Скажы мне, хто твой вораг....

Гледзячы на сённяшнія выказванні апазіцыі, я бачу, што Лукашэнка перастаў быць ворагам як мінімум для яе часткі. Галоўным ворагам стаў Пуцін. І дзеля барацьбы з ім яны, здаецца, гатовыя праглынуць зацісканне і без таго куцых правоў і свабодаў.


Блакіроўка сайта «Спутнік і пагром» Міністэрствам інфармацыі выклікала заканамерную радасць сярод часткі апазіцыі. Аднак мала хто звярнуў увагу на той факт, што блакіроўка сайтаў палітычнага напрамку сама па сабе, не залежна ад таго чый гэта сайт, — заганная і антыдэмакратычная практыка.

Такая практыка, узятая дзяржавай на ўзбраенне, зможа пераўтварыць Беларусь у плане свабоды інтэрнэту ў Іран. Некалькі месяцаў таму аналагічным чынам быў заблакаваны анархісцкі сайт «Прамень». Усё кажа аб тым, што падчас усялякіх масавых пратэстаў будуць блакаваць доступ да ўсіх папулярных сайтаў, якія будуць сачыць за ходам пратэстаў. Таму радасць з нагоды блакіроўкі нават такога адыёзнага сайту выглядае, як мінімум, не зусім дальнабачнай.

Змена вектараў

Майдан і вайна ва Украіне намецілі істотныя зрухі ў беларускай знешняй і ўнутранай палітыцы. «Мяккая беларусізацыя» ўжо ні для каго не сакрэт, як і спробы атачэння Лукашэнкі, пакуль нязграбныя і надзвычай асцярожныя, сфармаваць нейкую нацыянальную ідэю, якая б базавалася не толькі на сацыялістычна-савецкім мінулым, але і на ўсім тым, што доўгія гады падымалі на шчыт апазіцыянеры.

Услед за зменамі ідэалогіі ўлады пачала змяняцца і сама апазіцыя. Яе лідары і актывісты бачаць, што ўлада, і асабіста Лукашэнка, спрабуюць асядлаць каня пад назвай беларускі нацыяналізм, на якім яны паспяхова ездзілі ўсе 23 гады. І, як сапраўдныя палітыкі, пачынаюць — хто менш, хто больш асцярожна, — падтрымліваць яго ў гэтым.

«Галоўнае — незалежнасць, дэмакратыя — потым», «Лепш з Лукашэнка супраць Пуціна», — такога кшталту наратывы гучаць усё часцей. Са стужак навін шэрагу шмат якіх апазіцыйных СМІ амаль цалкам знікла крытыка дзяржаўнай сістэмы і Лукашэнкі.

Усё гэта нагадвае асцярожныя спробы апазіцыі зблізіцца з уладай на глебе нелюбові да пуцінскай Расіі і адстойвання «нацыянальных каштоўнасцяў», пад якімі разумеецца найперш беларуская дзяржаўнасць і незалежнасць ад Расіі. Лагічна было б чакаць, што Лукашэнку, ва ўмовах, калі грамадства (а асабліва ягоны электарат) крайне русіфікаванае, а сілавы блок да немагчымасці прарасійскі, такая падтрымка была б вельмі карысная. Але давайце паглядзім, як улада адказвае на гэткія захады да аб'яднання.


«У вашых паслугах патрэбы не маем»

На пачатку студзеня міліцыя пачала праверку ў дачыненні да Дзяніса Рабянка, на якога была напісаная заява аб «абразе прэзідэнта». Дзяніс Рабянок — той самы чалавек, які напісаў скаргу ў Міністэрства інфармацыі аб змесце сайта “Рэгнум”, у выніку (альбо з нагоды) чаго трох яго аўтараў арыштавалі за «распальванне нацыянальнай варожасці», а фактычна — за антыбеларускі кантэнт і крытыку Лукашэнкі з прарасійскіх пазіцый. Праўда, пакуль вырашылі не заводзіць справу на Дзяніса Рабянка за быццам бы абразу Лукашэнкі. Але падставу, каб завесці справу, у нашай краіне знайсці не цяжка.

