"Радыё 101,2 FM" было б 20 гадоў

Роўна 20 гадоў таму, 21 ліпеня 1995 года, а 8-й раніцы ў эфір выйшла першая незалежная беларускамоўная FM-радыёстанцыя “101,2”. Чыста камерцыйнае радыё, але пры гэтым — чыста беларускае. 



Асноваю калектыву сталі журналісты і гукарэжысёры, што ў 1994 годзе не па сваёй волі пакінулі дзяржаўную радыёстанцыю “Беларуская маладзёжная”, якую пракамуністычная кебічаўская ўлада зліквідавала напярэдадні першых у нашай краіне прэзідэнцкіх выбараў.

Гэта было нешта неверагоднае. Малады калектыў, сярэдні ўзрост журналістаў — 24 гады, але большасць ужо мела досвед працы на прафесійным радыё, менавіта ў “Маладзёжцы”. Без адзінай капейчыны дзяржаўных грошай на стварэнне. Чыста камерцыйнае радыё, але пры гэтым — чыста беларускае. Ніякай расійскай папсы, свабодны доступ да эфіру слынных беларускіх музыкаў, якім на дзяржаўным радыё часцяком паказвалі “ад варот паварот”. Нонканфармізм у вяшчанні, у выпусках навінаў, у падводках да музычных кампазіцыяў. І мудрая камерцыйная палітыка менаджараў, што дазволілі "Радыё 101,2" стаць самадастатковай арганізацыяй, якая сама сябе забяспечвала. А рэкламадаўцы павалілі на гэтае радыё ўжо праз некалькі месяцаў вяшчання.

Якія імёны выходзілі ў эфір на гэтай хвалі, былі вядоўцамі праграм! Ірына Курапаткіна і Вольга Бабак, Кася Камоцкая і Лявон Вольскі, Вольга Гардзейчык і Севярын Квяткоўскі, Юрась Бушлякоў і Вольга Караткевіч, Зміцер Лукашук і Алесь Хмяльніцкі ды многія іншыя маладыя людзі, шмат хто з якіх стаў вянком айчыннай журналістыкі.

А гукарэжысёры! Уладзімір Сакульскі і Зміцер Новікаў, Зміцер Васількоў і Алесь Ляшкевіч, Алеся Верас і Алег Пятровіч ды іншыя, — прабачце, калі каго запамятаваў.

Як было класна працаваць! Аўтар гэтых радкоў з вялікім задавальненнем ляцеў на працу, каб апынуцца на вуліцы Рэвалюцыйнай, 8а на пачатку на сёмую раніцы, каб паспець падрыхтавацца да эфіру і пасля пройгрышу сказаць: “У Мінску 7 гадзін 1 хвіліна, працуе Радыё 101,2, за пультам гукарэжысёр… (яны мяняліся) пры мікрафоне Генадзь Кеснер. Добрай раніцы! Пачынаем! І пайшла музыка. А потым прагноз надвор’я (мы іх абыгрывалі кожны на свой капыл, што дадавала асобнага імпэту нашаму радыё), навіны, рэклама і гэтак далей.

Было весела, працавалася цудоўна, атмасфера ў калектыве была — лепш не прыдумаеш.

Потым былі страшэнныя для нас апошнія жнівеньскія дні 1996 года. Да ганебнага “плебісцыту” 24 лістапада 1996 года заставалася яшчэ некалькі месяцаў. Але лукашэнкава ўлада вырашыла пазбавіцца практычна ўсіх носьбітаў незалежнай інфармацыі, каб забяспечыць правадыру яшчэ большае пашырэнне магчымасцяў.

30 жніўня 1996 года ў офісе рэдакцыі вылез факс, у якім, нават без подпісу, паведамлялася, што з прычыны перашкодаў, якія нібыта ладзіць перадатчык на частаце 101,2 мегагерц для канала ўрадавай сувязі “Алтай”, эксплуатацыя гэтага перадатчыка спыняецца з 1 верасня 1996 года. Чорны гумар быў у тым, што ў дзень, калі з праклятага факса выпаўз гэты ліст, у заснавальніцы Радыё 101,2  і экс-галоўнага рэдактара “Беларускай маладзёжнай” Жанны Літвіной быў Дзень нараджэння. Як і ў яе поўнага антыпода — Аляксандра Лукашэнкі. Яны нарадзіліся ў адзін дзень, адзін месяц і адзін год. Вось яна — іронія лёсу.

Мы плакалі, не хаваючыся і не саромеючыся адзін аднаго. Паспелі паведаміць слухачам пра тое, што адбылося. У апошнія хвіліны вяшчання 31 жніўня 1996 года тысячы клаксонаў аўтамабіляў па нашай просьбе засведчылі павагу да нашага радыё. Вуліца Няміга літаральна гула шмат хвілінаў, а даішнікі не ведалі, што гэта робіцца. Не ведалі, што такім чынам нашы адданыя слухачы развітваюцца са сваім любімым радыё, якое праіснавала крыху больш за год, але ўлюбіла ў сябе дзясяткі тысяч людзей. 

Але сёння — не пра медыйную трагедыю, але пра свята, якога, праўда, няма. Так, "Радыё 101,2" споўнілася 20 гадоў. І няхай на нашай хвалі вяшчаюць іншыя, а іх расцяжкі вісяць па ўсім горадзе, аднак справа ў тым, што такога "Радыё 101,2" больш нікому і ніколі не паўтарыць. У адну раку двойчы не ўваходзяць.

Каментаваць