Сённяшняя ахвяра — заўтрашні герой

Сяргея Каваленку перавялі ў Рэспубліканскі цэнтр псіхічнага здароўя ў Навінках для комплекснага абследавання. Сяргей працягвае трымаць галадоўку, дамагаючыся свайго вызвалення, бо лічыць сябе несправядліва асуджаным. Ад пачатку красавіка яго кормяць прымусова.



Сяргея Каваленку перавялі ў Рэспубліканскі цэнтр псіхічнага здароўя ў Навінках для комплекснага абследавання. Сяргей працягвае трымаць галадоўку, дамагаючыся свайго вызвалення, бо лічыць сябе несправядліва асуджаным. Ад пачатку красавіка яго кормяць прымусова.

Сяргей Каваленка быў асуджаны на 2 гады зняволення за парушэнне рэжыму адбыцця пакарання «хатняй хіміяй», якую яму прысудзілі за вывешванне бел-чырвона-белага сцяга на навагодняй ёлцы у Віцебску ў 2010 годзе. 19 снежня 2011 года вязень трымаў галадоўку пратэсту супраць прысуду, якую аднавіў у лютым пасля 20-дзённага перапынку. 10 красавіка Віцебскі абласны суд збіраўся разгледзець касацыйную скаргу на прысуд Сяргею Каваленку, але прыняў рашэнне накіраваць вязня на экспертызу ў Навінкі. Разгляд касацыйнай скаргі прыпынены.

Ці вар’ят Каваленка ў сваім жаданні дамагчыся адмены прысуду нават пагрозаю ўласнаму жыццю, гатоўнасці памерці за бел-чырвона-белы сцяг? Наўрад ці. У такім выпадку вар’ятамі трэба прызнаць кіраўніка «Маладога Фронту» Дзмітрыя Дашкевіча, які цяпер у турме, былога палітвязня Мікіту Ліхавіда, што не выходзіў з карцэраў у часе адбыцця пакарання, бо не ішоў на супрацоўніцтва з адміністрацыяй калоніі і лічыў свой прысуд несправядлівым. Неадэкватнымі пры такім раскладзе мусяць выглядаць і экс-кандыдаты ў прэзідэнты, што прайшлі праз турмы (а Саннікаў і Статкевіч там знаходзяцца дагэтуль), праваабаронцы, журналісты, якія вымушаныя працаваць у Беларусі на нелегальных умовах, і многа іншых людзей самых розных прафесій, адукацыі, выхавання. І ўся іх неадэкватнасць зводзіцца да аднаго — нежадання падпарадкавацца сістэме, з якой яны не згодныя. Наяўнасць у грамадстве не згодных з асноўнай лініяй — нармальная з’ява. Ненармальна, калі сваю нязгоду трэба адстойваць праз турмы і вар’ятні.

І ўсё ж ва ўсім гэтым ёсць адзін ці не найбольш прыкры момант: калі гісторыя Каваленкі ці каго іншага з прынцыповых апанентаў афіцыйнай улады скончыцца трагічна — гэта не абудзіць маўклівую большасць. Са згоды гэтай самай большасці кляпаюцца і транслююцца фільмы па дзяржаўнаму тэлебачанню а-ля «Жалезам па шклу», амапаўцы ламаюць ногі мінакам, якім не пашанцавала прайсціся побач з апазіцыйным мітынгам. Зрэшты, з гэтай самай маўклівай згоды справы зніклых палітыкаў дзяржаўнага ўзроўню так і павіслі ў паветры. Ахвяры дзеля самога акту ахвяравання. Яны не патрэбныя грамадству? Магчыма, не, калі разглядаць яго без кропкавых элементаў такіх жа іншадумцаў.

Гэтыя героі і ахвяры патрэбныя гісторыі. У снежні 1965 года на Пушкінскай плошчы ў Маскве выйшлі некалькі чалавек з патрабаваннем выконваць савецкую Канстытуцыю. На той час яны выглядалі дзівакамі — не менш. Але праз пяцьдзесят гадоў гэтыя людзі ў шэрагу герояў, якія запачаткавалі праваабарончы рух СССР. Гісторыя краіны, дзяржавы не грунтуецца на адным чалавеку. І, хай непрызнаны ў сваёй упартасці сёння, заўтра Каваленка будзе атаясамлівацца з вернасцю і адданасцю сваёй ідэі. Нацыянальны сцяг і праўда — ідэальнае спалучэнне, якое для гістарычнай постаці краіны падыходзіць значна лепш за мікс жорсткасці, прагі да ўлады і «ненахіляемасці». Фактычна, місія выкананая.

Па вялікаму рахунку, улады самі дапамаглі ў выбудоўванні гераічнага вобразу. Адпусцілі б Каваленку пад падпіску — і не было б гэтай гераічна-трагічнай гісторыі. Але даць спуск аднаму — праявіць слабасць перад тысячамі. І як тады можна аргументаваць сваю паталагічную нелюбоў да апазіцыі, якая ходзіць пад бел-чырвона-белымі сцягамі? Таталітарны ўклад не прадугледжвае скідак і паслабленняў — усё мусіць быць падпарадкавана адзіна правільнай цэнтральнай лініі. Толькі ніводная лінія не вечная, на яе разломе застанецца «апошні дыктатар Еўропы» ды ім жа, як супрацьпастаўленне, спароджаныя ахвяры і героі.
 

Каментаваць