Сем крокаў да прававой дзяржавы

На жаль улада ігнаруе Канстытуцыю і асноўныя міжнародныя дакументы па правах чалавека. Каб палепшыць сітуацыю з выкананнем правоў чалавека Беларусь павінна зрабіць не менш як сем крокаў.



Крок 1: Упаўнаважаны па правах чалавека

Беларусі трэба ўвесці пасаду амбудсмена — упаўнаважанага па правах чалавека. Такая пасада маецца ў многіх краінах свету і амаль ва ўсіх краінах Еўропы.

Упаўнаважаны па правах чалавека, як правіла, абіраецца парламентам. Такі парадак дае яму незалежны ад улады статус. Зазвычай, на пасаду ўпаўнаважанага па правах чалавека абіраецца асоба, якія зарэкамендавала сябе ў сферы праваабарончай дзейнасці — то бок рэальна вядомы і аўтарытэтны праваабаронца.

Зразумела, што ўпаўнаважаны надзяляецца асаблівымі паўнамоцтвамі для абароны правоў грамадзян. Напрыклад, ён мае права запытваць ад дзяржаўных органаў, органаў мясцовага самакіравання, кіраўнікоў прадпрыемстваў, устаноў і арганізацый дакументы і матэрыялы, неабходныя для разгляду скаргі; атрымліваць тлумачэнні ад службовых і іншых асоб у час разглядаў скаргаў; выносіць заключэнне па сутнасці скаргі і прапаноўваць аднавіць грамадзяніна ў парушаных правах; звяртацца ў любы суд, у тым ліку Канстытуцыйны, з заявай аб абароне парушаных правоў і свабодаў грамадзяніна.

Наяўнасць такой пасады і абранне на яе прынцыповага праваабаронцы стане эфектыўным сродкам абароны правоў грамадзян. У гэткіх умовах чыноўнікі будуць пралічваць наступствы сваіх дзеянняў. Асабліва важна, каб амбудсмен меў права на зварот у суд: адна справа, калі са скаргай звяртаецца шараговы грамадзянін, і іншая — калі гэта робіць «высокі ўпаўнаважаны». То бок, амбудсмен павінен быць дадатковым бар’ерам свавольству чыноўніцтва.

Крок 2: Судовая незалежнасць

Нашы суды вельмі залежныя ад структур прэзідэнцкай улады, а суддзі, па сутнасці, з’яўляюцца чыноўнікамі, бо прызначаюцца на пасаду і вызваляюцца ад яе кіраўніком дзяржавы. Па законе ж суддзі павінны быць незалежнымі і бесстароннімі арбітрамі. Як гэта зрабіць?

Не трэба вынаходзіць ровар, варта проста вярнуцца да практыкі абрання суддзяў. Суддзяў вышэйшых судоў, у тым ліку Канстытуцыйнага суда, Вярхоўнага суда, Вышэйшага гаспадарчага суда, прызначае парламент па прапанове органаў судзейскай супольнасці і на працяглы тэрмін — напрыклад, на 10 гадоў. Тады суддзі будуць незалежнымі і ад выканаўчай улады, і ад парламентароў: іх тэрмін судзейства будзе большы, чым тэрмін паўнамоцтваў абраўшых іх парламентароў.

Суддзяў ніжэйшых судоў могуць зацвярджаць мясцовыя прадстаўнічыя органы. У мэтах адбору кваліфікаваных юрыстаў на пасады суддзяў можна ўвесці інстытут залічэння на пасаду суддзі з выпрабавальным тэрмінам (напрыклад, на тры гады).

А каб суды не былі заваленыя, як зараз, адносна простымі і нязначнымі справамі, а таксама для стварэння рэзерву судзейскіх кадраў, можна было б увесці як першасны суд участковага (альбо міравога) суддзю. Калі ёсць участковы міліцыянер, чаму б не быць і ўчастковаму суддзі?

