Смех з Еўропы праз расстрэлы

У Беларусі прыведзеныя ў выкананне чарговыя смяротныя прысуды. Скарга асуджаных у гэты час знаходзілася на разглядзе ў Камітэце па правах чалавека ААН. Праваабаронцы заяўляюць пра парушэнне патрабаванняў нацыянальнага заканадаўства і міжнародных абавязкаў, ратыфікаваных нашай краінай.



У Беларусі прыведзеныя ў выкананне чарговыя смяротныя прысуды. Скарга асуджаных у гэты час знаходзілася на разглядзе ў Камітэце па правах чалавека ААН. Праваабаронцы заяўляюць пра парушэнне патрабаванняў нацыянальнага заканадаўства і міжнародных абавязкаў, ратыфікаваных нашай краінай.

Адзін з расстраляных — Васіль Юзэпчук — быў асуджаны да смяротнай кары 29 чэрвеня 2009 года за забойства шасці пажылых жанчын. Другому — Андрэю Жуку — смяротны вердыкт быў вынесены 22 ліпеня 2009 года за ўзброены напад і забойства мужчыны і жанчыны (вадзіцеля і эканаміста, што везлі зарплату) у лютым мінулага года. Яны безумоўна вартыя кары.

Аднак у праваабаронцаў падставай для абурэння з’яўляецца парушэнне патрабаванняў нацыянальнага заканадаўства і міжнародных абавязкаў, ратыфікаваных Рэспублікай Беларусь. І Юзэпчук, і Жук абскарджвалі свае прысуды, але апеляцыі былі адхіленыя. Абодва падавалі прашэнні аб памілаванні, аднак, паводле «Amnesty International», адмоўнае рашэнне кіраўніка дзяржавы было паведамлена асуджаным перад іх расстрэлам. У кастрычніку мінулага года Камітэт па правах чалавека ААН зарэгістраваў заявы гэтых вязняў і заклікаў беларускія ўлады не прыводзіць у выкананне смяротныя прысуды, пакуль яны разглядаюцца ў камітэце.

«Улады былі праінфармаваныя, што гэтыя скаргі зарэгістраваныя ў Камітэце па правах чалавека ААН, ёсць рэгістрацыйныя нумары, — гаворыць юрыст праваабарончага цэнтру «Вясна» Валянцін Стэфановіч. — Мы са свайго боку інфармавалі Міністэрства замежных спраў, Генеральную пракуратуру пра гэта, заклікалі не выконваць прысуды. І нам прыйшлі адказы, што інфармацыя вядомая. Улады выдатна ведалі пра ўсе працэдуры і, лічу, тым не менш свядома іх парушылі».

«Калі мы гаворым пра вынясенне судовых пакаранняў, то мусім зыходзіць з таго, што суд павінен быць незалежным падчас разгляду справы і пры вынясенні прысуду. Але само выкананне пакарання — выключна адміністрацыйнае рашэнне. Улады маглі гэтага не рабіць. Таму, безумоўна, у нас ёсць усе падставы гаварыць, што дзяржаўная машына спрацавала так не па інерцыі. Гэта было зроблена ў нейкіх мэтах. У якіх — мы можам толькі здагадвацца», — гаворыць кіраўнік Беларускага Хельсінскага камітэта Алег Гулак.

«Amnesty International» распаўсюдзіла зварот, у якім падкрэсліваецца, што смяротныя пакаранні былі здзейснены неўзабаве пасля таго, як Парламенцкая асамблея Савета Еўропы прагаласавала за аднаўленне статусу адмыслова запрошанага для беларускага парламента з умовай, што Рэспубліка Беларусь абвесціць мараторый на прымяненне смяротнай кары. Апроч таго, з гэтай нагоды была зробленая сумесная заява старшыні камітэта міністраў Савета Еўропы Мішэлін Кальмі-Рэй, кіраўніка Парламенцкай асамблеі Меўлюта Чавушоглу і генеральнага сакратара Турбьёрна Ягланда.

Вінаватыя за злачынствы мусяць быць пакараныя — гэта не аспрэчваецца. Беларусь не толькі адзіная прыводзіць у выкананне смяротныя пакаранні ў Еўропе, але і мае спецыфічныя працэсуальныя нормы ў гэтым аспекце правасуддзя.

