Сельсавет — лішняя адзінка

Новыя мясцовыя выбары, якія павінны адбыцца ў Беларусі напрыканцы 2013 — напачатку 2014 года, могуць быць даволі спрошчанымі. Падчас абмеркавання зменаў у Выбарчы кодэкс, старшыня Цэнтрвыбаркаму Лідзія Ярмошына задумалася, ці патрэбныя нам увогуле сельскія і пасялковыя саветы.



Ярмошына лічыць магчымым скасаванне сельскіх Саветаў «з-за таго, што там вельмі цяжка знайсці будучых кандыдатаў у дэпутаты і забяспечваць потым працу гэтых прадстаўнічых органаў, якія валодаюць вельмі невялікімі паўнамоцтвамі». «Бо зямлёй, іншымі багаццямі распараджаюцца вышэйстаячыя ўзроўні Саветаў і выканаўчых органаў», — сказала кіраўнік Цэнтрвыбаркама Беларусі.

Пакуль што, як казала Ярмошына, мы мусім дачакацца рэформы адміністрацыйна-тэрытарыяльнай сістэмы Беларусі ўвогуле. Але такія словы наводзяць на пэўныя думкі. Была ж унесена прапанова пра тое, каб праводзіць выбары ў парламент у адзін тур: маўляў, і так зразумела, хто туды пройдзе, навошта грошы марнаваць. Зараз ёсць прапанова скараціць мясцовыя Саветы, і ніхто не дасць гарантыі, што гэтага не адбудзецца і без тэрытарыяльнай рэформы.

Сапраўды самыя першыя ўзроўні Саветаў — сельскія, пасялковыя і гарадскія Саветы ў гарадах раённага падпарадкавання, — маюць невялікія паўнамоцтвы. Як кажа былы дэпутат Белаазёрскага гарсавета Юрась Губарэвіч, іх стае толькі на тое, каб прыняць бюджэт адміністрацыйнай адзінкі. І тое, гэты бюджэт не складаецца імі самімі — ён «спускаецца» з выканкаму вышэйшай ступені. І гэты бюджэт — смеху варты, паколькі ён зводзіцца да фінансавання органаў мясцовай улады.

Ані праблем ЖКГ, ані праблемаў аховы здароўя, ані праблемаў адукацыі ці чаго іншага гэты бюджэт не тычыцца, — усё гэта закладаецца ў «больш высокі» раённы бюджэт. Адзінае, што ў гэтым бюджэце можа быць акрамя фінансавання ўлады — дробязныя грошы на нейкае добраўпарадкаванне. Таму дэпутату сельскага альбо пасялковага савету нават «распілаваць» няма чаго.

Але гэта не значыць, што мясцовы дэпутат не можа «навесці шораху». Самае цікавае адбываецца не напачатку года, калі мясцовыя дэпутаты зацвярджаюць бюджэт, а напрыканцы, калі падводзяць ягоныя вынікі. Вось тады дэпутаты могуць выказаць свае заўвагі і прапановы наконт выканання бюджэту, эканоміі бюджэтных сродкаў і гэтак далей. Тады мясцовы дэпутат можа пацікавіцца, за якія грошыкі раённая адміністрацыя, напрыклад, абвяшчае тэндэр на набыццё дарагога аўто для старшыні? Што можна было зэканоміць і куды было лепш скіраваць грошы? Такім чынам ускосна, але мясцовыя дэпутаты могуць уплываць і на бюджэт на будучы год.

Яшчэ адзін цікавы момант, са словаў Губарэвіча, — гэта калі дэпутаты абіраюць старшыню сельсавета, які, па законе, становіцца і старшынёй мясцовага выканкаму: хоць маленькі, а ўсё ж начальнік. Пытанне ў тым, што зацвердзіць гэтага «маленькага начальніка» на сваёй пасадзе павінен вышэйстаячы выканкам. Іншым разам здаралася так, што мясцовыя дэпутаты абіралі «не таго», — і яго не зацвярджалі. У выніку сістэма пачынала «тармазіць» да таго часу, калі пытанне палюбоўна не вырашалася.

«Конкурс» на дэпутатаў сельскіх і пасялковых Саветаў сапраўды малы. Таму ў іх, як правіла, абіраюць паважаных асобаў: тых, каго добра ведаюць. Таму дэпутаты такіх Саветаў — гэта сапраўды аўтарытэтныя і паважаныя людзі. Можна сказаць, што яны «больш якасныя»: яны найлепш ведаюць праблемы сваіх выбаршчыкаў, што іх непакоіць і што ім баліць. Іншая справа, ці могуць яны на вырашэнне гэтых праблем паўплываць?

Зараз дэпутат сельсавета можа вырашыць хаця б дробныя пытанні проста за кошт таго, што ён дэпутат. Ён усё ж бліжэй да ўлады, хаця б таму, што ён абіраў старшыню выканкаму. З дэпутатам можна параіцца, можна «даць яму наказ», можна сумесна абмеркаваць пытанні і праблемы. А ён ужо ў сваю чаргу, гэтыя пытанні і праблемы абмяркуе з тым, хто «вышэй».

Справа тут яшчэ ў тым, што замест сельскіх і пасялковых Саветаў спадарыня Ермошына нічога не прапанавала. Што будзе замест іх? Будуць прызначаць у вёску «старасту»? Але наколькі людзі будуць давяраць такому «старасце», калі яны яго не абіралі? Дзе гарантыя таго, што «стараста» не будзе нейкім «левым» чалавекам, зусім з іншага раёну, і прызначаны «па-сваяцку»? Ізноў жа, узнікае праблема карупцыі (хаця «піліць» на месцы, як ужо казалася вышэй, няма чаго) і праблема даверу да прызначанага чалавека.

І наколькі такі прызначаны будзе сумленна выконваць свае абавязкі? Бо яго, у адрозненне ад дэпутата, людзі не ведаюць.

Губарэвіч лічыць, што трэба не скасоўваць мясцовыя Саветы, а дадаць ім больш паўнамоцтваў і больш адказнасці. Трэба, каб яны самі фармавалі бюджэт сваёй тэрытарыяльнай адзінкі. Трэба, каб яны самі абіралі сабе кіраўніцтва, фармавалі выканкам. І трэба, каб яны самастойна прымалі рашэнні. Калі даць мясцовым Саветам крыху болей паўнамоцтваў, лічыць Губарэвіч, эфектыўнасць працы ўзрасце ў разы. І тады з’явіцца і попыт на «сваіх» кандыдатаў у дэпутаты, і конкурс на такія пасады будзе вышэйшым, на што, якраз, і наракае Ярмошына.

Так што дэпутат сельсавета — зусім не «лішняя адзінка». Гэта, хутчэй, адна з прыступак для вырашэння мясцовых праблем. Варта проста ёю карыстацца. А тое, што ўлада хоча гэтую прыступку скасаваць, сведчыць толькі пра яе важнасць для народа.

Каментаваць