Крок 3: Канстытуцыйны суд — кожнаму

Зараз грамадзяне Беларусі не маюць права на зварот у Канстытуцыйны суд, калі парушаюцца іх правы і свабоды. Увогуле, у КС маюць права звярнуцца толькі пяць суб’ектаў; кіраўнік дзяржавы, урад, абедзве палаты парламента і Вярхоўны суд (Вышэйшы гаспадарчы суд з гэтага спісу «знік» з 1 студзеня гэтага года на падставе прэзідэнцкага дэкрэта аб ліквідацыі гэтага суда. — Аўт.). Грамадзяне з гэтага працэсу наўпрост выкінутыя.

Чаму «забыліся» пра грамадзян? Бо яны штогод пішуць скаргі на праватворчасць розных органаў, у тым ліку прэзідэнта, парламента, урада. Законы, указы, пастановы часцяком не адпавядаюць Канстытуцыі і міжнародна-прававым абавязацельствам краіны. Значыць, на іх трэба рэагаваць, у тым ліку прызнаваць неканстытуцыйнымі. У выніку — уступаць у канфлікт з «моцнымі гэтага свету».

Відавочна, калі грамадзянам прадаставіць права звяртацца ў КС, то ён будзе абавязаны пачынаць разгляд скаргаў і прымаць рашэнні па сутнасці. У выніку за кароткі час могуць быць ануляваныя практычна ўсе нарматыўныя акты, якія парушаюць правы і свабоды грамадзян. Канстытуцыйныя скаргі непазбежна будуць дапаўняцца скаргамі на незаконныя дзеянні альбо рашэнні службовых асоб. То бок, галовы паляцяць — парушальнікі законнасці будуць знятыя са сваіх пасадаў.

Крок 4: Спецсуды па адміністрацыйных спрэчках

Не-не, гэта не «тройкі» НКУС, як маглі падумаць некаторыя. Гаворка ідзе пра стварэнне так званай «адміністрацыйнай юстыцыі», якая будзе разглядаць выключна скаргі грамадзян на дзеянні органаў кіравання і адпаведных службовых асоб.

Зараз падобныя скаргі разглядаюцца судамі толькі ў тых выпадках, калі пра гэта наўпрост сказана ў заканадаўстве (напрыклад, на парушэнне працоўных правоў). У астатніх выпадках грамадзяне павінны скардзіцца ў парадку падпарадкаванасцi. То бок спачатку трэба паскардзіцца кіраўніцтву, потым — вышэйшаму кіраўніцтву, а ўжо калі адмовіў «самы высокі кіраўнік» — ісці ў суд. Але што рабіць, калі «высокі кіраўнік» — гэта кіраўнік краіны? Каб гэта дзейнічала на практыцы, то Аляксандр Рыгоравіч толькі б і рабіў, што пісаў адказы на скаргі.

Для падачы скаргаў па такіх «адміністрацыйных спрэчках» і павінна быць спецыяльная падсістэма судоў. На першапачатковым этапе гэта могуць быць «спецсуддзі» ў складзе агульных судоў, пазней — спецыялізаваныя адміністрацыйныя суды.

Крок 5: Гуманізацыя заканадаўства

Беларусь ужо колькі год займае другое месца па колькасці зняволеных у Еўропе. Нам столькі «зэкаў» непатрэбна, і іх, скажам шчыра, нават складана пракарміць. Таму заканадаўства павінна быць перагледжана і прыведзена ў адпаведнасць з міжнародна-прававымі стандартамі.

У першую чаргу падлягае перагляду Крымінальны кодэкс, у якім маецца шэраг не тое што антыдэмакратычных, але і абсалютна палітызаваных і непатрэбных нормаў. Адных «палітычных» артыкулаў у ім аж сем, пачынаючы ад «дзейнасці ад імя незарэгістраванай арганізацыі» і заканчваючы «парушэннем парадку правядзення масавага мерапрыемства».

Звяртае на сябе ўвагу палажэнне аб «канфіскацыя маёмасці». Хоць яе аб’ектам з’яўляецца маёмасць асуджанага, але на практыцы гэта пакаранне распаўсюджваецца на маёмасць усіх членаў сям’і, што нельга прызнаць апраўданым з пазіцыі правоў чалавека.

