Слыхавыя галюцынацыі

Чуткі — заўсёды следства, а не прычына з’яў. Пра гэта неабходна памятаць наваяўленым барацьбітам па іх выкараненні.

Чуткі — заўсёды следства, а не прычына з’яў. Пра гэта неабходна памятаць наваяўленым барацьбітам па іх выкараненні.

У красавіку ў шэрагах ворагаў нашай маладой суверэннай дзяржавы пабольшала. Да “адмарозкаў з “пятай калоны, да мясцовых і замежных “аналітыкаў, да іх заходніх спонсараў дадаліся распаўсюджвальнікі чутак. Ініцыятыва, натуральна, зыходзіла ад “адзінага палітыка (АП), якую ён агучыў на нарадзе пра ход расследавання тэракту на станцыі метро “Кастрычніцкая. У Пасланні–2011 да распаўсюджвальнікаў чутак дадаліся “разного рода преступники, злоумышленники, любители устраивать провокации.

Чакаць рашучых дзеянняў з боку кампетэнтных органаў доўга не давялося. Ужо на наступны дзень пасля выступу АП намеснік генеральнага пракурора, начальнік следчага ўпраўлення Генпракуратуры А. Швед адрапартаваў пра пачатак кампаніі па праверцы заяў, якія змяшчаюць “заведама несапраўдную інфармацыю. Ён папярэдзіў, што ўсіх “так званых панікёраў, распаўсюджвальнікаў дэзінфармацыі, адкрытай хлусні будзем выклікаць, дапытваць (некаторых ужо дапытваем) і прымаць працэсуальныя рашэнні.

За часамі камуністаў, калі мне памяць не здраджвае, барацьба з распаўсюджвальнікамі дэзінфармацыі і адкрытай хлусні таксама вялася прафесійна і з размахам. Аднак дэзінфармавалі і манілі больш за ўсіх самі камуністы. Пачын паклаў Уладзімір Ілліч. У кастрычніку 1920 года ён запэўніў дэлегатаў III з’езда камсамола ў тым, што “цяперашняе пакаленне маладых людзей будзе жыць пры камунізме. Гэта дэзінфармацыя потым неаднаразова кланавалася яго паслядоўнікамі, асабліва актыўна —  Хрушчовым.

Камунізм памёр, але аматары дэзінфармаваць па-буйному ад гэтага не перавяліся. Айчынны аналаг камунізму — заходнееўрапейскі ўзровень жыцця. У лютым 2006 года яго абяцалі дасягнуць праз пяць гадоў. Тэрмін прайшоў. Новая рэдакцыя абяцання ўжо не такая катэгарычная: “К 2015 году уровень жизни в Беларуси приблизится к европейскому.

Казка пра пастушка

Пад уступнай часткай на гэтым можна паставіць кропку. Час адкрыць слоўнік. Рэкамендую чытачам “Кароткі слоўнік сістэмы псіхалагічных паняццяў К. Платонова: “Чуткі — гэта масавая з’ява міжасобаснага абмену скажонай, эмацыйна афарбаванай інфармацыяй. Часцей за ўсё чуткі ўзнікаюць пры адсутнасці поўнай і дакладнай інфармацыі па якім-небудзь пытанні, якое цікавіць людзей.

У прыведзенай фармулёўцы важныя два моманты, пра існаванне якіх, верагодна, не падазраюць дамарослыя барацьбіты з чуткамі. Па-першае, чуткі — гэта абмен інфармацыяй падчас міжасобасных зносін. Хлопчык Пятрусь, да прыкладу, размаўляе пра штосьці з дзяўчынкай Машай (не выключана, што іх гутарка эмацыйна афарбаваная). З вялікай верагоднасцю мы можам сцвярджаць, што перадаваная пры гэтым інфармацыя праходзіць па катэгорыі чутак. Забарона на абмен чуткамі, такім чынам, роўная забароне на зносіны Петруся з Машай!

Па-другое, чуткі — гэта, як правіла, скажоная інфармацыя. Але хто нясе галоўную адказнасць за яе скажэнне? Адказ — відавочны. Шмат гадоў на вышэйшым узроўні ў нас вялі гаворку пра неабходнасць прыняцця Канстытуцыйнага Акту. Пагадзіцеся, не другасны дакумент, аднак я не ўзгадаю, каб яго праекты публікаваліся ў адкрытым друку. Натуральна, што на такую закрытасць грамадства адказвала чуткамі. Каюся, я і сам браў удзел у іх распаўсюдзе.