Прабеларускім быў і застаецца сайт 1863х.com Эдуарда Пальчыса. Ён абрынааўся пераважна на «рускі свет» ва ўсіх ягоных іпастасях. Здавалася б, робіць карысную для Лукашэнкі работу — бо той сам апошнім часам пастаянна заяўляе аб тым, як будзе пільнаваць незалежнасць Беларусі. Аднак гэта не перашкодзіла ўладам спачатку пратрымаць Пальчыса паўгода ў СІЗА, а потым даць хоць умоўны, але ўсе ж такі тэрмін.

Раз за разам падвяргаецца рэпрэсіям адзін з галоўных барацьбітоў з «рускім светам» (пішу гэта без сарказму) Зміцер Дашкевіч. Пры ўсёй павазе да яго, нельга не адзначыць: дэмакратычная рыторыка і крытыка дыктатуры, якая была ўласцівая ранейшаму Маладому фронту, амаль знікла. Галоўны вораг зараз — Расія. Аднак тыдня не праходзіць, каб не прачытаць у навінах пра новыя штрафы, правакацыі, затрыманні. 25 студзеня ў Дашкевіча ўвогуле забралі аўтамабіль.

Даходзіць да кур'ёзаў. 3 сакавіка 2015-га Эдуард Лобаў, сябра МФ і былы палітвязень, дае інтэрв'ю «Нашай Ніве», дзе кажа наўпрост: «Я падтрымліваю пазіцыю, што лепш аб’яднацца з Лукашэнкам супраць Пуціна. Бо калі мы страцім незалежнасць, то не будзе розніцы, хто кіруе", а 25 сакавіка, то бок усяго праз тры тыдні, Эдуарда Лобава на Дне Волі затрымлівае міліцыя. Мабыць, «дзе трэба» не чыталі інтэрв'ю...

Фота "Нашай Нівы"

Дэмакратыя ці незалежнасць — ілжывая дыхатамія

Калі Лукашэнка яшчэ толькі пачаў разварочвацца ў нацыянальным напрамку, найбольш уважлівыя аналітыкі заяўлялі: гэта для яго толькі сродак захаваць уладу. Калі захаванне ўлады забяспечваў саюз з Расіяй — ён быў з Расіяй. Калі захаванне ўлады будзе забяспечваць нацыянальная, ці нават праеўрапейская пазіцыя — ён зойме яе.

Спадарства, азірніцеся назад і паглядзіце на ўвесь вобраз думак і дзеянняў Лукашэнкі. Закрыццё дзясяткаў незалежных газет, абразлівыя, хлуслівыя выказванні на адрас усіх іншадумцаў, татальная зачыстка палітычнага поля ад апанентаў, дзясяткі, калі не сотні разагнаных мітынгаў са збітымі і пакалечанымі людзьмі, дзесяцігоддзі нізкапаклонства перад расійскімі «старэйшымі братамі», увядзенне пачварных антысацыяльных законаў — аб працоўных кантрактах і аб дармаедстве, сотні беларусаў, кінутыя за краты за свае перакананні. Пагарда і нянавісць да «надта разумных» — у кожным другім выступе... А як наконт закатаваных і забітых напачатку 2000-х палітычных дзеячаў?

Усё гэта вы гатовыя яму прабачыць, абы быць разам супраць Пуціна?

У кіраўніка Беларусі матыў быў і застаецца адзін: захаванне ўлады любым коштам. Ён можа начапіць на сабе дваццаць вышыванак, загаварыць па-беларуску, памяняць сцяг, герб і гімн, але ён застанецца тым, кім ён быў: наскрозь аўтарытарнай асобай, якая не церпіць іншадумства і «эціх вашых» правоў чалавека.

І памыляюцца тыя, хто думае, што сам па сабе разварот да нацыянальных каштоўнасцяў можа прынесці ў грамадства нейкую лібералізацыю. Гісторыя ведае мноства дыктатур, у тым ліку еўрапейскіх, якія будаваліся на цалкам сабе нацыянальнай парадыгме.