Крымінальна-працэсуальнае заканадаўства таксама ў значнай меры не адпавядае міжнародным і еўрапейскім стандартам. Раздзел 49 КПК «Вытворчасць па крымінальных справах у дачыненні да асобных катэгорый асоб» уступае ў супярэчнасць з прынцыпам роўнасці грамадзян перад законам. Згодна з нормамі гэтага раздзела, прыцягненне да крымінальнай адказнасці дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў, членаў Савета Рэспублікі, суддзяў, пракурораў, следчых і некаторых іншых катэгорый асоб дапускаецца толькі са згоды прэзідэнта.

Трэба нешта зрабіць і з папярэднім расследаваннем, якое зараз носіць абвінаваўчы характар. Глядзіце самі: санкцыю на правядзенне следчых дзеянняў і на заключэнне падазраванага пад варту дае пракурор. Ён жа ажыццяўляе нагляд за законнасцю следства і падтрымлівае бок абвінавачвання ў судзе. Ці можа ён прызнаць нейкія следчыя дзеянні незаконнымі, калі сам даў на іх санкцыю, і яму гэтыя ж дзеянні ў судзе абараняць?

Між тым, у краінах-сябрах Рады Еўропы санкцыю на следства дае незалежны суд, што з’яўляецца дадатковай гарантыяй законнасці пры расследаванні.

Малая эфектыўнасць касацыйных судовых інстанцый, дзе істотна абмежаваныя магчымасці абароны. Значна завышаныя паўнамоцтвы Вярхоўнага суда. Калі ён выступае ў якасці першай судовай інстанцыі, яна ж з’яўляецца і апошняй — падаць касацыйную скаргу ўжо няма куды.

Адміністрацыйная вытворчасць — увогуле жах. Права накладаць адміністрацыйныя спагнанні маюць каля 50 суб’ектаў дзяржавы. Нават пры судовым разглядзе спраў не забяспечваецца ўсебаковае, поўнае і аб'ектыўнае даследаванне, а магчымасці абароны мінімальная — пастанова суддзі па справе уступае ў сілу неадкладна пасля яго абвяшчэння. Трэба зрабіць адміністрацыйны працэс больш адкрытым, узмацніўшы гарантыі абароны правоў грамадзян, у тым ліку замацаваць права абскарджання рашэння суддзі.

Крок 6: Адмена смяротнага пакарання

Падабаецца камусьці ці не, але такое рашэнне павінна быць прынята. Не толькі з «маральнага» пункту гледжання.

Па-першае, пакуль у краіне не будзе адмененае смяротнае пакаранне, нельга казаць аб павазе да правоў чалавека. Права на жыццё — асноўнае чалавечае права, дадзенае па факту нараджэння, і ніхто не можа яго адымаць.

Па-другое, адмена смяротнага пакарання, ці, у крайнім выпадку, увядзенне мараторыя на яго прымяненне, з’яўляецца адной з умоваў прыёму краіны ў Савет Еўропы. А без гэтага немагчымы доступ грамадзянаў Беларусі да еўрапейскай сістэмы правасуддзя.

Крок 7: Савет Еўропы

Калі Беларусь прызнае асноўныя правы і свабоды грамадзян, у тым ліку права на жыццё, мы лёгка ўступім у гэтую агульнаеўрапейскую арганізацыю. Галоўная карысць ад яе ў тым, што ў грамадзян будзе магчымасць звярнуцца са скаргай у Еўрапейскі суд па правах чалавека (ЕСПЧ) у Страсбургу.

Рашэнні ЕСПЧ, у адрозненне ад пастановаў, напрыклад, Камітэта па правах чалавека ААН, з’яўляюцца абавязковымі для дзяржавы. Яны прымушаюць дзяржаву перагледзець сваё заканадаўства, а таксама змяніць стаўленне да правоў чалавека.

Вядома, пералік мер па паляпшэнні сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі можна працягнуць. Так і варта паступіць пры абмеркаванні гэтай рубрыкі.

На гэтым завяршаецца цыкл артыкулаў доктара юрыдычных навук, прафесара, заслужанага юрыста Рэспублікі Беларусь Міхаіла Пастухова. Вы яшчэ маеце час, каб задаць пытанні Міхаілу Пастухову ў лістах на адрас рэдакцыі альбо ў каментарах пад артыкулам на сайце. Усе пытанні атрымаюць адказы ў заключнай гутарцы рэдакцыі з Міхаілам Іванавічам.

Каментаваць