Пры колькасці насельніцтва каля 9,6 мільёна чалавек штодзённая колькасць міжасобасных абменаў інфармацыяй у Беларусі будзе, прынамсі, на парадак большай. Зразумела, што толькі ў адзінкавых тэмаў ёсць шанец набыць агульнанацыянальны статус, большасць жа з іх не вырвецца з цеснага кола, абмежаванага петрусямі і машамі.

Адмыслоўцы ў галіне сацыялогіі чутак (маюцца і такія) верагоднасць узнікнення, хуткасць і маштаб распаўсюду чутак у спрошчаным выглядзе вызначаюць наступнай формулай: Ч = ЦхД, дзе Ч — чуткі, Ц — цікавасць, Д — дэфіцыт. Знак множання азначае, што пры нулявым значэнні аднаго з множнікаў сума роўная нулю.

Дэфіцыт інфармацыі зваротна прапарцыйны колькасці афіцыйных паведамленняў і даверу да крыніцы. У казцы пра пастушка, які любіў палохаць аднавяскоўцаў крыкамі: “Ваўкі! Ваўкі!, апісаны механізм страты даверу да крыніцы інфармацыі. За сучаснымі зусім не казачнымі прыкладамі далёка хадзіць не трэба. Любы чытач “НЧ у стане скласці свой спіс цалкам рэальных айчынных пастушкоў.

Два класічныя пытанні

3 мая — Сусветны дзень свабоды прэсы. У гэты дзень афіцыйныя асобы, абцяжараныя адпаведнымі паўнамоцтвамі, выступаюць з заявамі. Працытую першага намесніка кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта Аляксандра Радзькова: “Мы ўсведамляем сябе як суверэнную дзяржаву, на нас глядзяць, намі цікавяцца. І ў гэтых няпростых умовах прэса, якая мае вялікі ўплыў, павінна падкрэсліваць нашу незалежнасць, нашы дасягненні. Пры гэтым не толькі даваць голую інфармацыю, але і аналітыку, прадбачыць развіццё падзей і даваць ім ацэнку. Аднак палітычны аналіз у беларускіх СМІ сёння не такі глыбокі, як хацелася б. І тут я бачу вялікі рэзерв у працы журналістаў.

Я не журналіст, але мяркую, што і ў палітолагаў пэўны рэзерв у галіне аналітыкі таксама маецца. Таму паспрабую паскрэбці па ўласных сусеках і выказаць колькі думак з нагоды нашых дасягненняў. Але пачну я з голай інфармацыі (хай прабачыць мне спадар Радзькоў), запазычанай на сайце Белстата і апрацаванай пры дапамозе звычайнага побытавага калькулятара.

Дзяленне сумарнай нацыянальнай заработнай платы на ВУП дае нам зарплатаёмістасць ВУП. За студзень-люты бягучага года яна склала 51,4% (пасля множання на 100). Сам па сабе атрыманы працэнт мне, дылетанту ў эканоміцы, ні пра што не гаворыць, таму, пакапаўшыся ў інтэрнэце, я высветліў, што ў Расіі зарплатаёмістасць ВУП па выніках мінулага года склала 39,5%, і гэта, на думку шэрагу экспертаў, надзвычай шмат. У Еўропе ў лідара па зарплатаёмістасці Нарвегіі — 37,5%, для параўнання ў Італіі — 30,9%.

Інтэрнэт дазваляе нам здзейсніць экскурс у гісторыю. За першыя два месяцы 2010 года зарплатаёмістасць айчыннага ВУП склала 39,5%, а за той жа перыяд 2009-га — 39,1%. У выніку мы маем рост на 11,9 працэнта за адзін год! Вось гэта дасягненне! Я не спецыяліст у галіне эканамічнай гісторыі, але наўрад ці ў сусветнай практыцы мы знойдзем адпаведны аналаг гэткай жа маштабнай сацыяльнай шчодрасці.

