбытку, які б дазваляў выплачваць цяперашнія зарплаты. А гаворка ідзе пра іх рост! Што ўвогуле і зразумела: бо як інакш спыніць адток кадраў? І гэта задача (праблема) на сёння — нумар адзін для ўлады.

— Існуе праблема: а наколькі рэальна беларускае грамадства гатовае да іншай схемы мадэрнізацыі — такой, якой яна бачыцца ўдзельнікам «Еўрапейскага дыялогу для мадэрнізацыю Беларусі»?

— Паморым: хай цяперашняя ўлада дрэнная, але дапамог Бог — прыйшлі да ўлады новыя людзі. А ці мае грамадства рэсурс для мадэрнізацыі «па-еўрапейску?» Тут узнікае больш пытанняў, чым адказаў. Сур’ёзных даследаванняў папросту няма. У Расіі такія праводзяцца на акадэмічным узроўні, але суб’екта мадэрнізацыі не знаходзяць.

Што такое 1994-ы год для Беларусі? Большасць тады выказалася супраць падобнай мадэрнізацыі — інакш кажучы, супраць новага жыцця, калі чалавек пачынае адказваць сам за сябе, калі роля дзяржавы рэзка скарачаецца. Не выпадкова тэму ўтрыманства не першы год агучвае Лукашэнка. Электаральная большасць, на якую ён абапіраецца, папросту співаецца.

— Што ж атрымліваецца: мадэрнізацыя па-лукашэнкаўску асуджаная на правал, але змяншаць абароты нельга, інакш машына спыніцца, — які тады новы паварот?

— Сама логіка развіцця павінна заканчвацца перабудовай. У Беларусі нельга выключаць элементы дэжавю 2011 года. Але за кошт усходняга фактару гэты лагічны ланцужок у сярэднетэрміновай перспектыве ўвесь час будзе перарывацца.

— Выходзіць, пакуль існуе расійскі сцэнар, «Еўрапейскі дыялог для мадэрнізацыі» будзе «заікам»?..

— Еўрасаюз не ў стане прапанаваць дапамогу, супастаўную з уліваннямі Расіі, таму беларуская палітычная эліта даўно вызначылася з геапалітычным выбарам. Проста адкрыта гэта не афішавалася. Але пасля ўваходжання ў расійскія інтэграцыйныя праекты, «таемнае» стала відавочным.

www.sn-plus.com

Каментаваць