Слуцк без трыкалора!

З-за дэманстрацыі расійскіх сцяжкоў і іншых пабочных прадметаў на лабавым шкле 2 слуцкіх кіроўцы пазбаўлены прэміяльных.


Кіраўніцтва філіяла «Аўтобуснага парка №2» аператыўна адрэагавала на зварот слуцкага актывіста БНФ Віталя Амяльковіча з нагоды размяшчэння расійскага сцяга і іншых пабочных прадметаў на лабавым шкле ў гарадскім маршрутным аўтобусе №3. Сцяг зняты, а абодва кіроўцы атрымалі вымовы і пазбаўлены прэміі на 20%.

Прапаганда «русского мира» ў Беларусі паступова дае свой плён. У многіх рэгіёнах краіны можна ўбачыць расійскія трыкалоры ў звычайным грамадскім транспарце. Слуцк — не выключэнне. І гэта адбываеца нягледзячы на тое, што апошнімі часамі нават беларускі прэзідэнт неаднаразова казаў пра існаванне знешняй небяспекі для незалежнасці нашай краіны.


Случчанін Віталь Амяльковіч, які пачаў асабістае змаганне з расійскімі сцягамі ў слуцкім рэгіёне, заўважыў сімвал замежнай дзяржавы ў гарадскім маршрутным аўтобусе №3.

— Раніцай 17 мая 2016 года на прыпынку «Дом культуры» я ўбачыў, што на лабавым шкле аўтобуса знаходзіцца сцяг Расійскай Федэрацыі. Мне, як грамадзяніну Беларусі, было вельмі непрыемна бачыць дэманстрацыю сцяга замежнай дзяржавы, якая праводзіць даволі небяспечную знешнюю палітыку.

Бачыў аўтобус з такім сцяжком некалі разоў ў горадзе. Спецыяльна чакаў яго на прыпынку. Калі пачаў фатаграваць, кіроўцу гэта не спадабалася. Ведаю, што такія выпадкі ёсць па ўсёй краіне, — працягвае грамадскі актывіст. — Трэба, каб нехта пастаянна за гэтым сачыў. Лічу, што вялікая рака пачынаецца з малых ручайкоў, і гэтая дробязь — вельмі істотная. Асабліва на тле падзей ва Украіне. Спачатку з’яўляюцца сцяжкі, а пасля могуць з’явіцца і партрэты Уладзіміра Пуціна. У Данбасе таксама пачыналася са сцяжкоў.
Нам трэба бараніць сваё і знішчаць праявы чужога, як ракавыя пухліны. Дарэчы, гэта не асабісты транспарт, у слуцкім грамадскім транспарце заўсёды шмат людзей. Яны могуць падумаць, што так і трэба.



Случчанін напісаў звароты з гэтай нагоды ў аўтобусны парк №2 і ў ААТ «Мінскаблаўтатранс». Апрача канстатацыі факту малады чалавек звяртае ўвагу кіраўніцтва аўтатранспарту на недахоп выхаваўчай працы з работнікамі прадпрыемства і пэўныя недапрацоўкі ідэалагічных працаўнікоў.


На сённяшні дзень атрыманы адказ па-беларуску з аўтобуснага парка №2. Кіраўніцтва аўтобуснага парка паведаміла, што з кіроўцамі Спіравым Валерыем і Анцыповічам Уладзімірам праведзена тлумачальная гутарка наконт недапушчальнасці выкарыстання пабочных прадметаў на ветравым шкле аўтобуса. Адначасова ім абвешчаны вымовы з пазбаўленнем прэмій.


Таксама дырэктар аўтобуснага парка №2 М. Валетка праінфармаваў аб правядзенні спецыяльнага інструктажа з кіроўцамі філіяла з 24 траўня 2016 года і адмысловага сходу кандуктараў і кіроўцаў па праблеме.


Па словах актывіста БНФ, на перыяд выбарчай кампаніі ў Слуцку запланавана актыўнае нацыянальна-патрыятычнае выхаванне мясцовых чыноўнікаў.

Каментаваць