Зразумела, што эканамічных наступстваў беларусам чакаць давялося нядоўга. Тут я не магу адмовіць сабе ў задавальненні ў чарговы раз працытаваць улюбёнага аўтара: “Все, что сегодня мы имеем в экономике, в социальной и других сферах, результат того, что мы все эти годы шли своим путем, мы жили своим умом. Мы не слушали “докторов из Международного валютного фонда, прописывающих лекарства, которые опаснее самой болезни. З гэтым не паспрачаешся — дарадцаў, здольных натхніць на такія дасягненні, ні сярод “дактароў з МВФ, ні сярод “адмарозкаў з “пятай калоны шукаць бессэнсоўна, да гэтага можна было дайсці выключна “своим умом.

Таму пры пошуку адказу на класічнае пытанне “Хто вінаваты? не варта зазіраць за гарызонт, як не варта ламаць галаву і пры спробе знайсці адказ на другое класічнае пытанне: “Што рабіць?. Спачатку неабходна зменшыць зарплатаёмістасць ВУП хоць бы да ўзроўню Італіі, г. зн. падрэзаць зарплаты і сацыяльныя выплаты ў 1,5–2 разы. На такі крок можа пайсці не проста моцная, а звышмагутная ўлада, прычым улада-камікадзэ, таму што, выканаўшы няўдзячную працу па расчыстцы аўгіевых стайняў эканамічнага папулізму, улада-камікадзэ цалкам дыскрэдытуе сябе ў вачах грамадства.

Негатыўная ідэнтычнасць

Як гэта вынікае з прыведзенай вышэй формулы, у чуткі мае шанец ператварыцца толькі тая інфармацыя, якая выклікае цікавасць. У расколатым беларускім грамадстве не так лёгка адшукаць тэму, якая б у аднолькавай ступені зацікавіла “большасць і “меншасць. У сферы палітыкі яе сёння сапраўды няма. Я, напрыклад, не магу сабе ўявіць прадстаўнікоў “большасці, якія абмяркоўваюць паміж сабой магчымасць байкоту чарговых выбараў з нагоды іх недэмакратычнасці. Наадварот, абмеркаванне прадстаўнікамі “большасці дэталяў “змовы, арганізаванай апазіцыяй на заходнія грошы, выглядае цалкам арганічна.

“Чуткі, — па меркаванні сацыёлага Левада-Цэнтра Барыса Дубіна, — гэта гаворка падчас адсутнасці “чужых: яны пераказваюцца толькі “сваім і тым самым акрэсліваюць кола гэтых “сваіх, канстытуююць іх як супольнасць. Тую ж думку можна выказаць і на больш зразумелай мове: скажы мне, пра што ты пляткарыш (распаўсюджваеш чуткі), і я скажу, хто ты, да якой часткі расколатага беларускага грамадства належыш.

У сучасных адкрытых грамадствах ва ўмовах сацыяльнай стабільнасці чуткам няма дзе па-сапраўднаму разгарнуцца, і таму іх носьбітамі выступаюць пераважна прадстаўнікі маргінальных груп. Крызісныя і перадкрызісныя сітуацыі — гэта своеасаблівыя пажыўныя булёны, у якіх чуткі плодзяцца, нібыта мікраарганізмы. Паралельна з імі актывізуюцца іх найбліжэйшыя сваякі: байкі, анекдоты, даносы, уцечкі інфармацыі, у тым ліку і справакаваныя.

На зыходзе брэжнеўскага застою вялікай папулярнасцю карысталіся плёткі пра аддзел ЦРУ, які спецыялізаваўся на прыдумванні антысавецкіх анекдотаў. Хадзілі чуткі, што гэту плётку распаўсюджваў КДБ. Пэўная логіка тут, безумоўна, праглядалася: ва ўмовах афіцыйнага адзінства партыі і народа ў анекдотаў не магло быць унутраных крыніц генерацыі.

Чуткі, як ужо адзначалася, цыркулююць толькі сярод “сваіх. Эканамічныя поспехі на ніве фантастычнага росту зарплатаёмістасці ВУП у аднолькавай ступені стукнулі па “большасці і “меншасці. Пачаўся працэс аб’яднання расколатага беларускага грамадства ў чэргах за цукрам, алеем і валютай. Не выключана, што мы станем сведкамі нараджэння новай сацыяльнай ідэнтычнасці, але гэта будзе негатыўная ідэнтычнасць, таму што людзі аб’яднаюцца не “за, а “супраць — супраць агульнага “чужога.
 

Каментаваць