Родныя Андрэя Жука даведаліся, што яго ўжо няма ў жывых, калі прывезлі чарговую перадачу ў СІЗА № 1, дзе знаходзіўся асуджаны. «19 сакавіка прывезлі перадачу, дзяжурны сказаў нам: іх некуды звезлі. Пытаюся, ці не самае страшнае? Адказвае — не. Пасля выйшаў нехта з адміністрацыйных работнікаў і сказаў: «Вы яго нідзе не шукайце, чакайце апавяшчэння», — расказвае Святлана Жук, маці расстралянага злачынцы. —  Гэта быў шок. Я лічу, што гэта блюзнерства, як можна так здзекавацца з бацькоў? Калі я спрабавала даведацца хаця б дату, прасіла аддаць яго мне, начальнік сказаў: «Што вы тут дэбашырыце, зараз выклічам нарад, і вас забяруць». Усе выходныя ездзілі вакол Мінска па могілках, шукалі свежыя магілы...».

Прадугледжаныя заканадаўствам афіцыйныя паведамленні судоў, якія вынеслі смяротныя прысуды, аб іх выкананні да цяперашняга часу родным не дасланыя. Маці Андрэя Жука дайшла да Адміністрацыі прэзідэнта. «Мне адказалі, — гаворыць Святлана Жук, — што прэзідэнт па асабістых справах не прымае, можна толькі да ўпаўнаважанага. Па жывой чарзе я патрапіла да яго на прыём. Не ведаю, як можна назваць гэтага ўпаўнаважанага, ён малады, па ўзросту як мой сын, пачаў размаўляць са мной на падвышаных тонах. У выніку сказаў, што я магу толькі напісаць у Міністэрства ўнутраных спраў, каб мне паказалі магілу сына. Усё».

Калі чалавек здзейсніў забойства, то, натуральна, яму цяжка знайсці апраўданне, дый у большасці выпадкаў не варта. Але ў злачынцы ёсць бацькі, і для маці яе сын застаецца сынам. І яна мае права хаця б аплакаць цела свайго дзіцяці. Беларускія праваабаронцы будуць настойваць, каб родным выдалі целы расстраляных. У 1999 годзе Камітэт па правах чалавека ААН разглядаў скаргі асуджаных да смяротнай кары, працэсуальных парушэнняў эксперты не знайшлі, аднак камітэт прыраўняў дзейсныя ў Беларусі працэдуры выканання смяротнага пакарання да нечалавечай формы абыходжання.

Варта толькі дадаць, што Рэспубліка Беларусь ратыфікавала Міжнародны пакт аб грамадзянскіх і палітычных правах і факультатыўны пратакол да яго, тым самым прызнаўшы кампетэнцыю Камітэта па правах чалавека ААН разглядаць індывідуальныя скаргі па магчымаму парушэнню якога-небудзь з правоў, выкладзеных у Пакце. Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь гарантуе выкананне агульнапрызнаных прынцыпаў міжнароднага права і гарантуе правы і свабоды грамадзян Беларусі, замацаваныя ў Канстытуцыі, законах і прадугледжаныя міжнароднымі абавязацельствамі дзяржавы. Крымінальна-выканаўчы кодэкс Рэспублікі Беларусь замацаваў прыярытэт міжнародных дамоваў над нацыянальным заканадаўствам, якое рэгулюе выкананне крымінальных пакаранняў.

У сувязі з выкананнем смяротных прысудаў Юзэпчуку і Жуку беларускія праваабаронцы агучылі і патрабаванне да кіраўніцтва Рэспублікі Беларусь выконваць нацыянальнае заканадаўства і міжнародных абавязацельстваў, паважаць правы чалавека і найвышэйшую каштоўнасць — жыццё.

24 сакавіка суд Ленінскага раёна Мінска пакараў штрафамі ў 0,5 базавай велічыні праваабаронцаў Алеся Бяляцкага, Ірыну Тоўсцік і Валянціна Стэфановіча за правядзенне несанкцыянаванага пікета супраць смяротнага пакарання каля Адміністрацыі прэзідэнта.

Каментаваць