Асобныя палітолагі сцвярджаюць, што нацыянальнае будаўніцтва — гэта крок да дэмакратызацыі, бо яно спрыяе кансалідацыі грамадства, умацаванню грамадскай свядомасці, самаасэнсаванню грамадства як супольнасці і прыводзяць прыклады: дзесьці хорам асудзілі выкладчыка, які выказаўся супраць беларускай мовы, дзесьці абаранілі працаўніцу метро, якая на гэтай мове размаўляла, і гэтак далей.

Але грамадзянскае дзеянне — гэта найперш дзеянне ЗА, а не супраць. І меркай яго каштоўнасці з'яўляецца тое, наколькі чалавек гатовы рызыкаваць, робячы гэтае дзеянне. Дысідэнты, студэнты і працоўныя Польшчы і Чэхіі у 1980-х гадах рызыкавалі, выходзячы на антысавецкія мітынгі. Яны рызыкавалі, распаўсюджваючы антыкамуністычную літаратуру. Яны супрацьпастаўлялі сябе моцнай і крыважэрнай сістэме, якая панавала над іх краінай. Гэта сапраўднае грамадзянскае дзеянне, бо яно патрабуе мужнасці і пэўнай самаадданасці.

i015.radikal.ru


Натоўпам затроліць ватніка ў фэйсбуку — гэта не грамадзянскае дзеянне. Паставіць подпіс у чыюсьці абарону — гэта не тое, што разаўе грамадзянскую самасвядомасць. Уплыў гэтых дзеянняў на стварэнне грамадзянскай супольнасці, як і на ідэалагічныя перавагі людзей, вельмі павярхоўны.

Канешне, імперыялістаў-балбатуноў трэба асаджваць, а людзей, што размаўляюць па-беларуску, трэба падтрымліваць. Але надаваць такім «акцыям» і «кампаніям» статус фактару, які аб'ядноўвае грамадства, — гэта значыць свядома падманваць саміх сабе. Грамадства выбудоўваецца ў барацьбе за правы і свабоды з Сістэмай, а не ў траўлі асобных маргіналаў і стаўленні подпісаў, за якія вам заведама нічога не будзе.

Скажы мне, хто твой вораг, і я скажу, хто ты. Гледзячы на сённяшні стан і выказванні беларускай апазіцыі, я бачу, што Лукашэнка перастаў быць ворагам як мінімум для яе часткі. Галоўным жа ворагам стаў Пуцін. І дзеля барацьбы з Пуціным яны, здаецца, гатовыя праглынуць літаральна ўсе, у тым ліку зацісканне і без таго куцых правоў і свабод.

Гледзячы на іх, я задаюся пытаннем: якую Беларусь яны хочуць пабудаваць? Можа, ні ад каго не залежную нацыянальную дыктатуру з гэтым, ці нейкім іншым Лукашэнкам у галаве?

Не хочацца пісаць такія банальныя рэчы, але вымушаны нагадаць. Суцэльная перамога нацыянальных каштоўнасцяў аніяк не паўплывае на колькасць нашых суайчыннікаў, што жывуць за рысай галечы. Перавод дзяржаўнага справаводства на беларускую мову не прымусіць чыноўнікаў перастаць браць хабары. Пратэстоўцу і арыштанту гэтак жа балюча атрымліваць па галаве «дручком гумавым» як і «палкой резиновой». Татальнаму кантролю за асобай і дзяржаўнай цэнзуры ніяк не будзе замінаць культ ВКЛ у школах. Бел-чырвона-белы сцяг ніяк не перашкодзіць спайцы з алігархаў і чэкістаў уладарыць над краінай.

Усё гэта мы павінны памятаць, калі дазваляем дыскурсіўнаму панаванню дзяржаўных і апазіцыйных СМІ заганяць нас у ілжывую дыхатамію «Лукашэнка або Пуцін». Такая пастаноўка пытання пазбаўляе нас уласнага слова, права самім вырашаць свой лёс. А менавіта яно было, ёсць, і будзе неабходнай умовай для таго, каб «людзьмі звацца», — як для кожнага з нас, так і для грамадства ўвогуле..


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Абмеркаванне:

  • Костюкевич
  • 2017-01-29 17:04:47
Всё из-за продажности, для хозяев Путин является основным врагом.
  • ВР
  • 2017-01-30 09:56:11
Спасылка на артыкул тут: http://belisrael.info/?p=9337

Каментаваць